Вiтаю, дружа!лiтaрa.net

 
Вершы са збору “Марыя S.”
18 красавiка 2007 /лiтаратура/
Віктар Сямашка


“Кроў Сусвету”, Менск, 1996
12 студзеня 2007 /лiтаратура/
Валерыя Кустава


Адметнасць шляху ў апраметную для беларуса
12 студзеня 2007 /iнтэрвiю/
Валерыя Кустава


Дзень Дз
4 лiстапада 2006 /няшчырасьць/
Маnn Kurt


Зацірка
29 кастрычнiка 2006 /няшчырасьць/
Маnn Kurt

Адам Глобус [e,ф,8]
Аксана Бязьлепкіна [e,2]
Алесь Аркуш [i,e,ф,6]
Алесь Разанаў [1]
Аляксей Бацюкоў [e,2]
Аліса Бізяева [i,e,ф,17]
Андранік Антанян [i,e]
Андрэй Дынько [i,e,ф,3]
Андрэй Курэйчык [i,e]
Андрэй Хадановіч [i,e,ф,12]
Валерыя Кустава [i,e,2]
Валянцiн Акудовiч [i,e,ф,1]
Вольга Караткевіч [i,e]
Віктар Сьлінко [2]
Віктар Сямашка [i,e,1]
Вінцэсь Мудроў [i,e,ф]
Ганна Гершвін [e,1]
Ганна Кiслiцына [i,e,ф,7]
Зьміцер Арцюх [e,1]
Зьміцер Бартосік [i,e,ф]
Зьміцер Вішнёў [i,e,ф,3]
Зьміцер Дзядзенка [e,1]
Людка Сільнова [1]
Людміла Рублеўская [i,e]
Лявон Вашко [4]
Лявон Вольскі [i,e]
Лявон Юрэвiч [i,e,ф,2]
Маnn Kurt [i,e,ф,14]
Макс Шчур [e,2]
Марыя Мартысевіч [i,e,2]
Мікола Папека [i,e,1]
Міра Лукша [i,e,1]
Павал Сьвярдлоў [i,e,1]
Павел Абрамовiч [i,e,3]
Павел Надольскi [i,e]
Палівач [e]
Пятро Васючэнка [1]
Севярын Квяткоўскі [i,e]
Серж Мiнскевiч [i,e,ф,1]
Славамір Адамовіч [1]
Сяргей Астравец [i,e,1]
Сяргей Сматрычэнка [e,1]
Сяргей Шыдлоўскі [i,e,ф,1]
Тацяна Сьлінка [e,ф]
Уладзімер Арлоў [i,ф,1]
Усевалад Гарачка [e,2]
Францiш Богуш [e,1]
Цiна Клыкоўская [e,1]
Юрась Барысевіч [e,1]
Юры Гумянюк [i]
Ігар Бабкоў [e,7]
Ігар Сiдарук [i,e]
Ўжо ня дзевачка... [i,e,ф,1]
Ільля Сін [i,e]
Інэса Кур`ян [e]
Ірына Хадарэнка [i,e,ф]

i - толькi iнфармацыя
е - ёсьць email
ф - ёсьць фота
лiчба - колькасьць матэрыялаў зьвязаных з аўтарам
ФРАШКІ ДА ПЛЯШКІ
створаны: 13.01.2003, абноўлены: 14.10.2006 23:05, камэнтароў: 454

АДАМОВІЧ І МЯНТЫ

Наўрад ці Славік Адамовіч у бліжэйшы час зможа так “адвязацца” як на радзіме. Далёка да таго часу, калі яго будзе ведаць кожны нарвэскі сабака. А быў во такі выпадак, якi адбыўся ў першую ноч пасьля дню "без прэзыдэнта" – 21 ліпеня 1999 году.

Славамiр Адамовiч пакiнуў Кастрычнiцкi пляц у кумпанi
прыяцеляў-журналiстаў. Як вядома, тады ж адразу пачаўся хапун,
але цi правядзеш бывалых людзей? Кумпанiя адразу ж скiравалася
ў краму, набыла пару пляшак гарэлкi, i пачала "распiцiе"
проста ў цэнтры, у сквэрыку на вулiцы Ленiна. Ясная рэч,
мiлiцыя ў той дзень такiх "парушальнiкаў" не брала. Карацей,
замаскiравалiся.

Мiнуў вечар, прыйшла ноч, затрыманыя "палiтычныя" сядзелi
па пастарунках, колькасьць мiлiцыi, прынамсi, вонкава,
нармалiзавалася, а кумпанiя ўсё сядзела на лавах, усё
працягвала "маскiравацца". Балазе, было пра што пабяседваць.
Праз сквэр праходзiў патруль з двух мiлiцыянтаў узростам гадоў
па дваццаць з хвосьцiкам. Мiнаючы кумпанiю, адзiн другому фыркнуў,
маўляў, знайшлiся "офигевшие" — па-беларуску размаўляюць. На што
Адамовiч голасна "адфыркнуў", што "будуць розныя засранцы
камантары ўстаўляць". "Засранцы" пакрыўдзiлiся за тое, што
iх назвалi "засранцамi", i затрымалi Славамiра за "оскорбление
при исполнении".

Было гадзiны дзьве начы. Кумпанiя пад канвоем рушыла праз пусты
ўжо Кастрычнiцкi пляц. Раптам, Славамiр спынiўся, i завёў гутарку
з мiлiцыянтамi. Вядома, Славамiра Адамовiча можна чытаць, можна чуць,
але найлепш трэба БАЧЫЦЬ адамовiчавы "экшн". Жэстыкуляцыя
— "усе дзялы". Прыязная задушэўная iнтанацыя, i жалезная — на ўвесь
твар — усьмешка. "Баец, зь якога году служыш?" — "Я вам не боец".
— "Як? Мужык, i не баец?!"… Мiлiцыянты разгубiлiся, а Адамовiч
працягваў "пантавацца". Але сяржанты сабралi рэшткi рашучасьцi,
i загадалi рушыць далей. I тут, зь цемры выкацiўся маленькi
кругленькi капiтан мiлiцыi. Яшчэ крокаў за пятнаццаць
ён працягнуў у вiтальным жэсьце рукi i расплыўся ва ўсьмешцы:
"О-о, спадар Алесь… Прабачце, спадар Славамiр Адамовiч".
Рукi затрыманага i афiцэра сыйшлiся ў моцным поцiску. "Як
пажываеце, спадар Славамiр?" Як любы артыст, Адамовiч быў
прыемна зьдзiўлены тым, што яго "пазналi на вулiцы": "Ды, добра
пажываю, вось праблемы невялiкiя, праўда". – "Он меня оскорбил". –
"Ня можа быць… Товарищь сержант, может, отпустите спадара
Адамовiча?". Сяржант катэгарычна адмовiўся, але афiцэр яго
адвёў "пад лакаток" у бок. Яны размаўлялi досыць доўга,
хвiлiнаў пятнаццаць. Сяржант вярнуўся, i аддаў дакумэнты з
словамi "благодарите офицера". "Не, баец, гэта ты дзяч — у
старэйшых трэба вучыцца", – адказаў Славамiр Адамовiч, i
кумпанiя вярнулася працягваць сваю "бяседу".

напiсаў Квят. 13.01.2003, 19:47


БАРД БАРТОСIК I БЕЛАРУСЫ

Неяк у сакавіку 1999 году Кася Камоцкая запрасiла Зьмiтра Бартосiка
выступiць разам зь ёю ў Наваградку. Iдзе Бартосiк па Наваградку, а
насустрач мясцовая цётка. Наблiжаецца да Бартосiка, i пытаецца
"па-тутэйшаму": "Хлопец, якая зараз гадзiна?" Бартосiк ад нечаканасьцi
адно выцiскае зь сябе: "Што-о?..". Цётка ў роспачы перакладае: "Сколька
ўрэмя?!"…

напiсаў Квят. 13.01.2003, 19:51


МАРШ СВАБОДЫ Ў КАФЭТЭРЫІ

15 сакавiка 2000, Марш Свабоды-II. Недаходзячы да пляцу Бангалор,
збочваем зь сябрамi да ўнiвэрсаму "Рыга", каб пагрэцца кавай ды
гарбатай. У кафэтэрыi дзьве касы, дзьве прадавачкі. Зьмiцер Бартосiк
падыходзiць да першай, i замаўляе: "Калi ласка, бутэрброд з
гарбушай, i адну гарбату". Калi Бартосiк уступае ў кантакт з
"простым людам" па-беларуску, ён рыхтуецца як менш да сутычкi,
таму крыху хвалюецца. Беларускiя словы, прамоўленыя
неперадавальнымi нiжагародзкiмi iнтанацыямi, умомант
"вырубаюць" супернiка. "Что-что?" — перапытвае "вырубленая"
прадаўшчыца, чарнявая дзяўчына гадоў дваццацi. "Гарбата"
по-русскi значiт "чай", — вясёла тлумачыць наш калега Алег Дашкевiч. Сьледам раблю замову я: "Адну каву". "Это кофе?
Я по-белорусскi не понiмаю, я россiянка!" — дзяўчына адказвае
агрэсiўна. "Россiянка?.. Вы беженка?!. Iз
какого регiона?" — спагадліва перапытваю. Алег
Дашкевiч таксама замаўляе "адну каву", i мы ўтрох адыходзiм
да стойкi. За намi чарга чалавек у дваццаць, усе — з Маршу.

На пятым замаўляльніку кавы маладая прадаўшчыца ў iстэрыцы
адскоквае ад касы. Праз хвiлiну з кута даносяцца словы, якiмi
яна скардзiцца каляжанцы: "А он i спрашывает, вы что беженка?"…
Тым часам, атмасфэра пануе выдатная: прадавальніца й клiенты
ўсьмiхаюцца адно-аднаму. Чарнявая дзяўчына няўцямна лупае
вачыма. Цiкава, для яе гэта быў кашмарны сон, цi момант
iсьцiны?
напiсаў Квят. 13.01.2003, 19:58


МЯЖА ДАСКАНАЛАСЬЦІ БЕЛАРУСКІХ ЖУРНАЛІСТАЎ

Неяк увосень 1998 году
выпадкова сустрэлiся ў Варшаве два прыяцелi-журналiсты, якiя вярталiся
з розных эўрапейскiх краiнаў. Кожны меў пры сабе сувэнiры, пераважна
сьпiрытусовыя напоi ўсялякiх кшталтаў: ад лёгкага "вiнчыка" i пiва
да суворага "Abcent'у". На дваiх — лiтраў дваццаць. Калi пад'ехалi
да мяжы, дык сярод запасаў не было ўжо медавухi "Krupnik" i
паловы пляшкi "Wyborowej" гарэлкi. Настрой у купэ панаваў
"эўрапейскi". Тут заходзiць польскi памежнiк, i просiць
"paszporty". Журналiсты працягваюць "краснакожыя паспарцiны".
Як толькi памежнiк раскрывае першы з дакумэнтаў адзiн з
журналiстаў зьнянацку ўсхоплiвае да гары рукi, i пачынае
ўпрошваць: "Prosze pana, nie chcem do Bialorusi, chcial by
zostac w Polsce, jestem azylantem… Azyl! Azyl!" "Азыль" —
значыць "здаюся". Паляк прамовiў толькi "on moment, please", i
зьнiк. Больш нi яго, нi мытнiкаў, пагатоў, штампiкаў ў
"paszportach", ня бачылi… Пасьмяялiся, дапiлi "Wybоrowu", а ўжо
й беларускi кантроль падасьпеў. Першай зайшла мытнiца, i строга запыталася
"Что везём?". Ясна, акрыяныя "польскiм" посьпехап, журналiсты
сказалi, што, маўляў, самi глядзiце, а калi што, дык "мы з
Польшчы не выяжджалi, можам абратна вярнуцца". Мытнiца
разгубiлася, ледзь прабачэньня не папрасiла, i лiтры сувэнiраў
спакойна даехалi да Менску.

Пакуль ехалi, "палiрнулiся" пiвамi "EB-mocnе" i "EB-porter".
На вакзале журналiстаў акалiла таксiстаў зь дзесяць. Кожны
"заламываў" цану ў тры-чатыры разы большую за рэальную. Далей
пасьледваў дыялёг, якi дазволiў выявiць сярод кіроўцаў калi не марсiянiна,
дык ня менш, як ахвяру палтэргейсту. "Гэх, няма на вас
падаткавай iнспэкцыi", — сказаў адзiн з журналiстаў. Кiроўцы
адразу ж разьбеглiся. Застаўся толькi гаспадар машыны, побач
зь якой iшла размова. "Ды ня бойся, — працягваў журналiст, —
мы не з падаткавай. Мы — з ЦРУ. Прыехалi рабiць рэвалюцыю…
Дарэчы, як тут, Лукашэнку ў вар'ятню яшчэ не забралi?" Адказ быў
хуткi i шчыры-шчыры. У ранiшнiм паветры менскага вакзалу
выразна i звонка пратрымцелi словы: "Я НЕ ЗНАЮ ХТО ЭТА ТАКОЙ —
Я ПАЛIЦIКАЙ НЕ IНЦЕРАСУЮСЬ!"…
напiсаў Квят. 13.01.2003, 20:04


РОКЕР КАСЯ I МIЛIЦЫЯНТ-ПАЭТ

Аднойчы ў 1998 годзе Кася Камоцкая прыйшла па справах на БТ, што
на вулiцы Макаёнка. Пачала тлумачыць дзяжурнаму мiлiцыянту, што
яе чакаюць, але той спытаўся толькi: "Кася, вы вернецеся да
23-й?". "Канешне", — упэўнена адказала Кася, зьбянтэжаная тым,
што да яе па iмянi зьвяртаецца незнаёмец, да таго ж — мент.

