litara

litara

litara – Iнтэрнэт і Litara выратуюць беларускую літаратуру

Гэты праект прысьвечаны творчасьці сучасных беларускіх аўтараў: празаікаў, паэтаў, крытыкаў. Litara паспрабуе выканаць ролю тых элементаў беларускага літаратурнага асяродзьдзя, якiх сёньня бракуе:

цэнтралізаванай крыніцы iнфармацыи пра сучасную беларускую литаратуру (афіша культурных падзеяў і імпрэзаў, выдавецкія і творчыя навіны, рэцэнзіi на новыя кнiгi, інтэрвію з сучаснымi беларускiмi лiтаратарамi)
пляцоўцы для абмену зьвесткамі пра цікавыя падзеі і здарэньні
каталёгу беларускіх выданьняў, выдавецтваў і пэрсаналіяў сучаснай беларускай літаратуры

У часы крызісаў розныя літаратуры сыходзілі ў андэграунд. Для беларускай літаратуры такім андэграундам можа апынуцца віртуальная прастора інтэрнэта.

Litara запрашае аматараў беларускай літаратуры.
Litara запрашае ўсiх, хто хоча даведацца, што такое сучасная беларуская літаратура.
Litara запрашае таксама хворых на школьную алергію на беларускую літаратуру.

Праект афіцыйна распачаў сваю працу cёньня. У бліжэйшыя дні чакайце шматлікіх абнаўленьняў.

Кніжная нацыя
Недзе, ці то ў сеціве, ці то радыйнай перадачы, а мо нават і ў друку, нехта назваў беларусаў “кніжнай нацыяй”, маўляў, калі ў нас і ёсьць што — дык на бачынах кнігаў. Там наш залаты час, там — сталіца Наваградак, там — БНР. Там шляхоцтва, ліцьвінства. Толькі там.

Аспрэчваць цяжка. Можна хіба пашкадаваць, што з усіх мастацтваў для самавыяўленьня абралі найбольш таннае ды дзе непрафесыяналу або бесталаннаму чалавеку найлягчэй, але згадзіцца трэба. Вунь сёньня, як паглядзець, дзе найбольш жыве беларушчына? У друку: газэтах, часопісах, кнігах, на інтэрнэтаўскіх форумах-“мянташках”. На словах — ва ўсіх значэньнях гэтага выразу.

Здаецца, падобнай роле кнігі ў нашым грамадстве (“кніга — зброя беларуса!”) мусіць адпавядаць належнае стаўленьне да яе. Бо — адзінае-ж, насамрэч! І яе, кнігу тую, варта як мінімум чытаць, набываць, спрыяючы тым самым захаваньню мовы, адраджэньню яе, падтрымоўваньню беларускіх пісьменьнікаў, беларускіх навукоўцаў, беларускіх выдаўцоў.

Ну, а цяперака ад таго, што мусіць быць, да таго, што маем. Паколькі ў нашых умовах напісаць кнігу й выдрукаваць яе — толькі палова працы, а распаўсюджваньне (кальпатраж, як мы тутака кажам) частка галоўная, цікаўлюся, як у Менску разыходзяцца кнігі, што набываюць, што чытаюць нашыя людзі. І дзівяць мяне бязьмежна справаздачы кніганошаў, што на Соймах БНФ, любога крыла-фракцыі, з тых некалькіх соцень дэпутатаў да сьвежанькіх, толькі з друкарні кнігаў падышло дзясятак-другі, а набыло яшчэ меней. Да іншых партый — прэтэнзіі меншыя, а як да сходак лукавых дэпутатаў, дык зусім нямашка. Толькі тут — свае-ж, родныя!

А па зьдзіўленьні нараджаецца пытаньне. Не да тых палітыкаў, што дзецьмі капітана Гранта клічуць, ня тых, хто пад справу беларускую грошы атрымоўвае, ня тых, хто за іх кватэры купляе або гувэрнантку сваім дзецям трымае, а да тых, у чыёй беларускасьці сумневу няма: скажыце, спадар Алесь, якую апошнюю кнігу набылі? падзяліцеся, спадар Вінцук, што добрага з апошняга прачыталі? на якога аўтара зьвярнулі ўвагу, спадар Юры. Зь беларускага?

Цалкам магчыма, што пішацца, выдаецца ня тое, непатрэбнае. Тады адкажыце, пытаюся я ў чытачоў газэты, у сябраў Маладога Фронту, Белага Легіёну, Краю, ТБМ, што трэба? Якія кнігі на якія тэмы вы чакаеце — па гісторыі, па літаратуры? Пра каго з пісьменьнікаў, з дзеячоў гісторыі набудзеце кнігу, няхай без трымценьня ў рукох? Які пэрыяд вас прывабіць, які час? Які аспэкт жыцьця, дзейнасьці? Магчыма, да сьпісу “100 лепшых кнігаў ХХ ст.” трэба распачынаць сьпіс “100 найбольш запатрабаваных тэмаў стагодзьдзя ХХІ”? Бо гэта таленавіты раман на замову напісаць нельга, а прыстойнае дасьледваньне — нават вельмі.

На адным з інтэрнэтаўскіх форумаў, прысьвечаных выхаду двухтамовіка спадара Янкі Станкевіча, Назіральнік дахаў дзеліцца сваймі ўражаньнямі ад сёньняшніх накладаў беларускіх кнігаў: 1000, 2000, 3000, ну 10000. Мінак яму нібыта слушна адказвае, маўляў, ня ўсе беларусы мусяць тыя кнігі набываць. Нібыта так. Вось толькі мае ўражаньні ад накладаў іншыя: 100, 200, 300, ну 500. Карціна іншая. І трэба было-б, як звычайна, біць у званы, лямантаваць ды заклікаць, каб жа не адная адметнасьць нашае кнігі: напісаная, выдрукаваная, перамогшая фінансавыя, тэхнічныя ды маркетынгавыя перашкоды, трапіўшы нарэшце да чытача, яна замест яднаўчай радасьці, пачуцьця зьдзейсьненасьці, далучанасьці да яшчэ адной маленькай цаглінкі ў тваім (!) беларускім доме пераважна выклікае на сябе зьнічтажальны агонь крытыкі — сваіх-жа. Аўтары вершаў або прозы, крытычнага артыкулу ці аб’ёмнай манаграфіі, мабыць, ня раз праклянуць тую хвіліну, што мянуецца творчым стваральным поцягам. І няхай бы крытыка была таксама на што стваральнае ськіравана! Дык не! Складаецца ўражаньне, што спрацоўвае прынцып: як вакол нядобра, няхай будзе яшчэ горш як мала маем — дык і гэта спляжым. Нібыта кожны крытык хоча застацца Апошнім беларусам, каб на ім скончылася ўсё.

І хто ведае: калі гэтак пойдзе далей, мо яно так і станецца. Станецца, калі замест некалі сфармуляванага Юркам Віцьбічам прынцыпу “беларус беларусу воўк” для нашых людзей ад слова не пачне спрацоўваць перафразаванае Гіпакратава: не адбі ахвоту.

Ну, от, зноў маралізаваньне атрымалася..