| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Бахарэвіч, Праклятыя госці сталіцы створаны: 14.02.2008, абноўлены: 30.08.2008 23:58, камэнтароў: 20 Панове, хачу падзяліцца ўражаннямі ад апошняй кніжкі Бахарэвіча: звязная кампазіцыя, файная праца з мовай, цікавыя назіранні, калючая іронія. Кожны абзац - добра прапісаная мініятурка. Нарэшце, аўтар не тыцкае пальцам у канкрэтныя месцы, а толькі падае мастацкія вобразы, але Мінск выразна пазнаецца і выглядае вельмі матэрыялізаваным, як той Дублін у Джойса. Прыемна чытаць якасна напісаную літаратуру. Якія будуць думкі? Я згодная з Вамі. Сама маю намер напісаць артыкул: я самай лепшай думкі пра раман. Ці не хацелі б Вы напісаць рэцэнзію? Таксама мне падаецца дзіўным, што з нагоды выхаду кнігі не было амаль ніякага рэзанансу. Цікава, чаму? Дзякуй, Віка, але рэцэнзію пісаць хіба не буду. Я ўсё ж чытач, а не прафесійны крытык, і пісаніна мая будзе дылетанцкай. Малы рэзананс магу аднесці на конт невялікага накладу і адсутнасці прамоцыі. Таксама мне падаецца дзіўным, што з нагоды выхаду кнігі не было амаль ніякага рэзанансу. Цікава, чаму? Таму, што ў беларускай літаратуры 99% рэцэнзій заказныя. Вось і Віка напіша на свайго знаёмца. Ці будзе яна аб'ектыўнай? Не сумняваюся, што не будзе. Асабістая прыхільнасць замыльвае вочы. І не спрабуйце мяне пераканаць у адваротным. Варта было б параўнаць "Праклятых госьцяў сталіцы" А.Б. з "Малой падарожнай кніжкай па Горадзе Срнца" А.К. Іронія лёсу, але я чытаў "Праклятых" і "Малую падарожную" адна за адной. Як на мой погляд, падабенства там няшмат. Бахарэвіча я б хутчэй параўнаў з Вежнавец. "Малая падарожная" - някепская кніжка, але я не мог пазбавіцца адчування, што гэта - бясплатны бонус да "Горада СОНца". Клінаў прамовіў словамі тое, што і так было відаць з яго геніяльнага альбома і што, відаць, прамаўляць было залішнім. Вяртаючыся да тэмы крытыкі. Я - дылетант, Віка - неаб'ектыўая. Мо пан Крытык-05 напіша? Прачытаю з цікавасцю. крытык у адпадзе. Спадабалася ідэя. Але ў мастацкім пляне гэта па меншай меры не Кафка. Выбачаюся. Аднак для бел.літаратуры гэта 5 баляў па пяцібальнай сістэме. так трымаць! У абедзьвюх кнігах галоўны герой - не асоба, а дэкарацыя. Месца падзеяў. Сталіца. У Альгерда гэты герой пераважна адмоўны, у Артура станоўчы. Горад-тэатр і горад-музэй. Мінатаўр і Тэзэй. МТЗ. Эмтэзей. Цікавае назіранне наконт дэкарацыі. Але дэкарацыя - нішто, калі яе не апладняе дзейная асоба. У Альгерда Менск - дэкарацыя. У Артура - ДК "Рацыя". Спадарства, мне думаецца, што ніякага менавіта эстэтычнага падабенства паміж кнігамі Артура і Альгерда няма: розная стылістыка, розныя мэтавыя ўстаноўкі. Зрэшты, хочацца сказаць наступнае: праблема не ў тым, будзе крытыка аб'ектыўнай ці суб'ектыўнай, рацыянальна ці эмацыйна напісанай праблема ў тым, каб была ХОЦЬ ЯКАЯ КРЫТЫКА. Бо кнігі праходзяць незаўважанымі. Лічыцца, што беларускія словы любяць прыстаўны гук: трэба пісаць ня Ольга, а Вольга, не Мсьціслаў, а Амсьціслаў. Тады атрымліваюцца Вальгерд і Аменск (не Эмтэзей, а Канецк). Далёкая асацыяцыя з Клінавым. Учора пабачыў у Нацыяналцы