| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Нашыя з табой падарожжы Апавяданьне паводле медытатыўных гульняў у нарды ў маленькім утульным чайным пакоі. Зорны дождж Сёньня ноччу дамовіліся ня спаць, а ісьці зьбіраць зоркі. Каб не заснуць, сядзелі ля каміну, гледзячы на тое, як іскры, нібыта зоркі ляцелі ўверх, пад дах. Выйшлі на вуліцу, пабачыць, што ўсе яны праз комін ляцяць у неба. Зразумела, зоры, нібыта пар з вады, ўзьнімаюцца ад гарачага вогнішча, а потым праліваюцца на зямлю метэарытным дажджом. Зоркі падалі адна за адной. Мы ўладкаваліся ў садзе і шукалі агенчыкі ў траве. Я зьбірала іх на празрыстую ніць, каб увіць у твой летні капялюшык. Хутка атрымалася нізка такой даўжыні, што я абгарнула яе вакол сваёй таліі дванаццаць разоў. Мора было неспакойнае. Хвалі зьвіваліся скруткамі і несьлі да нас зоркі – аскепкі люстэрка – і начныя дрыжыкі. Добра купацца ноччу, калі нікога няма на пляжы, калі вада ня цёплая, як у ванне, а прахалодная, крыху пякучая, як малочны кактэйль, што трэба піць хутка. Я ўзяла толькі самае неабходнае: кнігі, дыванок для мэдытацыі, калекцыю каменьчыкаў і расьлінаў з розных краінаў, слоўнік, сухія фарбы, унівэрсальную дошку для гульняў. Поруч мы пайшлі па вадзе, каб там, на глыбіні падскочыць разам і апынуцца пад вадой па самыя плечы. Ты ішоў крыху наперадзе і пакідаў за сабой на вадзе бліскучы сьлед, які змывала апераная хваля. Мой сьлед бачылі толькі самотныя мэдузы. Мы ішлі насустрач луне па вогненай дарозе, каб не заблукаць – вяртацца будзем тым жа шляхам, калі зойдзем за гарызонт на тый бок Зямлі і месяц апынецца за намі. Мы мінулі кароткую пярэспу; яшчэ некалькі крокаў, і можна ныраць. Падскочылі і ўвайшлі ў ваду, густую, як кісель, і аскепкі вадзянога люстэрка разляцеліся ўва ўсе бакі, ізноў нагадаўшы пра зоры. Вада сьвяцілася. Было прыемна плыць, адчуваючы, як кожны наш рух рассыпаецца бразгатлівымі срэбнымі званочкамі – рукі нібыта ў брыльлянтавых пальчатках па самы локаць, на шыі – каралі з каштоўных камянёў, якія зьмяняюцца няспынна. Я ўсьміхнулася табе, а ты ў адказ паглядзеў добрымі глыбокімі вачыма. І падалося, так можна плыць цэлую вечнасьць, незважаючы на тое, што ногі паступова пачыналі сьцюдзянець. Я ведала, калі пачну стамляцца, магу ўхапіцца за твае валасы і плыць далей, трымаючыся за цёплую шыю. Мы плылі так усю ноч і ўвесь наступны дзень, чакаючы цемры і месячнай сьцяжынкі, якая паказала б нам дарогу. Хутка мы пабачылі супрацьлеглы бераг. Гэта быў такі ж самотны пляж, як наш. Па ім вецер ганяў пялёсткі ўчорашняга туману. Вечар ужо адаслаў наперад свой прахалодны подых. Мы выйшлі з вады і, каб хутчэй абсохнуць, расклалі вогнішча з пакінутых ластаўчыных гнёздаў. Твае сьляды былі падобныя на кітайскія іерогліфы. Гэта былі “сэрца”, “рот”, “маці”, “сонца”, а апошні нагадаў мэдытатыўны невымоўны гук цішыні. Нехта заўважыў дым ад нашага вогнішча. Мы пачулі галасы і крокі людзей. Гэта маглі быць памежнікі, якія будуць прасіць нашыя візы. Вырашылі перачакаць пад вадой. Вельмі не хацелася пакідаць наш утульны агмень, але гэта быў адзіны выхад пазбегчы непрыемнасьцяў. Мы паплылі ад самога берага, калі галасы пачуліся