Ясна, Кася пратэрмінавала дазволены час, але мiлiцыянт не абурыўся, а
працягнуў паперчыну: "Я напiсаў для вас тэкст, паглядзiце,
калi ласка"… Праз паўгадзiны каля начной крамы "Дваццатка"
Кася гучна распавядала знаёмцам-тэлевiзiйшчыкам: "…Уяўляеце
— мент!!! Мент верш падарыў!". Раптам пачуўся знаёмы голас:
"Кася, я ж не заўжды мянтом быў"…

напiсаў Квят. 13.01.2003, 20:12


Ой, Севярыне, сумна тебе будзе без Адамовіча! Хто яшчэ, апроч яго, стане на 8-га сакавіка інтэрвію пра жанчын даваць? :-)))
напiсала ODA 13.01.2003, 20:22


Самі жэншчыны, і не для эфіру, Юля.
напiсаў Квят. 13.01.2003, 20:29


Вось-вось, менавіта што жэншчыны.
напiсала ODA 13.01.2003, 20:40


Намёк цьмяны, але па-мойму варты абмеркаваньня альбо на асобнай галінцы, альбо праз прыватны мэйл. Асабліва тэма 8 сакавіка як такога. Але ж, яшчэ паўтары месяцы да таго сьветлага дня.
напiсаў Квят. 13.01.2003, 20:48


DJ КАСЯ I РАСЕЙСКАЯ МОВА

Гэтую гісторыю спрабаваў распавесьці Дынька ў НН, але скамячыў усё. Як на мой погляд, залатая гісторыя. А было так:

Калi яшчэ працавала "Радыё 101,2", Кася Камоцкая рабiла ў простым
эфiры праграму "ПраРок". Запрашала ў студыю ня толькi
музыкаў зь сяброў-"дыназаўраў", але й рокераў-пачаткоўцаў.
Напрыклад, рокабiльшчыкi з "Мэтэору" сталi вядомымi ў Менску
дзякуючы Касi. Прычым, iхныя расейскамоўныя песьнi Кася не
ставiла ў эфiр, адно англамоўныя…

Што да агульнай моўнай палiтыкi, расейкiя песьнi Радыё не
"круцiла" прынцыпова. Але ў нетрах калектыву iшлi на гэты конт
дыскусii, маўляў, трэба ахоплiваць больш аўдыторыi. Прапаноўвалi
зрабiць "расейскую гадзiну". (Кшталту "Russian Page" у колiшняй
"Свабодзе")… Урэшце дыскусii скончылiся як пачалiся — захаваўся
status quo.

Кропку ў "расейскiм пытаньнi" паставiла праграма "ПраРок".
Кася дэкляравала, што, паколькi беларускага року мала ў
прынцыпе, то для выбiтных выканаўцаў трэба рабiць выключэньнi,
i запрасiла ў студыю лiдара гурта "Neurodubel" Аляксандра
Куллiнковiча. Справа была ў 1996 годзе, калi "дзюбеля" мелi ў
сваiм рэпэртуары багата песьняў з ненармаванай лексiкай. Таму
Кася папрасiла Куллiнковiча падабраць для эфiру "нармаваныя"
песьнi. Размова з госьцем "ПраРоку" прайшла пасьпяхова,
запусьцiлi разьвiтальную песеньку… Аж раптам Куллiнковiч
спахапiўся: "Там жа ж у адным куплеце паўтараецца мацернае слова!"
I кiнуўся да гукарэжысэраў, якiх у студыi было цэлых двох: "Хлопцы,
сачыце за маёй рукою, калi махну, рабiце "пi-i-п". Тое, што
паляцела ў эфiр на хвалi 101,2 FM на паперы можна перадаць
прыблiзна так: "Я уёб"щем — "пi-i-iп", я уёб"ще — "пi-i-i-i-iп"…

P.S.: Праз пяць хвілінаў Маўзон, тагачаны адміністратар "дзюбялёў" прыехаў на таксоўцы зь кветкамі й шампанскім.


напiсаў Квят. 13.01.2003, 21:04


Але замалёўкі файныя. Мне чытаць было цікава.
напiсала ODA 13.01.2003, 21:06


КАСЯ, АНГУС, АМОН і зуб БПСМаўца

На пачатку зiмы 1999 году Кася Камоцкая i Ангус, салiст гурта "Тornado",стаялi ў чарзе па пiва ў начной краме "Дваццатка". Быў позьнi вечар,таму народу ў краме было нямала. Касiна беларуская гаворка ўзрушыла
аднаго з наведнiкаў — што гэта тут за нацыяналiсты беларускамоўныя ў чарзе стаяць! За сьпiнамi ў Касi i Ангуса былi тры
маладзёны гадоў па дваццаць "з мордамi як у БПСМаўцаў". Кася гучна выказала перадпалажэньне, што хамаватыя тыпкi належаць
менавiта да БПСМу. Чарга падтрымала Касiн сарказм. Тады самы "задзiрасты" дастаў з кiшэнi "корку". "Крутыя пацаны" сапраўды былi
з вышэйпамянёнай арганiзацыi. Ангус паведамiў, што зьбiраецца iх зьбiць, а таму запрасiў выйсьцi адзiн на адзiн у арку, што
за крамай. Мiлiцыянты, якiя ахоўвалi краму, дэманстратыўна паглыбiлiся ў нейкую зышважную размову. У арцы Ангус выбiў
першаму бэпэсээмаўцу два зубы. Тады астатнiя кiнулiся па мiлiцыю. Кася i Ангус засталiся "на месцы злачынства".
Досыць хутка пад'ехаў "казёл" з АМОНаўцамi. "Ахвяры нацыяналiстаў"
кiнулiся да мiлiцыянтаў тыцкаць коркi ў твар… АМОНаўцы моўчкi, не выходзячы з машыны, выслухалi зьбiўны i жарсны расповед
маладзёнаў. Паглядзелi на Касю з Ангусам, угледзіліся ў "коркi", бяз словаў ляснулi дзьвярыма, i зьехалi. Больш каля "Дваццаткi"
БПСМаўцаў ня бачылi.

напiсаў Квят. 13.01.2003, 21:31


БЕЛАРУСКIЯ ЖУРНАЛIСТЫ Ў ВIЛЬНI

"Я фігею з гэтых менскіх!", — любіць прыгаворваць адзін віленскі мастацтвазнаўцаў Сяргей Х.

Неяк летам 1999 году група беларускiх "нячэсных" журналiстаў прыехала
Ў Вiльню на сэмiнар. Хрэстаматыйная ўжо рэч — калi доўгi час не вылазiш з РБ, а пасьля вырываесься адразу ў Вiльню —
"адпачываеш" напоўнiцу. Прынамсi, гэта датычыць "нячэсных" беларусаў. Гэтак сталася з удзельнiкамi сэмiнару, якiя ўвечары
пайшлi на лiтоўскае пiва зь сьвiнымi нагамi, а пасьля вырашылi ехаць за горад купацца. Справа была аб адзiнаццатай вечара.
Выклiкалi таксоўку-мiкрааўтобус. Адзiн з "журналюгаў" пачаў адкрываць дзьверы, якiя "заела". Кiроўца выйшаў дапамагчы, а
адна журналiстка сказала: "Вы ж ня думайце, мы ж не маскалi якiя-небудзь". І ўсе разам наваліліся на дзьверы. У гэты момант дзьверы ня проста адкрылiся,а зьляцелi з шарнiраў — зламалiся. Кiроўца прамовiў "чистым русским языком": "Да-а… Вижу, что не москали"…

напiсаў Квят. 13.01.2003, 21:42


БЕЛАРУСКIЯ ЖУРНАЛIСТЫ НА МЯЖЫ

Калi ў папярэднiм сэмiнары прымалi ўдзел збольшага вольныя журналiсты, дык аднаго разу летам 1999 году ў Вiльню наехалi ажно
галоўныя рэдактары — пару дзясяткаў чалавек. У Вiльнi яны добра "пасэмiнарылi", а па вяртаньнi ў Менск запазьнiлiся
на некалькi гадзiнаў. Справа ня ў чэргах. Рэч у тым, што пераехаўшы лiтоўска-беларускую мяжу, уся гурба палезла фатаграфавацца перад беларускiм шлагбаўмам "у позе Шарамета". Хто калi
бачыў такi шоў? Ніколі й не пабачыць. Каб памежнiкi задаволiлiся толькi
затрыманьнем, але ж яны фота стужку засьвяцiлi…

напiсаў Квят. 13.01.2003, 21:44


ГАСТРАЛЁР КАСЯ I БЯЗЬМЕЖЖА

У верасьнi 1996, праз колькi тыдняў па закрыцьцi "Радыё 101,2" Кася Камоцкая прыйшла ў Лiтоўскую амбасаду, каб зрабiць
сабе гадавую журналiсцкую акрэдытацыю пры літоўскім МЗС. Зірнуўшы на прэс-карту "Радыё 101,2", лiтоўскi чыноўнiк сказаў:
"Дык гэтае Радыё ўжо не iснуе". Прысутны журналіст па мянушцы Кармась задаў толькi адно пытаньне: "Гэта афiцыйная пазыцыя лiтоўскага ўраду?". Акрэдытацыю зрабiлi вельмi хутка. Падобная гiсторыя адбылася на беларуска-ўкраiнскай мяжы.

У чэрвені 1999 году ехалi гурты "Новае Неба" i "Ulis" на гастролi ў Заходнюю Ўкраiну — у "файнэ місто Тэрнопіль". Кася ехала з дачкой, а дачка была "ўпiсаная" не ў савецкi замежны пашпарт, а ў пашпарт з "Пагоняй".
Памежнiкi сказалi, што не прапусьцяць малую. Пайшлi разьбiрацца. Начальнiк зьмены кажа Касi, што пашпарт ня дзейсны, "адменены". На гэта Кася рэзка адказвае: "Ня дзейсны, кажаце… Няўжо вы так Лукашэнку любiце?!" —"А за што мне яго любiць, — абураецца начальнiк, — ён што — "красна дзевiца?"… Малую прапусьцiлi, а Кася захоплена
сказала: "Якiя ўсё-ткi ўкраiнцы малойцы!". "Дык гэта ж нашыя",
— адказваем…

У падзяку Кася падаравала памежнiкам сваю касэту. Украiнцы да "Пагонi" ня мелi анiякiх прэтэнзiяў, але як дазналiся, што едуць музыкi, таксама папрасiлi касэту.

Гiсторыя яшчэ раз пацьвердзiла дзьве тэзы. Першая — жанчыны паводле сваёй прыроды пацыфiсткi, таму для iх не iснуюць
вайсковыя знакi адрозьненьня. Другая — беларускiя памежнiкi розныя, як усе беларусы, украiнцы i iншыя людзi.
напiсаў Квят. 13.01.2003, 21:52


Супэр! Нашмат весялей за сУчасьнікаў (без наездаў на Адама)! Файн.
напiсаў rydel 14.01.2003, 05:23


СЫС, СІДАРОВІЧ І ДАНЧЫК

Галінка пра пісьменьнікаў і бойку нагадала такі выпадак.

У часе першага канцэрту данчыка ў Беларусі ў 199… здаецца, трэцім годзе пайшлі й мы з прыяцелямі зірнуць на зорку дыяспары. Імпрэза ладзілася ў Доме літаратара. Заля была забітая цалкам. Хвіліны праз дзьве мы зразумелі, што творчасьць Данчыка (як і любая творчасьць) на аматара, і скіраваліся ў сьветлай памяці кавярню Дома літаратараў. Замовілі напоі, і сядзім разглядаем сапраўдных, жывых пісьменьнікаў: старых і новых клясыкаў.

Праз некаторы час зьяўляецца Сыс – кумір! Ясна, ужо ў “амплуа”. Падсеў да шумнага століка, таксама гамоніць, рукамі махае, наўкола – сьвята жыцьця!
Раптам з грукатам расчыняюцца дзьверы, і страявым крокам у кавярню ўваходзіць “камэлётавец” Зьміцер Сідаровіч. Твар жалезны, рухі рэзкія, моўчкі вітаецца са знаёмцамі кіўком галавы, і імкліва рушыць да Сыса. Падыходзіць са сьпіны, хапае за карак, уздымае, разварочвае: ба-бах! – піндзюліна ў твар куміра.

А мы толькі чаркі ўзьнялі. Не пасьпелі кульнуць, як над нашым столікам праляцеў Зьміцер Сідаровіч – плясь! Ускокнуў, і да Сыса… Абодва здаровыя, як пакаціліся па кавярні, як пачалі столікі з крэсламі валіць, во гэта быў глядыятарскі бой. Сідаровіч моўчкі сапіць, а Сыс раве: “Заб’ю-у-у!..” Ледзь разцягнулі.

Сідаровіч гэтак сама моўчкі, страявым крокам пайшоў, кіўкамі разьвітваючыся са знаёмцамі. А Сыс сядзіць, трымаецца за галаву, і хрыпіць: “Што гэта було-о?”

Праз колькі хвілін высьветлілі, што было наступнае. Перад візітам у кавярню Сыс зайшоў у залю, пастаяў, паслухаў сьпевы, ды й крыкнуў: “Данчык, а ідзі ты на х@й!”



напiсаў Квят. 14.01.2003, 18:16


Прыгожа напісана, але бездань недакладнасьцяў. (Для журналіста, Севярыне, недаравальна!)
1.Гэта быў ДРУГІ прыезд Данчыка ў Беларусь. Першы быў у 1989 годзе.
2.Сыс падчас выступу Сідаровіча залез на сцэну і дужа хацеў выпіць з Данчыкам. Данчык чамусьці адмаўляўся і не хацеў піць з п'яным Сысам. Заезны госьць уцякаў хавацца ад тутэйшае славутасьці ў прыбіральню за сцэнай Дома літаратара. Натуралёва, увага ўсяе залі была скіраваная на Сыса і Данчыка, а не Зьмітра Сідаровіча зь ягоным "Камэлётам". Мацюкі, верагодна, прагучалі, але тут я ня пэўны: у другой палове залі, дзе я сядзеў, чуваць іх не было.
напiсаў Petroni 14.01.2003, 18:43


Дзякуй, даўно было, апісаў тое, што бачыў і чуў. Я ж у кавярні сядзеў.
напiсаў Квят. 14.01.2003, 18:46


ВАНЬКОВІЧ, МЕНТ І КАСЯ

У першай палове мiнулага стагодзьдзя мастак Валенты Ваньковiчi быў вядомы ня толькi сваiмi карцiнамi, але й тым, што рэгулярна зьбiраў у сябе тагачасную багемную "тусоўку" Менску. Але сёньня ня ўсе, нават вельмi "культурныя", менчукi ведаюць пра гэта. Таму, калi прапанаваць каму-небудзь "пайсьцi на пiва да Ваньковiча", можна пачуць у адказ: "Мне няёмка, я ж яго ня ведаю". Тым ня менш, праз паўтары стагодзьдзi пасьля таго, як Ваньковiч зьехаў зь Менску, ягоны дом iзноў стаўся славутым праз рэгулярныя тусоўкi менскай "багемы". Да канца 1990-х на "заднiм двары"
Дому можна было сустрэць "лепшых людзей гораду", прынамсi, альтэрнатыўна-андэграўнднай часткi менчукоў. Незалежна ад полу, веравызнаньня і сацыяльнага становішча. У 1999-м Верхні Горад яшчэ заставаўся адным з рэдкiх у Менску "жывых" месцаў: не папсаваныя псэўдарэстаўрацыяй старыя камянiцы, адсутнасьць якой-кольвек
дзейнасьцi людзей, i фантастычны краявiд на Сьвiслач, Траецкае, Опэрны… Завярнуў за рог, зрабіў колькі крокаў, і ты – у паралельнай прасторы. У 1999-м толькі-толькі завезьлі тэхніку, каб ператварыць Верхні Горад у тое, што ёсьць цяпер – Траецкае-2.