фотавыставу "Метафізічныя гарады" пра архітэктуру Італіі 1920-40х гадоў. Ідэя тая самая, што ў нашым горадзе СОНца: на замову ўсемагутнага ўраду з чыстага аркуша выбудаваць гарады будучыні. Архітэктура цікавая, здымкі файныя, пераважна чорна-белыя, зробленыя пры адсутнасці людей у тых будынках. Карацей, сюр. Стаю, любуюся. Тут дзвер у сцяне адчыняецца і выходзіць таварыш Чаргінец з дэлегацыяй брытанскіх бізнэсменаў. Сюр стновіцца ўсеабдымным Брытанскія госьці сталіцы Шмат здымкаў падобнага кшталту зрабіў Міхал Баразна - менскіх і рымскіх: людзей ня бачна, але будынкі тварападобныя. У "Дзеяслове" бліжэйшае абмеркаваньне прысьвечана кнізе Артура Клінава. Далучайцеся. А па мойму ніхто не хоча бачыць аб'ектыўна. Пры ўсёй павазе да аўтара.Кніжка слабая, калі параўноўваць з мінулымі. Паўтарэнне тых жа прыёмаў, толькі ўжо з новымі героямі і менш таленавітае. Назар Мінус-проста поўны МІНУС. Разняволены варыянт “лімаўскай” рэцэнзіі, якая чатыры месяцы праходзіла “адсеў”. І не прайшла. Тэкст даволі вялікі, таму пакідаць на будучы збор твораў шкада. Выстаўляю. Ц.Ч. Наступствы адзіноты і свабоды Пра што б ні пісаў Бахарэвіч – усё пра Беларусь атрымліваецца. Як у тым анекдоце пра калыску і кулямёт. Паводле аўтарскіх эстэтычных прынцыпаў, здавалася б, наадварот павінна быць: “Пісьменьнік павінен клапаціцца ў першую чаргу пра сябе й думаць пра сябе, а не займацца праблемамі краіны”, “галоўная й бадай адзіная мая задача – выклікаць у чытача эстэтычную асалоду” (тут і далей курсівам вылучаюцца словы Бахарэвіча). Але ўсе творы (акрамя кароткіх апавяданняў), на жаль, абвяргаюць тэзісы. Асноўная пасылка яго кніг – сцёб з беларускай рэчаіснасці (“мой родны сцёб, як ты мне ”). Цытатамі рознай ступені цяжкасці можна было б запоўніць усю прастору паласы, але ў мае намеры ўваходзіць аналіз рамана “Праклятыя госці сталіцы”, і таму “бліжэй да цела”, як казаў Мапасан. Кніга падзеленая на восем частак: шэсць – падрыхтоўваюць чытача да дзеяння (дакладней, “дзейства”), знаёмяць з асноўнымі персанажамі; сёмая – уводзіць апавядальніка (зразумела, гэта да болю знаёмы беспрацоўны мізантроп) у прастору тэатра і яго залюстрэчча; восьмая частка рэалізуе сам ход падзей, які павінен неяк падсумоўваць папярэдне выкладзенае. Вельмі каротка абмалюю сюжэт, хаця б асноўныя лініі: некалькі чалавек рознага ўзросту і розных прафесій праходзяць у розных сітуацыях абрад ініцыяцыі – пасвячэння ў новае аблічча (часта для гэтага выкарыстоўваецца бахцінскі прынцып “аўтарытарнага слова”, характэрны для літаратуры жахаў), цалкам адмовіўшыся ад мінулых сваіх экзістэнцый. Ініцыятар ініцыяцый – Назар Мінус, загадкавая асоба, аматар сінематографу, дырэктар тэатра “Мінус”, што месціцца ў былым памяшканні тэатра імя А. Жданава. Старое найменне тэатра раскрывае і метафару (ці не маецца на ўвазе былая “Змена”?) тапічнай характарыстыкі тэкста. Памяшканне перадаецца ў арэнду амаль бясплатна кожнаму, хто пажадае: там ладзяцца лахатрон-“Панацэон” шоў, сойм апазіцыйнай партыі, конкурс прыгажосці для работнікаў завода, рок-канцэрт для падлеткаў, піянерская рэпетыцыя ўскладання