блізка, нырнулі і затаіліся. Потым апусьціліся на дно і сталі глядзець праз воду на неба. . Па-над намі праплылі юная камбала з вачыма па розныя бакі цела, маленькая рыбка-голка, некалькі рознакаляровых мэдузаў. Нарэшце пачало цямнець і на небе паказаліся першыя зоркі. Калі Млечны Шлях стаў выразна бачны, мы асьцярожна падняліся на паверхню і пабачылі за сабой яскравую поўню. Нашае вогнішча было раскіданае, толькі дагараючыя іскры засталіся напамінам пра тое, што кожную летнюю ноч мы ходзім зьбіраць зоркі ў свой яблыневы сад. Горад К. Мы ішлі ажыўленай вуліцай горада К., і ўсе на нас глядзелі, таму што мы былі вельмі прыгожай парай. Мабыць, нехта нам зайздройсьціў, таму што па маёй патыліцы бегаў халадок нечых позіркаў. Горад К. быў вельмі стары і вядомы. На вуліцы мітусіліся натоўпы людзей і чарада машын, ледзь рухаючыся ў заторы, марудна прасоўвалася. Мы ледзь пракладвалі сабе пуць сярод гэтай блытаніны людзей ды аўто, а калі-некалі нават даводзілася кранацца мінакоў рукой. Нейкі хлопчык, які нёс сваёй дзяўчыне вялізны букет парніковых бязводарных кветак і вельмі сьпяшаўся, нават наступіў мне на нагу. Мы вырашылі пайсьці далей ад цэнтра і нечакана набрылі да звярынца. Плот быў вельмі высокі, зроблены з мэталічнае сеткі на каркасе. Я папрасілася адпачыць крыху і пад’есьці, перш як браць гэтую перашкоду. Мы селі побач, прытуліўшыся да вялізнага, скручанага ў катушку стогу. Можна было проста пераляцець праз гэты плот, але нас маглі заўважыць. Ты дапамог мне спусьціцца ўніз на тым баку, я зачапілася за вострую сетку і крыху параніла далонь. Ты зьлізнуў маленькія кроплі крыві асьцярожна і прынес аднекуль ліст трыпутніку. Мы размаўлялі з жывёламі і кармілі іх сьвежай капустай, якую пакінулі сабе на вячэру. Нам ніхто не замінаў праціснуцца скрозь агароджы і падыйсьці да жывёлаў бліжэй – сказаць нешта на вуха малпе, пагладзіць па сумцы маму-кенгуру, якая спачатку была паскакала ад нас, але вярнулася на адмысловы крык, зразумеўшы, што мы зь ёй адной крыві. Мы бачылі ржавых лісаў, што рыхтаваліся да зімы. Ты бегаў навыперадкі са страўсамі, я каталася на сьпінах зэбраў, чапляючыся за белыя палоскі, мы назіралі за фанабэрыстымі паўлінамі, лашчылі драпежнікаў, напаткалі сям’ю зубраў, але ня сталі іх турбаваць, бо яны зусім нядаўна нарадзілі зубраня і былі варожыя да ўсяго сьвету, нячулыя да нашых запэўненьняў у бяскрыўднасьці. Нам было цяжка глядзець на птушак, многія зь якіх у няволі развучыліся лятаць. Мы нават раздалі ім частку сваёй калекцыі камянёў, што зьбіралі ў розных краінах. Птушкі, якім пашчасьціла знайсьці камень са сваёй радзімы, праглынулі гэты каштоўны падарунак і захавалі назаўсёды у сваім вальлі. Мы бачылі кракадылаў, бегемотаў, розных грызуноў, толькі коняў нідзе не было. Ты неяк крыху спахмурнеў, вочы твае, якія заўсёды прыцягвалі сьвятло, пацьмянелі, нібыта хтосьці задзьмуў іх, як сьвечку. Жартаўлівая бойка маленькіх мядзьведзяняткаў цябе крыху ўсьцешыла і павесяліла. Іх бацькі распавялі нам, што гэта іх першае патомства і што толькі дзякуючы сваім дзеткам яны адчулі сябе ў гэтым чужым горадзе, як дома. Нешта надзвычайнае лунала ў паветры. Відаць, не выпадкова