Ад завозу тэхнікі Дом акупавалi "адмарожаныя"
падлеткi, якiя ставіліся да яго, як да звычайнай будпляцоўкі, дзе можна серыць, кiдаць плястыкавыя i шкляныя бутэлькi
i г.д. На "Ваньковiчы" зрабiлася тлумна, сумна й няўтульна. Месца сталi часьцяком наведваць мiлiцэйскiя патрулi…

Аднойчы "да Ваньковiча" завiтала кумпанiя "старажылаў", сябры вырашылi “прыгадаць мiнулыя
часы", наладзiць свайго кшталту разьвiтаньне з Домам. "Госьцi" крыху прыбралiся, разьмясьцiлiся на прыступках, але
вiно-пiва адразу не пілі — любавалiся заходам сонца.

Ва ўсiх было колiшняе адчуваньне патрапленьня ў паралельную
прастору. Атмасфэра была крыху ўзьнёслая. Не магчыма было ўявiць, што нешта можа парушыць гэты настрой. Кася выйшла
наперад, да дарогi, якая вяла да суседняга Дому Масонаў. Раптам, з-за "Масонаў" на вельмi малой хуткасьцi выехала мiлiцэйская
машына. Мiлiцыянт, якiя сядзеў побач з кiроўцам, паўвысунуўся з вакенца, прабегся позiркам па прыцiхлых "гасьцёх", i спынiў
вочы на Касi. Машына ўсё наблiжалася, Кася i мiлiцыянт не адводзiлi вачэй, завiслая паўза зацягвалася… Цi ўплывае месца
на людзей? Магчыма. Цi мог мiлiцыянт узарваць элегiю, што панавала месцам? Вядома. Як бы там нi было, параўняўшыся з
Касяй, мiлiцыянт ледзь чутна прамовiў: "Здрасьце…". Кася
адказала: "Прывiтаньне". I яны ўсьмiхнулiся адзiн аднаму.

P.S.: Пра візіты да Ваньковіча можна напісаць цэлую кніжку гісторыяў. Некаторыя літаранцы маглі б прыгадаць проста фантастычныя рэчы.

напiсаў Квят. 14.01.2003, 18:50


Вось гэта і ёсьць сапраўдная беларуская літаратура: багема сама пра сябе пішшшша. Шшшшшто за мазахісцкая асалода? Шшшшшшш…
напiсаў Зьмяюка Віртуальны 14.01.2003, 18:51


Пэўне, пра пірадавікоў праязводзтва цікавей?
напiсаў Чытач 14.01.2003, 18:56


А ў нас шшшшшто - грамадзтва на багему і перадавікоў праязводзтва падзяляецца? Шшшшшш…
напiсаў Зьмяюка Віртуальны 14.01.2003, 19:04


Юля, ты па-што шыпіш?
напiсаў r101 14.01.2003, 19:07


Я ня Юля. Шшшшшшш…
напiсаў Зьмяюка Віртуальны 14.01.2003, 19:09


Ну, Галя, якая розьніца, шшшыпець-та навошта?
напiсаў r101 14.01.2003, 19:10


Я не Галя, а звычайная віртуальная Зьмяя. Пасада мая зьмяіная такая, вось і шшшшшыплю. Шшшшшш…. Шшшшшш….
напiсаў Зьмяюка Віртуальны 14.01.2003, 19:13


КАСЯ, БЕЛАРУСКІ БАРМЭН I РАСЕЙЦЫ

Кася Камоцкая заўжды падкрэсьлiвае, што ня любiць выконваць песьню "Прэзыдэнт, iдзi дамоў!", бо "колькi ж можна"… У 1999 годзе напярэдаднi 25 сакавiка Касю Камоцкую запрасiлi ў Наваградак пасьпяваць у вузкiм коле мясцовых "нацыяналiстаў". Гэта была прыватная вечарына прысьвечаная ня столькi Дню Волi,колькi дню нараджэньня адной з кабетаў, якiя запрашалi Касю.

Два дзясяткi чалавек, зь дзецьмi ўсiх узростаў сабралiся ў невялiкай зальцы кавярнi, што ў гатэлi "Наваградак". Глыбей залi месьцiлася стойка бару, перад якой прытулiлася пару столiкаў, акупаваных
выпадковымi наведнiкамi. Два зь iх, апранутыя ў камуфляж, шчыравалi "па беленькай", трох — пацiху выпiвалi, i ўважлiва слухалi Касю. Удзельнiкi вечарыны далiкатна плёскалi ў далонi пасьля кожнай песьнi, але ў атмасфэры адчувалася напруга. Тады Кася перапынiла адну зь лiрычных песьняў, i грымнула "Прэзыдэнт, iдзi дамоў!". Па заканчэньнi ў залi завiсла татальная цiшыня. Але ўрэшце загучалi адзiнокiя аплядысмэнты, якiя толькi па досыць доўгай паўзе былi падхопленыя цi ня ўсёй заляй. Яшчэ праз колькi часу тройка маўклiвых спадароў, якiя сядзелi за
Касiнай сьпiнай ля стойкi бара, пакiнула кавярню. Прычым, усе трох падзяквалi за выступ, а адзiн спадар пацалаваў Касi руку. Гэта былi кiраўнiкi наваградзкага крымiнальнага вышуку.

Тым часам, "камуфляжнiкi", насамрэч, расейскiя "дальнабойшчыкi", дапiлi чарговую пляшку, i "падкацiлiся" да бармэна. Маўляў, што гэта ён дазваляе ў сваёй станове: "Ладна,
дарослых, але ж дзяцей невiнаватых навошта "растляць" махровым нацыяналiзмам?!" Бармэн не спыняючы выцiраць фужэры прамовiў:
"У нас у горадзе ёсьць яшчэ пяць "точак" — валi, шукай любую зь iх".

P.S.: Адзін з расейцаў, п’яны ўшчэнт пазьней стаў перад Касяй на калені, і, знайшоўшы ў сабе ўкраіныскія карані, апрасіў “прашчэнія”.

напiсаў Квят. 14.01.2003, 19:25


Нататкі цікавыя. Толькі наша багема там нейкая надта няпрыгожая паўстае. Можа й ня трэба было пра асобныя нэгатыўныя моманты пісаць? Га, Севярыне? Бо й так павага да нашай багемы дзесьці "ніжэй калена" боўтаецца, а так глядзіш і наогул зьнікне. Можа лепш свае веды пры сабе патрымаць?
напiсаў Раман Кардонскі 14.01.2003, 19:34


Цікава, каго меў на ўвазе везьдзясушчы Кардонскі, гаворачы "ніжэй калена"? Пра Сыса ўсе й
напiсаў Дзядзя Вася 14.01.2003, 19:46


так ведаюць.
напiсаў Дзядзя Вася 14.01.2003, 19:47


Мне нататкі падабаюцца. Бяз злосьці напісаны.
напiсаў Палівач 14.01.2003, 20:12


ПОЎНЫЯ “НАВІНКІ” Ў ЦЭНТРЫ МЕНСКУ

Гэтая гісторыя робіць на маіх замежных знаёмых большае ўражаньне за расповеды пра разгоны дэманстрацыяў і зьніклых людзей: “Як?! Затрымалі за чытаньне газэты!”

Ліпень 1998 году. Роськвіт тусоўкі на століках перад “Цэнтральным”. А-б-с-а-л-ю-т-н-а выпадкова сустрэлася журналюгаў 10-12. І зусім незалежныя, і з БТ, і паўзалежныя, карацей – тусьня. Міма ідзе хлопец Мікролка. Сам ростам невялікі, а пляцак за плячыма аграмадны. Ідзе, песеньку сьвістае, усунуў кожнаму ў рукі па газэтцы, і далей пашкандабарыў. Журналюгі чытаюць сьвежы (адзін зь першых) нумар “Навінак”, рагочуць…

Раптам вусатая морда чырвонага колеру з лычкамі на пагонах зазiрнула праз плячо
аднаго з журналiстаў, i вырашыла, што ў таго ў руках "запрашчонная лiтаратура". У чалавекаў сямi-васьмi забралi дакуманты. Убачыўшы спэктар “чэсных” і "нячэсных" прэс-картаў, сяржант разгубiўся толькi на
iмгненьне, i прапанаваў прайсьцiся ў "апарняк" на Iнтэрнацыянальнай.

Увесь час “высьвятленьня сытуацыі” Кася Камоцкая выходзiла папалiць. Чакаць давялося больш за гадзiну: то "байструк-бэпэсээмавец" (азначэньне міліцыянта), якi на "дабравольных началах" дзяжурыць у "Цантральным", прыцягне малога злодзея,
то яшчэ якая трасца здарыцца… Калi Кася пайшла палiць сёмы раз, аслупянелы мент, якi стаяў на выхадзе з пакою для затрыманых, схапiў Касю рукою (бо ж нельга затрыманым хадзіць тудой-сюдой). Гэта была ягоная памылка.

…Ужо праз пятнадцаць хвілінаў дзяжурны па пастарунку старэйшы Лейтэнат лямантаваў: "У мяне тэмпература трыццаць дзевяць, у мяне малы заробак, у мяне цэлая купа справаў малалетнiх злачынцаў, у мяне не бывае адпачынку, а вы прывязалiся з сваiмi глупствамi!". – "МЫ прывязалiся?.." .
Лейтэнант папрасiў прабачэньня. Але ад яго “адвязаліся” толькi пасьля таго, як ён у роспачы ледзь не пракрычаў "Ну, харашо, харашо -– у мяне працуюць бязмозглыя сяржанты!"

P.S.: Лейтэнант спазьніўся – у пастарунак ужо ўлятала “Тарнадо” Вера Страмкоўская. А "бязмозглыя сяржанты" тым часам пакралi ў затрыманых асобнiкi "Навiнак”.
напiсаў Квят. 14.01.2003, 20:46


Квята ляўры Глёбуса турбуюць. Шшшшшш… Шшшшш… Шшшшш…
напiсаў Зьмяюка Віртуальны 14.01.2003, 20:51


Гэта добра, што бяз злосьці, бо яе й так хапае. А меў на ўвазе зусім ня выпадак з Сысам. Проста няма жаданьня каб чарговы цэбар бруду перад табой выплёхвалі. Стаміўся…
напiсаў Раман Кардонскі 15.01.2003, 01:45


Бедны Кардонскі! Прымушаюць лезьці на Літару бруд сёрбаць! Стомлены, але лезе. Ліні чаго сьветлага, а то зудзіш толькі. Табе абы зрэагавалі на твой допіс, ня важна якім чынам. Цьфу!
напiсаў Ferry 15.01.2003, 18:23


Ferry

Шшшшшш…. Шшшшшш…. Шшшшшш….
напiсаў Зьмяюка Віртуальны 15.01.2003, 18:57


БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІ “AFRIKAN LANGUAGE”

Аднойчы вядомая менская журналістка Любачка Л. Наведала Лёндан. Едзе сабе ў мэтро, нікога не чапае. Народу ня надта шмат, але хапае. Побач чытае газэту тыпова брытанец – як з кіно пра Шэрлака Холмса, толькі люлькі ў роце не хапае. Але ўвагу прысутных прываблівае маленькі мурынчык гадоў чатырох-пяці. Хлопчык едзе зь вялічэзных памераў ўсьмешлівай (як з амэрыканскага кіно) маман. Чорнаму хлопчыку сумна, і ён забаўляецца. Забава палягае ў тым, каб падбегчы да пасажыра, і з усяго размаху пацэліць па каленнай чашаццы.

Любачка аслупянела назірае, як мама ня робіць ані заўвагі, а замілавана глядзіць на сыночка. Ахвяры-пасажыры ў сваю чаргу праз сьціснутыя зубы малююць на твары падабенства ўсьмешкі. (Ці пэдагогіка такая ў Брытаніі, ці расавага пытаньня баяцца, ці што іншае Любачка, ясна, ня ведае).

Сусед “Шэрлак Холмс” войкнуў і зморшчыўся : зачытаўся, і прагледзеў дывэрсанта. Надыйшла чарга Любачкі. Радасны мурынчык занёс ножку над цёцінай каленкай. Любачка скурчыла такую ж усьмешку, як у суседзяў, і прамовіла літаральна наступнае: “Милый мальчик, если ты сейчас же не успокоишся, и не сядеш на место, я в@ебу тебе так, что ты полетишь дальше, чем видишь”.

Хлопчык не зразумеў ані слова, але сьцішана прысунуўся бліжэй да маці, і больш зь месца не ўздымаўся. Калі Любачка выйшла на сваёй станцы, то заўважыла побач з сабою на эскалятары “Шэрлака Холмса”. Ён захоплена глядзеў на Любачку, і нарэшце вымавіў: “You save an afrikan language?” – “No. It’s a russian language”. – “It’s a beautyful language!”*
________________
* пардон за мой інгліш.
напiсаў Квят. 16.01.2003, 21:43


гыгыгыгыгы

напiсаў ancalot 16.01.2003, 21:53


Аднойчы менскаму журналісту Севярыну К. далі заданьне схадзіць на прэс-канфэрэнцыю да Мечыслава Грыба. Севярын ведаў пра гэтую падзею амаль за суткі і нават напярэдадні ў прысутнасьці калегаў са скурпулёзнасьцю зубра радыёжурналістыкі правяраў свой дыктафон.

