| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Міхась Южык. ЧУЮ ЦЯБЕ. Аповесць. створаны: 28.08.2006, абноўлены: 01.11.2007 14:47, камэнтароў: 75 У творы распавядаецца пра жыццё беларускага студэнцтва ў гады гарбачоўскай перабудовы. Частка I. Лепшы на Зямлі Глава 1(а) Лічбы і ўсялякія загагуліны складваліся ў мудрагелістыя формулы, упарціліся, аніяк не жадалі падпарадкоўвацца волі Віталя, які з адчайным узрушэннем спрабаваў гарманізаваць гэты матэматычны кашмар. Насценны гадзіннік даўно распачаў новыя суткі, але бядак, студэнт першага курса політэхнічнага інстытута, не сунімаўся. Ён не раз ужо касаваў напісанае і адразу ж, з зайздросным юнацкім імпэтам, угрызаўся ў наравістыя формулапабудовы, сцябаў лічбы і літары, ганяў і перасоўваў па клетках паперы, злучаў паміж сабой і расштурхваў адным узмахам самапіскі. На носе была зімовая экзаменацыйная сесія, а за акном весялілася мяцеліца, незвычайна густая і моцная для сярэдзіны снежня. Яна шчыравала між ліхтароў панадворка, раз-пораз узрываючыся парывамі ветру, гнала высвечаныя пухкія снежныя камякі ў розных напрамках: сцяліла пазёмкай, падхоплівала вірам дагары і кідала раптам у шыбу Віталевага акна бялютка-зіхоткія патокі. Снег ішоў ужо каторы дзень, амаль без перапынку, грунтоўна апранаючы збалелы ад восеньскіх вятроў горад. Ён нібы хаваў недасканаласці і заганы рэчаіснасці, прасвятляў душы абывацеляў. Ён натхняў мастакоў і паэтаў на новыя творы, а дворнікам ствараў дадатковыя невыгоды і нязручнасці. Снег абрынуўся неяк раптоўна, адразу ж замацаваўся маразамі, і, па ўсім відаць, наканавана яму было праляжаць не адзін месяц. Але хлопца амаль не хвалявалі зааконныя падзеі. У варунках перадэкзаменацыйнай мітусні начыста забыўся Віталь на свае колішнія дзіцячыя прадчуванні надыходу паўночнай прыгажуні, тамлівае чаканне лыжна-хакейных забавак і ўсялякіх святочных прыемнасцяў. Інтэгралы, дыферэнцыялы, масы мізэрных часцінак і моманты інерцыі фізічных цел спрэс запоўнілі амаль чыстую і неабцяжараную школьнымі ведамі Віталеву галаву. Зараз ён змагаўся з пятнаццатым нумарам дваццацінумарной “тэарэтычнай” (як яе чамусь называлі) працы па вышэйшай матэматыцы. Тужыўся, праўда, акурат практычна. Спісаць адно ў аднаго “ТП” было амаль немагчыма, бо ў кніжцы, старанна распрацаванай выкладчыкамі ВНУ, налічвалася каля 100 варыянтаў (кожны па дваццаць нумароў). Таму рэдкімі былі супадзенні нават сярод першакурснікаў адной спецыяльнасці. Пра аднагрупнікаў – няма і гаворкі. Дадамо сюды яшчэ такую акалічнасць: варыянты правільных адказаў у падручніку не друкаваліся і меліся толькі ў выкладчыкаў. У колькасці аднаго экземпляра. Яны ахоўваліся ад нядрэмнага студэнцкага вока так дбайна, што дагэтуль іх ніхто ўвачавідкі не бачыў. Гэта дадавала, вядома, Віталю лішні клопат. Бо прыходзілася пасля рашэння задачы падстаўляць атрыманыя лічбы ў велізарную формулу і рабіць марудлівую праверку. Найболей доўга груз ён сёння ў трынаццатым нумары “ТП”: праверка тройчы не спраўджвала спадзяванні. Хлопец пацеў, пырхаў, аднак дамогся свайго. Пасля справа пайшла не тое што па масле, але значна шпарчэй і з меншымі нервовымі затратамі. А нервавацца, далібог, былі падставы. Разлік з “ТП” быў прызначаны праз тыдзень, і па інстытуце ўпарта лётала пагалоска аб правалах першых груп на гэтым “дваццацінумарным кашмары”, аб лютаванні на прыёме выкладчыкаў, аб практычна нулявым працэнце здачы. З гэтай прычыны ў Віталя загадзя ўсчыналася ныццё на стыку жывата і грудной клеткі, якое суправаджалася адсутнасцю апетыту дый наогул панурым настроем. Каторы ўжо вечар ён сёрбаў каву і гарбеў над гэтым агорклым заданнем, практычна не зважаючы на астатніх насельнікаў кватэры. Пад гуд завірухі, пад няўмольнае ціканне насценнага гадзінніка. Глава 1(б) Трэба сказаць, што такая ўпартая засяроджанасць прынесла свой плён. А другой гадзіне ночы Віталь дабіў сямнаццатую, асабліва магутную і наравістую, формулу і ўстаў з-за стала. Светла ўсміхнуўся. Тры астатнія нумары ён меркаваў нетаропка завяршыць за наступны тыдзень. За акном вялізныя сняжынкі шугалі паўз шыбу кудысьці дагары, быццам нябачны чарадзей усмоктваў іх недзе з паддашка. Вунь нейкая постаць, хістаючыся ад ветру, утуліўшы галаву ў высокі каўнер палітона, прашыбавала наўскос двара ў суседні пад’езд. Мяцеліца адразу ж кінулася латаць сляды на бялюткім палатне. Умяціны зніклі ўвачавідкі, хвілін за пяць… Віталь, нібы заварожаны, назіраў за гэтым дзействам. Раптам закарцела выскачыць на панадворак у чым ёсць, наладзіць гарэзную гульню з завеяй. Бегчы, падаць, уставаць, весяліцца… Але, уявіўшы казытлівае паколванне сняжынак за каўняром, пякучыя парывы ветру на шчоках, хлопец перадумаў. Спаць не хацелася зусім. Прычынай таму, відаць, была празмерная доза кавы. А можа – юначы сверб, калі чалавек узрушана хоча немаведама чаго, калі тузаюць яго душу неўтаймоўныя памкненні? Віталь расчыніў дзверы свайго пакоя. У памежнай з ім зале малодшая сястра Алена ўлягала ў “храпавіцкага”. Хлопец прадыбаў праз няпэўную пляму святла да супрацьлеглай сцяны, зняў з цвіка гітару. Замёр, з трымценнем чакаючы скандальнага вокрыку… Маўчанне. Як злодзей, рушыў назад. Шчыльна зачыніў за сабой дзверы. Звады наконт гітары з Аленай даўно сталі звыклаю справай. І праўда была, канешне, на баку малодшай сястры. Бо інструмент быў дарагі, чэхаславацкі, куплены ёй для навучання ў музычнай школе. І не для грубых Віталевых рук. Але глыбокія, прачулыя гукі, што вынікалі з цёмна-рудога корпуса гітары пры любым, нават бязладным дакрананні да струн, літаральна заварожвалі хлопца. Яны нібы далучалі яго да таго свету, дзе не існуе прыцягнення зямлі, куды не даходзяць прарэзлівыя выгукі рэчаіснасці. Любымі спосабамі – хітрасцю, улагоджваннямі, умольнымі просьбамі – дамагаўся ўжо другі год Віталь прыхільнасці сястры, каб трошкі, хоць колькі хвілінак у дзень, пакратаць, паторгаць струны гэтага дзівоснага інструмента. Зносіны з гітарай, вылучэнне гукаў з яе корпуса, сталіся для хлопца нейкай хваравітай звычкай, завядзёнкай, на якую аніяк не ўплывалі ні заўсёдныя ўшчуванні бацькоў, ні насмешкі сястры з яго збольшага марных спроб скласці гукі ў знаёмую ўсім мелодыю. Але надараліся і шчаслівыя выпадкі, калі нібы з бязважкага эфіру выцягваў усё ж Віталь нешта гожае, штосьці падобнае на “вы шуміце, шуміце…” альбо “ўзняўся над лесам світанак крылаты”. Як усцешна затым было чуць адабрэнне і невялікую карэкціроўку Алены, якая мела адназначна прызнаны настаўнікамі абсалютны слых! Віталь іграў як мага ціха, уплятаў у пераборы нейлонавых струн танюткія дробаты. Багаты тэмбр дарагога інструмента хораша стасаваўся з зааконнай гульбой снежня, які вымаў з таямнічых сховаў новыя і новыя жмені намерзлага бісеру, сыпаў іх на зямлю. Глава 2(а) Нарэшце, на пачатку трэцяй гадзіны ночы забыўся Віталь па-хлапечы глыбокім гаючым сном. З яго надыходам адляцелі часова і праблемы жыцця-быцця, каб разам са скрыгатам першых трамваяў пад акном, шорганнем шуфляў дворнікаў, гудзеннем легкавушак і тупатам першых пешаходаў ізноў уварвацца ў нетры Віталевай існасці… У інстытут заўтра трэба было шыбаваць к 8.00. А пакуль наш герой бестурботна сапе ў лагоднай ваце начнога спачыну, пакуль лунае ён сярод прыемных прывідных вобразаў, паспрабуем пашушукацца аб ім. Далібог, гэта неабходна зрабіць, бо іменна з гэтым хлопцам і маемся мы здзейсніць шматстаронкавую вандроўку, менавіта на пуцявінах Віталевага жыцця могуць чакаць нас усялякія прыгоды ці проста банальныя і не дужа цікавыя здарэнні… Хто знае? …Завяршаўся 198 год, адзін з першых гадоў “перабудоўчага перыяду”, калі грамадства па інерцыі працягвала жыць па-ранейшаму, а над небакраем маячыла ўжо зараніца свабоды. Не былі спляжаны старыя каштоўнасці і арыенціры, але гарэзныя подыхі новага часу ўжо ўрываліся ў жыццё паважных савецкіх грамадзян. Яны заляталі ў кватэры і інтэрнацкія пакойчыкі рытмічнымі мелодыямі замежнай эстрады, новымі вабнымі слоўцамі кшталту “Кола”, “Бой”, “Дыснэйленд”, відэакасетамі з эротыкай, баевікамі і жахамі, што ніяк не хацелі круціцца на няўклюдных айчынных відэамагнітафонах, ладам жыцця “ўсё да фені” і шмат чым яшчэ спакуслівым. Так ужо надарылася, што гэтыя сімпатычныя часіны супалі з далучэннем Віталя да студэнцкага асяроддзя, варункі ў якім, у параўнанні са школьнай муштрой, давалі волю неабмежаваную. Лайдак і аболтус у школьныя гады, мусіў паступаць Віталь Чалей менавіта ў політэхнічны інстытут, дзе адно што вымагалася з абітурыентаў – не атрымаць па якой з дысцыплін “пары”. Інстытут у тыя гады не даваў пазбаўлення ад невыгод армейскай службы, таму сур’ёзнага конкурсу ў ВНУ (а ў тэхнічныя – пагатоў) не існавала. Можна было ціхамірна здаць усе іспыты на тройкі і атрымаць студэнцкі білет. Бацька Віталя, чалавек немалога інтэлекту, філосаф, на сямейнай нарадзе з маці, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, адназначна выявіў паталок свайго неруплівага сына і пераканаўча параіў таму “не совацца нікуды болей”. Сын з-за адсутнасці цара ў галаве зусім не натурыўся, а прыняў гэты вырак-пуцёўку як належнае. Ён нават перасягнуў сябе, калі здаў і фізіку, і матэматыку на чацвёркі, чым нямала здзівіў Валерыя Васільевіча і Святлану Рыгораўну. Па сачыненні было, праўда, знаёмае “здавальняюча”. Але ўсе невыказна ўзрадаваліся і гэтай нягеглай тройцы, бо стасункі з літаратурай хлопец заўжды меў складаныя. Вераснёўскія бульбанарыхтоўчыя работы, якія, нібы баявое хрышчэнне, не абміналі тады ніводнага здаровага студэнта, практычна нічым не адрозніваліся ад паднявольнай працы ў школьных лагерах працы і адпачынку. У памяць хіба што запалі нудныя восеньскія дажджы, якія чаргаваліся з раннімі прымаразкамі пры начных праясненнях, гонкія хвоі па дарозе на палеткі і назад, кепскі харч у імправізаванай сталовай ды шустрыя “газікі” работнікаў райкама, што раз-пораз наведваліся ў іхнюю глухую вёсачку. Мажныя дзядзькі ў скураных куртках энергічна заклікалі старанна, да апошняй бульбіны, збіраць ураджай, спяшацца, бо “засекі Радзімы чакаюць…”, “партыя ганарыцца…” і падобнае… У сценах інстытута Віталя неспадзявана напаткала свабода (якая, вядома, з’яўляецца адносным паняццем). Здаецца, і на лекцыі трэба было хадзіць, і на практычныя ды лабараторныя заняткі, але… Непараўнальна лягчэй дыхалася тут, чым у школе, дзе ці не кожны крок віжуецца, старанна заносіцца ў дзённікі і класныя журналы, дзе даюць прачуханца класныя кіраўнікі, дзе ладзяцца разборкі на бацькоўскіх сходах, дзе ў малодшых класах непаслухмяных дзяруць за валасню і лупцуюць па пальцах указкай, а ў старэйшых класах непакорлівых чакаюць агідныя падкопы і дробязная помста настаўнікаў… У інстытуце Віталем аніхто не цікавіўся. Цікавіцца павінен быў ён сам: як здабыць неабходныя падручнікі; як паспець за лектарам, што сыпаў скарагаворкай, не зважаючы на абурэнне стогаловай аўдыторыі; як здаць у належны тэрмін лабараторныя, практычныя, залікі, куды ніхто на вяроўцы не цягнуў; як, нарэшце, адужаць жахлівую зімовую сесію, калі за адну толькі тройку пазбаўляюць стыпендыі, а за двойку выганяюць з інстытута. Карацей, кумекайце, маладзёны. Змагайцеся і выжывайце. Глава 2(б) Але свабоды ўсё адно было замнога, і Віталь не ведаў, як праглынуць гэткае шчасце. Так, не патрапіў ён у лік тых, хто якраз добра ведаў, як гэта робіцца. Тут жа зазначым, што студэнты іхняй вялікай, у дваццаць чатыры чалавекі, групы неяк неўпрыкмет падзяліліся на тры ўмоўныя катэгорыі. Першая, сапраўдныя студэнты, хораша ведала, якія выгоды і зручнасці можа займець малады чалавек у сценах інстытута, за што належыць змагацца. А разумелі яны жыццё акурат як барацьбу за шматстайныя маладыя ўцехі і слодычы, пра якія многа наслухаліся, па якіх нагаладаліся ў сценах школ. Асабліва шчыравалі на гэтай глебе іншагароднія, жыхары інтэрната. Вольныя ад бацькоўскага нагляду, яны ганарыста пачуваліся гаспадарамі сваіх катушкоў, наладжвалі там усялякія сходы і прысвяткі. Там жа абіваліся і тутэйшыя студэнты – хто пажадае. Вялізны горад вабіў сваімі агнямі, вечаровымі бліскаўкамі, тарахценнем, шоргатамі, шырынёй і бясконцай даўжынёй вуліц, пахамі жаночай парфумы і алкагольных напояў… Другая катэгорыя студэнтаў – поўная процілегласць першай: няўклюды, маміны сынкі, няўдахі, проста ціхія і сумленныя юнакі, а таксама некаторыя са студэнтаў-вяскоўцаў, што прыехалі ў горад з адной-адзінай мэтай – па веды. Абедзве катэгорыі былі прыкладна аднолькавыя па колькасці, жылі паміж сабой даволі мірна. Спрытныя і разбітныя студэнты глядзелі на ціхамірных з незласлівым шкадаваннем і недаўменнем – бы на ёлупаў, што не перашкаджала ім карыстацца канспектамі і дапамогай рупліўцаў. Тыя, у сваю чаргу, шчыра не разумелі лайдакоў і гуляк. У трэцюю, самую малаколькасную, катэгорыю трапілі ўсе астатнія: хлопцы з неакрэсленай жыццёвай пазіцыяй і ўсе чатыры дзяўчыны групы. Да іх, па ўсіх параметрах свайго характару, павінен быў бы далучыцца і Віталь. Каб не адна акалічнасць… Гультай і ціхі прагульшчык урокаў у школе, свабодалюбівае нутро якога не цярпела ніякага нагляду і прынукі, не адчуўшы ў інстытуце прыгнёту з боку выкладчыкаў, самохаць захапіўся вучобай. Яму падабалася старанна канспектаваць лекцыі і дбайна выконваць дамашнія і лабараторныя заданні менавіта для сябе, на сваю карысць, на свае сумленне і годнасць. Праз пару месяцаў з пачатку заняткаў неспадзявана для сябе высунуўся Віталь у лепшыя студэнты групы. Неяк усцешна было не адчуваць страху і сораму пры выкліках да дошкі на практычных занятках па вышэйшай матэматыцы, калі ўся група замірае цішынёй замагільнай. Як апошняя надзея і гонар выкладчыка браць у рукі крэйду і разблытваць пакручасты дыферэнцыял… Альбо вылучацца сваім красамоўствам на семінарах па гісторыі камуністычнай партыі. І гэта не з-за блазенскай фанабэрыі школьнага выскачкі, не па пошлым памкненні ў нечым вылузацца, адзначыцца, спадабацца… А, далібог, па чыстасардэчнай жывой цікавасці. Наогул, у студэнцкай сябрыне, у адрозненне ад школы, не