вянкоў і інш. Дзействы падобныя да сцэны ў вар’етэ з рамана Булгакава: адкрываюцца самыя нізкія інстынкты мужыка-беларуса “с полным их разоблачением”. Сам Мінус і яго “світа” падчас гэтага ўсяго назіраюць за гледачамі з укрыцця, нябачныя і недасяжныя. Пасля вялікага гарадскога свята – тэатр з’язджае. Асобнай размовы заслугоўвае вобраз Надзіманага, гумовай скульптуры, што робіцца авангардным мастаком на замову гарадскіх уладаў. Канцоўка рамана: падчас свята Надзіманы ўзносіцца ў неба, разломваючыся па дарозе на кавалкі – шары; сотні жыхароў горада зачаравана сочаць за палётам. Каб не рабіць рызыкоўных супастаўленняў не будзем прыгадваць буллгакаўскі хранатоп (там Воланд рабіў свае справы на Страсным тыдні і з’ехаў перад Вялікаднем), бо Бахарэвіч – атэіст. У рамане захоўваецца своеасаблівае светабачанне бахарэвічаўскай прозы, я назваў бы яго неарамантычным. Чаму так? Амаль ва ўсіх тэкстах аўтара, пачынаючы яшчэ з “Практычнага дапаможніка па руйнаванні гарадоў” выкарыстоўваецца прыём уцёкаў у іншы, створаны самім героем (часам – варункамі жыцця ці самой рэчаіснасцю) свет. Г.зн. знакаміты рамантычны прыём “двоесвецце”. Дарэчы, папулярызатары прыёма – германцы (Наваліс, Шаміса, Гофман), якія гэтак імпануюць зацятаму беларусісту Бахарэвічу. Рамантыкі рэагавалі на дагматычны класіцызм. На што рэагуе Бахарэвіч? Мусіць, на тое, пра што казаў Дз. Ліхачоў: “Пастаяннае імкненне да свабоды існуе адно там, дзе ёсць пагроза свабодзе”. Мяркую, з гэтага паходзіць Бахарэвічава прага “другога свету” – з рэакцыі на беларускую сітуацыю. Але паходжанне адно, а што выйшла? Выйшла нянавісць – абсалютна не творчае пачуццё; праўда, з яго дапамогай можна напісаць тэкст, але нянавісць ніколі не выклікае захаплення “чараўніцтвам” мастака. Больш таго, не будзе і самога “чараўніцтва” . Можа, я памыляюся, можа, я адзін з тых “крытыкаў, якім недаступныя горныя вяршыні мастацкага вымыслу”? Можа, не трэба было чытаць адначасна з Бахарэвічам Рамэна Гары? Зрэшты, аматараў трэшажэрства заўсёды хапала Вось дзядзька ЛеГАЛ пад руку гаворыць, што Бахарэвіч піша “пад Набокава”, ды і сам аўтар пра гэта заўляе. Набокаў? Не ведаю, хутчэй не. Прынамсі стылёва Бахарэвічу да Набокава яшчэ вельмі далёка. Набокаў у юнацтве аглядаўся на Буніна (чытай ліставанне Сірына і Буніна ў 16-тамовым бунінскім ПЗТ) і “ненавідзеў” яго ў амерыканскай сталасці; тое захапленне адчуваецца па даўжэзных прыгожых, меладычных сказах. Бунін, у сваю чаргу, абапіраўся на Талстога і з гідлівасцю ставіўся да Дастаеўскага, як, дарэчы, і Набокаў. “Не ўмеў пісаць Дастаеўскі”, “журналіст” і г.д., што тут зробіш. Праўда, некаторыя старонкі “Праклятых гасцей” адсылаюць да Сірына. Напрыклад, апісанне музыкі падчас дзейства (гл. апавяданне Набокава “Музыка”) і ад’езд тэатра (фрагмент 115). Бясспрэчна набокаўскія і адносіны да дэталі – параўнання, метафары, але ў Бахарэвіча яны больш выяўляюць сатырычны “пункт погляду” аўтара, у Набокава ж – проста нечаканыя, прыгожыя і трапныя. “Сутнасць ірацыянальнасці – у перавазе дэталі над абагульненнем, у перавазе часткі, якая больш жывая за цэлае, у перавазе