"Я абавязкова схаджу туды!" - прысягаў Севярын. І ні ў кога не ўзьнікла сумневаў у тым, што ён выканае ўскладзеную на яго місію.

Аднак на наступны дзень Севярын К. некуды зьнік. Яго зь нецярпеньнем чакалі ў рэдакцыі і пачалі нават хвалявацца: ці ня здарылася чаго страшнага зь вядомым "нячэсным" журналістам? (Адбывалася гэта ўвесну 2001 году, перад выбарамі…)

Гадзіны праз тры-чатыры пасьля заканчэньня прэсавай канфэрэнцыі Севярын патэлефанаваў на працу і паведаміў дзяжурнаму рэдактару наступнае: "Ведаеш, тут да мяне нечакана прыехалі мае францускія сябры… Мы тут ходзім зь імі па вуліцах Менску, то я вырашыў, што мне ня трэба ісьці на гэтую прэсоўку. Зрабіце матэрыял самі, добра?"

Якім абаяльным ён быў у гэтую хвілю!

Не гыгыгы…
напiсаў RR 16.01.2003, 22:04


Кармась-пісьменьнік — Гыгыгыгы…
напiсаў r101 16.01.2003, 22:13


Кармася ён гэтак абаяць ня здольны.
напiсаў RAC 16.01.2003, 22:16


Аднойчы журналіст Севярын К. прамовіў у жывым этэры: "У хуткім часе ў Берасьцейскай вобласьці будуць караць жывёлаў-садыстаў… ой, прабачце, жывёлаводаў-садыстаў".

А пасьля было гыгыгыгы…
напiсаў RR 16.01.2003, 22:20


Усё-роўна гыгыгыгы — стылістыка падобная: "… далі заданьне схадзіць на …" Такі праект завалілі, яшчэ скажыце Севярын К. заваліў. (Гэта было 9 верасьня 2001?).
напiсаў r101 16.01.2003, 22:21


r101
Але ж не паслалі на…

Гы…

напiсаў RR 16.01.2003, 22:22


RR

Гэта ж слухаць трэба, гэта ж радыё…
Альбо ўвесь дыск публікаваць.
напiсаў r101 16.01.2003, 22:23


А ў той дзень, між іншага, не Кармась дзяжурыў…
напiсаў RR 16.01.2003, 22:25


Па-мойму, адной дзяўчынцы стала сумна балбатаць з Раманам К., і яна завітала сюды, дзякуй.
напiсаў Дзядзя Вася 16.01.2003, 22:27


Дзякуй за што? За тое, што пакінула форум Рамана К., альбо за тое, што завітала на форум да Севярына К.? ;-)

напiсала ODA 16.01.2003, 22:33


ОДА

За ўсё дзякуй!

Дарэчы, пра грыба ў мяне ёсьць цікавейшая гісторыйка. Распавяду спэцыяльна для цябе, толькі нікому не кажы!

У 1996 годзе галоўны рэдактар НН даў мне вельмі важнае заданьне: зрабіць інтэрвію з Грыбом, які тады яшчэ сядзеў у ВС. Я прыйшоў у салідны кабінэт (тады ўжо пару месяцаўяк не старшыні ВС)саліднага чалавека. Я дастаў дыктафон, Грыб дастаў дыктафон. Пагаварылі аддушы.

Я вярнуўся ў рэдакцыю, і высьветлілася, што кітайскі батарэйкі падвялі — нічога не запісалася. Я сеў за кампутар, і па-памяці напісаў інтэрвію (якое цягнулася гадзіны паўтары) памерам амаль на паласу. Інтэрвію ацанілі досыць высока, асабліва радаваўся Грыб.

Справа ў тым, што на месца сваіх пытаньняў я паставіў адказы Грыба, а на месца адказаў Грыба — свае пытаньні. "Нават лепей атрымалася", — задаволена зазначыў Мечыслаў Іванавіч.

напiсаў Дзядзя Вася 16.01.2003, 22:41


Вядомы журналіст Віктар М.(К.)неяк вырашыў "прагнуцца перад начальствам" пасьля чарговага ляпу. Поўны, як заўсёды, найлепшых і найчысьцейшых памкненьняў і гатовы казаць толькі аб'ектыўна пра рэальнае, ён накіраваўся асьвятляць візыт прадстаўнікоў БАЖ у Жодзінскае СІЗА, дзе ўлетку 2001 году пакутваў у няволі Валер Шчукін.

На чале групы "нячэсных" журналістаў была сама Жанна Мікалаеўна Літвіна. Пры сустрэчы са слынным праваабаронцай яна настолькі расчулілася, што загаварыла на малазразумелай мове: "Как жа мы рады вас бачыць! Вы не прэдстаўляече, сколькі жалаюшчых была вас увідзечь, мяне аж на клочча разьдзіралі…" (Жанна Мікалаеўна, у дужках заўважым, чалавек эмацыйны!)

А вядомы журналіст Віктар М.(К.) старанна ўсё гэта запісваў на дыктафон. Па вяртаньні ў Менск ён сачыніў пранікнёны рэпартаж пра візыт у Жодзінскае СІЗА ды ўставіў туды стужку, дзе прэзыдэнт БАЖ кідала вышэй памянёныя рэплікі. Усё пайшло ў этэр, прычым мадэратарка Юлія Ш., якая ў той дзень вяла праграму і не пасьпела адслухаць чарговы шэдэўр юнай зоркі беларускага радыё, ледзьве не павалілася з крэсла ў студыі, калі пачула ў навушніках "…мяне на клочча разьдзіралі…"

Пасьля этэру спадарыня Літвіна патэлефанавала ў Варшаву і сказала гукарэжысэру наступнае: "Там у сюжэце М. ёсьць я… Зрабі так, каб мяне там больш ніколі не было".
напiсаў RR 16.01.2003, 23:04


RR

Так можна далёка зайсьці — Кардонскі ня любіць…


напiсаў r101 16.01.2003, 23:09


Чаму не? Тут -жа няма ніякай абразы і выплёхваньня бруду.
напiсаў Раман Кардонскі 16.01.2003, 23:52


Ну то дзякуй. :-)))


напiсала ODA 17.01.2003, 00:00


Дарэчы зірнуў я на здымак Севярына пад ягоным аповядам у каляднай НН і проста аслупянеў ад зьдзіўлёньня. Гэта-ж трэба такі "сьцябелёк", а такі харобры. А ну, хлопцы, не дамо крыўдзіць нашага адважнага "васілька"…
напiсаў Раман Кардонскі 17.01.2003, 00:40


"Сьцябелёк" - гэта, відаць, ад "сьцёб". Бо камплекцыя ж у Севярынчыка зусім ня кволая.
напiсаў RR 17.01.2003, 00:47


Няўжо? А на здымку ён такі кволенькі, што мой кот Уінстан мажней за яго выглядае…
напiсаў Раман Кардонскі 17.01.2003, 00:51


Właśnie tak! Паверце, пляшак у адной кампаніі віпіта нямала.
напiсаў RR 17.01.2003, 00:55


"Сьцябёлку" 30 гадоў, а здымак стары.
напiсаў нн 17.01.2003, 20:04


МУТАНТЫ Ў МЕНСКУ

На зьезьдзе інтэлегенцыі ў мінулую нядзелю Анатоль Белы бяз словаў узяў, і ўрэзаў па твары Станіслава Шушкевіча.
напiсаў Дзядзя Вася 20.01.2003, 20:20


Ім абодвум варта ўрэзаць. Кожнаму за сваё.
напiсаў Злы 20.01.2003, 22:01


Цікава было б зірнуць на сход бел-інтэлегенцыі, калі б кожны з удзельнікаў вырашыў бы ўрэзаць таму, каму лічыць вартым.
напiсаў Дзядзя Вася 20.01.2003, 22:08


МУТАНТЫ Ў МЕНСКУ-2

Аднойчы некаторыя харошыя людзі зь беларускае дыяспары ў Злучаных Штатах сабралі колькі грошай, і перадалі на падтрымку адной (адзінай?) культуралягічнай газэты ў Беларусі. Не тое, каб шмат грошай, але на выданьне аднаго нумару хапіла б. А паколькі ў той момант на Бацькаўшчыну вяртаўся хтосьці па імяні Анатоль Белы, дык грошы перадалі зь ім. А Белы прыйшоў у рэдакцыю той газэты, і кажа, маўляў, грошы маю, але не аддам, пакуль не напішаце пра мяне добры артыкул. Што было рабіць? Людзі ўсе інтэлегентныя. Крызіс быў фінансавы… Цяпер ужо ясна – біць у рыла.

напiсаў Дзядзя Вася 21.01.2003, 17:27


Дзядзя, дзякуй табе за ўсё! :-)))
напiсала ODA 21.01.2003, 18:02


ШУШКЕВІЧ, ВЯРОЎКІН І АНДРЫЕЎСКІ

Чаму Шушкевіч выпусьціў уладу ў рукі хамаў, і прапусьціў “пілюлю” ад рукі хама? Таму, што ён сапраўдны клясычны інтэлегентны чалавек. За тое, што “інцялягент найшоўся”, яго ня любяць пралетары. За тое, што “інтэлегент мяккацелы” ня любяць тыя, хто ня любіць пралетараў. Усё правільна, але ж у жыцьці Шушкевіча было месца подзьвігу. Адзін зь іх здарыўся ў часе сустрэчы кіраўніка дзяржавы Шушкевіча з студэнтамі й выкладчыкамі БДУ ў 1992(3)-м годзе. Сустрэча ладзілася ў актавай залі галоўнага корпусу й яблыку ўпасьці не было дзе. Але напачатку трэба акрэсьліць фігуру студэнта гістфаку Вяроўкіна (ды не пакрыўдзіцца аніводны з прысутных тут рознага кшталту зуброў!).

Вяроўкін уразіў нас – першакурсьнікаў – расповедам пра тое, як у савецкім войску дзесьці на Поўначы ён вывесіў у казарме беларускамоўную насьцен- газэту, прысьвечаную Дню Волі. А яшчэ нас уражвала: як чалавек з такім экзатычным прозьвішчам можа быць беларускім шляхціцам?! З новага корпусу гістфаку (колішняга філфаку) зьнялі шыльду з БССРаўскай “капустай”, а з “Пагоняй” не павесілі. Засталося драўлянае “ложа”. Я намаляваў крэйдай на дрэве: “У гэтым будынку з такога вучыўся … Уладзіслаў Вяроўкін”. Два месяцы літары сустракалі студэнтаў і выкладчыкаў ажно пакуль дэкан заўвжыў. І ўрэшце, пра папулярнасьць асобы Вяроўкіна сьведчыць той факт, што у адным са студэнцкіх спэктакляў мае аднакурсьнікі выкарысталі імя Вяроўкіна як пэрсанажа (у нас быў зьнешне падобны аднакурсьнік). Пэрсанажа абсурднага, бо ўся роля заключалася ў тым, каб у самы непадыходзячы момант голас за кулісамі абвяшчаў: “І тут зьявіўся Вяроўкін”. Пэрсанаж казаў кшталту “а што вы тут робіце?”, і сыходзіў.

Што да Андруся Андрыеўскага, ён быў цэнны калярытным выглядам. Вялікі правільнай формы лысы чэрап з даўгой касічкай, бледны твар, чорныя вочы, і густыя чорныя бровы, якія сыходзяцца на пераносьсі. Калі Андрыеўскі прасіў на вуліцы цыгарэту, давалі дзьве, а то й тры.

Але ўласна да сустрэчы. Яна транслявалася ў простым этэры 1-га каналу радыё. Цыдулкі з пытаньнямі прымаў асабіста рэктар Капуцкі. Пытаньні былі ў асноўным пра заробкі настаўнікам, пра закупку казахтанскага збожжа, пра пастаўкі нафты і д.п. І вось, мой прыяцель паслаў сваю цыдулку: “Станіслаў Станіслававіч, гавораць, што вы паляк, ці праўда гэта?” Шушкевіч пачаў адказваць, і расперажываўся. Казаў пра маці-каталічку, пра адно шаснаццатую польскай крыві, урэшце, раззлаваўся на аўтара пытаньня, і на сябе – за тое, што пачаў так доўга і сур’ёзна тлумачыць. Ледзь скончыў.

Шушкевіч адказваў на мове пытаньня, тобок працэнтаў на восемдзясят па-расейску. Наступная цыдулка была такая, маўляў, тут ёсьць замежныя студэнты з этнічных бел-земляў, дык адкзвайце на зразумелай усім прысутным мове – беларускай”. Але Капуцкі пачаў цэнзураваць цыдулкі, і нашую паперку не прапусьціў.

Зь цягам часу пытаньні й адказы пра заробкі, збожжа й нафту рабіліся ўсё больш зануднымі. І вось мы напісалі наступную – трэцьцю – цыдулку. А каб яна напэўна патрапіла да выступоўца, мы адправілі ў экспэдыцыю Андрыеўскга. Андрусь узьняўся з прыступак, дзе сядзелі тыя, каму не хапіла крэслаў, і годна й ўпэўнена прасьледваў праз усю актавую залю. Лёгка ўскокнуў на сцэну, уразвалачку падыйшоў да гербавай катэдры, ляснуў цыдулку перад носам Шушкевіча, і спакойна вярнуўся на месца. Заля аслупянела. “У яго былі квадратныя вочы”, – распавядаў пасьля Андрусь.

Неўзабаве інцыдэнт забыўся – настолькі захапляльныя рэчы абмяркоўваліся: заробкі, збожжа, нафта…

І раптам у цішы залі і ў этэры Беларусі з вуснаў Шушкевіча прагучалі словы: “Станіслаў Станіслававіч, а вось Вяроўкін кажа, што ўсё гэта лухта й няпраўда. А вы як лічыце?”.

Паўза.

Істэрычныя сьмяшкі з розных месцаў залі.

Паўза зацягнулася.

Шушкевіч зморшчыўся, раскрыў рот для адказу, і…

Адклаў цыдулку!

Пераадолеў сваё інтэлегенцтва, зрабіў няветлівы ўчынак – не адказаў на пытаньне.

P.S.: Дэкан Шупляк сьвідраваў вачыма разгубленага Вяроўкіна. Бацька майго прыяцеля сказаў ўвечары на кухні: “Слухаў сустрэчу майго сябра Шушкевіча з вашым БДУ. Добрая была сустрэча, праўда нейкія ідыёты сапсавалі ўражаньне”.