заўважалася тады дробязных крыўд, зласлоўя, а тым болей чорнай зайздрасці і непрыязнасці да выдатнікаў. Але ж не было і пашаны, захаплення. Кожны з навучэнцаў быў, найхутчэй, заняты выключна сабой і сваім. А тое – адна з прыкмет свабоды. Гэтаму, напэўна, спрыялі вялікія аўдыторыі і калідоры інстытута, малая колькасць педагогаў, лабарантаў і лектараў, а правільней – малая шчыльнасць іх у студэнцкім натоўпе. Што, безумоўна, змяншала ўсялякія трэнні, прадузятасць ацэнак, давала вольна дыхаць і жыць… Прынамсі, да першай сесіі. Каб з цягам часу, праз колькі гадоў, спытаў Віталь сам сябе, што рабіў, чым займаўся ён у першым семестры першага года навучання, то, пэўна, нічога б адметнага, вартага салодкіх успамінаў, вострага, пазашараговага згадаць бы не ўдалося. Адны лічбы, загагуліны, формулы, пісаніна, запамінанні, адказы… І гэта ў той час, калі здароваму целу рупіць спазнаць першыя радасці быцця, калі страсці павінны не марнавацца ўнутры, а віраваць на волі, па-за бацькоўскім наглядам: на дыскатэках, студэнцкіх вечарынах, у кафэ і тэатрах… Калі жыццё несціхана кліча і кліча… Калі даўно, дужа даўно ўся юначая сутнасць прагне жаночых ласак… І што ў параўнанні з імі тая сухая навука?! Але, але і але… Хто ведае, чаго дамагаемся мы на зямлі, хто расстаўляе вехі і акцэнты ў часе? …Завіхаецца працавітая замець, шпурляе на панадворак новыя порцыі снегу, прасуе іх ветрам, а праз хвіліну, нібы не здаволіўшыся сабой, узрывае цалік, нясе вірлівыя слупы калючага бісеру ў розных напрамках, тузае акалелую вярбіну ля ганка, гайдае драты… Вые, сапе, стогне. І пад гэтае неспасціжнае дзейства, пад непраглядным пахмурным небам спіць бестурботна Віталь, спяць жыхары навакольных гмахаў, адпачывае горад. Хутка будзе дзень. І тады ўжо не прыродная стыхія, а чалавечыя страсці, дзеі, задумкі будуць уладарыць між муроў на вулках і плошчах. На абсягах жыцця. Глава 3(а) На занятку па нямецкай мове Віталь сеў з Максімам Гарэвічам і зараз шкадаваў аб гэтым: той прыставаў да яго з прапановамі згуляць у папяровы футбол. Гэта была даволі цікавая двухбаковая гульня на паперы, мэта якой – ходзячы пачаргова ўсяго па тры клеткі ў любых напрамках ламанай лініяй, загнаць праціўніка ў яго вароты. Гэтая няхітрая на першы погляд прыдумка, вынесеная хлопцамі яшчэ са школьнай парты, вымагала немалога ўяўлення, дакладнага разліку, уважлівасці і матэматычнага розуму. Максім амаль заўсёды прайграваў Віталю, хаця яшчэ пад час уборачных работ у калгасе праславіўся на ўсю групу як лепшы шахматыст і шашачнік. У вясковым клубе з ім лічылася пачэсным завяршыць партыю ўнічыю. Іграка па натуры, Максіма моцна абражала ўласная няздатнасць адолець саперніка ў любой гульні. Можа, гэтае апантанае жаданне адыграцца і сталася прычынай прыхільнасці яго да негаваркога Віталя, якая ў далейшым перарасла калі не ў дружбу, то ў добрае прыяцельства. Найбольш плённа гулялі яны ў папяровы футбол на лекцыях па гісторыі КПСС, дзе працяглыя разважанні і неканспектныя адступленні выкладчыка давалі такую магчымасць. Там можна было тайком зрабіць чарговы ход, ціхутка перасунуць паперчыну суседу, каб ён, не зводзячы насцярожанага позірку з лектара, ламаў галаву над наравістымі загагулінамі. Вось акурат на такой лекцыі і прайграўся толькі што Максім. Прайграў двойчы і амаль усухую. Яшчэ ў сярэдзіне першай лекцыйнай гадзіны кінуў ён да ліха запісваць мудрагелістыя “падкопы левага ўхілу ў радах ВКП(б)”, ашчаперыў галаву і сярдзіта паглыбіўся ў роздумы над перыпетыямі футбольнай баталіі, што відавочна разгортвалася не на яго карысць. Моцна ўзлаваны ганебнай паразай, Максім і на занятку па нямецкай мове падсеў да Віталя і назаляў яму неадчэпна: – Ну не казліся, ну хіба цяжка табе… Адзін раз… некалькі хадоў толькі. – Ды я з табой без заліку застануся. – Віталь добра ведаў азартны характар прыяцеля. Ён, у прынцыпе, быў не супраць забавіцца гульнёй, але немалую ўсцеху прыносіла і магчымасць паздзекавацца з гэтага наравістага тыпа. – А мы ўпотай: чырк – і паперку локцем пасоўваеш, – не здаваўся сусед па парце. – То ж непрыкметна… – Не магу. – Ну, Віталя… – Давай – да заўтрашняй лекцыі. А ўвечары сёння раю папрактыкавацца… Замест “ТП”, – вытанчана ўядаў назолу Віталь. Аднак Максім абраў тактыку нуднага і неадступнага напору. Таму падобны дыялог працягваўся ўжо другую гадзіну запар. А тым часам “немка” Ядвіга Паўлаўна – паважная пажылая кабета – апытвала пакрысе навучэнцаў па размоўнай практыцы. Гэта выдавала больш на гутарку нямецкага місіянера з племем афрыканскіх дзікуноў. Ядвіга Паўлаўна добразычліва задавала пытанні па-нямецку, выклікала якога са студэнтаў. Той спярша натужліва моршчыўся, сілячыся хоць прыблізна даўмецца сэнсу пачутага, затым пачынаў няўцямна мыкаць, гугнявіць і запаўняць недахоп слоўнікавага запасу красамоўнымі жэстамі. Выкладчыца, радая і гэтаму, усяляк памагала небараку, угадваючы ледзьве не па міміцы, што ён такое хоча выказаць. Дабудоўвала бязладна пачатыя ім сказы. Праз колькі хвілін студэнт, засаромлены сваёй маўленчай нямогласцю, узмакрэлы ад напругі, сядаў на месца… Каб даць магчымасць гэтаксама “зухавата” выказацца наступнаму. Можна сказаць, што “нямецкія” семінары былі не самым прыемным бавеннем часу для студэнтаў. Бо толькі там вялікую групу дзялілі на дзве часткі, па дванаццаць чалавек. Калі ўлічыць, што яўка на заняткі была далёка не заўсёды стопрацэнтная, то 8–10 студэнтаў праглядваліся выкладчыцай як на далоні ўсе дзве гадзіны. Недахопы і хібы ў ведах проста няможна было ўтаіць, і гора б тут невуку, каб літаральна ўсе навучэнцы Віталевай групы не былі ў нямецкай страшэннымі недарэкамі. Па гэтым прадмеце не было экзамену, і першакурснікі лічылі яго нечым другарадным і часовым. Залік жа, штосьці прапэкаўшы і прамэкаўшы, можна было атрымаць заўсёды. Глава 3(б) У сярэдзіне другой гадзіны заняткаў Максім усё ж даканаў Віталя сваімі дамаганнямі наконт футбола, і той даў згоду. Затуленыя ад “немкі” буйнымі прычоскамі Ірыны Варанец і Ларысы Яшчук, прыяцелі распачалі гульню з перадапошняй парты. Віталь хутка авалодаў ініцыятывай, загнаў саперніка ў закутак ля ягоных варот, і той мусіў забіць гол сам сабе. Зацята кінуўся адыгрывацца. Але якраз апантанасць і паспешлівая прага рэваншу адыгралі не на карысць Максіму. Ён нерваваўся, хадзіў памылкова, тут жа ўмольна прасіў у Віталя дазволу перайначыць. Той з велікадушнасцю пераможцы даваў згоду. Тады Гарэвіч касаваў свае каракулі, выводзіў новыя і з апаскай соўгаў аркуш суседу. Чакаў напружана… Словам, так паглыбіўся ў гульню, што не расчуў свайго прозвішча, якое некалькі разоў запар выгукнула Ядвіга Паўлаўна. Не атрымаўшы адказу на свой зварот, яна пад прыцішэлае хіхіканне братоў па няшчасці ў некалькі крокаў перасекла маленькую аўдыторыю і, вынырнуўшы з-за постацяў Яшчук і Варанец, заспела Максіма за не вартым добрасумленнага студэнта заняткам. – Дазвольце крышку вашай увагі… – “Немка” мусіла катурхнуць у плячо неруплівага вучня, каб выцягнуць яго з уяўных футбольных баталій. Убачыўшы бязладныя ламаныя лініі ды кропкі, выкладчыца дадала ўжо больш строга: – Чым вы тут займаецеся, Гарэвіч? – А я думаю над тэкстамі, – хлусіў напрапалую Макс з ветлай усмешкай на твары. – Я за разважаннямі па паперы крэслю… Нервы, знаеце… Ядвіга Паўлаўна ўзяла лісток і паднесла яго да акуляраў пад дружны рогат аўдыторыі. Яна, вядома, падазравала нячыстае, але сапраўды не заўважыла ў гэтых блазенскіх выкрутасах на паперчыне ніякай логікі… Вяртаючы аркуш Максіму, сказала: – Ну што ж, падрыхтуеце для заліку вусны тэкст у тысячу знакаў. Дазваляю карыстацца вашым метадам. Гэтая прапанова была Максіму зусім не на радасць, бо ён, маючы са школы параўнальна неблагую падрыхтоўку, ішоў да сённяшняга дня ў першых радах і меркаваў атрымаць залік аўтаматычна. Але характару Гарэвіч быў лёгкага, таму ўспрыняў такі прысуд з пэўнай доляй гумару, а са званком на заканчэнне заняткаў, мабыць, і зусім забыўся на гэтую няўдачу. Адыходлівасць была толькі адной з сімпатычных якасцяў гэтага няўрымслівага чалавека. Віталь, які часцяком сядзеў поруч з ім на занятках і ў сталовых, дачыняўся ў гутарках і на спортпляцоўках, так і не даўмеўся, што такое ёсць Максім Гарэвіч. Бо сутнасць яго была бязважкая, нібы матылёк, і легкадумна пырхала як у размовах з адной тэмы на другую, так і ад чалавека да чалавека, ад месца да месца. Макс пастаянна нібыта кудысьці спяшаўся, быццам чакала яго наводдаль нешта неадкладнае і надзвычай цікавае і важнае. Віталя не пакідала адчуванне ў гэтым шалапуту незавершанасці, недаробленасці, якія той неўзабаве памкнецца ліквідоўваць. Гарэвіч не мог затрымліваць сваю ўвагу на нечым болей як пяць хвілін, пакутай для яго былі двухгадзінныя лекцыі і семінары, не ставала яму цярпення неадступна запісваць прамовы выкладчыкаў ці грунтоўна даследаваць якую-небудзь праблему. Роўны і стройны на пачатку заняткаў, почырк у ягоным сшытку з цягам часу слабеў і кволіўся, кульгаў, гультаяваў і ў рэшце рэшт здаваўся на міласць млявай абыякавасці. На старонках яго канспектаў нязменна з’яўляліся пропускі, малюнкі, а то і нейкія аднаму яму зразумелыя інтымныя нататкі-шыфраграмы. Як мы ўжо адзначалі, Макс быў тыповы ігрок і толькі ў гульні мог працаваць засяроджана і зацята: гадзінамі гарбець над шахматнай дошкай, дамагацца перамогі ў саматужных папяровых гульнях, картах. Ён першы ўнёс прэферанс у інтэрнат і літаральна заразіў гэтай азартнай і складанай гульнёй увесь свой паверх. У ягоным пакоі дапазна гарэла святло, куродымілі папяросы, чуліся картачныя плескачы ўперамешку са смачна-дасціпнымі выкрыкамі заўзятараў. Дабрадушны і ветлівы з усімі ў групе, Макс Гарэвіч праяўляў даволі шырокі досвед у гутарках на разнастайныя тэмы жыцця-быцця, але ні з кім не размаўляў па шчырасці, што называецца – не раскрываўся. Хаця падобныя адносіны, бадай, былі правілам для тадышняга студэнцкага асяроддзя. Дружней трымаліся паміж сабой толькі нешматлікія на іхняй спецыяльнасці дзяўчаты ды заядлыя сябрукі-гулякі, мэтай і сэнсам існавання якіх было вясёлае, бестурботнае марнатраўства часу. Глава 4(а) Якраз на трох такіх сяброў і натрапіў Віталь ля дзвярэй аўдыторыі, дзе меўся адбыцца перадапошні ў гэтым семестры семінар па вышэйшай матэматыцы. Памяшканне знаходзілася ў канцы даўжэзнага калідора, і ўваход у яго суседнічаў з дзвярыма смуроднага туалета напроці. Тут жа было і канцавое акно, запляванае курыльшчыкамі, з відам на шэрую сцяну будыніны бліжэйшага корпуса. – Здарова жывеш, Віталік! – зухавата прывітаўся Сашка Дубель, першы завадатар у іхняй групе. – Як “ТП” рушыш? – Прывітанне. – Чалей паціснуў руку Сашку, балабону і залётніку, а таксама і Пашку Краснюку, і Толіку Шумакову, што курылі разам з Дубелем. – Патроху прасоўваю. Да здачы падрыхтую, мабыць. – Скромнічае ён, – жартаўліва-недаверліва падхапіў Шумакоў, па мянушцы – Бывалы, – ухадзіўся ўжо нябось. Ён жулікавата пазіраў на Віталя, а заадно на ўсе бліжэйшыя дзверы аўдыторый – ці не выйдзе хто з выкладчыкаў. Студэнтаў законна ганялі за курэнне ў калідоры. Але маладыя рызыканты гэтаксама законна не хацелі дыхаць “водарамі” інстытуцкай прыбіральні (дзе курыць дазвалялася), якія не спрыялі змястоўным і працяглым гутаркам. – А ў мяне – нуль без палачкі. – Пашка Краснюк смачна выплюнуў недапалак на цэментную падлогу. – Б’юся, б’юся… Хай ён спрахне, пракляты! Пашка вылаяўся з такім непадробленым абурэннем, што Віталю стала смешна, калі ўявіў на міг гэтага праныру ў сумленнай барацьбе з непадатлівымі дыферэнцыяламі. Краснюк, канешне, маніў і так, як і яго прыяцелі, спадзяваўся ўсё ж ашукаць выкладчыка: цямніць да апошняга, а потым увобмірг спісаць у каго-небудзь з першакурснікаў, хто меў “ТП” з такім жа варыянтам. Пашка сам быў тутэйшы, але як лепшы сябрук Дубеля пастаянна аціраўся ў інтэрнаце, знаў процьму народу і знайсці “двайніка” мог без асаблівых цяжкасцяў. Перад расчыненымі дзвярыма туалета ў кампаніі занадта разбітных маладзёнаў Чалей адчуў сябе няёмка, і зарупела яму шмыгнуць у аўдыторыю. Але, зазірнуўшы туды, убачыў за партамі Ірыну Варанец з Ларысай Яшчук, якія шушукаліся з астатнімі дзвюма дзяўчынамі групы. З хлопцаў – аднаго Кастуся Жаўновіча, што ў прадчуванні жорсткага апытання выкладчыкам ліхаманкава корпаўся ў канспекце. Ісці туды расхацелася, бо Віталь з прычыны свайго замкнёнага характару заўсёды няўтульна пачуваўся пад дзявочымі позіркамі. Ён хацеў быў прайсціся па калідоры туды-сюды, але ўвагу яго зноў прыцягнула гамонка паміж трыма памянёнымі аболтусамі, якая ад “ТП” скіравала ў даволі вясёлы бок. Бывалы, аказваецца, на занятку іхняй палавіны групы па нямецкай мове дасціпна перахітрыў выкладчыка і першым у групе атрымаў залік. Ён прыдумаў напісаць тэкст вуснага маналога буйнымі літарамі на паперы і прыляпіць яе на спіну пярэдняга суседа. Чытаў артыстычна: збіваючыся, як напраўду па памяці. І падслепаваты “немец” паверыў. Бывалы неймаверна ганарыўся сваім вынаходствам і цяпер раіў усім яго пераняць. Між іншым, клічка Шумакова цалкам адпавядала яго грунтоўна-паважнай натуры і выгляду. Быў ён старэйшы за ўсіх навучэнцаў групы на два гады, бо скончыў у адным з райцэнтраў тэхналагічны тэхнікум, дзе набраўся неацэннага вопыту. І цяпер глядзеў на аднагрупнікаў па-апякунску, нярэдка даваў стратэгічныя, тактычныя і злабадзённыя парады па спосабах пераадолення пакручастых пуцявін навучання, па ўніканні каварных церняў, падкопаў і замінак на гэтай дарозе. І парады вельмі і вельмі слушныя. Быў Толік Шумакоў адносна высокі, мажны, салідны. Характару надзвычай добрага і памяркоўнага, хаця не без схільнасці да незласлівых пакепліванняў з акаляючых і самахвальства. Ён рабіў усё (а гэта Віталь прыкмеціў яшчэ на бульбанарыхтоўчых работах) нетаропка і абачліва – не рваў пупа. Але, мусіць, менавіта таму і паспяваў хутчэй і абаротлівей за астатніх. Абыходлівасць Бывалага заўсёды рабіла добрае ўражанне на выкладчыкаў, абаяльны выгляд не даваў падстаў падазраваць у ім махляра і