драбязы” (У. Набокаў, “Гісторыя літаратуры і здаровы розум”). Хутчэй за ўсё праводзіць паралель паміж Бахарэвічам і Набокавым мэтазгодна ў плане светаадчування (асабліва што да пазаэтычнасці мастацтва і здекліва-паблажлівай інтанацыі) і згаданых ужо эстэтычных прынцыпаў, у плане філасофіі творчасці. Часам Бахарэвіч у сваіх інтэрв’ю проста дубліруе выказванні настаўніка (што праўда, Набокаў “выказвацца” пачаў у Амерыцы, пасля “Лаліты”, калі на яго ўсе наваліліся, а напісаў ён свае лепшыя рэчы ў Еўропе, нікому не вядомы). Агульнае з Набокавым яшчэ і ў тым, што Бахарэвіч таксама слізгае па паверхні персанажаў, не ўзводзіць іх да характараў. Яны, як големы, бяскроўныя і аморфныя, сноўдаюць па старонках, шукаючы сваёй існасці, але аўтар-дэміург часам не дае ім і рота раскрыць (Маленькі Лекар; так і не абуджаная І). Ды і сам Назар Мінус, на пачатку нібыта гюнтэрграсаўскі, пасля – нібыта булгакаўскі ці гофманаўскі персанаж застаецца адно толькі падпарадкаваным аўтарскай метафары, але не самім сабой. Метафару можна тлумачыць колькі хочаш; напрыклад, так: кожны з насельнікаў тэатральнага залюстрэчча, атрымаўшы магчымасць глядзець на свет збоку, не ўдзельнічаючы ў “псеўдажыцці”, пакідае зачараванае кола несапраўднасці (адсюль і “мінус”). Назар Мінус выступае як свабодны творца: змысляе для сябе і сваіх сяброў кінафільмы, толькі акцёры там – рэальныя людзі. Апошнія словы рамана: “Глядзі, Вока!” – магчыма, гавораць, што і за ўсімі людзьмі свету гэтак назірае пільнае Вока, як назіраў Мінус. Як заўсёды выдатнымі ў Бахарэвіча атрымаліся характары апавядальніка і яго дзяўчыны: відаць, што ўзятыя рэальныя прататыпы. Толькі пад імі не “маецца нешта на ўвазе” “Праклятыя госці” і “Пасля феерверку” вельмі адрозніваюцца ад папярэдніх твораў новымі падыходамі да пабудовы твора, да яго архітэктонікі: выкарыстоўваюцца многія кінематаграфічныя прыёмы, такія, як мантаж, набліжэнне, “буйны план”. З рамана атрымаўся б някепскі фільм на сУчаснага-еўрапейскі капыл (магчыма, кніга – гэта яшчэ і пародыя на жанр кінастужкі і спектаклю). “Пасля феерверку” – рэч “сыраватая”, кавалкі тэкставай рэчаіснасці разыходзяцца, як тыя масты (не на карысць цэласнасці), і ўсё, што застаецца ў памяці пасля прачытання, – вырашэнне галоўным героем праблемы мутацыі палавых органаў. “Праклятыя госці” Новае яшчэ і ў падыходзе да мовы твора. Падаецца, што аўтар сям-там спрабуе дэканструяваць самую мову: змяняе пол персанажа – той спачатку гаворыць “хадзіў”, а праз абзац ужо “хадзіла”. Выразае непатрэбныя часткі сказаў: “Таварыш Грышук разышоўся так, што калі воплескі заціхлі, у звонкай цішыні яшчэ доўга і г.д.” Унутры тэкста разважае пра яго структуру: “Кіроўца, кавалак мяса ў вакуўмнай упакоўцы, які можна захоўваць – верце мне, верце! – бясконца, бясконца, бясконца! (усё ж тут мусіць стаяць кропка).” Гульня з тэкстамі песень: “Ён вярнуўся наверх, прайшоў па Абрыкосавай, звярнуў на Вінаградную, пастаяў у ценю на Цяністай. / / Знерухомеў тралейбус у тралейбусным парку (механік, гад, пераблытаў правады).” Так, што тут яшчэ ёсць Ну, канечне, вычварэнствы, забойствы, жахі, ненарматыўная