напiсаў Квят. 21.01.2003, 19:50


ЯНОЎСКІ, АЛЕГ ІВАНАВІЧ

Аднойчы ў 1992-м годзе я не пайшоў на апошнююю "пару". Ясна, было сачкаваньне не аднойчы. Але той дзень быў знамянальны, бо быў адным зь першых, калі гістфак БДУ з галоўнага корпуса перасялілі ў колішні філфак. Я зайшоў у буфэт, і ўзяў пляшку піва. У тыя часы ў буфэтах некаторых ВНУ прадавалі піва. А ў колішняй партшколе, цяпер філфаку, ад камуністаў засталіся таксама: каньняк, шампанскае, сухачы розныя, мадэра, херэс… Вось туды, на філфак нам і давялося хадзіць.

А справа ў тым, што я ўзяў яшчэ пляшку піва. Зайшоў аднакурсьнік, далучыўся зь півам. Праз паўгадзіны нас было пяцёх… Калі зайшоў тагачасны намесьнік дэкана Яноўскі, усе пяць круглых сталоў былі ссунутыя разам, і чалавек зь пятнаццаць-дваццаць у абдымку гайдаліся й сьпявалі: "Дробна драбніца, дробна драбніца"… Ад наступнага дня й дагэтуль піва не прадаюць на гістфаку БДУ.

Праз некаторы час я прынес на гістфак гульню "покер". Ад восьмай ранку да адзінаццатай вечара старыя парты ў холе перад уваходам у актавую залю на другім паверсе "засядалі" гульцы. Палілі, пілі піва, праігрывалі й выігрывалі па дзьве-тры стыпэндыі запар. Калі зьяўляўся Яноўскі, адно спынялі лаяцца матам. Яноўскі казаў: "Гуляеце? Ну-ну. Сустрэнемся на іспытах".

Яноўскі прымаў іспыт на трэцім курсе — па старажытнай расейскай гісторыі. Перад іспытам я апрануўся наступным чынам. Сьветлы пінжак, сьветлая кашуля, гальштук-"селядзец" каапэратыўнае вытворчасьці 1987 году, начышчаныя пантофлі, і драныя-перадраныя джынсы 1985 году выпуску. 38 латак, 157 дзірак — проста шык! Маці стала перад дзьвярыма й сказала штосьці накшталт "толькі праз мой труп". Давялося пераапранацца на лесьвічнай пляцоўцы.

І вось, у драных джынссах я здаю іспыт па расейскай гісторыі. Пытаньне патрапілася сумнае, пра 1634 год, пра канчатковы захоп Смаленску маскалямі. Я распавёў. А Яноўскі пытаецца: "Назавіце імя расейскага афіцэра, які найбольш вызначыўся ў бітве". Я, блін, буду яшчэ іхных "матросавых" вучыць!

А цяпер, уласна дзеля чаго гэта ўсё распавядаю. Яноўскі ўзяў залікоўку, і сказаў: "Квяткоўскі, ты ж разумны хлопец! Навошта я буду цягнуць цябе на "чацьверку"?" І паставіў трайбан.

напiсаў Квят. 18.02.2003, 20:14


Напрыканцы першага курса размаўляем з прыецелем. "Ведаеш,— кажа, а вось такі й такі на цябе крыўдуе". — "За што?! — дзіўлюся, — я ж зь ім ні разу не размаўляў!" — "Вось, за гэта і крыўдуе".
напiсаў Квят. 22.02.2003, 19:46


СОТНІКАЎ І КУЛЬТАВЫЯ КНІГІ

“Рускі пісацель” — Воўка Сотнікаў сам прыдумаў сабе гэткі тытул. Як цяпне гарэліцы, так і пачынаецца — ходзіць па інтэрнацкім калідоры і ўсім, каго сустрэне: “Я — рускі пісацель!” Інтэрнат, па якім соўгаўся Воўка, стаяў у Маскве, на вуліцы Руставэлі, і належыў Літаратурнаму інстытуту. Таму пісьменьнікі асабліва не дзівіліся п’яным заявам. Хочаш быць рускім? Будзь! Хочаш пра тое сказаць кожнаму сустрэчнаму? Кажы! Гомельскі Воўка казаў. Яшчэ ён казаў, што мала атрымлівае за раманы. Тут — мала, а дзе — многа? Муамар Каддафі! О-о-о! Колькі табе заплаціў Каддафі? 700 баксаў! За раман ты атрымліваеш больш. Дык раман трэба самому пісаць, а тут Муамар напісаў, а я толькі на белмову пераклаў. Хіба ты можаш на мове пісаць? За 700 баксаў магу і на мове. Пра тую размову я згадаў, калі ў “Нашай Ніве” пабачыў артыкулы пра пераклад кнігі Ніязава “Рухнама”(духоўнасьць). Сільчанка, Кудравец, Бутэвіч і Дранько-Майсюк пераклалі опус правадыра Туркменіі на тутэйшую мову. Падзарабілі, мусіць. Не асуджаю. Разумею. Не вітаю. Дзівіць мяне “НН”, якая пляжыць і пляжыць белпісьменьнікаў. “НН” параўноўвае “Рухнама” з “Майн кампф”. Ну і параўнаньне?! Далей, яшчэ цікавей… “Ці можа хто-небудзь назваць імя хоць аднаго вядомага пісьменьніка, які ў свой час пераклаў на сваю родную мову “Майн кампф”…?” Бяда ў тым, што шмат вядомых людзей падтрымлівала фашызм. Гэта бяда ўсяго чалавецтва. Па-першае: Гамсун у Нарвегіі, Марынэці ў Італіі, Селін у Францыі супрацоўнічалі з фашыстамі. Па-другое: у камуністычных краінах “кампф” перакладаўся для “службовага карыстаньня”, пераклад маглі замовіць і вядомаму і таленавітаму, за адмаўленьне можна было атрымаць кулю ў патыліцу. Такі быў час. “НН” не назвала перакладчыкаў Гітлера і Каддафі. “НН” чарговы раз плюнула ў бок беларускіх літаратараў. Я назваў перакладчыка “Зялёнай кнігі” правадыра Лівіі на беларускую мову, і цешуся тым, што ён — “рускі пісацель”.

напiсаў вят. 22.02.2003, 20:00


Дык у нас і крытыкаў з палітолягамі (ідыолягамі) амаль няма. А ты кажаш "НН"…
напiсаў Квят. 22.02.2003, 20:10


ПІВА, БАНДЭРА І ПРЫНЦЫПОВАСЬЦЬ

Першы курс. Іду па праспэкце ля Кастрычніцкай. Іду й ведаю, што зусім побач на маім факультэце адзначаюць Дзень гісторыка. Там весела (і піва яшчэ прадавалася). А ў кішэні ані "вавёркі". А што за студэнкае сьвята бязь піва? Розум гаворыць: "Ідзі, як ідзеш, дыхай сьвежым паветрам". А нутраны голас кажа: "Ну, ясна! даваё, рулі на гістфак". Я й паруліў.

Хажу-тусуюся, яшчэ мала каго ведаю — нават "стрэльнуць" на піва няма ўкаго. Ажно бачу выкладчыка з жовто-блакітным і бел-чырвона-белым значкам — "два ў адным". Выкладчык на падпітку, зь чарговай пляшкай піва ў руках. Я падыходжу, і кідаю фразу, у якой прысутнічае слова "Бандэра". "Ну-ка, ну-ка, малады, чалавек, што вы там сказалі пра Бандэру?" Ну, кажу, што файны вобраз — Бандэра, грунтоўны, ёмісты…

…Калі выкладчык прастаўляў мне восьмую пляшку піва (ну не весьці ж размову без піва!), я зразумеў, што ўжо мала разумею (малады быў яшчэ). Заставалася толькі адчуваньне захапляльнае дыскусіі. па адзінаццатай пляшцы на разьвітаньне выкладчык мне сказаў: "Ну, Квяткоўскі, вы мне будзеце здаваць і здаваць!"

І праз год я пачаў здаваць і здаваць: з тройкі на чацьверку. Таму што Ігар Арэставіч Яўтухоў прынцыповы чалавек. А гісторыю Сярэднявечча я так тоўкам і ня вывучыў. Затое піва цяпер магу выпіць сапраўды шмат.

напiсаў Квят. 22.02.2003, 20:59


Даводзілася ведаць Яўтухова. Класны хахол, праўда, крыху заціснуты ў акадэмічныя краты.
напiсаў Маnn Kurt 22.02.2003, 22:05


2вят.
Блытаныя думкі, блытаны камэнтар. Думаеш, "Рухнама" далёка ад "Майн кампф"? А ты чытаў і параўноўваў? Можаш абгрунтавана, з доказамі і цытатамі пацьвердзіць?
Што да перакладчыкаў "Рухнамы" на беларускую… Вунь Анатоля Кудраўца, дарма што таксама перакладчык, ЦІХАМА прынялі ў Беларускі ПЭН-цэнтар - "цытадэлю дэмакратыі".
напiсаў няПЭНіс 24.02.2003, 21:24


Думаеш, "Рухнама" далёка ад "Майн кампф"? А ты, няПЭНіс, думаеш блізка? Думаеш я пабягу іх чытаць? Не пабягу. Думка мая празрыстая…
Перакладчык мусіць мець талент адпаведны арыгіналу. Лепш калі талент перакладчыка пераўзыходзіць талент аўтара тэкста. Перакладаць трэба і Бэна Ладана, і Аладзіна, і Гітлера, і Гамсуна, бо людзі маюць права ведаць з кім, з якім Кім Чэн Ірам і Кім Ір Сэнам, жывуць на гэтае зямлі. А тое, што ты няПЭНіс, мне не баліць.
напiсаў вят. 25.02.2003, 00:22


ФРАНЦЫСК СКАРЫНА І САЮЗ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ

Нядаўна ўзгадалі пра Саюз Пісьменьнікаў: “Чапай- не чапай, старыя-новыя, могуць-нямогуць, навошта-на тое”… Аднойчы СП дапамог мне адчуць сябе пераможцам.

Ад 1988 году ў школе мяне клікалі “пан Квяткоўскі”. Ад 30 кастрычніка. Да 1990-га году пры сустрэчы дырэктарка ў мяне гульліва пыталася: “Ну, калі, Квяткоўскі, ты ўжо дубінкай атрымаеш?” На той час мне забаранялі толькі адно – насіць плямістыя нагавіцы-“варонкі”. Насіў патлы, насіў “Пагоню” ў Троках набытую, насіў нават значак, набыты ў праваслаўнай Катэдры –– Сьв. Уладзімера, нават кашулю чорную насіў… Ясна, ня толькі насіў, але яшчэ й гаварыў: усё, што думаў пра СССР, Леніна і д.п. Зь гісторыкам паспрачаўся калі разпадзецца Саюз. Я казаў праз пяць гадоў, а ён – праз 20 (заставаўся год).

Ставіліся да мяне хутчэй як да хвулігана-прыкольшчыка. І вось, у 1990-м адзначаюць 500 гадоў Скарыну. У нас у школе ўрачыстая вечарына з тэатральнай пастаноўкай, песьнямі і ўсё такое. А на заканчэньне – выступ “беларускі пісьменьнікаў”. Адмыслова запрасілі з СП. Урачыстасьць скончылася, а пісьменьнікаў няма – спазьняюцца. Заля чакае. Дырэктрыса з завучыхамі й вядушчымі спэцыялістамі сядзяць сільна важныя. І раптам расчыняюцца дзьверы, і ўваходзяць пісьменьнікі!

Адзін у джынсах, скуранцы, з гітарай і зь бел-чырвона-белай стужкай на даўгіх сьветлых патлах. Сокалаў, значыць. Я гляджу на твары дырэктаркі з кумпаніяй, і бальдзею. Другі пісьменьнік у швэдры і з чорнай барадой пад колер вачэй – Арлоў. І пачалося…

І “фронт-фронт-фронт”, і “прыляцела з крыламі сьвіньня”, і пра гераічных продкаў, якія ганялі маскалёў. Гэта было маё сьвята – “пана Квяткоўскага”.
Апошні акорд – япапрасіў Арлова падпісаць “Дзень, калі ўпала страла”. Папрасіў па-беларуску, і ўбачыў вельмі зьдзіўленыя вочы. Я быў першы, хто зь менскіх школьнікаў зьвярнуўся да “беларускіх пісьменьнікаў” па-беларуску ў іхным турнэ.

Так што, можа й цяперашн СП, дакладней, СПшнік дзесьці міні-рэвалюцыю зрабіць можа… А пасьля той вечарыны кіраўніцтва школы пачало ставіцца да маіх “прыколаў” сур’ёзна.

напiсаў kviat 13.03.2003, 12:21


Дзеці-дзеці, куды вас падзеці?…
напiсаў люцік 13.03.2003, 12:42


ВУСЫ, ТРАМВАЙ І ШВОРЫК

Хто такі Шворык, дзе ён і чым займаецца я цяпер ня ведаю, як і дзесяць гадоў таму. Шворык – даўні прыяцель маёй даўняй прыяцельніцы Олі, якую я цяпер бачу гады ў рады. А на пачатку 1990-х гасьцяваў часьцяком. Я запомніў мянушку Шворык, бо мянушка прыкольная й выразная. Тут і Шарык, і Швондзер і Шурык. Аднойчы Оля распавядала штосьці сьмешнае пра Шворыка. Здаецца, дзівілася, што той паступіў у ВНУ.

А пра вусы я ўзгадаў, калі прачытаў эсэ Алега Дашкевіча “Як беларусы вусы гадуюць”. Мне падаецца, што ЛІТАРАнскі апанэнт Сяргея Дубаўца Алесь Белы ня мецьме вусоў, бо інакш Белы ніякі не манкурт. Шчырабеларус не існуе па-за вусамі. Асабліва мастак. Зайдзіце на выставу суполкі “Пагоня” і пераканайцеся. А вось Глёбус вусы ня носіць, цяпер. А ў юнацтве насіў. Час такі быў. Зрэшты, бываюць яшчэ бароды, бародкі й падбародкі…

Як бы там ні было, я зь дзяцінства глядзеў на свайго бацьку-мастака й хацеў таксама мець вусы. Да дваццаці гадоў адгадаваў як трэба. Ага… Значыць вяртаюся я ад Олі ў трамваі нумар 1, зь Зялёнага Луга ў Цэнтар. Перада мной два маладзейшых хлопцы, абмяркоўваюць хто паступіў, хто не. “Шворык, здаецца, не паступіў”, – кажа адзін. “Не, – кажу, – паступіў Шворык”. Хлопцы зьдзіўлена адзірнуліся, падзяквалі за інфармацыю, і працягнулі сваю размову.