ашуканца. Таму ацэнкі ягоных ведаў зазвычай завышаліся прыкладна на адзін бал. Глава 4(б) Вось і цяпер Віталь быў амаль перакананы ў хітрай, але грунтоўнай і бясхібнай падрыхтоўцы Шумакова да здачы “ТП”. Як, дарэчы, і ўсіх астатніх “хвастоў”. Аб гэтым сведчылі задзірысты румянец на яго шчоках, бадзёрая самаўпэўненасць, нейкія таямнічыя недагаворкі, ахвота жартаваць і многае іншае. Бо быў гэты круцель да штукарстваў здатны. Менавіта Бывалы выручыў яшчэ на пачатку семестра ўсю групу, калі параіў пасля здачы першай жа лабараторнай работы па фізіцы не здымаць больш практычных даных з кепскага абсталявання, а абменьвацца імі ўсе астатнія заняткі паміж брыгадамі. Брыгады складаліся з двух-трох чалавек, усіх лабараторных было каля дзесяці. Адпаведна столькі ж і варыянтаў. Таму, выканаўшы сумленна вымярэнні адзін раз, на наступных занятках можна было цямніць – рабіць выгляд працы, а ў канцы падсоўваць выкладчыку падрыхтаваныя (перапісаныя) загадзя даныя. Хіба з нязначнымі, да сотых долей адзінак вымярэння, штучнымі змяненнямі. Што ні кажы, вопыт – вялікая рэч. Таму Шумакова паважалі літаральна ўсе аднагрупнікі, а некаторыя проста на яго маліліся. У Віталя, напрыклад, перад адказнымі студэнцкімі выпрабаваннямі заўсёды ўзнімаўся настрой пры позірках на аптымістычную фізіяномію Бывалага. Як ад зносінаў з чалавекам вялікай станоўчай энергіі. Між іншым, не зломак быў Шумакоў і ў пазааўдыторскіх, інтэрнацкіх, побытава-практычных справах. Што да Сашкі Дубеля, побач з якім собіла Віталю стаць у час перапынку, то яго жыццёвая філасофія была абсалютна непрымальная для нашага героя. Выкарыстоўваючы каляфізічныя тэрміны, можна сказаць так: у кампаніі з гэтым ветрагонам, дзе Сашка заўжды займаў цэнтрамасавае месца, Чалей адчуваў неадольную цэтрабежную сілу. І не значыць тое, што быў Дубель, у разуменні Віталя, дрэнным чалавекам. Проста неяк не знайшлося ў іх паміж сабой найменшых кропак судакранання, проста ўся сутнасць Чалея адпрэчвала жыццёвыя арыенціры студэнта Дубеля. А заключаліся яны ў наступным: усімі магчымымі спосабамі здабываць даброты для пуставатай душы і прагнага цела, якімі, агрубляючы, назавём – курыва, алкаголь, жанчыны. Усе тэмы Сашкавых гаворак круціліся акурат у межах названых краевугольных паняццяў рэчаіснасці. Менавіта ён негалосна ўзначальваў умоўна акрэсленую ў папярэдніх главах частку разбітных, ці “сапраўдных”, студэнтаў, менавіта ім употай захаплялася большасць хлопцаў іхняй групы, іменна яго колкага языка пабойваліся дзяўчаты. А гаварыць на любімыя тэмы (жанчыны, алкаголь, курыва) мог Сашка бясконца. У гэтай плоскасці вызначаўся ён красамоўствам непераймальным: сыпаў досціпамі, пошлымі анекдотамі і прымаўкамі, дастаючы іх з бяздоннай прорвы свайго дападкога, учэпістага розуму. Што розум гэты станавіўся крайне нягнуткім і няўклюдным на практычных і лабараторных занятках – гэта ўжо іншая справа. Падкрэслім: на сваім, раз і назаўжды абраным, шляху жыцця пачуваўся Сашок больш чым упэўнена. Яшчэ ў час паездкі ў аўтобусе на бульбанарыхтоўчыя работы затлуміў Дубель галаву Віталю Чалею расповедамі пра свае подзвігі ў галіне кахання, пітва ды ўсялякай распусты да такой ступені, што незнарок выпрацаваў у небаракі комплекс непаўнавартасці. Тады ад Сашкавых баек дыбарам станавіліся валасы на галаве Чалея, выхаванага бацькамі ў межах кватэры і досыць прыстойна. З таго часу ўсяляк пазбягаў Віталь гэтага вяртлявага балаку, поруч з якім выглядаў адшчапенцам, недарэкам, няздатным на сапраўднае, мужчынскае, мямлем. З-за нястачы вопыту ў любоўных сферах жыцця даводзілася адно – маўчаць і слухаць пікантныя небыліцы. Пад рогат ці хіхіканне такіх жа аматараў варункаў падобнага кшталту. Неаднойчы ўжо завітвала да Віталя вярэдлівая думка, што мае рацыю Дубель, што адно вартае ў жыцці і ёсць гэтае салодкае, забароннае ды панаднае, што не каштуюць усе веды зямныя ды шкалярскія поспехі каліўца заваблівай, заганнай слодычы… Дубель не быў пустазвонам – неадступна пацвярджаў свае байкі практыкай. І нярэдка даводзілася бачыць Чалею яго свойскія гутаркі з расфуфыранымі дзяўчатамі ў калідорах і закутках інстытута. Знаёміўся і дачыняўся Дубель з імі папросту: як ядуць, дыхаюць, ходзяць. І гэта пры тым, што не вылучаўся Сашка асаблівымі фізічнымі данымі. Росту быў крыху вышэйшага за сярэдні, цялеснага складу – траха што шчуплага. Жывы і рухавы яго твар назваць прыгожым таксама не выпадала. Перамагаў Дубель языкатасцю ды хамаватай адвагай. Да дзяўчат сваёй групы, праўда, нахабна не заляцаўся. Мусіць, карыстаўся прынцыпам – не гадзь там, дзе спіш ці ясі. Дый адпор на свае прыставанні атрымаў належны яшчэ ў верасні, у калгасе на бульбе. Цяпер ён абмяжоўваўся трапнымі прыдзіркамі ды пахабнымі кампліментамі. Асабліва ў дачыненні да Ірыны Варанец, самай прыгожай дзяўчыны групы. А зрэшты, без такіх студэнтаў, як Сашка, нудна і посна вучылася б астатнім. Быў ён, па сутнасці, добрым чалавекам, які ні адзінай літарай не парушаў законаў грамадскага суіснавання. А прыняцце альбо непрыняцце ягонай маральнай пазіцыі – асабістая справа кожнага. Напрыклад, для Пашкі Краснюка стаў Дубель з першых жа дзён знаёмства кумірам, як кажуць, на ўсе часы. Сашкава спрытнасць і Пашкава веданне ўсіх прынадных мясцін вялізнага горада цудоўна дапаўнялі адно аднаго. Глава 5(а) Са званком на заняткі па вышэйшай матэматыцы, богведама адкуль, сабралася амаль уся група. І не дзіўна – напруга па здачы “ТП” дасягала апошняй мяжы. Нават да прыходу выкладчыка ў аўдыторыі запанавала нядобрае маўчанне. Толькі трывожнае шушуканне ды гартанне канспектаў і падручнікаў напалялі і без таго неспакойную абстаноўку. Дубель з Краснюком схаваліся на апошнюю парту, Чалей з Гарэвічам – за спіны Варанец і Яшчук. Бывалы паважна ўсеўся на першую парту, акурат перад сталом выкладчыка. Ён ніколі не пасаваў у адказныя хвіліны і, паводле свайго багатага вопыту, ведаў, што такое месца – ці не самае бяспечнае пры падобных абставінах. Выкладчык Сямён Пятровіч, маладжавы, з пачуццём гумару дзядзька, паявіўся гразой, знарочыста надаючы свайму смугляваму вусатаму твару непрыхільны выгляд. – Ну што, балесныя, зоймемся?! – са смакам паціраў ён рукі. Разгарнуў журнал, з хвіліну ўзіраўся ў ягоныя радкі, слаўна граючы на студэнтавых нервах. Тады запытаўся: – Дык як?.. Весялосці не чую! Маўчанне – муха не праляціць. – Як дамашняе заданне, як “ТП”, мае шаноўныя?! Што зажурыліся-замаркоціліся? Дзе гожы стос сшыткаў на стале маім? Га? Я ў вас пытаюся, любасныя! Вы, пэўна, спадзеяцеся, што разлічыцеся са мной за адзін занятак? Дык дарэмна! Паверце, даражэнькія! Такога яшчэ ў гісторыі інстытута не было. Педагог распаляў сам сябе і спакваля ўсхадзіўся не на жарт. Кідаў гнеўныя позіркі паверх галавы Бывалага, які аддана пазіраў на яго. – Вось вы, Дубель! – А што я?.. – Падыміся! Сашка ўстаў пад сцішаны смяшок аднагрупнікаў. – На што вы разлічваеце: на амністыю, добрага чарадзея ці яшчэ на нешта? Га? Хто, пытаюся, за вас будзе рабіць ваша заданне? Га?! – Ні на што я не разлічваю. Я рашаю… стараюся… але… – Папярэджваю – не дарую ніводнага нумара. Анікому! – абарваў яго Сямён Пятровіч. – Сядайце!.. Краснюк! – Я!.. – Устаньце! Пашку відавочна не ўдалося скрыць боязь перад выкладчыкам. Ён трымаўся горш за Дубеля. – Як вашыя справы? Краснюк ганебна зніякавеў, уваткнуў пагляд у парту і мармытаў толькі няўцямнае: – Гм, хм, ну я… мм… Далей пачаліся нязменныя ўшчуванні, пагрозы, вытанчанае маралізатарства і пакепліванне выкладчыка з нядбайнага студэнта. Дзіўна, але пад час кепскага настрою Сямён Пятровіч заўсёды распякаў Краснюка ці Дубеля, але гэтым яны і адкараскваліся. Нацешыўшыся, Пятровіч выклікаў: – Жаўновіч! (Чамусьці амаль заўсёды – Жаўновіч!) – Я… – Да дошкі, калі ласка. Затым ішоў працяглы разбор якога з нумароў дамашняга задання. Адказваў Кастусь Жаўновіч млява, быццам асуджаны. Больш пэцкаўся крэйдай, а рашэнне любога дыферэнцыяла зацягваў на цэлую гадзіну. Выкладчык загадзя ведаў, што будзе менавіта так, але падобная важданіна яўна прыносіла яму асалоду. Пятровіч нібы не заўважаў небараку, які, застопарыўшыся, кідаў умольныя позіркі на аўдыторыю, касаваў напісанае і боязна выводзіў новую несусвеціцу. Быў Кастусь праставатым вясковым хлопцам, які за першы семестр так і не здолеў акліматызавацца ў інстытуцкім асяроддзі. Ён нібы атрымаў тут удар пыльным мехам па галаве і хадзіў з выглядам, быццам ніяк не можа ачомацца. Пастаянны страх і гнятлівая заклапочанасць на абліччы Жаўновіча змушалі выкладчыкаў бачыць у ім ёлупня, на якім можна палкі ламаць. Здзекаваліся і пацяшаліся з гэтага, дарэчы, даволі здольнага, харошага хлопца, неяк незнарок, бадай, толькі з-за яго цельпукаватага выгляду і відавочнай боязі не дагадзіць педагогам. Паводзінаў ён быў выключна прыстойных, стараўся і дбаў за вучэнне больш за астатніх. Але да смешнага губляўся перад дошкай і пароў такія глупствы, што студэнты проста каціліся з рогату. Да таго ж саромеўся Кастусь свайго непазбыўнага сялянскага вымаўлення, з якога насміхаліся некаторыя разбітныя студэнты. Глава 5(б) Далей падзеі разгортваліся па звыклым сцэнарыі. Пятровіч, не вытрываўшы здзеку з матэматыкі, прагнаў Жаўновіча на месца і, коратка і раздражнёна тлумачачы, шпарка завяршыў непадатлівы прыклад. Затым даў заданне па “ТП”. Нумар выбраў наўздагад. Спытаўся ахвотнікаў выйсці да дошкі. Такіх не аказалася. Тады, каб узняць уласны настрой і сэканоміць час, выклікаў Віталя Чалея. То была яго адзіная ўцеха, і пакідаў яе выкладчык, вядома, пад канец заняткаў. Віталь упраўляўся з дыферэнцыялам нядбайна, нібыта робіць нешта прывычнае і шараговае. Паясняў свае дзеянні нягучна і мімаходзь, як даўно і ўсім вядомае, тое, што не заслугоўвае асаблівай увагі. Маўляў, выкладчык жадае – на здароўе. Ён зусім не рысаваўся, і, дальбог, нават сорамна яму было за сваё ўменне перад тым жа Дубелем, што з палёгкай разваліўся на апошняй парце, няёмка перад Ірынай Варанец, захопленыя позіркі якой адчуваў хлопец скурай. Ірына, мабыць, і не глядзела на Віталя, але яму (мо нават падсвядома) дужа таго хацелася. – Ну, вы ўсё зразумелі, паважаныя? – развітваючыся, пытаўся Сямён Пятровіч. – У аўторак – “ТП” на стол. А стараста хай шукае дадатковыя дзве гадзіны на здачу. Ён ваяўніча абвёў вачыма аўдыторыю, кінуў шматзначнае “Да пабачэння!” і выйшаў вон. Студэнты адразу ж цугам пацягнуліся да дзвярэй: без юнацкага дураслівага імпэту, валтузні і цісканіны ў праёме; паважна, стомлена, заклапочана. Каб затым, апрануўшыся ў гардэробе, шыбаваць па снежаньскім марозіку ў свае закуткі, пакойчыкі, кватэры, займаць месцы ў бібліятэках і чытальнях. З гэтага дня мінута – дарагога вартая. Бо з панядзелка чакаў студэнтаў у свае абдоймы заліковы тыдзень. Асабліва цяжкі для першакурснікаў, якім непрывычна будзе працаваць на два франты: адседжваць усе заняткі і паралельна выкройваць час для ўсялякіх справаздач па “хвастах”, лабараторных, практычных. Вой як непрывычна… Бурлівы студэнцкі паток падхапіў Віталя і неўпрыкмет, праз гардэроб і звілістыя калідоры, вынес на вуліцу. Цудоўная карціна зімняга горада паўстала перад яго паглядам. Завея, відаць, толькі нядаўна аціхла, нябесны купал пасвятлеў і як бы пашырыўся. Павольна падалі з яго на дол рэдкія пухкія сняжынкі. Яны не віравалі, не змянялі сваіх напрамкаў па волі ветру. Бо ветру зусім не было. Гэтыя бязважкія бліскаўкі нібыта давяршалі шматгадзінную працу мяцеліцы. Даводзілі горад да ладу. Галасы студэнтаў, рэзкія ў інстытуцкіх аўдыторыях, на ганку памякчэлі і згладзіліся. Як згладзіліся за ноч і дзень бардзюры, прыступкі, урны, яловыя прысады абапал цэнтральнай дарожкі, агароджа студэнцкага гарадка… Дабрэй, лагадней выглядалі пад белымі капелюшамі аляпаватыя старыя будынкі. Вузей – вуліца, па якой бурклівымі жукамі паўзлі тралейбусы і легкавушкі. Віталь жыў праз пару кварталаў ад інстытута і зараз рушыў нацянькі, па заснежаных дварах і завулках. Пругкая хада па рыпучым покрыве надавала страчанай за час заняткаў бадзёрасці. Вочы расхіналіся насустрач белізне, свежасці, чароўнай велічы беларускай зімы. Чалей любіў свой горад ва ўсякую пару, любіў гэтыя старыя кварталы, дзе крышку наводдаль шумлівага цэнтральнага праспекта нібыта тоіцца іншае, сцішанае і задуменнае, жыццё. Улетку лагода царуе тут пад засенню разложыстых таполяў і клёнаў: балакаюць бабулькі на лаўках, дзядзькі і дзядулі рэжуцца ў даміно за самаробнымі столікамі, у лядачых альтанках вечарамі туляцца закаханыя. Узімку двары нібы прасвятляюцца, высвечваюцца, змяншаюцца ў памерах ад тоўстай снежнай коўдры, але робяцца не меней таямнічымі. Новыя, нязвыклыя абрысы набываюць хмызы, дрэвы, кветнікі, дзіцячыя каруселі і гушкалкі. Панадворкі жывуць па новых, амаль казачных законах. Яны хораша відны з чацвёртага паверха Віталевай пяціпавярхоўкі, што стаіць на стромым пагорку і ўзвышаецца над усімі суседнімі дамамі: зрэзаныя сцяжынкамі дворыкі там-сям высоўваюцца з-пад навіслых косых дахаў старых будынін, цалкам хаваюцца за паасобнымі дзевяціпавярхоўкамі. Знадворныя праявы тутэйшых жыхароў адлюстроўвае снежнае покрыва слядамі, умяцінамі, пляцоўкамі. Вось і цяпер няўрымслівая дзятва паспела ўжо добра распісаць белае палатно з дапамогай валёнак, лыж, канькоў і клюшак. Малеча шпурляецца снежкамі, валтузіцца ў сувеях. Віруе ў паветры смех. Шчыруе жыццё незмаўкальнае Ці даўно па-блазенску гойсаў тут і Віталь? Ці даўно лёгка было галаве і здорава целу? А цяпер з-за формул і свет белы ён бачыць, быццам арыштант на шпацыры. Каўтае гаючы кісларод нахапкам, каб праз некалькі хвілін нырнуць у цямравы пад’езд свайго дома, засесці за непазбыўныя падручнікі, каб зубрыць, касаваць, крэсліць. Дзеля чаго? Не ведае Чалей. Дый не задае сабе падобных пытанняў. Як лялька пад рукой усёмагутнага лялькавода, выконвае ён быційнае сваё прызначэнне. …Толькі ўзыходзячы па прыступках на дзядзінец сваёй пяціпавярхоўкі, па кволасці ў нагах адчуў Віталь, як моцна хоча есці. Мусіць, цела прагнула харчу ўжо даўно, але дарэшты