лексіка – гэта зразумела. Што да мацюгоў, то яны, да гонару аўтара, укладаюцца ў вусны тых, для каго ўсё гэта вельмі нават натуральна і нарматыўна. Гратэск, безумоўна (найлепш выпісаны ў эпізодзе “Конкурс прыгажосці”). Цудоўныя бахарэвічаўскія эпітэты: гідлівыя вусны (ці аддана сцятыя, ці бессэнсоўна сцятыя жалезныя), удзячны лоб, ідыёцкія пысы іншамарак, гнілазубая ўсмешка, зямлістыя твары. Асабліва мне спадабаліся спевакі, якія са “змрочнай асалодаю” на тварах цягнулі песню – так і ўяўляеш сабе твар аўтара падчас пісання гэтых словаў. Відавочна тое, што раманная форма далася Бахарэвічу ў знакі і (на гэты раз) не паддалася. Метад “суплёту навел” не ратуе сітуацыю, бо пакідае заўважныя швы, якіх у добрым рамане (і фільме) быць не павінна. Будзем спадзявацца, што ў новай кнізе яны знікнуць. Цікава, што амаль адначасна трапілі ў рукі дзве няблага напісаныя кнігі, у якіх аўтары эксплуатуюць ідэю тэатра: “Марыянеткі і лялькаводы” Міхася Южыка і “Праклятыя госьці сталіцы” Альгерда Бахарэвіча. Але раман Южыка, нягледзячы на пэўную стылістычную нязграбнасць (пасля ўвядзення новага персанажа Южык тут жа пачынае раскручваць рэтраспекцыю, і на пяты раз гэта ўжо трохі назаляе), мне больш блізкі, таму што сапраўды напісаны зболеным чулым сэрцам. А творы Бахарэвіча, хоць той і абвяшчае, што “мастацтва нараджаецца з болю”, пішуцца сёння дзякуючы рэлятывізму і гардыні аўтара. Гэтага зусім не было ў “Практычным дапаможніку”, не вельмі адчувалася ў “Афарбоўцы”, але, праўда, у “Валянціне Г.” ужо дакляравалася, між іншым, што “кашчунства – выдуманае людзьмі, гэтаксама як рэлігія”. Ну, калі і рэлігіі, і грахі – выдуманыя, дык чаго ўжо там: “усё дазволена”, як казаў няздара-стыліст Дастаеўскі. “Чытач чакае ад мастацкай кнігі, каб тая завязала яму вочы, узяла за ганарлівую руку й завяла ў таямнічы лес – завяла і кінула там. Чакае чараўніцтва”. Шчыра кажу, чакаў. І каб за руку, і каб чараўніцтва. Не дачакаўся. Браць у рукі ў трэці раз не буду (звычайна два разы чытаю, калі рэцэнзію пішу). Мусіць, я не ваш чытач, Альгердзе. Узяў, прачытаў усе вашы кнігі, але, але Мусіць, зноў вярнуся да “сваіх”. Мне падабаецца глыбіня і шырокасць, як у Кафкі, Джойса, увогуле, класікі рэалізму і мадэрнізму. Вечна малады Борхерт – цудоўны майстар. Бёль. Ды нават весялун Чэстэртан!.. А я ўжо амаль паверыў Шаўляковай Вось жа, завяршаю рэцэнзію. Цёплая хваля сонца абрынулася на сцішную залу “нацыяналкі”. Што ні кажы, але “ўсё ж моцна прыкутыя дзвюхногія да зменаў прыроды, варта сонцу з’явіцца, і можна здымаць вяроўку”. Балазе за акном квітнее “светлы, як Вялікдзень, веснавы працэс”. Ціхан ЧАРНЯКЕВІЧ Я разумею, што на пэўным этапе важна аддаваць належнае духоўным настаўнікам, але пакрысе варта ад гэтага пазбаўляцца. А то складаецца ўражаньне, што спадар ЛеГАЛ проста такі надыктоўваў табе, Ціхане, рэцэнзію. Хоць гэта далёка ня так, наколькі я магу меркаваць. Вы павiнны ўвайсьцi ў сыстэму або зарэгiстравацца (калi шчэ не зрабiлi гэтага), каб мець магчымасьць пiсаць камэнтары або навiны. |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|