Праз тыдзень я зноў у Олі. Яна са сьмехам пераказвае гісторыю сваіх знаёмцаў: “…І тут я сказаў, што Шворык не паступіў. А з-за сьпіны голас, маўляў, не, паступіў ваш Шворык, паступіў. Мы, блін, паварочваем галовы, а там сядзіць такі… Ну… З тыквай беларускага нацыяналіста!”

напiсаў kviat 13.03.2003, 13:09


Гэта было маё сьвята – “пана Квяткоўскага”.


Паны Ў Wa-wie, господа в Париже.
У Менску — таварышы.
напiсаў towarzysz 13.03.2003, 13:20


Бач', мая таварыш дырэктарка была неадукаваная.
напiсаў kviat 13.03.2003, 13:28


У пачатку мінулага лета на Менску папаўзьлі чуткі пра тое, што Квяткоўскі быццам бы пабраўся шлюбам. Нам не вядома, як на гэтую няспраўджаную інфармацыю адрэагавалі шматлікія прыхільніцы Севярына, аднак калегі і прыяцелі за яго былі ад душы парадаваліся.

Пачалося ўсё з чаго - патэлефанавала ў агенцыю БелаПАН нейкая беларускамоўная дзяўчына і папрасілася на працу. У гутарцы з галоўным рэдактарам Класкоўскім яна заявіла, што ў журналістыцы нічога ня кеміць, аднак спадзяецца, што "ейны муж Севярын Квяткоўскі дапаможа ёй у працы".

У Класкоўскага, перафразуючы выраз зь вядомай расейскай байкі, "от наглости такой в зобу дыханье сперло", і патэлефануй дзяўчына яшчэ раз, агарошаны рэдактар даў бы ёй працу. Але не патэлефанавала.

Грамадзкасьць, да якой дайшлі чуткі пра наяўнасьць нейкай Севярынавай жонкі, ацаніла трапнасьць рэплікі дзяўчыны - зусім у манеры Квяткоўскага. Сапраўды ідэальная пара, радаваліся многія. І дзе толькі ён такі ідэял знайшоў?

Аднак інфармацыя не пацьвердзілася і не пацьвердзіцца, напэўна, ніколі, бо паводле прызнаньня аднаго менскага журналіста, Квяткоўскаму занадта ў картах шанцуе, каб быць шчасьлівым у каханьні ды шлюбе.

Зрэшты, што за дзяўчына прысвоіла сабе тытул Севярынавай дружыны, дагэтуль засталося загадкай. ;-)
напiсаў сарока на хвасьце прынесла 13.03.2003, 15:43


Для тых, хто ня ведае:
1) Квяткоўскі - вядомы ў Менску сэрцаед;
2)сьціпласьць ніколі не была ягонай цнотай;
3)ён філёзаф па жыцьці, таму шмат чаго можа сабе дазволіць.
напiсаў сарока 13.03.2003, 16:02


Квяткоўскі - вядомы ў Менску сэрцаед

Ваў, канібалы ў горадзе. У вар'ятню яго.
І многа сэрцаў з'еў? А, пані з БелаПАНу?
напiсаў ? 13.03.2003, 16:21


Ну, ня ведаю, колькі там сэрцаў ён зьеў - не пыталася я ў Квяткоўскага. Ды ён і сам ня скажа, бо ў глыбіні душы ён чалавек прыстойны, таму кампрамэнтаваць сваіх дам ня стане.

Мне, як і належыць сарокам, якія носяць на хвасьце навіны, даводзіцца лётаць па розных рэдакцыях, але гняздо маё сапраўды ў БелаПАНе, дакладней, у ягоным пабочным праекце. :)
напiсаў сарока 13.03.2003, 17:45


БНР, “Я НАРАДЗІЎСЯ ТУТ”, і “БАСОТА”

“А які ў БНР быў гімн?” – запытаўся нядаўна калега. А хто ведае? А не было, бо не пасьпелі прыняць-прыдумаць. А які гімн будзе ў адроджанай-дэмакратычнай-эўрапейскай Рэспубліцы Беларусь? Я б ухваліў “Маю краіну” “Новага Неба”. Але ж, пэўна, рытміка не гімновая.

Дагэтуль дыскутуюцца чатыры варыянты: “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Пагоня”, “Разьвітаньне з Радзімай” і “Магутны Божа”. Пэрсанальна мне больш дарэчнай падаецца “Пагоня” – баявітая й выкшталцоная адначасова. “Разьвітаньне” файнае, але ж разьвітаньне ёсьць разьвітаньне. “Магутны Божа” – малітва, альбо рэлігійны гімн. А “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”…

Ня памятаю як на дыску, а на апошнім канцэрце “Я нарадзіўся тут” “Мы выйдзем” ідзе перад іншымі гімнамі. Ад пачатку канцэрту панавала ўрачыстая, але опэрная атмасфэра. Цалкам забіты публікай К(п)З “Мінск” сядзеў. Плёскаў, але сядзеў на месцах. АМОНаўцаў было ня шмат ( у К(п)З прынята пэрыядычна асаджваць публіку, якая ўскоквае зь месцаў). Зрэшты, публіка была не падлетковая збольшага.

Ня ведаю як каго, а мяне перасмыкнула, калі я ўпершыню пачуў вэрсію “Мы выйдзем” у выкананьні Вэранікі Кругловай. “Бедныя змагары-эмігранты”, –падумаў я. Гэта ж так пазьдзеквацца з ідэалу! Прасьпяваць гімн па джаз-блюзу на мяжы з крыўляньнем. Але на дзіва, на канцэрце “зайшло” нармальна нават без піва.

Я дарэчы, маю правіла: нават па адной пляшцы піва не пайду ў касьцёл слухаць арган, і наадварот – хаця б без адной пляшкі піва не пайду на рок-канцэрт. А ў той вечар пайшоў без піва ў арганізьме, бо так трэба было. І вось сяджу, слухаю, нужуся з публікі трохі. Ну, сапраўды, тут такі драйв, а яны сядзяць як на пленуме палітбюро ЦК! Думаю, можа бяз піва ня коціць па-просту? Ну дзясятак АМОНаўцаў у залі, дык іх жа зьнесьці зь дзьвярыма разам можна пры жаданьні.

Адсьпявалі “Мы выйдзем”, адсьпявалі яшчэ штосьці, аж заля пачала ўздымацца. Што? Чаго? Абвесьцілі “Пагоню”. Ня ўсе адразу, але ўзьняліся, азіраючыся адзін на аднаго. Толькі прыселі – “Разьвітаньне з Радзімай”. Тут узьняліся хутчэй. Хтосьці хістаўся ў такт музыцы, прыскокваў, хтосьці стаяў, склаўшы рукі, з сур’ёзным тварам. Ну а на “Магутным Божы” ўзьняліся ўмомант. І не сядалі да канца выступу. Адчуваньне, нібыта ў бажніцы й на стадыёне адначасова. Вось і рэйтынгавая табліца гімнаў у адной асобна ўзятай канцэртовай залі.

Што да ўгодкаў БНР, сытуацыя за 85 гадоў мала зьмянілася што да агульнай песьні. Вулічныя дэманстранты як ня мелі яе агульнай, гэтак і ня маюць. А ёсьць яшчэ беларусы–ня вулічныя дэманстранты, міліёнаў гэтак дзевяць з гакам. Калега паслухаў мае разважаньні ды кажа: “Я б “Бедну басоту” ў выкананьні сымфанічнага аркестру зрабіў бы гімнам – ведаюць усе”.

напiсаў kviat 25.03.2003, 13:51


Заходзім у кавярню "Тройка", што ля пляца Свабоды. Каляжанка пытаецца:

— Які ў вас самы танны каньяк?

— Водка.
напiсаў kviat 27.03.2003, 00:33


Квяткоўскаму

Калі будзе гісторыя пра "шикагных и кгупных" катоў?
напiсала ODA 27.03.2003, 09:43


Юля, прывітаньне! ;-)
напiсаў Заякот 27.03.2003, 11:06


ЦІМОША І ГАБРЭЙСКАЕ ПЫТАНЬНЕ

– Скажіце, і как Цімоша?

Мы дапамагаем Касі рабіць рэпарацыю ў новай кватэры, і чуем адказ на пытаньне амаль кожны дзень. Восень 1995 году, Кася набыла вялікую кватэру ў старым доме ля пляца Калініна. Набыла ў габрэйскай пары пэнсійнага веку па прозьвішчы Карась. Старыя вельмі не хацелі зьяжджаць ў Нямеччыну, але дзеці настаялі. Кася набыла кватэру разам з… катом. Кот быў малады, невялікі, хударлявы, па мянушцы Цімоша. “Добра, што не Ваня”, – жартавалі мы. Спадарыня Карась плакала, калі разьвітвалася з жывёлкай, і ўзяла з Касі абяцаньне даглядаць-гадаваць Цімошу.

І вось, праз пару тыдняў па ўлазінах у новую кватэру пачаліся тэлефанаваньні. Не з Бэрліну (бо дорага), а з Масквы. Тэлефанавала сястра спадарыні Карась, жанчынка, якая апошні раз была ў Менску гадоў дваццаць таму. Натуральна, яна ніколі не бачыла Цімошу, які жыў на сьвеце ня больш за год.

– Скажіце, і как Цімоша?

Кася ў чарговы раз распавядае, які файны Цімоша, як яму добра жывецца, як яго ўсе любяць, і якімі выкшталцонымі рысамі вызначаецца ягоны характар. Са слухаўкі чуваць голас:

– Да, да, да, замечяцельный кот. І главное – кгупный такой!
напiсаў kviat 28.03.2003, 13:22


kviat
:-)))

РАІСА ІСААКАЎНА І САКРЭТЫ ПРЫГАЖОСЬЦІ

Гаспадыня, у якой я здымала пакой у першыя месяцы свайго быцьця ў Менску, была жанчынай адзінока
напiсала ODA 28.03.2003, 16:23


Ода, а чаму гісторыю ня скончыла пра гаспадыню? Што вы там зь ёй рабілі? Дарэчы, кот быў не "замечяцельный", а "шікарный".
напiсаў рамонтнік 28.03.2003, 16:36


рамонтнік

Глюкі-с! Вось гісторыя цалкам.

РАІСА ІСААКАЎНА І САКРЭТЫ ПРЫГАЖОСЬЦІ

Гаспадыня, у якой я здымала пакой у першыя месяцы свайго быцьця ў Менску, была жанчынай адзінокай і самотнай. А якой яшчэ можна быць, як ні самотнай, калі табе пяцьдзясят два гады, твае бацькі памёрлі, сваякі занадта занятыя людзі, каб дзякуючы ім можна было штодня наталяць голад чалавечых дачыненьняў, а сталай працы — найлепшы спосаб структураваньня часу, сказалі б псыхолягі — няма? Таму Раіса Ісаакаўна страшэнна сумавала. Мяркую, вольны пакой у сваёй кватэры яна здавала дзяўчатам толькі для таго, каб было з кім пагаманіць увечары.

Гаманіць яна любіла, хоць я і не падзяляла гэтае захапленьне. Асабліва ёй падабалася ў дэталях распавядаць пра свой сьціплы шлюбны досьвед, набыты некалі ў раньнім юнацтве. Яна выйшла замуж гадоў у дваццаць, але муж аказаўся "мярзотнікам" і хутка зьехаў некуды на Поўнач гады на два, прычым за ўвесь час адсутнасьці "благавернага" Раіса Ісаакаўна не атрымала пра яго ніводнай весткі. Потым муж вярнуўся, хуценька зь ёй разьвёўся і зноў зьнік — цяпер ужо гадоў на дваццаць. Зноў яна сустрэла яго ў тралейбусе: былы муж ажаніўся зь іншай, зрабіў двух дзяцей, а пра першую дружыну нават ня згадвае. Мярзотнік — што яшчэ пра такога скажаш!

Наколькі я магла зразумець, у далейшым асабістае жыцьцё Раісы Ісаакаўны ня складвалася, аднак надзеі яна не губляла. Тым болей, што вечна п'яны сантэхнік зь мясцовага ЖЭСу, які часта прыгодзіў рамантаваць вечна паламатыя краны на кухні, намякаючым позіркам на яе паглядаў і "щипался".

— Он щиплется! Я к нему вышла в халате, а он щиплется!

Пра гэты выпадак мая гаспадыня з гадзіну ў драбнюткіх падрабязнасьцях распавядала сваёй сяброўцы па тэлефоне. Яна была ў абурэньні: як нейкі там сантэхнік мог?! Але пасьля "щипания" з Раісай Ісаакаўнай пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. У хаце зьявілася безьліч кніжак па сакрэтах жаночай прыгажосьці, касмэталёгіі ды шмат якім іншых хітротам, якія, па шчырасьці, ніводную яшчэ кабету не зрабілі сапраўднай красуняй, але далі добры прыбытак выдаўцам.

У адной з такіх кніжак гаспадыня мая вычытала, што скуру на твары можна лёгка амаладзіць, калі штодня церці яе кавалкам ільда. Праўда, была адна зацемачка: пачынаць гэтыя працэдуры трэба не пазьней чым гадоў у трыццаць, калі працэс старэньня скуры яшчэ не распачаўся. Аднак Раіса Ісаакаўна заўвагу гэтую прапусьціла і зь імпэтам пачала амаладжацца. (Сантэхнік днямі мусіў прыйсьці і пачыніць кран на кухні, які пакуль моцна цёк на радасьць шматлікім прусакам!)

У вечары таго ж дня Раіса Ісаакаўна раптам заўважыла, што твар ейны, замест таго каб рагзгадзіцца і памаладзець, пачырванеў да непрыстоўнасьці. Наступным ранкам нават сорамна было ў краму выйсьці. А потым скура пачала шалупеніцца і ўрэшце рэшт аблезла. Няшчасная кабета ў скрусе разглядала сябе ў люстэрка і думала, напэўна, пра тое, што цяпер яе наўрад ці "ущипнут".