заняты вучэбнымі праблемамі мозг проста не даваў належнай каманды страўніку. Зараз даймалі гастрытныя рэзі пад лыжачкай ды сутаргава-глытальныя спазмы ў горле. Яны рабіліся мацнейшымі па меры набліжэння Віталя да свайго пад’езда, а ля дзвярэй кватэры сталі проста невыноснымі. Здавалася – сканае, калі зараз жа не падкіне нечага ў “топку”. Хлопец віхрам уварваўся ў пярэднюю і, не скідаючы абутак, паўз збянтэжаную сястру Алену памкнуўся на кухню. – Ты што, абпіс…ся?! – крыкнула тая ўслед няветламу брату. – Здароўкацца трэба… – І ты будзь здаровая, – неўзабаве данеслася з кухні скрозь жвавае чвяканне: Віталь тым часам скрыляў сала і кідаў яго ў рот, заядаючы хлебам. Такія захады трохі палепшылі яго фізічны стан: у вантробах пацяплела, знікла і брыдкае трымценне рук. Цяпер хлопец ужо нетаропка паставіў разаграваць на пліту каструлю з баршчом і патэльню з мяснымі дранікамі. Праз паўгадзіны, наталіўшы маладзецкі голад, пацёгся Віталь у свой пакой спаць. Калі праходзіў праз залу, ушчыкнуў за плячо сястру, якая ляжала на канапе ў магнітафонных навушніках. – Дурань! – уздрыганулася Алена. Тады Віталь сцягнуў слухаўку з аднаго сестрынога вуха і зняважліва папярэдзіў: – Так, я на бакавую. І папрашу не замінаць сваімі бязладнымі песнямі-брынканнямі. – Ну, абармот, папросіш ты ў мяне гітару! – Сястра рэзка тарганула навушнікі і насунула іх на месца. Яна ўядала Віталя нечым яшчэ, але той не схільны быў падтрымліваць прывычную між імі слоўную перапалку, бо пасля пажыўнага абеду быў у гуморы. Прайшоўшы ў свой пакой, ён шчыльна зачыніў дзверы і соладка кінуўся на ложак. Праз колькі хвілін самазабыўна засоп… Чалей мог сабе такое дазволіць – заўтра будзе нядзеля. Мы завітаем да яго роўна праз тыдзень, каб моцна не дакучаць хлопцу пільным наглядам і аналізам яго вучэбных здзяйсненняў. Каб і самім не турбавацца разам з першакурснікамі, не перажываць з імі ўсе хвалюючыя хітраспляценні заліковага тыдня. З яго беганінай з корпуса ў корпус і па бясконцых калідорах, з яго бязбожна затхлым паветрам у шматлюдных аўдыторыях, няўмольнай патрабавальнасцю выкладчыкаў, ушчуваннямі, настаўленнямі, пакараннямі, з роспачнымі слязьмі студэнтак і завочнымі праклёнамі студэнтаў у адрас сваіх крыўдзіцеляў. Гэта, як кажуць, іх асабістыя праблемы, і псаваць нервы шаноўных чытачоў мы не маем аніякага права. Глава 6(а) Праз тыдзень пасля падзей, апісаных у папярэдняй главе, сядзеў Віталь Чалей за сямейным абедзенным сталом і шустра працаваў лыжкаю і відэльцам. У сям’і Чалеяў такія сходы з незапомных часоў зрабіліся завядзёнкай. У добрым ці кепскім настроі быў кожны з членаў сям’і, галодны ён быў ці сыты, але мусіў па суботах чакаць пяці гадзін дня, калі пачыналася гэтая своеасаблівая сямейная сходка. На ёй рабіліся справаздачы малодшых перад старэйшымі, прапановы і парады малодшым ад старэйшых, ладзіліся разборкі правіннасцяў, акрэслівалася, на што варта звярнуць увагу ў далейшай вучобе Віталя і Алены, ды іншае. Бацька, напрыклад, гаваркі па сваёй прыродзе і прафесіі, за абедам наогул не закрываў рота. Выкарыстоўваючы свой гнуткі розум, пастаўленую гаворку лектара-філосафа, а таксама вялікі досвед у шырокіх быційных сферах, ён літаральна забіваў усіх астатніх красамоўствам і колкімі досціпамі. Валерый Васільевіч сек пад корань усе няўклюдныя спробы сына супрацьстаяць яму па якому з пытанняў, надзвычай умела расстаўляў слоўныя пасткі, лавіў небараку на ягоных жа супярэчнасцях. Гэта быў бацькаў канёк, і ўжо раз на тыдзень, знудзіўшыся ў сваім кабінеце сярод стосаў кніг і часопісаў, даваў Валерый Васільевіч за абедам прыкурыць усім насельнікам кватэры. Сын добра разумеў сваю няздатнасць у падобных спрэчках і таму ўсяляк пазбягаў бацькавых нападаў, заракаўся не браць удзелу ў слоўных перапалках і наогул трымаць язык за зубамі. Але, злоўлены на якую-небудзь хітрую прынаду, кожнага разу ўцягваўся Віталь у размову і, неўзабаве абвергнуты, ушчэнт разбіты і знявечаны маральна, замаўкаў… Да наступнага разу. Вось і зараз ён моўчкі сёрбаў суп і з нудой слухаў, як бацька незласліва пакеплівае з Алены ці трапна адказвае на вокрыкі-заўвагі маці ў свой бок. Слухаў няўважліва, бо галава была занята зусім іншым. А іменна падзеямі апошняга вучэбнага тыдня. І нават не залікамі-справаздачамі, хаця менавіта імі былі шчыльна насычаны прамінулыя дні, менавіта яны найболей даймалі надоечы маладога чалавека. Але гэта – ужо колішнія справы, можна сказаць, гісторыя. Да сесіі Віталь быў дапушчаны яшчэ ўчора, у пятніцу, калі здаў нарэшце кіраўніку семінараў па гісторыі КПСС канспект з усімі пятнаццаццю праграмнымі артыкуламі У.І. Леніна. Турбавала і прыемна хвалявала Чалея наступнае. Недзе ў сярэдзіне тыдня, калі большасць студэнтаў ледзьве не канала ад непасільнага цяжару вучэбнай нагрузкі, распачаў Бывалы кампанію па сустрэчы Новага года. Ён адводзіў у бок на перапынках, падсаджваўся на лекцыях, практычных і нават заліках да вялых ад празмернай напругі аднагрупнікаў, шушукаўся і прапаноўваў здаць грошы на названае мерапрыемства. Рабіў справу па-змоўніцку, зладзеявата азіраючыся вакол. Пры гэтым таямнічая ўсмешка і лагодна-самаўпэўнены выгляд Шумакова абяцалі процьму асалоды ўдзельнікам маючай адбыцца вечарыны. Спакою Бывалага можна было пазайздросціць. Ажыццяўляць такія задумы ў самыя напружаныя і небяспечныя сваімі наступствамі дні мог, канешне ж, толькі такі – добра пацёрты ў студэнцкіх варунках чалавек. Бо не ведаў Віталь, не ведалі, пэўна, і яго аднагрупнікі, што за прыпарам заўсёды настае аддуха, што няблага (і нават карысна для здароўя) выкарыстоўваць яе як след. Затлумлены беганінай, мігаценнем лічбаў, твараў і кабінетных дошак, здаў Віталь Чалей у “касу” дзесяць рублёў. Памятае, як Бывалы тады тлумачыў: пяць на гарэлку, астатнія на закусь. А збірацца, здаецца, папярэдне наважылі ў Ларысы Яшчук – у гіблым раёне за чыгункай, у прыватнай хаце. І толькі ўчора, на малазначнай лекцыі па марксісцка-ленінскай эстэтыцы, Шумакоў больш-менш прасвятліў стан рэчаў. Уся складанасць аказалася ў тым, што амаль усе іншагароднія студэнты іхняе групы выпраўляліся на Новы год дадому ў гэтую ж суботу – падкарміцца ў родных пенатах. Трэба было б ехаць і Бываламу. Аднак ён, каб не пазбаўляць сябе салодкіх гадзін студэнцкай гульбы, зманіў па тэлефоне бацькам і сваёй нявесце, быццам бы абставіны змушаюць яго дабірацца ў радзімую Оршу ў абрэз, на ранішняй электрычцы 31 снежня. Гэта значыць – у сераду. Адпаведна вечарыну прызначыў на аўторак, каб мець хаця б пару дзён на падрыхтоўку. Здабыванне і дастаўку алкагольных напояў узялі на сябе Шумакоў і Краснюк. На дзяўчат, Ларысу і Ірыну Варанец, ускладалася задача закупіць на здадзеныя грошы прадуктаў і нечага згатаваць да святочнага стала за панядзелак і аўторак. Між іншым, згоду на гэтую таемную студэнцкую сходку, апрача памянёных асоб і Віталя, даў толькі адзін Цімур Каржаметаў, якому ляцець у свой Душанбе на чатыры дні было проста немэтазгодна. Праўда, Ларыса абяцала яшчэ прыцягнуць і сваю суседку-сяброўку. Краснюку і Бываламу не надта падабаўся гэткі расклад. Па-першае, не вельмі вабіў раён Ларысы Яшчук, які славіўся на ўвесь горад сваёй крымінальшчынай (шпана і блатныя). Але ў інтэрнатах па тым часе ладзіць падобныя застоллі было справай дужа небяспечнай – на святы шчыравалі камсамольскія патрулі. Па-другое, не радавала малая колькасць удзельнікаў маючай адбыцца бяседы. Але, як кажуць, на бязрыб’і… Зрэшты, Бывалы суцяшаў сябе тым, што ў маленькай кампаніі лягчэй паразумецца. Пры гэтым загадкава жмурыўся і падміргваў Віталю. Глава 6(б) …Вось менавіта пра гэтае мерапрыемства і збіраўся Чалей зараз паведаміць бацькам. Ён доўга вагаўся апошнімі днямі, вырашыў быў ужо сказаць маці сам-насам. Але замінала наступнае: раптам Святлане Рыгораўне, чалавеку больш абачліваму і строгаму, гэта не спадабаецца? Яна верхаводзіла ў побытавых сямейных стасунках. Тады яе недазвол будзе Віталю і канчатковым прысудам. Спытацца паціху ў бацькі? Той, найхутчэй, адобрыць студэнцкае застолле, бо часцяком апавядае і пра свае маладзецкія подзвігі. Але тады ўсё адно без згоды маці не абысціся. Віталь вырашыў хітра: сказаць пра вечарынку за абедам – як між іншым. Пры такім раскладзе, калі занатурыцца Святлана Рыгораўна, Валерый Васільевіч, вядома, запярэчыць ёй і возьме Віталеў бок. Знойдзе і належныя аргументы. Так, прынамсі, меркаваў Віталь. Адно прыкра – прыйдзецца трываць ухмылкі і кепікі сястры Алены. …Насамрэч усё аказалася значна прасцей. Трушчачы відэльцам вараную бульбіну, Віталь з прытворнай разняволенасцю (але ўсё ж не надта смела) прагугнявіў: – Тут у нас навагодняя вечарынка трыццатага будзе… – Затым пайшоў досыць падрабязны пералік акалічнасцяў: месца збору і ўдзельнікаў мужчынскай часткі названага мерапрыемства. На заканчэнне дадаў: – Ужо і грошы сабралі… – Вось і добра – развеешся хоць, – неспадзявана прыхільна ўспрыняла гэта маці. – Паглядзі, бацька, які ён бледны. – Вядома, справа харошая, – ухваліў Валерый Васільевіч. – Маладой крыві разгон трэба! – Ну, з яго такі разгоншчык… – не прамінула ўставіць свае пяць капеек Алена. – Маўчы, пігаліца, – не стрываў брат, укалоў: – Ідзі ў лялькі гуляй! Тут дарослыя гутараць… – Ну, пачалі-паехалі… – Маці жартаўліва стала затыкаць даччын рот, з якога ўжо гатовыя былі патокам вырвацца знявагі. – Ціха, Леначка. Ты ж разумнейшая за яго. А і праўда, Віталік, – дзяўчаты сярод вас будуць? Віталь вокамгненна зардзеўся. Раскрыў быў рот… – А як жа! Яны ж не зломкі! – блазнаваў ужо бацька. – Завошта тады і кашу зачынаць, раз без дзевак. У тым і ўся соль! Ад гэтых пікантных досціпаў сын сумеўся. “Усё: пішы – прапала!” – падумалася адразу. – Калі з дзяўчатамі, пушчу абавязкова, – выракла раптам мама. – Значыць, хлопцы не панапіваюцца хаця б дзеля прыліку. Праўда, бацька? – Ды будзе там… пару аднагрупніц, – як мага абыякава ўчапіўся за гэта Віталь, аднак румянец на яго шчоках няшчадна выдаваў сарамату. – І не збіраюся я напівацца. – Кавалер!.. – з’едліва хіхікнула Алена. – Ты мне галаву не мароч! Ведаю я падобныя мерапрыемствы, – узгарэўся новай сімпатычнай тэмай бацька, які сам пасля трох чарак заўсёднага суботняга каньяку быў у досыць вясёлым настроі. Хітра падміргнуў сыну: – Падзяліся, чым назапасіліся. – Шампанскага пару, сухога, здаецца, бутэльку, – вымушаны быў схлусіць сын, бо да гарэлкі ў іхнім доме ставіліся не надта прыязна. – Адчапіся ад яго, Васіліч! Не сарамаць хлопца, – уступілася Святлана Рыгораўна. – Ты гэтак у яго ўсю ахвоту адаб’еш. Віталь з прыкрасцю адчуў, як гарачыня ад шчок перапаўзла на макаўкі вушэй. Трэба было выходзіць з-за стала або мяняць тэму размовы. А бацька не сунімаўся: – Я ж, наадварот, – за, маці, крый мяне Божа! Годзе заморкам над кнігамі карпець! Гэтак жыццё правароніш. Я ж у яго гады ого як за дзяўчатамі прыстрэльваў… – Вось завёўся ўжо, стары залётнік! – спрабавала своечасова спыніць філосафа маці. – Дзяцей пасаромейся. – Дзеці – прэч з-за стала! – несур’ёзна загадаў бацька дачцэ. Ён яўна быў сёння на ўзлёце. – А для дарослых скажу, што стасункі паміж поламі і ёсць асноўная рухальная сіла ўсяго чалавецтва. Дзеля гэтага, можна сказаць, і Зямля круціцца. Валерый Васільевіч па-свойску паляпаў збянтэжанага сына па плячы. Дадаў: – Так што, хлопча, кідай свае паперкі, каб не зблажэць канчаткова. Разганяй маладыя сокі! Віталь цярпеў бацькавы разважанні яшчэ хвілін пяць. Пад яхіднымі позіркамі малодшай сястры. Ён, як на ліха, знямеў, нібы немаўля, і не мог знайсці належных слоў абароны. З палёгкай уздыхнуў толькі ў сваім пакоі. Астыўшы, хлопец прааналізаваў сітуацыю і рашыў, што ўсё не так і блага. Дазвол атрыманы – і дзякуй. Праўда, потым увесь вечар смылела, не даючы засяродзіцца на канспектах, гэтае пашлаватае: “Разганяй маладыя сокі!” Моўчкі сердаваў на бацьку, які заўсёды ўмеў азадачыць сваімі слоўнымі выкрутасамі. Усё філасофствуе, мудруе! Раптам прыйшло ў галаву, што не ўмее ён, Віталь, ні “сокі разганяць”, ні да дзяўчат заляцацца. Дый наогул будзе на той вечарыне апошнім няўклюдам. На душы зрабілася моташна, Чалей ужо ўпікаў сябе, што паддаўся на спакусу Бывалага. Але ж пасля абразлівых бацькавых слоў ён ужо не мог не пайсці на тую вечарыну. Дзеля ўласнай годнасці… Глава 7(а) Шумакоў патэлефанаваў Чалею а дванаццатай гадзіне дня, у аўторак. Як і дамаўляліся. Сказаў, што будзе чакаць Віталя ў фае інтэрната ў дзве гадзіны. – Цяплей апранайся – к ночы да дваццаці марозу абяцаюць, – перш чым павесіць трубку, параіў Толік. І сапраўды, выйшаўшы з дому, Віталь адчуў, як рэзка змянілася надвор’е. Сонца пакуль не праглядвалася, але ў паветры не лунала ніводнай сняжынкі. Бела-блакітныя сумёты блішчалі наледдзю. Як нерушныя глыбы. Падталы цеплаватым вечарам снег за ноч прымарозіла. Ён быў пакрыты шарпаком і ўжо не рыпеў пад нагамі так музыкальна, як мінулымі днямі, а вылучаў пад Віталевымі чаравікамі толькі глухія барабанныя гукі. Навакольныя панадворкі падаваліся адлітымі з белага трывалага рэчыва. Неруш панаваў ва ўсім: у скарчанелых дрэвах; у хмызах пад цяжарам зімовай адзежы; у нізках ледзякоў, што злавесна навісалі з падстрэшкаў. Нешматлікія прахожыя крочылі неяк млява і марудліва. Да інтэрната Віталь рушыў пехатой, бо няўтульна было чакаць аўтобуса ў такую халадэчу. Мароз напорыста лез за шалік, каўнер, прадзіраўся пад рукавы і рукавіцы. Над горадам вісела шызая золь. Зіма, падобна, асталёўвалася надоўга. Шумакоў, ззяючы лагоднай усмешкай, пільнаваў Віталя на нізкім інтэрнацкім ганку. – З надыходзячым! – паздароўкаўся ён за руку. – Узаемна! – Ад бадзёрага паціскання Бывалага Віталь адчуў сябе неяк смялей. Трэба сказаць, што яшчэ зранку турбавалі яго кволасць і няўпэўненасць ва ўсім целе. А пад лыжачкай брыдка смактала ажно з вечара. Шумакоў азірнуўся, тут жа зрабіўся сур’ёзным і сказаў: – Цяпер заходзім з упэўненым выглядам і збочваем у буфет. – Навошта? – сумеўся Віталь. – Каб залішне з вахцёркай не сутыкацца. Яшчэ студэнцкі білет з цябе запатрабуе. У перадсвяточныя дні з чужымі строга. Я цераз буфет пралаз адзін ведаю… Бывалы счакаў, пакуль у дзверы ўвойдуць дзве дзяўчыны-студэнткі. Хлопцы адразу ж памкнуліся за імі. Пакуль дзяўчаты міналі вахцёрку, прыяцелі борзда збочылі налева і шмыгнулі ў буфет. Бруднае памяшканне інстытуцкай харчэўні было амаль пустое. Толік падміргнуў маладзенькай буфетчыцы за прылаўкам і пацягнуў Віталя міма яе ў вузкі дзвярны праём. Лавіруючы па слізкіх плітках падлогі між наваленых грудамі драўляных і кардонных скрынь, хлопцы неўзабаве выбраліся на змрочную заднюю лесвіцу. Падняліся на трэці паверх. Шумакоў, ссунуўшы зашчапку, адчыніў абшарпаныя дзверы. Прыяцелі аказаліся ў доўгім цямравым калідоры. У ноздры тхнула куравам і прыбіральняй. Хлопцы прайшлі паўз дзесятак шэрых, пад колер сцен, дзвярэй з шыльдамі нумароў і запыніліся перад нумарам “307”. Бывалы стукаў у “сямёрку” спярша ціха, затым – гучней і настойлівей. Нарэшце, грукнуўшы ў апошні раз з усяе моцы, вылаяўся. – У, вахлачына, – кляў ён некага, – усяго ж дзесяць хвілін пачакаць папрасіў! – Каго? – Віталь ужо прадчуваў непрыемную неспадзеўку. – Ат, барадаты! Ёсць тут адно чмо! Нябось недапіў учора… – голасна абураўся Толік. Зрэшты, тут жа ўзяў сябе ў рукі: – Разумееш, у нас ключ адзін на чатырох. Двое дамоў з’ехалі, а адзін мне як штык да паловы трэцяй быць абяцаў… Ды засвярбела балеснаму. – Можа, па суседзях пашукаць? – А ну яго ў… Часу мала. Ты не бойся, адкрыць не праблема. З гэтымі словамі Бывалы крыху адышоўся ад дзвярэй і, раптам сагнуўшы нагу, жахнуў цяжкім зімнім чаравікам у ладны кусок фанеры, які, як аказалася, закрываў сабой вялікі прарэх у сярэдзіне дзвярэй. Фанера, прыбітая знутры, адскочыла ў пакой. Тады Шумакоў па-гаспадарску прасунуў руку ў прамакутную дзірку і адамкнуў няхітры замок. Увайшоўшы з Віталем, хутка прымацаваў фанерны шчыт (пафарбаваны пад колер дзвярэй) на месца. Замкнуўся. Глава 7(б) Унутранае змесціва Шумаковага катуха ўразіла Віталя сваім беспарадкам: кнігі, сшыткі, шмаццё, шклянкі, нажы і відэльцы валяліся ўперамешку на неахайна прыбраных ложках, крэслах, стале, падлозе. Відаць па ўсім, харчаваліся, пісалі, чарцілі і балявалі тут адначасова. У куце ля акна грувасцілася з тузін пустых піўных бутэлек. Нягледзячы на прачыненую фортку, паветра ў пакоі было нездаровым. – Увесь вечар тут учора гудзелі. – Бывалы, змахнуўшы з крэсла нячыстую шкарпэтку, грузна прысеў. Паказаў Чалею ў бок бліжэйшага ложка. – Сядай, яшчэ находзімся. Затым зірнуў на гадзіннік: – Вось-вось Цімур падысці павінен. Пачакаем крышку. Тады дастаў з тумбачкі скураную сумку. Любоўна паляпаў па ёй далонню. – А ў мяне ўсё як мае быць: тры гарэлкі. Таму і не хачу праз прахадную ісці. Званіў нядаўна Ларысе Яшчук – і там усё на мазі. Пашка да іх самапасам будзе дабірацца з шампанскім. Яму з дому бліжэй. А мы тут Каржаметава дачакаемся і паедзем… Ён нечага з далікатэсаў здабыць абяцаўся. – А Цімур тут жыве? – Тутака – на пятым паверсе. З неграм! – хіхікнуў Толік. – Пакоі, праўда, у іх лепшыя, чысцейшыя. І селяць іх сама многа па тры чалавекі. Затым Бывалы залез у адну з чатырох тумбачак, пашнарыў у ёй і дастаў бутэльку піва “Мінскае залацістае”. Адкаркаваў аб край пластыкавай стальніцы, падаў Віталю. – Пі, сагравайся. – А ты? – Ну і мне палову пакінеш. Чалей нясмела прыпаў вуснамі да рыльца бутэлькі, глынуў і закашляўся: газіраваны напой казытаў паднябенне і горла. Сканфужаны, малайцавата перакуліў бутэльку і залпам, нагбом, выліў у сябе палавіну яе змесціва. Пры шпаркім піцці не так адчувалася піўная гаркота. Працягнуў пляшку Шумакову. Густое піва падзейнічала на кволы Віталеў арганізм як мае быць: у вантробах пацяплела, галава задурманілася, а ўваччу заскакалі зіхатлівыя зайчыкі. Адразу ж згадалася хлопцу, што чуў ён недзе, як кепска піць на галодны страўнік. Пашкадаваў, што не з’еў дома перад адыходам чаго-небудзь тлустага. Бо ўжо зараз адзначыў Віталь падрыгванне сваіх пальцаў, агідную няўпэўненасць у сагнутых пры сядзенні нагах. Раптам не зможа падняцца?! Бывалы ж, наадварот, валаводзіў, піў са смакам, закурваў кожны глыток зацяжкай цыгарэты. Дацадзіўшы гаючы напітак, ён паклаў пустую бутэльку ў кучу да ейных сястрыц, акуратна прыкрыў нейкімі рызманамі. – Эх, спазняецца урук наш. – Толік выкінуў недакурак у фортку і паглядзеў на наручны гадзіннік. – Без пятнаццаці тры… Ведаеш, Віталя, што я ў жыцці больш за ўсё ненавіджу? – Ну? – Чакаць. Ты пасядзі пакуль тут, а я на паверх Каржаметава злётаю. Можа, ёсць там хто жывы. А ты не высоўвайся, бо ўжо могуць патрулі шнырыць па калідорах… Толік пайшоў і хутка вярнуўся злосны. – Ат, фрукт заморскі! Звязвайся з імі! – А што такое? – Ды нямашака Цімура. А зрэшты, яму ж горш – праз дзесяць хвілін паедзем. – І што: не чуваць, не відаць? – Сусед-зямляк адзін кажа, што заходзіў Цімур да яго апоўдні па цыгарэты. Быццам бы прычапураны… Але ж чакайма да трох гадзін. Бывалы, панурыўшыся, сеў на край ложка поруч з Чалеем. Ён ужо быў дастаў з кішэні пачак “Гродна”, калі ў дзверы пастукалі. Віталь перасмыкнуўся, бо ўспомніў папярэджанне аб патрулях. Але стук быў нямоцны, нясмелы. – Хто? – самаўпэўнена крыкнуў Шумакоў праз дзверы. – Я… Цімур, – прыглушана данеслася ў адказ. Праз некалькі секунд прыяцелі ўжо рукаліся з Каржаметавым, недалужным і нізкарослым таджыкам. Бывалы, відаць, збіраўся даць Цімуру прачуханца за спазненне, але, калі заглянуў таму ў сумку, палагаднеў. Каржаметаў агораў недзе пукатую бутэльку дыхтоўнага паўднёвага віна, бляшанку чырвонай ікры і ладны кавалак асятровага балыку. – Малайчына! – паляпаў яго па плячы Бывалы. Затым, быццам згрупаваўшыся для скачка ў ваду, кінуў: – Ну, байцы, як гаворыцца, з Богам! Байцы выйшлі ў калідор. Упоцемку рушылі да ходу на чорную лесвіцу. Жулікавата азіраліся. Інтэрнат нібы вымер, толькі аднекуль зводдалеку даносіліся прыглушаныя магнітафонныя гукі. Студэнты, што засталіся ў горадзе, пэўна, бераглі сілы для надыходзячых святаў. “Зрэшты, яшчэ не вечар!” – падумаў Чалей, калі заходзіў у зеўру чорнай лесвіцы… Глава 8(а) Ехалі спярша тралейбусам да канцавога прыпынку, затым яшчэ немаведама колькі аўтобусам. Смуродны “лазік” гуў, чмыхаў, буксаваў па разбітых намерзлых каляінах вялізнага прыватнага сектара. Жыхар цэнтральнага раёна, Віталь дзівіўся існаванню ў горадзе з шырокімі прыбранымі праспектамі падобнай першабытнасці. А між тым гэта быў адзін са старэйшых раёнаў горада, які межаваўся з чыгуначным вакзалам. Проста пазней горад разросся ў процілеглы бок. Але жыццё тут не спынілася: па-вясковаму дымілі коміны, ліпелі весніцы, брахалі дваровыя сабакі; дрэвы ў шэрані маляўніча навісалі над брамамі, торкаліся зіхоткім голлем у замглёныя марозам вокны. Недзе на захадзе, ужо ля мяжы прыцемку, сонца прабіла волкую смугу і палівала цяпер збялелыя платы і дахі блакітна-ружоваю фарбай. Ціха, казачна-пустэльна было на вулках гэтага мікрараёна. Пакуль Чалей любаваўся красой вечаровага горада, Бывалы з Каржаметавым балакалі наконт алкагольных напояў. Дакладней – як, што і ў якой паслядоўнасці трэба піць за святочным сталом. Выгукі іхняй спрэчкі цьмяна даляталі да Віталя. Пазіраючы на мажнога Шумакова і ўвішнага самаўпэўненага Цімура, яшчэ раз пашкадаваў Чалей, што не паабедаў дома. Як бы не было блага! Пакінуўшы лядачы “лазік”, прыяцелі яшчэ доўга віхлялі па завулках прыватнага сектара. Кіраваў Шумакоў, які ўвесь час не выпускаў з рук цыдулку з адрасам. Змяркалася. Некалькі разоў збіваліся з дарогі, маглі б і заблудзіць, але, вынырнуўшы з чарговага правулка, ледзьве не ўперліся ў хаціну з патрэбным адрасам. Тут жа напаткалі і Краснюка, які дабіраўся сюды з процілеглага канца горада. Пашка з ёмістай сумкай на плячы вітаў сяброў з невыказнай радасцю. Аказваецца, ён блукаў ужо з паўгадзіны, а спытацца як на грэх не было ў каго – тут, відаць, разыходзіліся па хатах па-сялянску рана. Малайцы яшчэ раз зверылі адрас на паперы з нумарам дома і пастукалі ў веснічкі. Цішыня. Падобна, сабакі тут не было. За вокнамі хаткі, праўда, у няпэўным святле сноўдалі цені. Тады Бывалы засунуў руку ў круглую дзірку брамкі, зняў зашчапку. Увайшоў у змрочны вузенькі дворык. За ім рушылі астатнія. Раптам запаліліся вулічныя ліхтары, кінулі на занесены снегам кветнік, ганак і сцены доміка блакітна-прывіднае святло. За нізенькай агароджай угадваліся каржакаватыя яблыні саду. На нямеценым ганку бязладна чарнелі сляды жаночых чаравікаў. Шумакоў пабразгаў клямкай дзвярэй, затым настойліва грукнуў і гаркнуў: – Гасцей не марозьце! Гэй! Ёсць тут хто? Унутры нешта зарыпела, затупала, і неўзабаве адчыніліся дзверы. – Не бушуй, пусцім! – Ларыса Яшчук паказалася ў праёме. – Заходзьце, хуценька! Не выстуджвайце хату. У маленькай асветленай прыхожай хлопцы віталіся з дзяўчатамі: – Са святамі, даражэнькія! Каб жылося-былося! – Толік Шумакоў па-свойску цмокаў у шчокі прыбраных аднагрупніц. – І вам усяго найлепшага, з надыходзячымі… Заходзьце, калі ласка, – даносіўся да Віталя з-за спін прыяцеляў пяшчотны голас Ірыны Варанец. – Што ж позна так, заблудзілі? – Заблудзілі, заблудзілі, любыя, – адказваў Краснюк, перадаючы пакункі з пажыткамі Ларысе. – Гэта ж не раён, а… ліха яго ведае! – Мы ўжо думалі прысесці на лаву, выпіць, закусіць – ды дамоў выпраўляцца, – жартаваў Каржаметаў. – Бо ўсё ж з сабой маем! У такім разняволеным кірунку зачыналася іхняя вечарына. І толькі Чалей няўклюдна маўчаў, збянтэжаны пекным выглядам Ларысы з Ірынай. Бо словы неяк захрасалі ў горле, нібы пужаючыся сваёй недарэчнасці ў параўнанні з хвацкімі прымаўкамі-выслоўямі Бывалага, які ўжо пачуваўся гаспадаром у Ларысінай хаце. Між іншым, маці Яшчук працавала не то тэлефаністкай, не то медсястрой і была ў гэты час на дзяжурстве. Але такая акалічнасць яшчэ больш заціскала Віталя, бо, далібог, не ведаў гэты васемнаццацігадовы хлапчына, як належыць паводзіць сябе без нагляду дарослых. Да таго ж надта ўжо пахла парфумай ад дзяўчат, вельмі ўжо падкрэслівалі тугія святочныя ўборы іхнія зграбныя постаці. У сваіх думках Чалей выдаваў перад імі недарэкам. Нягеглая з выгляду хатка аказалася даволі ёмістай унутры: мноства хітра злучаных паміж сабой пакойчыкаў, кухня, вялікая зала. У зале ўжо стаяў не накрыты да канца святочны стол, красавалася маленькая натуральная ёлка. Водар маладой ігліцы лунаў па пакоі. Ларыса ўключыла колерамузыку, і размаітыя святлацені заскакалі, замітусіліся па столі, па мэблі, па сценах. Яны адбіваліся ад ёлачных шароў і мішуры, якія зіхацелі і прамяніліся казачнымі колерамі. Гукі лёгкай замежнай песні лагодна пранікалі ў Віталеву душу. Ён крыху разняволіўся. Неўзабаве Ірына паклікала яго на кухню – дапамагаць насіць на стол стравы. Запрэглі туды і Бывалага, які ў прадчуванні гульбы прыйшоў у такі гумор, што не ведаў, куды прыкласці сваю энергію. Кухонны стол і падаконнік былі застаўлены салатамі, нарэзанымі каўбасамі, вяндлінай, сырамі і багата чым яшчэ. У духоўцы, відаць, смажылася курыца ці гусь. Ад такой кулінарнай раскошы ў Віталя адразу ж нешта сцялася ўверсе жывата і ўжо не адпускала да самага пачатку бяседы. Варанец тым часам накладвала са слоікаў у шкляныя салатніцы марынады і саленні, перадавала іх хлопцам. Толік не губляўся і зладзеявата хапаў з блюдаў то каўбасу, то сыр. За што атрымліваў па руках ад Ірыны. Віталь няўзнак злавіў сябе на думцы, што прыемна яму стаяць побач з такой прыгожай дзяўчынай, ледзьве не кранаючыся плячамі, адчуваць пах доўгіх хвалістых валасоў, слухаць кароткія просьбы ці загады, лавіць яе мілагучны голас. Беручы талеркі з дзявочых рук, датыкацца пальцамі да зграбных далоней… Ларыса ж прымала ў хлопцаў блюды са стравамі ўжо ў зале, размяркоўвала іх па стале, раскладвала побач з талеркамі нажы, відэльцы, стаўляла кілішкі. Краснюк з Каржаметавым завіхаліся каля яе. Нечаму рагаталі і хіхікалі. Люстэркі, шыбы кніжных паліц, келіхі і ёлачныя рознакаляровыя шары зіхцелі пад рытмы замежнай эстрады. Каля шасці гадзін усё ж селі за стол. Глава 8(б) – Эх, любыя мае, як я рады! – ледзьве не са слязьмі на вачах, пажыраючы хцівым паглядам гожы стол, узняў Толік Шумакоў келіх з шампанскім для першага тосту. – Ну вось і надыходзіць ён нарэшце, доўгачаканы… – Не надыходзіць яшчэ. Заўтра! – гарэзліва паправіла Бывалага Ларыса. – Не, надыходзіць, Ларысачка… надыходзіць, – пафасна доўжыў прамову Бывалы, – бо ўжо, менавіта з гэтай хвіліны, адчуваю я ягоныя подыхі на вашых мілых, прасветленых тварах… Шумакоў запнуўся на колькі секунд, бо сам канфузліва здзівіўся нечаканай велічы сваёй гаворкі. Узяў не так крута: – А зрэшты, не тое важна, калі дакладна надыходзіць Новы год. Значна важней, што надарылася нам сабрацца ў такой цудоўнай, я б сказаў – адмысловай кампаніі. Што ўдала абмінулі мы ўсе нягоды апошняга тыдня, што дапушчаны мы да першай, першай у нашым жыцці, студэнцкай экзаменацыйнай сесіі. Дай Божа нам гэтак жа хораша, без маральных і матэрыяльных страт здаць экзамены. Хай у новым годзе чакаюць нас новыя знаёмствы, новыя поспехі і здзяйсненні, хай не падводзяць нас здароўе і аптымізм! Далей пажадаў Бывалы, здаецца, яшчэ і кожнаму знайсці сябе, а таксама сваю другую палавіну (каханага ці каханку), здароўя ўсім родным і блізкім кожнага з прысутных, квітнення краіне і падобных даброт. І нарэшце, выцершы насоўкай узмакрэлы ад занадта доўгага тосту лоб, з трымценнем у голасе прамовіў: – Будзьма разам! Чокнуліся, выпілі. Натомлены красамоўствам Толіка, дарэшты згаладнелы Віталь ледзь прыгубіў шампанскае і ўлягаў у яду. Ён абачліва баяўся ап’янець, таму апускаў у страўнік пераважна мяса і рыбу. Ад другога келіха шампанскага Шумакоў адмовіўся і адкаркаваў “Сталічную”. Прыкмеціўшы гэта, не наліваў сабе больш нічога, апроч гарэлкі, і Віталь. Другі і трэці тосты прайшлі больш-менш зладжана, аднак затым застолле ўвайшло ў бурлівае рэчышча, утварыўся гармідар. Нявопытныя Пашка з Цімурам казырыліся перад дзяўчатамі і жлукцілі гарэлку ўперамежку з віном. А затым і наогул змяшалі шампанскае з “саракаградуснай” у