напiсала ODA 28.03.2003, 17:07


ВАНЯ МІРСКІ І 1 КРАСАВІКА

Колькі год таму на 1 красавіка зорка сталічнага FM-эфіру Іван Мірскі прыкалоўся ад душы. За ўвесь дзень (гэта была субота), ён даў у навінах усяго толькі два сур'ёзных паведамленьні, астатні ж час ён запоўніў абсалютна непраўдзівымі, але пры гэтым праўдападобнымі інфармацыямі.

Асабліва часта купляліся на навіну пра тое, што з 1 красавіка мост празь Сьвіслач ад цырка да пляца Перамогі быццам бы зачыняецца на эўрарамонт. Рух пешаходаў па канатнай дарожцы, аб'езд транспарта па Першамайсткай…

Адзін калега потым распавядаў, як увечары 1 красавіка вяртаўся дадому на таксоўцы, і кіроўца, замест таго, каб ехаць проста па праспэкце, збочыў на Першамаўскую. На пытаньне, у чым рэч, ён толькі адказаў, што па радыё чуў пра рамонт маста.

- Ды няма ніякага рамонту, гэта 1 красавіка, запэўніў журналіст.
- Во, блін! - раззлаваўся кіроўца. - А я з самой раніцы праспэкт па Першамайскай аб'язджаю.

"Эўрарамонт" быў не адзіным жартам, на які купіліся слухачы "Альфа Радыё". Пасьля навіны пра канцэрт трох усясьветнавядомых тэнараў, які мае адбыцца ў Менску 31 красавіка на стадыёне "Трактар", публіка тэлефанавала на станцыю і на поўным сур'ёзе пыталася, дзе можна набыць квіткі.

напiсаў сьведка 01.04.2003, 10:27


Сюжэт на ОНТ — пра фірму, якая нелегальна вазіла гомельскіх рабочых у Маскву на заробкі. Герой сюжэту распавядае, маўляў, нават некваліфікаваны рабочы атрымлівае ў Маскве 6-9 тысяч расейскіх рублёў.

Карэспандэнтка: — Колькі гэта на нашыя?

Рабочы: — 280-300 даляраў.
напiсаў kviat 03.04.2003, 08:53


Мухін канчаткова перайшоў на Корбута. Цяпер у яго і ў дакумэнтах не "ганебнае расейскае", а "шляхетная беларускае" прозьвішча.
напiсала ODA 03.04.2003, 12:27


АДНА РАЗМОВА НА ПРАСПЭКЦЕ

Сустракаеш штодзень чалавека. Раз, другі, трэці… Праз тыдзень-месяц пачынаеш вітацца. Так год, другі, трэці… А на пяты адбываецца размова. У маім выпадку сталася так.

Я ад 1995 працаваў на Рэвалюцыйнай, 8-А, а Тодар К. гаспадарыць у майстэрні на Рэвалюцыйнай, 6. Я-та вядомага (у пэўных колах на той час) мастака ведаў, а вось ён мяне наўрад ці. Ну віталіся, і зараз вітаемся – моўчкі. Бо за мінулыя восем гадоў паразмаўлялі толькі адзін раз.

Нас была вялікая тусоўка. Мы йшлі з “Цэнтральнага” з поўнымі торбамі. Ішлі за Дом афіцэраў, дзе такое файнае месца для пікніка! Перад тым доўга зьбіраліся, доўга блукалі па перапоўненым увечары гастраноме, доўга вырашалі куды ісьці, толькі рушылі… і раптам Касю спыніў Тодар.

Мы адыйшлі, каб не замінаць размове. Хвіліна, другая, пятая-дзясятая… Ну, дзе ўжо трываць!? Падыходжу, далікатна кажу:

– Вельмі перапрашаюся, але…

У адказ прыблізна наступнае:

– Калі зараз не адыйдзеш, я табе рыла разаб’ю.

І вачыма шалёнымі: зырк-зырк. Ясна, я адыйшоў. А Кася ўсьміхаецца.
Высьветлілася, што ў момант, калі я падыйшоў, Тодар прызнаваўся Касі ў каханьні: праз шмат гадоў па “маўклівых вітаньнях”.



напiсаў kviat 03.04.2003, 12:35


Цёплым ліпеньскім днём іду на працу з канцавога прыпынку дваццатага аўтобуса міма Акадэміі навук. Маладая кабета інтэлігентнага выгляду з малым дзіцём шпацыруе ля щваходу ў акадэмію.

- Ты хочеш пИсать? - раптам пытаецца маці ў дзіця.

Тое матляе галавой у адказ.

- Жаль… - з уздыхам прамаўляе кабета. - Посмотри, какой газон шикарный!..
напiсала ODA 03.04.2003, 12:56


А мая кватэра ў шыкоўным пад'езьдзе…
напiсаў Заякот 03.04.2003, 13:51


У слове "хочеш" памылку зрабіла, забылася мяккі знак паставіць. Хоць па-расейску, але прыкра.
напiсала ODA 03.04.2003, 15:22


ОDzirydzidzina,
ОDzirydzidzina,
ОDzirydzidzina,
Ухха!

напiсаў Сьвіны патруль 03.04.2003, 15:37


ПАНІ ІРЭНА І "ПО-ГРА-НІЧ-НІК"

Пару гадоў таму вярталася я з Варшавы на цягніку. Са мной у купэ ехала забаўная і вясёлая бабця пані Ірэна, якая вырашыла вандраваць да Менску ня ў польскім, а ў беларускім вагоне, бо гэтак на 20 даляраў таньней.

Пані Ірэна нарадзілася на "Віленшчызьне" — на хутары, што стаў акурат на мяжы Літвы, Беларусі й Латвіі. У 1940-ым годзе гістарычныя абставіны раскідалі ейную сям'ю: пані Ірэна ў Польшчы апынулася, сястра ейная ў Беларусі… Вось цяпер яна едзе да яе на Браслаўшчыну, а заадно і пляменьнікаў пабачыць. Тыя, дарэчы, пасьля развалу "Звёнза Радзяньскего" апынуліся таксама ў іншай дзяржаве. Маці на Браслаўшчыне, дзеці ў Ігналіне — усяго ў трох кілямэтрах адлегласьці, але за мяжой.

Спадарожніца мая распавядала, як у 50-ыя гады трапіла ў "Звёнз Радзяньскі" на працу. Ім абяцалі, што праца будзе на фабрыцы, а замест таго прывезьлі некуды на лесапілку ў Сібір, забралі дакумэнты і прымусілі працаваць з раніцы да вечара, як нявольнікаў. Калі б пані Ірэна не захварэла там на цукроўнік ды ня стала інвалідам, то не адпусьцілі б яе, пэўна, назад у Польшчу.

Але яна згадвала свой побыт у Сібіры без шкадаваньняў і нават хвалілася тым, што добра ведае расейскую мову.

— Ензык росыйскі то бардзо пенькны ензык! Я теб'я лублу — то файне. Не хцяўам мувіць "кохам це", — згадвала пані Ірэна.

Размову нашую перарвала правадніца, якая паведаміла, што праз паўгадзіны будуць "пограничники". Дзіўна, але гэтае слова неверагодна зацікавіла пані Ірэну. Рэч у тым, што яна ня ведала, як гэтае слова перакладаецца на польскую мову. Мой адказ пра "страж гранічна" яе не задаволіў. Раней, за саветамі, "пограничники" называліся неяк іначай. І бабце закарцела гэтае пытаньне высьветліць. Рэч у тым, што апошнім разам яна ехала празь беларуска-расейскую мяжу яшчэ за саветамі. Да сястры яна звычайна дабіралася празь Літву, аднак гэтым разам у якасьці экспэрымэнту вырашыла ехаць празь Берасьце.

Калі ў купэ зазірнуў польскі памежнік, пані Ірэна з самым нявінным выглядам прамовіла:

— Пшэпрашам пана, як то бэндзе по-польску "по-гра-нич-ник"?

"По-гра-нич-ник" яна прамовіла на польскі манер: з захаваньне "о" ў ненаціскным становішчы, зь цьвёрдым "ч". Ды яшчэ й камічным чынам артыкулявала кожны гук. Памежнік, што як і ўсе палякі не любіў іншаземцаў, пагардліва буркнуў "страж гранічна" і ўзяў у пані Ірэны пашпарт. Але варта яму было зазірнуць у бабчыны дакумэнты, як вочы пана марудна палезьлі на лоб.

— Пані!!! Пані ест обыватэльком польском а неве, як то бэндзе по-польску "по-гра-нич-ник"?!

Пані Ірэна толькі з загадкава-хітрым выглядам усьміхнулася.

напiсала ODA 04.04.2003, 17:27


ОДА:

Крыху фактычных паправак. Да горада Ігналіна, былы раённы цэнтр у Летуве, ад беларускай мяжы на стыке трох дзяржаў будзе нашмат больш за тры кілямэтры. А да Ігналінскай АЭС, калі нацянькі праз Дрысьвяты, будзе крыху менш. А дзеці, мабыць, жывуць у горадзе Вісагінас, былы Сьнечкус.
напiсаў Раман Кардонскі 04.04.2003, 17:37


Кардонскаму

Дзеці, наколькі я памятаю, жылі не ў самой Ігналіне, а ў нейкай вёсцы, непадалёк ад АЭС, дзе й працавалі. Гэта якраз каля мяжы, калі я не памыляюся. А сястра пані Ірэны жыве ў вёсцы на Браслаўшчыне. Паводле словаў маёй спадарожніцы, паміж ейнай вёскай і вёскай дзяцей усяго колькі кілямэтраў.
напiсала ODA 04.04.2003, 17:42


Одзе:

Магчыма я памыляюся, але наколькі мне казалі ў Ігналінскім РАЎСе, то у радыюсе пяці кілёмэтраў ад ІАЭС былі адселены ўсе вёскі й хутары. Ды я й сам бачыў адселеную вёску, неяк на "С", калі не памыляюся, пачыналася ейная назва, на беразе возера Дрысьвяты дзесьці за кілямэтры тры ад самой станцыі.
напiсаў Раман Кардонскі 04.04.2003, 18:04


ЮРАСЬ І ВЫЧВАРЭНЦЫ

Вядомы ў Віцебску дзеяч Юрась Сьцяпанаў гадоў пяць таму трапіў на легендарны сэмінар ў Шчэцын "Dziennikarzy dla roywoju społuczeństwa demokratycznego na Białorusi". Цяжка яму было там у першыя дні: група падабралася маласьвядомая, па-беларуску размаўляла хіба палова народу. Аднак Юрась не губляў надзеі to make things better і зь імпэтам сапраўднага нацыяналіста пачаў выхоўваць самых маладых удзельнікаў сэмінару (старэйшых перарабляць бессэнсоўна было).

Спачатку маладыя журналісцкія паросткі гадоў сямнаццаці — такіх на сэмінары было чалавекі тры — папросту зь Юрася зьдзекваліся. Аднак пасьля таго, як аднойчы на просьбу падаць "чаю", той адказаў, што чаю няма, але ёсьць гарбата, вырашылі, што беларускую мову ўсё ж трэба падвучыць. Хаця б для таго, каб за абедам доўга не чакаць, пакуль табе "чаю" пададуць.

Першае слова, якое засвоілі паросткі, было слова "вычварэнец". Яно настолькі прыйшлося даспадобы, што цяпер зграйка хлопцаў і дзяўчат бегала за Юрасём і крэчыла яму: "Вычварэнец, вычварэнец!". Юрась жа ж толькі з замілаваньнем прамаўляў:

— Дзякуй богу, хоць адно беларускае слова будзеце актыўна ўжываць!

У наступныя дні лексыкон маладых журналісцкіх паросткаў папоўніўся таксама словамі "вар'ят" і "ёлупень". Вядома ж, гэтыя мілагучныя эпітэты таксама даставаліся выключна Юрасю Сьцяпанаву.
напiсаў АЖ 05.04.2003, 11:05


Pryjacielka raspaviala pra svoj piershy vizyt u Polsku. Stajic, kazha, pasiarod Marszalkouskaj, xocha prypalic cyharecinu, a zapalnichki nia maje. Da usix paloncyx muzhukoj dziauczyna zviartajecca z pyranniem:

— Czy ma pan ogon?

Muzhuki, xto chyrvanieje, xto hladzic jak na varjatku, i rushac dalej.

Vysvietlilasia, shto "ogon" — heta xvost.
напiсаў kviat 06.04.2003, 17:17


Мінулы год. Нехта з супрацоўнікаў прынёс на Радыё Рацыя новы, украінскі нумар "ARCHE". Юрась Карманаў убачыў на вокладцы імя Аксаны Забужкі ды выгукнуў у захапленьні:

— Ой, гэта ж мая любімая аўтарка! Як я люблю "Палявыя дасьледы ўкраінскага сэксу"! Памятаю, езьдзілі мы зь ёй у Швэцыю…

На гэта Віця Мухін-Корбут, які наагул ніколі не адрозьніваўся бліскучым пачуцьцём гумару, раптоўна бухнуў:

— Во-во! Там яна замеры і зрабіла.


напiсала ODA 07.04.2003, 14:22


Юля, а вы Віцю бачыце часта?
Прывітаньне яму ад мяне…
напiсаў Заякот 07.04.2003, 14:25


І Югасі ягонай таксама…
напiсаў Заякот 07.04.2003, 14:31


БАЦЬКА І ПАТАЕМНЫЯ КАХАНКІ

Некалі мой бацька служыў ва ўзброеных сілах. Ён падаўся тэхнічным працаўніком у адну з гомельскіх вайсковых частак з банальнае прычыны: там хутка жытло давалі. Пра сваё вайсковае быцьцё ён згадваць ня любіць, але пра адзін камічны выпадак распавядае часта.

Дом, у якім мае бацькі атрымалі аднапакаёвую кватэру, месьціўся на вуліцы Сасновай і ад вайсковай часткі яго адзяляла толькі агароджа. З аднаго боку зручна было хадзіць штодня на працу — блізка. Зь іншага боку, яго занадта часта турбавала начальства. Бывала, нехта, каму трэба ісьці ў начны нарад, нап'ецца ці ў загул пойдзе. Што ж рабіць — клічуць Шарова, які ня п'е і ў загулы ня ходзіць. Спачатку прасілі схадзіць у нарад далікатна, а пасьля, як гэта звычайна здараецца, селі на шыю.