сваіх келіхах, пілі “на брудэршафт”. Амаль нічога не елі. Яны хутка прыйшлі ў гуллівы настрой, і Бывалы нават мусіў іх стрымліваць, раз-пораз выклікаючы курыць на свежае паветра. У Віталя неспадзявана развязаўся язык, і ён, чортведама як аказаўшыся на адной канапе паміж Ірынай і Ларысай, забаўляў іх нейкай несусвеціцай. У разгар бяседы завітала Ларысіна сяброўка, разбітная тутэйшая дзяўчына іхняга ўзросту. Помніцца, нішчыла яна з Пашкам гарэлку, не адстаючы, і паводзіла сябе досыць вульгарна. Пачаліся танцы. Спярша хаўруснікі трэсліся пад шалёныя рытмы, потым скакалі ў карагодзе. Бывалы пры гэтым запальваў бенгальскія агні і раздаваў іх танцуючым. Атрымлівалася вельмі прыгожа і таямніча. Асабліва шчыраваў у карагодзе падпіты Краснюк, які адзін раз зачапіўся нагой за табурэтку, паляцеў на падлогу і разбіў губы аб край стала. Стол стрываў. Каб трошкі суцішыць гульбу, Шумакоў стаў уключаць павольную музыку – для танцаў парамі. Віталя запрасіла Ларыса. Ап’янёны пахам яе духоў і блізкасцю крамянага цела, цьмяна, нібы ў замглёным сне, заўважаў Чалей, як ціснулася чарнявая галава нізкарослага Каржаметава за танцам да грудзей Ларысінай сяброўкі. Як Бывалы размашыста вальсіраваў з Ірынай… Нягледзячы на добрую закусь, хмель ужо моцна завалодаў Віталевым арганізмам. Таму няпэўна ўспамінаў потым ён, як і сам цягнуў на сябе падатлівае Ларысіна цела, як неўпрыкмет аказаўся з ёй у адным з закуткаў гэтае хацінкі, як, седзячы на тахце, вёрз ёй на вуха неймаверныя глупствы, абдымаў, а неадольная сіла цягнула ўжо ягоныя губы да дзявочых вуснаў… Але знянацку ўвайшоў Шумакоў і бесцырымонна запытаўся: – Ларыса, у цябе соды няма? – А навошта? – Сарамліва абцягваючы на сабе пакамечанае Віталем плацце, дзяўчына паднялася з тахты. – Ды тут адзін кліент таго… перабраў! Помач патрэбна. – Нябось Каржаметаў? – спытаўся Віталь. – Краснюк. Цяпер на двары ванітуе. Ларыса пабегла па соду, а Толік з Чалеем – да Пашкі. Жахлівая карціна паўстала перад Віталем на двары. Учапіўшыся аберуч за нізкую агароджу, перагнуўшыся літарай “г”, з дзікімі стогнамі вывяргаў Краснюк на чысцюткі сняжок змесціва свайго страўніка. Цімур трымаў яго пры гэтым занятку, абхапіўшы ззаду. Нават пры няпэўным штучным асвятленні твар Пашкі ўражваў сваёй шыза-мярцвяцкай бледнасцю. – Ну, давай яшчэ разок! Палягчэе, – угаворваў Цімур няшчаснага. Той хістаўся ў яго руках і, здавалася, вось-вось гатовы быў страціць прытомнасць. Бывалы шпарка авалодаў сітуацыяй: падаў Пашку шклянку з густа разведзенай содай, што якраз паднесла Ларыса; ледзьве не сілком уліў прамывальнае рэчыва прыяцелю ў рот. Прымусіў закласці пальцы далёка ў глотку… Дзіўна, пасля прамывання двзюма шклянкамі содавай вады Краснюк ачухаўся, аджыў, а праз хвілін сорак, відаць, і наогул адчуваў сябе па-ранейшаму. Праўда, ужо не піў анічога, а толькі пакрысе запаўняў (зноўку па настаўленні Шумакова) свой прымусова спустошаны страўнік ежай. Глава 9(а) Гульба пайшла далей: з танцамі, з блазенскімі выгукамі. Малайцы ўжо забываліся выходзіць курыць на двор і смалілі цыгарэты проста ў пакоі. П’яненькая Ларыса толькі незласліва ўпікала іх за гэта, пужала прыходам сваёй мамы. Успомніць нешта ўцямнае з усяго тлумнага вечара Віталь пазней наўздзіў так і не змог. Хаця размовамі і ўсялякімі падзеямі гулянка была запоўнена досыць шчыльна. Усё змяшалася ў неймаверны гармідар з целаў, рытмаў, ёлачнай мішуры і бесперапыннага ляскату-звону талерак і відэльцаў, чарак і келіхаў. За рэдкім выключэннем, не згадваўся Чалею нават і змест уласных гаворак, рухаў і дзеянняў. Помнілася толькі, што не губляўся. І гэта ўсцешвала. Каля дзесяці гадзін вечара, у самы разгар весялосці, скрозь дзікія магнітафонныя спевы з вуліцы пачалі даносіцца грубыя вокрыкі. Затым у шыбы паляцелі снежкі і лаянка. Пад самымі вокнамі нехта тупаў цяжкімі ботамі: відаць па ўсім, тут збіралася немалая хеўра. – Здаецца мне, хлопчыкі, што нас аблажылі. – Шумакоў першы ўчуў нядобрае. – Ларыса, прыглушы, калі ласка, музыку. У змрочнай хаце запанавала натужлівае маўчанне. А праз хвіліну грамавы голас з вуліцы рассек гэтую штучную цішыню: – Гэй, выходзь… тваю так! – Выходзьце! Выходзьце! Пагаварыць трэба! – адразу ж падхапіла гэты заклік некалькі не дужа зычлівых галасоў. Ад іх у пакоі, дзе нядаўна віравала бяседа, зрабілася па-сапраўднаму вусцішна. Прынамсі, Чалею стала ніякавата: ён адчуў, як ападае ягоны хмель, а сэрцайка, наадварот, усчало такую малацьбу ў грудзях, што, здавалася, боязь яго выразна чутна ўсім прысутным. Напружана маўчалі хлопцы і дзяўчаты, наіўна мяркуючы адвадзіць цішынёй тутэйшую шпану, якая толькі зараз і выходзіла на паляванне. – Выходзьце, не сц…е Мужыкі вы ці не?! – неслася праз усе шчыліны хаткі пагрозлівае. Слухаць такое ў цямравай цішы пакоя было невыносна. – А ну іх да ліха! Балюем далей! – раптам насмеліўся Пашка Краснюк. Яго, відаць, пасля пакут са страўнікам ужо нічога не страшыла. – Уключайце святло, музыку! Гуляйма! Пашка рвануў у цэнтр залы і задаў такіх скокаў, што астатнія міжвольна пусціліся за ім ды на колькі часу забыліся на сур’ёзную небяспеку. Каб адцягнуць увагу ад непрыемнай неспадзеўкі, Бывалы гарланіў асабліва голасна, жартаваў і падліваў прысутным то віна, то гарэлкі. Але і праз тупат ног па рыпучай драўлянай падлозе, і праз п’яную гаману дасягалі Віталевага слыху страшэнная гразьба і пошумы вулічнай клікі. Ён мімаволі пільней прыслухоўваўся да іх, а неўзабаве і ясна расчуў, як загрукацелі боты ўжо па дворыку, ганку, а затым раздаліся моцныя ўдары ў лядашчыя ўваходныя дзверы. Гульба адразу ж аціхла. А ў галаве Чалея мільганула баязлівая думка: ці не выклікаць міліцыю? Ён з прыкрасцю адагнаў яе ад сябе. Пад дзвярамі нехта раз’юшаны клікаў Ларысіну сяброўку. Тая, пашаптаўшыся з дзяўчатамі, шуснула ў пярэднюю, зачыніла за сабой дзверы. Гэтыя падзеі начыста выдзьмухнулі п’янае ачмурэнне з Віталевага глузду, і ўсё далейшае хлопец занатаваў у ім досыць выразна. Аказалася, што кавалер Ларысінай сяброўкі з хеўры тутэйшых аболтусаў быў не дужа задаволены, што ягоная дзяўчына бярэ ўдзел у гулянцы без яго дазволу. Ды яшчэ немаведама з кім. І цяпер у таго хлопца і яго дружбакоў проста свярбелі рукі разабрацца ў родных пенатах з нахабнымі прыхаднямі. Нагадаем, што моладзь таго забытага Богам раёна не вылучалася сваёй памяркоўнасцю. Гэтыя злыдні маглі зацята каравуліць пад вокнамі нашых гаротнікаў аж да раніцы. З тае прычыны Шумакоў на кароткай і сцішанай нарадзе паміж прыяцелямі адразу ж адхіліў варыянт трывання асады. Трэба было ўцякаць. І ўцякаць як мага шпарчэй – пакуль не перасталі хадзіць аўтобусы. Па просьбе Ларысінай сяброўкі агрэсары сышлі з двара, але недалёка: іхнія выкрыкі, хамаваты рогат, шоргат абутку па снезе балюча рэзалі Віталеў слых. Лепей ужо было выйсці ды прыняць няраўны бой на адкрытай прасторы, чым трываць гэтую агідную аблогу, пакутуючы боязнымі, вярэдлівымі думкамі. Хлопцы і Ірына Варанец апрануліся і напружана ўслухоўваліся ды ўзіраліся з вітальні ў начную зеўру вулкі, чакалі зручнага моманту, каб выскачыць з хаты. Яшчук вызвалася вывесці іх праз заснежаны сад на суседні завулак, там былі веснічкі. – Іра, а ты заставайся. Гэта ж вылюдкі, – угаворвала Яшчук спалатнелую, але нязломную Варанец. – Хтосьці з хлопцаў дабярэцца дадому і тваім патэлефануе. – І праўда, Іра, нам зручней без цябе адбівацца, – падхапіў Цімур. – Дый уцякаць – ямчэй… Але Варанец чамусьці нізашто не згаджалася. Пераканаць яе не змог нават Бывалы. Тым больш што якраз аціхлі за вокнамі галасы, а ў прывідным святле ліхтароў нічога пагрозлівага не выяўлялася. Не цярпеў і час. Трэба было даваць драла. Па камандзе выскаквалі з дзвярэй адзін за адным і, збочваючы налева, беглі па вузенькай сцяжынцы зімовага саду. У сярэдзіне гэтай чарады, утуліўшы шыю ў плечы, бег і Віталь. За лядачымі веснічкамі аказаўся зусім не асветлены завулак ці тупічок. – Направа! – здушана кіраваў Шумакоў. – Не адставаць!.. У паўзмроку прадзіраліся праз гурбы, коўзаліся па намерзлых каляінах. Праз метраў пяцьдзесят вырулілі на нешырокую прамую вулку. На ёй сям-там вяла гарэлі ліхтары. Да аўтобуснага маршрута трэба было праставаць яшчэ метраў пяцьсот: паўз крывыя платы, згаслыя няветлыя хацінкі, скрозь золкую марозную смугу. Недзе там, наперадзе, пралягала траса з адносна жвавым аўтамабільным рухам і гожым штучным асвятленнем. Там быў паратунак. Прыяцелі, як па камандзе, значна прыбавілі хуткасці. Не несліся стрымгалоў толькі таму, каб не абняславіцца адзін перад адным і, асабліва, перад Варанец. Прысутнасць дзяўчыны міжволі надавала хлопцам мужнасці і адказнасці. Глава 9(б) …Іх перанялі прыкладна на сярэдзіне адлегласці да аўтобуснага прыпынку. Шайка ў колькасці васьмі-дзесяці дзецюкоў вынырнула з цёмнага завулка і перарэзала шлях уцекачам. Іх, вядома ж, высачылі. – Стой! Прыехалі, балесныя! Сцішай хаду! – рагатаў адзін з завадатараў хеўры, якая пакрысе абкружала прыяцеляў і ціснула да плота. – Што, павесяліліся, пацешыліся, а цяпер па шыі атрымаем? Га?! – блазнаваў каржакаваты хлопец у ватоўцы і кірзавых ботах. Дарэчы, усе яго таварышы былі апрануты падобным чынам. Праставаты твар каржакаватага не быў злосны – пляжыць чужынцаў для гэтай шушамеці было звыклай справай. Усе праціўнікі выдавалі з выгляду хлопцамі дужымі і спрытнымі. З гэтай прычыны паўставаць супраць іх аніяк не выпадала. Не было мажлівасці і ўцячы. – Проста Новы год святкавалі… – адказаў Бывалы, каб толькі не маўчаць. Але на ягоным панылым твары не ўгледзеў Віталь Чалей і пробліску спадзеву на выратаванне. – А не зарана – Новы год? – высунуўся наперад бамбіза ў кажусе да каленяў. Ён вылучаўся сярод астатніх ростам і сталасцю. Найхутчэй, менавіта гэты тыпус і быў верхаводам хеўры. – На Новы год дамоў трэба ехаць, – адказваў Шумакоў, азіраючы натоўп непрыяцеляў. Ягоныя сябры яўна сумеліся і замаркоціліся. Адна Варанец, што стаяла паміж імі спінай да паркана, дзёрзка і грэбліва глядзела на нападаючых. – А дзе ты жывеш? – зацікавіўся граміла Бывалым. – У Оршы… – У Оршы, у Оршы… – па радах непрыяцеляў адразу прайшоўся шэпт. Чалей расчуў нават паважлівыя меркаванні – Орша “славілася” ў той час крымінальным асяроддзем. У глыбіні Віталевай існасці зацеплілася надзея… – А ты адкуль, чарнамазы? – жартаўліва-пагрозна запытаўся важак у напалоханага хілага Каржаметава. – Тджкст-ан, – ледзь улоўна прасіпеў той. – Студэнт нябось? – здагадаўся каржакаваты. – Што, надта разумны? Зніякавелы Каржаметаў асуджана маўчаў. – Вы, мусіць, усе тутака студэнты? Усе разумныя… Так?! – здзекліва разглядаў небарак каржакаваты. За яго спінай у паўзмроку віднеліся ватоўкі і нядобрыя, грубыя твары хаўруснікаў. – Чаго маўчыце?! – раз’юшыўся раптам рослы верхавод. – Вось ты, шмаравоз, разумны? З гэтымі словамі ён тузануў Чалея за кучомку. На тое ідыёцкае пытанне не было адказу. Гаварыць, што ты неразумны, язык не паварочваўся. Сказаць – разумны, то ўспрымуць як дзёрзкі выклік. Віталь стрэльнуў вачыма па баках: ані душы. Тады каржакаваты, што стаяў бокам у метры ад Віталя, знячэўку рэзка крутнуўся і заехаў таму локцем у падбародак ды адразу ж, далонню той жа рукі, піхнуў Каржаметава ў лоб. Усё адбылося вокамгненна, аднак Чалей паспеў прыціснуць падбародак да каўняра і тым самым абараніць кадык. Бо нягоднік, відаць, цаляў менавіта ў шыю. Ад удара ляснулі зубы, Віталь пахіснуўся на коўзкай наледзі, але ўстаяў. Цімур жа ад штуршка адляцеў, як перыйка, жахнуўся аб паркан спінай і патыліцай. Асеў на снег. – Ты што, азвярэў?! – выкрыкнула Варанец. – Няма куды сілу падзець?! Яе аднагрупнікі ганебна маўчалі. Ашаломлены штурхалём Каржаметаў устаў з сумёта і старанна абтрэсваў снег з кажушка і штаноў. – Ты б памаўчала, красуня, пакуль я добры! – насунуўся на яе грудзьмі рослы дзяцюк. – Матай лепш, дзіцятка, да мамы… Я цябе адпускаю. – Ён велікадушна паказаў рукой у бок аўтобуснага прыпынку. Ірына моўчкі спапяляла верхавода шайкі сваімі чорнымі вачыма. Яе пышныя каштанавыя валасы, выпушчаныя з-пад шапкі, прывабілі аднаго з нягоднікаў. Вылезшы з-за спін прыяцеляў, ён ухапіў Варанец за кудлы і прасіпеў спітым голасам: – Бяжы дамоў, малышка, пакуль за валасню не адцягалі! Ззаду пачуўся дурнаваты рогат, яго паплечнікі ўспрынялі словы сіпатага як дасціпны жарт. – Ну ты, дзяўчыну хаця не чапай! – Пашка Краснюк, што стаяў побач з Ірынай, учапіўся за руку сіпатага, адрываючы яе ад Ірыных валасоў. – Што, бунт на караблі?! – схамянуўся рослы верхавод. – Прыйдзецца ўтаймоўваць… Ён ухапіў Пашку за каўнер палітона і таргануў на сябе. Загадаў: – Пайшлі – адыдземся… – А што ён табе зрабіў? – уступіўся за Краснюка Бывалы. – Морда мне яго спадабалася. Руш! – скамандаваў верхавод Пашку, не выпускаючы каўняра. Так і пайшлі яны: самаўпэўнены граміла ў прасторным кажусе і нядошлы, увесь сцяты Краснюк. Метрах у трыццаці яны спыніліся пасярод вуліцы. Краем вока Віталь бачыў, што непрыяцель не выпускае Пашкавага каўняра. Пры гэтым яны, відаць, аб нечым размаўлялі. А тым часам шайка атуліла трох хлопцаў і дзяўчыну. Іх “частавалі” кухталямі, асабліва тузалі Шумакова. Напэўна, ліхадзеі хацелі такім чынам выклікаць абурэнне ці падабенства адпору, каб затым расправіцца з нябогамі на ўсю поўніцу. Пляжыць ціхмяных неяк не хапала запалу. Віталь з хвіліны на хвіліну чакаў лупцоўкі, яму нават хацелася, каб яго набілі – толькі б хутчэй усё скончылася. Але падонкі ўмелі вытанчана і марудліва здзекавацца з ахвяраў. Праз хвілін дзесяць змардаваны маральна Чалей заўважыў, што вяртаюцца рослы дзяцюк з Пашкам. Дзіўна, яны ішлі даволі мірна, можна сказаць, як таварышы – поплеч. Пры гэтым перагаворваліся, верхавод жэстыкуляваў, а Краснюк з разуменнем хітаў галавой. Наблізіўшыся да асноўнай групы, “таварышы” падзяліліся: Пашка далучыўся да аднагрупнікаў, а граміла адазваў сваю хеўру ўбок, да процілеглага плота. Там яны трымалі нараду. – Ну як, што чуваць? – устрывожана запытаўся Шумакоў. – Так… пагаварылі, – неахвотна азваўся Пашка. – Не біў? – з