Раз позна ўвечары, калі бацькі ўжо клаліся спаць, у дзьверы пазванілі. Тата адразу здагадаўся, што зноў трэба некага падмяняць. Незадаволена прабурчэў і хацеў адчыніць, але тут маці кажа:

— Пачакай, я сама адчыню.

Сапраўды, на парозе стаялі бацькавы калегі з вайсковай часткі.

— Добры вечар, нам бы Канстанціна, каб у нарад схадзіў…

— Як?! — маці зрабіла зьдзіўлены твар. — Хіба ён ня ў частцы? Мне ён сказаў, што сёньня ў нарад пайшоў.

З тых часоў начальства больш не турбавала тату без патрэба, але сталі пагаворваць, што ў Шарова каханка завялася.

напiсала ODA 07.04.2003, 15:18


СЛАВА КОРАНЬ І “НЯП’ЮШЧАЕ” КУПЭ

Вясна 1999 году. Едзем на канцэрт у Гомель: “Новае Неба” і “Уліс”. Я – адміністратар. Занялі два купэ, адно для “п’юшчых”, другое – для “няп’юшчых”, там едзе “Уліс”. Праз некалькі хвілінаў у “няп’юўшчым” застаецца адзін Слава Корань.

Адкаркоўваем чарговую бутэльку, і бачым як Слава пачынае гойдацца-хістацца па калідоры, то да нашага купэ падыйдзе, то да свайго…

– Слава, вып’еш з намі?

Адмоўна круціць галавой.

Дапіваем пляшку, а Слава ўсё боўтаецца ў калідоры: то да нас зазірне, то ў пустое “няп’юшчае”: кантралюе, ці не ўпёрлі гітару. Сёмы раз прапаноўваем:

– Слава, вып’еш?

Даўгая паўза.

Славін твар зморшчваецца, нібы ён уздымае штангу:

– Ладна… толькі гэта… ну… налівайце…

Паўза.

– …Але павольна-павольна.

напiсаў kviat 07.04.2003, 17:28


АДАДЖА ДЛЯ СКРЫПКІ СОЛЯ

Ёган Сэбасьцьян Бах. Ададжа для скрыпкі соля g-moll з санаты № 1. Пранізьлівае, надрыўнае, пякучае. Яно прымушае трымцець кожны нэрв зь першага ж акорда. Як журба пра даўно страчанае. Як прадчуваньне будучых бедаў. Як вогнішча Чысьцеца, куды трапляе мая душа, калі чую гэтую музыку.

Мне пашчасьціла — я слухала яе не на дыску і не ў канцэртнай залі, а ў звычайнай кватэры зімовым вечарам пры сьвечках. Яе гралі для мяне. Цудоўнае выкананьне, цудоўная скрыпка.

* * *

— Спачатку была ў мяне скрыпка-фабрычка. Някепскі, канечне ж, інструмэнт для студэнта музвучэльні, але…

Ён называў яе маленькай сьпявачкай з жахліва моцным голасам — скрыпку, якую далікатна трымаў у руках, быццам то сапраўды была жывая істота. Я глядзела на яго зь недаверлівым зьдзіўленьнем: хіба можа музыкант гэтак ставіцца да свайго інструмэнта? Так, можа. У скрыпкі ёсьць душа, заўсёды цьвердзіў ён. Зрэшты, ягоная скрыпка з надзвычай чыстым тонам, і мне зь цягам часу пачала падавацца маленькай сьпявачкай. Яа ажывала ў ягоных руках.

— На другім курсе ў летнюю сэсію перад самым іспытам па спэцыяльнасьці быў са мной такі выпадак. Я меў сябра, чалавека моцна веруючага, які цяста цягнуў мяне разам з сабой у петрапаўлаўскі сабор. Ад вучэльні менш за дзесяць хвілінаў ходу, у часе фортак можна было адведваць. Дык вось напярэдадні іспыта я пайшоў туды зь сябрам. Ён маліўся шчыра, а я чамусьці пачаў прасіць бога, каб ён дапамог мне бліскуча здаць іспыт. Я быў добра падрыхтаваным, але мне хацелася быць найлепшым. Я ня ведаў тады, што прасіць Бога пра такія рэчы грэх і быў пакараны ў той жа дзень… У мяне дома футляр з інструмэнтам заўсёды ляжаў на стале, але ў той вечар я чамусьці пакінуў яго на падлозе. Так, я сядзеў ля вакна ў сваім пакоі і пасьля таго як пазаймаўся, пакінуў футляр на падлозе побач зь пюпітрам. Мяне паклікалі ў кухню вячэраць. Я выйшаў з пакоя, пагасіў сьвятло, а калі вярнуўся ў пакой, то ў цемры ня ўбачыў скрыпку да наступіў на яе… Уяўляеш сабе? Застацца без інструмэнта за ноч да іспыта! У сьне я бачыў тую раздаўленую скрыпку, і яна мне ўпершыню падалася жывой істотай, якую я забіў. Зранку я прыбег у вучэльню, пазычыў у некага інструмэнт — і пасьпяхова заваліў іспыт. Такі вось урок… Гэтая скрыпка майстравай працы, таму ў яе такі выдатны гук. Фабрычкі з горшага матэрыяла і робяцца яны ўсё ж на канвэйры, у іх ня укладваюць душу. Майстар жа адчувае кожную клетачку гэтага арганізма… Гісторыя ў маёй скрыпкі такая. Пасьля таго выпадку я доўгі час быў без уласнага інструмэнта, неяк перабіваўся. На апошнім курсе вучэльні сваякі па васямнаццацігодзьдзе падаравалі мне два заручальныя пярсьцёнкі. ну, ты ж ведаеш, як у нас прынята: золата — найдаражэйшы падарунак на паўналецьце. А я прадаў пярсьцёнкі, дадаў грошы, што назьбіраў за апошнія гады — ды набыў вось гэтую скрыпку. Не, не набыў — заручыўся зь ёй. Пакуль я граю на ёй, я сапраўдны музыкант.

* * *

Мы разьвіталіся зь ім на доўгі час з розных жыцьцёвых акалічнасьцяў. Праз паўтара года мы сустрэліся зноў. Ён вучыўся завочна ў кансэрваторыі, працаваў у вядомым аркестры. Пра музыку ён наагул казаў мала, хоць раней гэта была асноўная тэма нашых зь ім размоваў. Раптоўна мой знаёмы загаварыў пра сваё жаданьне заняцца камэрцыяй. Не таму, што адчувае да гэтага занятку схільнасьць, папросту ўсе так робяць, а музыка — гэта несур'ёзна.

— А як твая скрыпка? — запыталася я, і ў гэтым маеім пытаньні была напруга, зь якой, напэўна, Паганіні даігрываў свой канцэрт на скрыпцы з адной-адзінай струной.
— Файны гук, канечне ж… — няўпэўнена адказаў ён. — Але грыф крываваты, выправіць фактычна немагчыма. З-за гэтага дэфэкту мне цяжкавата граць, таму я фабрычку набыў.
— А майстрава скрыпка?
— У футляры на шафе ляжыць.


напiсала ODA 08.04.2003, 13:04


СК

Гэта нічога, што я на форуме занадта ў сябе дома пачулася і ўласна пра ПЛЯШКІ не пішу?
напiсала ODA 08.04.2003, 14:01


Velcom. (Нічога, што я палю?)

напiсаў kviat 08.04.2003, 16:53


Калі дым ня ў твар, то нічога. Тым болей у віртуальнай прасторы. :-))

МІКЕЛЯНДЖЭЛЯ І ГЕНДЭРНАЕ ПЫТАНЬНЕ

Рэцэпцыя офіс-білдынга комплекса "Журавінка". На рэцэпцыі дзяўчына з кароткай спадніцы, каля рэцэпцыі — мужчына каўказскай нацыянальнасьці. У службовым пакойчыку каля рэцэпцыі на стале —статуэтка, падобная здалёк на мікелянджаўскага Давіда, толькі ў сотні разоў меншага.

— Што гэта вы такіх мужчын у сябе трымаеце? — пытаецца каўказец у дзяўчыны. (Асаблівасьці маўленьня палкага сына гор перадаць на пісьме не бяруся.)
— Сапраўдных мужыкоў нестае, дык хоць такіх трымаем, — флегматычна адказвае дзяўчына.
напiсала ODA 08.04.2003, 18:12


Зь нізкі "Менскія псіхі"

ПСІХ-1

Званок у офіс Беларускага Хэльсінскага Камітэту:

— Парушаныя мае правы, вы мусіце дапамагчы!!!

— Што здарылася?

— Калі я працаваў у Акадэміі навук, ворагі падсунулі мне жанчыныу!

— Што значыць "падсунулі"?

— Ну… я на ёй жаніўся.


напiсаў kviat 09.04.2003, 13:02


Табе не падаецца, што ідэя з псыхамі, якія тэлефануюць у БХК, не зусім сьвежая? У Эвы Вежнавец гэта было. Зрэшты, калі ў якасьці пародыі…
напiсала ODA 09.04.2003, 13:11


Гісторыю пачуў сёньня ад Евы Выжнавец.
Зрэшты, і ў Глёбуса было. Што да сьвежасьці, дык пра каханьне і сьмерць усё пішуць ды пішуць, колькі можна? Хіба ў якасьці пародыі… :))

напiсаў kviat 09.04.2003, 13:29


Ну, калі эксклюзыў ад Св.К., то можна, напэўна, пераказваць.

…пра каханьне і сьмерць усё пішуць ды пішуць, колькі можна?

Да тае пары, пакуль людзі кахаюць і паміраюць. :-))
напiсала ODA 09.04.2003, 13:40


ІНТЭЛЕГЕНЦЫЯ Ў ГОРДЗЕ

Сустракаю ля "Цэнтральнага" паддатага знаёмца. Ён чалавек выбітны. У яго імя выбітнае, напрыклад, кшталту Флярыян, толькі іншае. Заходзім у "Сьвітанак", "Флярыян" пачынае расказваць нейкую захапляльную для яго гісторыю. Сьпіч на палову складаецца з мату. У "Сьвітанку" вядома якая публіка тусуецца, не вучаніцы "коласаўскага" ліцэю, людзі прасьцейшыя. "Флярыян" гук усё ўзмацняе ды ўзмацняе. Хтосьці з прысутных не вытрымлівае й робіць заўвагу наконт мату. На што "Флярыян" пафасна адказвае:

— Інтэлегенцыі можна!

напiсаў kviat 09.04.2003, 13:50


"…пра каханьне і сьмерць усё пішуць ды пішуць, колькі можна?

Да тае пары, пакуль людзі кахаюць і паміраюць. :-))"

…І псыхуюць.

ОДА, ды ты інтэлектуалка? Няўжо сама здагадалася? :)))


напiсаў kviat 09.04.2003, 13:55


Можа й не "інтэлектуалка", але не без мазгоў. ;-) А ты чаго псыхуеш сёньня?
напiсала ODA 09.04.2003, 14:03


Гараскоп такі на сёньня.
напiсаў kviat 09.04.2003, 14:06


Значыцца, у мяне штосьці не па гараскопе. Усё, пайду пісаць артыкул, пакуль не пачаліся вінавачаньні ў графаманстве і спробах флірту.
напiсала ODA 09.04.2003, 14:14


Адзін са сваіх жыцьцёвых лёзунгаў я падчэрпнуў з такой гісторыі.

ПСІХ-2

У менскім мэтро вар'ятаў, вядома, хапае. Доўгі час бачылі аднаго, які сам з сабою вёў ажыўленыя дыскусіі. Едзе ён аднойчы, нікога не чапае, размаўляе сабе безперапынку, ажно заходзіць у вагон мужык зь вялікай чорнай барадой (не Арлоў, з большай барадой). Вар'ят умомант змаўкае, і пачынае сьвідраваць мужыка вачыма. Глядзіць, глядзіць, і раптам на ўвесь вагон:

— Міклуха-Маклай! Міклуха-Маклай!

І падскоквае да мужыка:

— Хочаш быць Міклуха-Маклаем? Будзь ім!

напiсаў kviat 09.04.2003, 14:16


ОДЗЕ

Харошыя фрашкі ў цябе пайшлі.
напiсаў чытач 09.04.2003, 14:22


ЖЫВЫ ЭТЭР І "ЛУНАХОДЫ"

Калі ў мяне пытаюцца, як я ўпершы раз выходзіла ў жывы этэр, я адказваю: "Са звычайнай тэлефоннай будкі". Мне ня вераць, але гэта праўда. Прадзівая таксама й прычына, зь якой мяне пацягнула на падобную экстрымальшчыну.

1 лютага 2000 году. Прадпрымальнікі, натхнёныя сп.Леванеўскім, страйкуюць. Я раблю рэпартаж пра гэтую векапомную падзею: запісваю стужкі на менскіх рынках. Толькі што я адведала "Дынама", а цяпер мне трэба бегчы на Камароўку, каб пасьпець да 14.15 зрабіць пяціхвілінны матэрыял з галасамі.

Дарэчы, я шыкоўна выглядаю. Нядаўна я набыла на "Ждановічах" боты на фантастычных плятформах. Мой бацька, пабачыўшы той абутак, адразу ж ахрысьціў іх "лунаходамі" і асьцярожна пацікавіўся, як я здолела дагэтуль не паламаць сабе ногі, бегаючы ў такіх ботах.

Такім чынам, я бягу з "Дынама" ў напрамку праспэкта. І тут адбываецца са мной надзвычайнае здарэньне: плятформа на адным з "лунаходаў" рэзка адвальваецца… Ой і шыкоўна ж я выглядаю! Але з такой шыкоўнасьцю наўрад ці зручна будзе працаваць. Я еду дахаты, каб зьняніць "лунаходы" на больш практычны абутак.

Дарога да Шабаноў (там я па тагачаснай галечы здымаю кватэру) і назад займае гадзіны паўтары. На Камароўку трапляю а першай. Да 14.15 з гатовым матэрыялам не пасьпяваю. Што тут рабіць?

Пачатак 2000-га году — час, калі мабільнік лічыўся экзотыкай, асабліва для рэпартэркі з заробкам у 50 умоўных адзінак. Ясна, што праблема выхада ў просты этэр — адзінае, што мяне магло ўратаваць у тым выпадку — здавалася