трымценнем у голасе дапытваўся растузаны праціўнікамі Цімур. – Не… пагаварылі, – няпэўна адказваў Краснюк. Ён быў наўздзіў спакойны. Неўзабаве шайка накіравалася да іх. Злавесна загрукалі кірзачы па ўтаптаным снезе вуліцы. – Вашае шчасце, балесныя! – паблажліва сказаў блатны завадатар. – Скажыце вось яму дзякуй, – і махнуў рукой у бок Пашкі. Нягоднік яўна палагаднеў. – Слухай маю каманду! – уладарна гаманіў далей верхавод. – Дзяўчына і ён – хай ідуць з мірам. А вам дадзім “адпускнога”. – Што значыць – “адпускнога”? – устрывожылася Варанец, але члены клікі ўжо хапалі іх з Пашкам пад локці і выпіхвалі з кучкі аднагрупнікаў, у бок аўтобуснага прыпынку. – Шыбуй, не азірайся! Гэй!.. Гець!.. – чулася ў таўханіне цел. Калі Краснюк з Ірынай адышліся метраў на пяць ад сваіх таварышаў, тым закамандавалі: – А зараз ідзіце і вы, толькі – няспешна… Рушылі… Ім наўздагон пасыпаліся кухталі ў спіны і выспяткі. Не дужа балючыя і злосныя. Гэтым “гаспадары” прыватнага сектара і абмежаваліся. …Гора-гулякам праз колькі хвілін пашанцавала зноў – яны паспелі на апошні ў гэты дзень аўтобус. Толькі на мяккім крэсле “лазіка”, слухаючы гамонку прыяцеляў, даўмеўся Віталь Чалей аб прычыне іх неспадзяванага вызвалення. Яны адкараскаліся лёгка таму, што рослы завадатар “паважаў” заводскі раён, дзе жыў Краснюк. У іхняй групоўкі з тамтэйшай шпаной было часовае перамір’е. Гэта і выратавала аднагрупнікаў. Да таго ж (як высветлілася ўжо пазней) змякчыла абставіны і тое, што кавалер Ларысінай сяброўкі не пайшоў дубасіць прыхадняў, а застаўся каля Ларысінай хаты – дамагацца сваёй каханкі. Дарэчы, тая да раніцы так і не выйшла. Нягледзячы на гожую порцыю выпітага на вечарынцы “гаручага”, Віталь адмыкаў дзверы сваёй кватэры абсалютна цвярозым. Ён надоўга запомніць і гулянку гэтую, і той забыты Богам раён – жахлівы прыватны сектар. Шмат гадоў затым абмінаў яго хлопец у сваіх жыццёвых маршрутах. А калі ўжо выпадала перасякаць тое гіблае месца, то глядзеў Чалей на нядобрай памяці платы і хацінкі толькі з-за шыбаў грамадскага транспарту. Зрэшты, удзень яны мелі выгляд даволі мірны. Глава 10(а) Дамашняе святкаванне Новага года прайшло ў сям’і Чалеяў млява. А можа, гэта толькі здалося Віталю ў параўнанні з вышэйапісанай бурлівай студэнцкай вечарынай. Да таго ж думкі яго ў пераднавагодні вечар былі ўжо скіраваны на экзамен па вышэйшай матэматыцы, прызначаны на 5 студзеня. З тае прычыны, праседзеўшы ў сямейным крузе бой Крамлёўскіх курантаў, хлопец выправіўся спаць недзе на першай трэці “Блакітнага агеньчыка”. Раней за малодшую сястру. Затое назаўтра, свежы і бадзёры, зранку засеў за канспекты і падручнікі. Віталь перш-наперш хутка прабегся па экзаменацыйных пытаннях і канспекце лекцый. Ён з прыкрасцю адзначыў, што многія з тэм лектарка не раскрыла да канца, а некаторыя і зусім пакінула на самастойнае вывучэнне. Такая неспадзяванка крыху засмуціла хлопца. Насцярожвала яшчэ і тое, што Нэля Ігараўна на апошнім занятку, калі распавядала аб правілах прыёму экзамену і крытэрыях ацэнак, вызначыла як асноўнае – рашэнне прапанаванай задачы. Нават выдатны адказ на два пытанні экзаменацыйнага білета даваў без названага рашэння толькі “здавальняюча”. Лагічна паўставала пытанне: а ці варта высільвацца з тэарэмамі па канспекце, вышукваць неабходныя матэрыялы па тоўстых і няўклюдна складзеных падручніках? Але Віталь адрынуў ад сябе падобныя ваганні і рупліва ды паслядоўна, нумар за нумарам, узяўся паўтараць і вучыць пытанні білетаў. Як аказалася, стараннае сядзенне на лекцыях і канспектаванне прамоў выкладчыцы зусім не давалі ведаў па прадмеце, а толькі пазбаўлялі надалей ад галаўнога болю пры пошуках патрэбнага матэрыялу ў падручніках. Лектарка дыктавала надта шпарка, і студэнтам адно хапала часу паспешліва, з выродлівымі скарачэннямі, за ёй запісваць. Пры такой гонцы ў галаве амаль нічога не адкладвалася, а паўтараць запісаны матэрыял дома сярод студэнтаў неяк не было заведзена. Малайцы пачыналі варушыцца, толькі будучы прыціснутымі тэрмінамі залікаў. Такая ўжо чалавечая псіхалогія. Нават Чалей, які яўна вылучаўся сярод аднагрупнікаў дбайнымі адносінамі да вучобы, аніяк не мог прымусіць сябе на працягу семестра хаця б перачытаць апошнюю лекцыю. Не гаворачы ўжо аб тым, каб самохаць вывучыць і даказаць з самапіскай у руках тэарэму. Рупліва рашаў толькі дамашняе заданне па “практыцы”. Цяпер вось Віталь пажынаў плады сваёй ляноты. Што было, канечне, невялікім клопатам у параўнанні з турботамі большасці першакурснікаў, якія не мелі ўласнага сталага канспекта. Ён не зубрыў, а ўнікліва і дэталёва разбіраў тэарэмы, затым браў чысты аркуш і, замацоўваючы матэрыял, выбудоўваў тыя пакручастыя матэматычныя выкладкі. Чатыры дні запар шчыраваў Віталь за пісьмовым сталом. Па дзесяць гадзін у дзень. Ён не выпускаў з-пад сваёй увагі, не пакідаў ніводнай, нават самай мізэрнай, недаробкі. Не зусім зразумелыя месцы ў канспекце ўдакладняў па падручніках, загадзя нарыхтаваны стос якіх ляжаў ад яго па правую руку. Тужыўся, бляднеў, пацеў, але знаходзіў патрэбнае ў непадатлівых “гросбухах”, карпатліва дамагаўся пажаданага. Вонкавы свет перастаў існаваць для яго на гэтыя чатыры дні. Тым болей што ўсе члены сям’і хадзілі па кватэры літаральна на дыбачках. Алене было загадана займацца музыкай на гітары на кухні – у самым аддаленым ад Віталевага пакоя памяшканні. Сястра была на школьных вакацыях і яўна нудзілася без звыклых дружалюбных перапалак са старэйшым братам. Яна нават па ўласнай ініцыятыве разагравала Віталю абед, але так аніразу і не пачула за гэта слоў удзячнасці. Брацельнік жаваў, гледзячы скрозь яе. Нейкі чужы, задуменны, змораны… А нагрузка на маладую Віталеву галаву сапраўды выпала велізарная. Але ж ён не даваў аддухі ні целу, ні думкам, пакуль не адолее прызначаных самім сабе на дзень дваццаці экзаменацыйных пытанняў. Ён не дапускаў паблажак: прылегчы на тахту, паслухаць музыку, проста летуценна, як звычайна любіў, утаропіцца ў акно. Далёкімі, казачнымі, недасяжнымі падаваліся хлопцу зааконныя зімовыя краявіды. А за акном, дарэчы, устанавіліся непрывычныя для Беларусі маразы ў дваццаць пяць градусаў. Добра што заможная тады дзяржава хораша ацяпляла жытло сваіх грамадзян. У кватэрах было суха, светла, утульна. На двор Віталь не выходзіў, але і без свежага паветра засынаў сном салдата, дашчэнту знясілены перадэкзаменацыйным прыпарам. Пасля абеду чацвёртага падрыхтоўчага дня Віталь у апошні раз прабег вачыма пытанні экзамену, удакладніў некаторыя падазроныя акалічнасці асабліва складанай тэмы і сказаў сабе: “Годзе!..” Трэба было спяшацца на кансультацыю, якая па звычаі ладзілася ўвечары напярэдадні здачы іспыту. Падчас гэтае сустрэчы студэнтам даваўся апошні шанц высветліць у выкладчыка незразумелыя ці складаныя пытанні: карацей, выкладчык тлумачыў яшчэ сёе-тое ў апошні раз. Бо наступнага дня ўжо яму належала слухаць сваіх гадаванцаў. На кансультацыі, у прынцыпе, ніхто за руку не цягнуў, але студэнты заўжды чакалі там нечага таемнага, супакойлівага, накшталт запаветнага ключыка – ці то ад дзвярэй непадатлівай дысцыпліны, ці то ад сэрца лектара. Чалей шыбаваў пешшу, пакрыўшы вушанку капюшонам зімовай курткі. Мароз стаяў ядраны. І адно шпаркая хада дазволіла яму данесці роднае кватэрнае цяпло да інстытута. Толькі ў гардэробе згадаў Віталь падзеі тыднёвай даўнасці – зухаватую гульбу ў Ларысінай хаце і ганебную лупцоўку ад тамтэйшых бамбізаў. На душы стала моташна і неяк сорамна за сябе. Бо, наколькі не падводзіла памяць, не вылучаўся тады Віталь сярод аднагрупнікаў ні храбрасцю сваёй, ні дужасцю. Толькі, помніцца, борзда ўцякаў з Ларысінай хаты ды ціхмяна трываў кухталі і аплявухі ад ліхадзеяў. Адно ўсцешвала – не нашмат баязлівей за астатніх. Але ўсё ж назойлівая прыкрасць верадзіла душу, і, расчыняючы дзверы аўдыторыі, Чалей гатовы ўжо быў прыняць на сябе пагардлівыя позіркі аднагрупнікаў, насмешкі ці кпіны як належнае. Глава 10(б) Выкладчыцы яшчэ не было, і амаль поўная аўдыторыя сустрэла Віталя гулам, гудам, галёканнямі. У іх, зрэшты, наўздзіў пераважалі адабральныя, сяброўскія інтанацыі. – Здароў, баец! – без каменя за пазухай цягнуў руку з пярэдняй парты Шумакоў. Пашка Краснюк гарэзна штурхаў Чалея ў плячо, па-свойску коратка рукаўся з ім Каржаметаў. Нешта гукалі і астатнія, і здавалася, што ўся група ведае пра іх “подзвігі”. Найхутчэй, так было і насампраўдзе, бо Бываламу набаяць – што плюнуць. На хаду вітаючыся з прыяцелямі, Віталь дабраўся да апошняй парты, дзе па завядзёнцы, за спінамі Варанец і Яшчук, яго чакаў жвавы Максім Гарэвіч. Мімаходзь Віталь хітнуў прывітанне Іры з Ларысай і атрымаў у адказ даволі зычлівыя ўсмешкі. “Няўжо я ім не брыдкі?” – мільганула ў галаве. Макс нервова ёрзаў па лаўцы парты і ўсім выглядам выдаваў сваю непадрыхтаванасць да заўтрашняга выпрабавання. Мітусліва пытаўся ў Чалея то пра адно, то пра другое, роспачна хапаўся за галаву і малітоўна шаптаў: – Прапаў, далібог, прапаў!.. Хана, хана мне, хлопчыкі… Як высветлілася, Гарэвіч хораша пабаляваў на святы ў сваім абласным цэнтры. Ачуўся толькі пару дзён таму, ліхаманкава схапіўся за няпоўны канспект, аднак было позна. Таму на кансультацыі адчуваў сябе Макс, як напярэдадні пакарання розгамі. На яго рухавым твары пачаргова з’яўляліся віна, боязь, адчай, сляпая надзея і нават аптымізм халерычнага чалавека. Нэля Ігараўна яўна спазнялася. У аўдыторыі ўсчаўся галас. Кожны апавядаў аб сваім набалелым. Пераважалі тэмы ўспамінаў аб святах і трывогі за заўтрашні дзень. У гэтым цудоўным узросце думкі аб добрым і благім бязбольна ўжываюцца паміж сабой. Да Чалея абярнулася Варанец: – Віталік, скажы, калі ласка, як ты разумееш вось гэта? – Яна паклала на яго парту канспект, паказала далікатным пальчыкам на нейкую формулу. Калі б дзяўчына запыталася ў Чалея знячэўку аб чымсьці пусцяковым, дый яшчэ галаском гуллівым і какетлівым, ён бы, безумоўна, сумеўся і выглядаў недарэкам. Але сур’ёзны тон Іры, якім яна прасіла дапамагчы ўразумець спосаб рашэння дыферэнцыйнага ўраўнення, настроіў хлопца на нязмушаны лад. Ён пачаў тлумачыць. Для зручнасці дзяўчына перасела на краёчак ягонай з Гарэвічам лаўкі. Зноў, у другі раз за апошні тыдзень, адчуў Віталь нязвыклую прыемнасць знаходзіцца побач з ёй. Нахіляючыся над сшыткам, ён ледзь дакранаўся да яе каштанавых букляў, пах вытанчанай парфумы абуджаў у глыбіні хлапечай душы нешта салодка-незразумелае, цёплае. Варанец здавалася такой блізкай, мяккай, лёгкай, супакойлівай… Названыя адчуванні, канешне, заміналі Віталю ў поўным аб’ёме і як след растлумачыць Ірыне сэнс матэматычных выкрутасаў у ейным сшытку. Яны якраз былі на палове адлегласці да рашэння дыферэнцыяла, калі зайшла выкладчыца. – Добры дзень, шаноўныя. – Нэля Ігараўна, відная кабета сярэдняга веку, заняла сваё рабочае месца. – Я слухаю вас… Пасыпаліся пытанні. Лектарка напачатку брала ў рукі крэйду, падыходзіла да дошкі і як мага коратка даводзіла незразумелыя студэнтам месцы. Але жадаючых разблытаць жмут няўцямнасцяў у сваёй галаве было зашмат, і неўзабаве Нэля Ігараўна змяніла тактыку: – Хвілінку ўвагі!.. Прабачце, мы абмежаваныя ў часе, таму давайце вырашым некаторыя арганізацыйныя пытанні. Група насцярожана змоўкла. – Тут Сямён Пятровіч, выкладчык вашых практычных заняткаў, мне спіс падрыхтаваў… Там вашыя дасягненні пазначаны. Да таго ж бачу я сярод вас і асобаў, якіх на лекцыях сустракаць амаль не даводзілася… Усё гэта, безумоўна, будзе ўплываць на экзаменацыйныя ацэнкі. – А калі на “выдатна” будзеш адказваць, то на колькі балаў панізіце? – выкрыкнуў з месца Дубель, якога з прычыны пастаянных прагулаў гэтае пытанне дужа цікавіла. – Калі на “выдатна” – на здароўе! Паверце, што прыдзірацца я не буду, і спіс гэты мне патрэбны адно як арыенцір… Але, малады чалавек, цуды такія рэдкія ў жыцці, а ў матэматыцы – тым болей. Лектарка абвяла паглядам азадачаную групу. – Наконт парадку прыёму… Я запрашаю назаўтра к дзевяці гадзінам толькі сем чалавек. Рыхтавацца яны будуць мінімум сорак пяць хвілін. Так што астатняя частка групы хай прыходзіць пазней… прынамсі, на паўгадзіны. Адзінае, што… давайце вызначымся з прозвішчамі гэтых сямі, так бы мовіць, смельчакоў… Маўчанне. – Ім даюцца пэўныя льготы, – хітравата працягвала Нэля Ігараўна. – У прыватнасці, таму, хто з гэтых студэнтаў падрыхтуецца да адказу першы, павышаецца ацэнка на бал. Для астатніх будуць невялікія паблажкі… Адразу пацягнуліся рукі, жадаючых рызыкнуць аказалася не так і мала. Аднак Бывалы, які сядзеў перад выкладчыцай на пярэдняй парце і лёгка мог запісацца першы, застаўся маўчаць… Таму і Чалей, не вагаючыся, вырашыў для сябе не вылузвацца і ісці заўтра недзе ў сярэдзіне групы. Да гардэроба аднагрупнікі крочылі па апусцелых інстытуцкіх калідорах не надта шумлівай гурмой. Мабыць, кожны ў думках быў ужо ў заўтрашнім дні. Злавесным, нягледзячы на быццам бы неблагую сваю падрыхтаванасць, здаваўся маючы адбыцца экзамен і Віталю. Ён развітаўся на аўтобусным прыпынку з непрывычна маркотным Максімам Гарэвічам і паплёўся па звычным кірунку дамоў – праз двары. Ужо калі ўзышоў на пагорак свайго двара, Чалей кінуў позірк у вечаровае сутонне. Недзе там, на захадзе, паміж дзвюх суседніх дзевяціпавярховак, захаваліся рэшткі засынаючага дня: сцюдзёная блакітная паласа над небакраем павольна гасла. Журботным, нялюдскім спакоем веяла ад гэтай таемнай далечыні. Над чэзлым блакітам ужо разгараліся начныя зоры. Мірыяды зор, раздзеленых між сабой неймавернымі, неадольнымі адлегласцямі. Самотныя, як людзі… Глава 11(а) Ноч Чалей правёў неспакойна. Хваравітыя думкі, трывожныя згадкі, баязлівыя меркаванні наконт заўтрашняга выпрабавання даймалі яго няўстойлівую нервовую сістэму з дзіўнай напорыстасцю. Не дапамагалі тут ні аўтатрэнінг, ні пералічванне начных бараноў, ні кроплі карвалолу, якія бядак, змучаны бяссоннем, выпіў а другой гадзіне. Ён ушчэнт растузаў падушку, скамячыў коўдру і нарэшце зусім адкінуў яе. І гэта не памагала. Падчас здавалася хлопцу, што доўгачаканая супакойлівая цішыня ахінае яго, што праз хвіліну нырне ён у выратавальны акіян сноў… Але раптам у люстэрку неўгамоннай свядомасці паўставалі то строгі твар Нэлі Ігараўны, то ўмольнае аблічча Гарэвіча, то Шумакоў нешта старанна страчыў на паперы і прыгаворваў: “Усё на мазі, усё як мае быць, мае любыя”, то Варанец ласкава кудлаціла рукой Віталевы валасы, то перарываў гэтыя памысныя мроі грубы вокрык сумна вядомага рослага дзецюка: “Гэй, разумнік, хадзі сюды… вось я табе!..” Пры гэтым бамбіза замахваўся на Чалея вялізным, што кувалда, кулаком… Віталь з жахам скідваў з сябе гэтае ліпучае ачмурэнне, каб праз некалькі хвілін ізноў трапіць у пастку хваравітай, млоснай дрымоты. А трэцяй гадзіне ночы Чалей мусіў прымаць рашучыя захады. Ён ускочыў з ложка і злосна пашкандыбаў у ванную. Скінуў споднюю бялізну, залез пад душ. Гарачай вады, як і заўжды поначы, не было. Але Віталю якраз і патрэбна было ахаладзіць свае занадта напятыя нервы. Ледзяныя струменьчыкі прыемна казыталі шыю, плечы, грудзі, цяклі па жываце і нагах, зліваліся ў порсткую ручаінку і збягалі ў адтуліну каналізацыі. Стаяў Чалей доўга, пакуль не пачалі калаціць дрыжыкі, здатныя перарасці ў сапраўдную трасцу. Выцерся насуха, накінуў хламідападобную піжаму і падыбаў у свой пакой. У зале сястра бестурботна сапла. Што ёй! Віталю б яе лялечныя праблемы! Чалей раптам адчуў сябе ледзьве не самым няшчасным у свеце, можа, упершыню ў жыцці задумаўся: а навошта ж усё гэта – вучоба, намаганні, нерваванні, шкалярскія ўніжэнні перад выкладчыкамі, з-за якіх нават і сон не бярэ? Што дае гэтая грамадская важданіна менавіта яму, Віталю? І хіба пераверне ён сусвет сваімі вартымі жалю мурашынымі высілкамі? А зрэшты, чаго ён нервуецца – не на бойню ж заўтра ідзе. Ва ўсякім разе, як бы ні здаў Віталь тую апастылую матэматыку, а і заўтра, і паслязаўтра, і, мажліва, не адзін яшчэ год будзе ён спаць ва ўтульнай кватэры, добра харчавацца, сварыцца з сястрой, выслухоўваць бацькавы разважанні аб сэнсе жыцця, адчуваць на сабе клопат мамы… Супакоены гэтымі думкамі, Чалей ціхутка зняў з цвіка сестрыну гітару, прайшоў у свой пакой, зачыніў дзверы. І яшчэ з паўгадзіны, узіраючыся ў шэрань студзеньскай ночы, кратаў Віталь нейлонавыя струны, вылучаў гукі з адмысловага інструмента. А з імі ў душу пранікала нешта летняе, цёплае, трапяткое: трызніліся занатаваныя з далёкага маленства плач жалейкі, п’янлівы сянны пах на адрыне, згадваліся паўзабытыя краявіды радзіннай вёскі… Выратавальны сон атуліў неўзабаве хлопца. Віталь праспаў рэшту ночы нармальна, але раніцой пачуваўся не дужа здаровым. Ныла ўверсе жывата, а целу было неяк зябкавата. Не хацелася і есці. Прымусова ўпіхнуў у сябе каву з бутэрбродам і, буркнуўшы нешта няўцямнае маці на яе пажаданне “ні пуху ні пер’я”, млява рушыў у інстытут. Па дарозе Віталь успомніў пра ўчарашнюю дамоўленасць з лектаркай аб тым, каб большасць групы прыходзіла пазней на паўгадзіны. Таму лішак часу туляўся па завулках свайго квартала. І тут з жахам адзначаў пра сябе Чалей, што няшмат чаго памятае з вывучанага. На яго ліхаманкавыя мысленныя звароты да ўласнай памяці тая адказвала недарэчна альбо выяўляла такія прагалы, ад якіх займала дух і хацелася крычма крычаць: “Памажыце!” Супакойваў Віталь сябе толькі тым, што мозг яшчэ не раскачагарыўся як след, што ў аўдыторыі ўсё стане на свае месцы… А горад спакваля прачынаўся, днеў, пачынаў жыць сваім заўсёдным мітусліва-ўладкаваным жыццём, і, вядома, да Віталевых праблем не было яму ніякага клопату. Чалей загуляўся і дабраўся да экзаменацыйнай аўдыторыі ажно ў дзесяць гадзін. Каля дзвярэй ужо абівалася ледзьве не ўся група. З натоўпу адразу ж выслізнуў Макс Гарэвіч, ухапіў Віталя за руку і затараторыў: – Канец, Віталя, гэта канец, гарым, прападаем… – Усё яго цела хадзіла ходырам, голас дрыжаў. – Ды пачакай ты, не енчы! – Віталь штурхануў прыяцеля ў плячо. – Вазьмі сябе ў рукі. Што там здарылася? – Жаўновічу “траяк” уляпіла, а ён першы адказваў! – роспачна скавытаў Макс. – Божухна, што ж тады са мной будзе?! – Ды нічога не будзе… Жаўновіч заўжды – тормаз, – суцяшаў яго Віталь, а ў самога ад Максавых слоў у вантробах залягло нешта важкае, гняло, ціснула, смылела. Чалей сунуўся ў гушчу натоўпу, адкуль толькі што вынырнуў Гарэвіч. Там, атулены аднагрупнікамі, стаяў Кастусь Жаўновіч і агаломшана лыпаў вачыма. Па ўсім відаць, Кастусь быў задаволены і “траяком”. З усіх бакоў на яго сыпаліся роспыты, але нічога ўцямнага Віталь у яго адказах не ўлавіў. Кастусь, заікаючыся, паўтараў пераважна адно: – Цяжка там… цяжка… Толькі ад Дубеля, які амаль бесперапынна падглядваў у замочную шчыліну, уведаў Віталь наступнае: апытанне Нэля Ігараўна праводзіла не за сталом, а на хаду – баражыруючы паўз парты. Прычым экзаменавала паралельна некалькіх студэнтаў. Жаўновіч сам не вызываўся, але стаўся першай ахвярай. Па словах Сашкі Дубеля, ён не адказаў практычна ні на адно пытанне і атрымаў сваё “здавальняюча” як нацяжку. Раптам з трэскам адчыніліся дзверы, і з экзаменацыйнага катла вываліўся яшчэ адзін гаротнік. Усе кінулі Жаўновіча і рынуліся да яго. Гэта быў хлопец, які, у прынцыпе, адносіўся да катэгорыі невукаў. Ён яўна радаваўся атрыманаму некалькі секунд назад “траяку”. У неймаверным галасе Чалею падалося, што той хваліць выкладчыцу за памяркоўнасць. Пасля трэцяга “траяка” запар з першай сямёркі рызыкантаў Віталю стала ніякавата, ён заняў чаргу на экзамен і адышоўся ад тлумных аднагрупнікаў. Рушыў па калідорах. У некаторых аўдыторыях ладзіліся іспыты, некаторыя пуставалі. Між іншым, у калідорах зараз было яшчэ больш гаманліва і мітусліва, чым у час навучальнага семестра. І не дзіўна – большасць студэнтаў тоўпілася па-за аўдыторыямі. Хаваючыся ад тупату і гуду, Віталь зайшоў у адно з пустых памяшканняў, сеў за парту. Бавіцца ўпустую перад экзаменам было няёмка, і ён разгарнуў канспект. Але хутка зразумеў, што не зможа зараз убіць у сваю галаву ні радка. Затлумлены, запужаны Віталеў розум адмаўляўся яму служыць. Думкі міжволі скіроўваліся на строгую Нэлю Ігараўну, на агаломшанае аблічча Жаўновіча, на Бывалага, якога чамусьці сярод аднагрупнікаў Віталь сёння не ўбачыў… Да таго ж не сядзелася. Так і карцела выскачыць са злавесна-пустэльнай аўдыторыі, і калі не ўцякаць з інстытута, то хадзіць… хадзіць несупынна. Толькі рух мог супакоіць растузаную перажываннямі нервовую сістэму. У горле нібы захрас і душыў агідны камяк. Каторы раз шпарка сноўдаючы з паверха на паверх, Віталь натрапіў на Шумакова. Толік якраз падымаўся па лесвіцы: у касцюме, з дыпламатам, прычасаны, салідны і самаўпэўнены. Глава 11(б) – Здароў! – Чалей узрадаваўся, бо ўжо не мог самотна трываць унутраную напругу. – Прывітанне! – Шумакоў пераклаў дыпламат з правай рукі ў левую і зычліва парукаўся з прыяцелем. Далонь у яго была цёплая і сухая: прынамсі хоць адзін чалавек з групы не хваляваўся. – Што там чуваць? – з ноткамі абыякавасці ў голасе запытаўся Бывалы. – Колькі чалавек прайшло? – Пры мне трое… – “Траякі”?.. – А ты адкуль ведаеш? – насцярожыўся Віталь. – Ну, па-першае, бачыў учора спіс першай пяцёркі, а па-другое… Гм трэба ісці, калі Нэлі надакучыць ставіць “здавальняюча”. – Як так – надакучыць? – А так: зразумее сярэдні наш узровень і планачку патрабаванняў сваіх ніжэй перасуне. Карацей, спяшацца нетаропка трэба. Кумекаеш? – Толік хітравата сажмурыўся. Віталь мала “кумекаў” сёння наогул. Не ўразумеў да канца і шумакоўскія эківокі. Ведаў адно: Бывалага варта слухацца. – Хадзем лепш перакусім трохі. Я сёння дрэнна паснедаў, – прапанаваў Толік. – Давай, – толькі за кампанію згадзіўся Чалей, бо есці, мякка кажучы, не хацеў. Яны спусціліся на першы паверх. Каля дзвярэй буфета Віталь раптам успомніў: – Слухай, Толік! Там жа трэба чаргу на экзамен займаць. – Занята ўжо, мусіць. Я ўчора Дубеля папрасіў. У амаль пустой зале буфета яны кінулі свае сумкі на крэслы, што стаялі ля акна. Шумакоў заказаў сабе за прылаўкам мясную салату, яйкі пад маянэзам, кефір з булачкай і гару чорнага хлеба. Віталя пры адным поглядзе на гэта занудзіла. Для прыліку ўзяў сабе сумніўнай празрыстасці соку. Прыселі. Бывалы ўпісваў стравы з зайздросным апетытам і хуткасцю. Гугнявіў з поўным ротам: – Дарэмна не ясі, Віталя. Пажыўная ежа нервы супакойвае. Чалей сербануў кіславаты напой. Калі выпіў палову шклянкі, то раптам адчуў, як нешта абураецца і паўстае ў ягоным жываце. У роце стала горка і мярзотна-моташна. Млосць, якую Віталь адзначаў яшчэ ўранку, імгненна дасягнула пагражальных памераў. Буркнуўшы “Прабач!” Шумакову, заціскаючы вусны далонню, рынуўся Чалей да выхаду. Ваніты, відаць, імкнуліся вонкі. З замглёнымі слязьмі вачыма, амаль вобмацкам дабег ён да найбліжэйшай прыбіральні. Балазе ля рукамыйнікаў нікога не было, дасягнуць унітаза Віталь бы проста не паспеў… Ванітаваў няшчасны толькі вадкасцю і жоўцю – пакутліва, сутаргава-спазматычна. Праз хвілін пяць у туалет заскочыў устрывожаны Шумакоў. У руках ён трымаў дыпламат і Віталеву сумку. Збляднелы Чалей ужо мыўся пад струменем халоднай вады, пасінелымі дрыготкімі пальцамі абціраў чорна-жоўтую смуродную слізь з ракавіны. – Што, браце, вытрыбушыла? Ат, які ж ты датклівы! Знясілены ад страўнікавых пакут Віталь адно мыкаў у адказ. – Нічога. Памыйся, прыбярыся. А галоўнае, ніякіх нерваў! Самае горшае на сённяшні дзень ты ўжо, відаць, перанёс. І сапраўды, па дарозе да экзаменацыйнай аўдыторыі Віталю значна палягчэла. Паменшалі кволасць у нагах, падрыгванне пальцаў, цяжар у жываце. Напэўна, ірвота дала патрэбную нервовую разрадку яго паўдзіцячаму арганізму як своеасаблівая ахоўная рэакцыя. Каля дзвярэй экзаменацыйнай катавальні было ўсё гэтак жа спякотна. Хіба натоўп крыху парадзеў. У яго цэнтры стаяла Ірына Варанец, і па яе лагодным выглядзе можна было меркаваць, што дзяўчыне вельмі пашчасціла. – Ну як, Іра? – прабіраючыся ўнутр жывога кола, спытаўся Шумакоў. – Чатыры! – Варанец ганарліва ўскінула на яго вочы. – Няўжо? А не маніш? – падкалупнуў яе Толік. Ірына сунула яму пад нос заліковую кніжку. Яе чацвёрка аказалася першай у групе. А Іра выходзіла дзесятай. – Малайчына! Дай я цябе расцалую! – блазнаваў Толік. Ён склаў губы ў трубачку і неўсур’ёз пацягнуўся да Варанец. Тая адхіснулася. – Дурань! Віталь глядзеў на яе, статную, з распушчанымі валасамі, завабліва-прыгожую Пасля сумна вядомай вечарыны Варанец стала значна бліжэй да яго, так бы сказаць – даступней. Канешне, не ў грубым цялесным сэнсе. Чалей няўзнак адкрыў у ёй новыя рысы аблічча, інтанацыі голасу, новыя манеры паводзінаў і багата таго, чаго не выкажаш словамі. Ён цяпер мог папросту, без сарамлівасці, глядзець дзяўчыне ў вочы, разняволена ўсміхацца, як усміхаюцца калі не блізкаму, то добра знаёмаму чалавеку. Гэта, безумоўна, тычылася і ўсіх астатніх удзельнікаў вечарыны. Бо тая, з калатнёй на закуску, гулянка наблізіла іх адно да аднаго адразу на некалькі парадкаў. Але, па шчырасці, не да дзявоцкай пекнаты бяло зараз Чалею. Змучаны чаканнем сваёй чаргі на іспыт, ён пакутліва зайздросціў Ірыне – на сёння вольнаму чалавеку. Нарэшце, нырнуў у чэрава аўдыторыі-выпрабавальні і Віталь. Ён паклаў заліковую кніжку на стол выкладчыцы і, не вагаючыся, узяў найбліжэйшы білет. Праўда, калі ўсеўся на ўказанае Нэляй Ігараўнай месца, то доўга не рашаўся прачытаць экзаменацыйныя пытанні. Асабліва апасаўся Віталь неспадзяванкі з задачай. На шчасце, усё абышлося: і тэарэмы, і прыклад аказаліся, па меншай меры, не самымі складанымі. А тым часам побач з Чалеем, кожны на асобнай парце, пацелі і высільваліся яго аднагрупнікі. Праз праход ад сябе Віталь заўважыў заўсёды бледны, а зараз збуракавелы ад думання твар Макса Гарэвіча. А наперадзе падазрона схіліў сваю вяртлявую шыю і цікаваў пад парту Сашка Дубель. Дый наогул, цяжкое, надыханае паветра аўдыторыі хораша адпавядала ўнутранай напрузе экзамену і не спрыяла бездакорнай рабоце мозгу. Чалей жвава скрабаў аўтаручкай, выводзячы тэарэму, а краем вока прыкмячаў, як падсаджваецца выкладчыца то да аднаго, то да другога студэнта, шэптам ці напаўголасу апытвае, дае дадатковыя заданні, моўчкі распісваецца ў заліковых кніжках. Угадаць вартасць ацэнак было нялёгка, адно не памыліўся Віталь у выпадку з Дубелем, які нічога вымучыць са сваёй пуставатай галавы так і не здолеў. – Прыйдзеце яшчэ, – няўмольна вымавіла Нэля Ігараўна і працягнула невуку кніжку. Замаркочаны рушыў Сашок да выхаду. Віталь стараўся на яго не глядзець. Добра што на ўласным праштампаваным аркушы ўсё пакуль складвалася здорава. Туды Чалей і ўнурыўся. Праходзячы чарговы раз па радах, экзаменатарка запынілася каля Віталя. Зацікавілася яго пісанінай, пасунула лісток бліжэй да сябе і з хвіліну моўчкі ўзіралася ў матэматычныя нетры. Якія, зрэшты, асабіста для яе нетрамі не з’яўляліся. Хлопец увесь сцяўся і замёр. Толькі ў скронях несціхана і моцна стукалі сардэчныя такты. – Добра, вельмі добра… Годзе – тут мне ўсё зразумела. – З гэтымі словамі Нэля Ігараўна перавярнула адзін са спісаных аркушаў на чысты бок, шпарка і размашыста накрэмзала невялікую формулу. Загадала: – Дакажыце, калі ласка… Тут жа адышлася ў процілеглы бок аўдыторыі. Ужо беглы позірк на прапанаваную выкладчыцай формулу прынёс Віталю палёгку: у памяці адразу і даволі выразна паўстаў патрэбны матэматычны доказ. За якія тры хвіліны рука амаль аўтаматычна вывела неабходныя запісы. А яшчэ праз колькі часу з трапятаннем атрымліваў Віталь сваю заліковую кніжку. Ён не сачыў, што запісвала там Нэля Ігараўна, але ўнутраны голас хлапчыны нецярпліва гукаў: “Выдатна! Выдатна!! Выдатна!!!” На выхадзе з аўдыторыі Чалея абступіла невялікая ўжо колькасць аднагрупнікаў. – Як? – Не глядзеў яшчэ, – шчыра адказаў Віталь, сціскаючы ў руках рудую залікоўку. Ён разгарнуў яе. Нават пры чахлым асвятленні ў амаль безаконным калідоры памыліцца было няможна: “выдатна”. – Ого! Малайчына! Канешне… Так…– няпэўна даносілася да Чалея. Дазвання знябыты прамінулымі падзеямі, ён не адчуваў с |