поўня прывяла нас ў гэты горад. Ты сядзеў перада мной і глядзеў на набліжэньне захаду. Я імкнулася зрабіць усё як мага хутчэй, пакуль было дастаткова сьвятла. Імпрэсіяністы заўсёды малявалі памежныя станы, і толькі зараз я зразумела, як гэта цяжка: злавіць тваю ледзь заўважную ўсьмешку і глыбокія вочы, у якіх люструецца жоўтае сонца, што паступова сыходзіць на другую частку зямлі, пакідаючы свой цёплы сьлед на даху заціхаючага гораду. Маленькі пэндзаль быў зроблены з маіх валасоў, а вялікі – з тваіх. Фарбу для малюнкаў я зьбірала ў самых дзіўных месцах: парцалянавы блакіт Чорнага мора, шэра-ружовая галька – Азоўскага, таматна-памаранчавы сок Мэксыкі, цёмны колер піва Гінэс, празрыстае чэскае шкло, чорны дождж Лёндану, бездакорны белы – Барсэлёны. Фарбы захоўвалі подых і дух тых мясьцінаў, зь якіх былі прывезеныя, а таму й малюнкі звычайна дыхалі нейкай шматнароднай традыцыяй. У іх зьліваліся гарачыя гішпанскія рытмы, ірляндзкая народная весялосьць, шум мора, сьвяточнасьць Рыа, ангельская суворасьць, чэская сьціпласьць – яркія вясёлкавыя пералівы ўсіх часьцін сьвету. Для партрэту я абрала цёплыя карычнева-жоўта-зялёныя колеры: аліўкавыя халмы Харватыі, ахрыстае сухое лісьце Карпатаў, пяшчотна-салатнае першае цьвіценьне крымскіх падгор’яў, а таксама сьветла-шэры Сьвіцязі для тваіх вачэй. У салёнай вадзе заліва гэтыя фарбы рабіліся яшчэ больш выразнымі і лёгка клаліся на тканіну аповеду. І вось пасярэдзіне подыху, паміж адкрытымі і закрытымі вачыма, пасьля сонца і перад луной, на пераходзе ад сьвета да цені, на самай мяжы сяброўства ды каханьня выявіўся твой твар, подобны хутчэй на сымбаль бясконцага пераўтварэньня інь у ян. Палёты і сны Мы паставілі намёт на пяску ля мора. Раніцай ён быў напалову заліты вадой. Але мы не адразу заўважылі – так стаміліся пасьля ўчорашняй прагулкі – і не маглі прачнуцца. Мы бачылі адзін сон на дваіх, толькі глядзелі яго з розных бакоў: нехта з пачатку, а нехта – з канца. Мы сустрэліся на сярэдзіне і толькі тады прачнуліся. Мы ляжалі, калыхаючыся на паверхні салёнай вады, і ўспаміналі свой сон. Гаспадары асабняку, пад якім мы начавалі, знайшлі намёт, спусьціліся на пляж і паклікалі: “Ці ёсьць хто жывы?” Яны запрасілі нас пасьнедаць. Мы пагадзіліся адразу, таму што наш сьняданак быў наскрозь мокры: захаваўся цэлым толькі маленькі слоік варэньня з грэцкіх арэхаў, якім мы частавалі сваіх новых гасьцінных сяброў. Сьняданак на адкрытай тэрасе зь відам на мора атрымаўся вельмі натхняльным. Была ўжо восень, але гэты дзень нагадваў пра лета. Марская вада колеру мятнае гарбаты накатвала хвалі на бераг, водар салёнае сьвежасьці прасякаў крыштальнае паветра, асьветленыя сонцам аблокі марудна цягнуліся адно за адным. Людзі, якія жывуць ля мора, вельмі шчасьлівыя. Кіран і Лорна распавядалі нам свае сны. І ён і яна ляталі ў сьне. Лорна, як звычайна, ляцела, нібыта плыла па вадзе, адчуваючы цяжар. Яна адштурхоўвалася ад пяску на пляжы і ўзьнімалася вышэй і вышэй, перамагаючы зямное прыцягненье. Кіран ляцеў, нібыта падаў у бяздонны калодзеж. Падчас гэтых палётаў ён наадварот адчуваў лёгкасьць, нібыта пакідаў сваё цела. Яшчэ яны казалі, што адчуваньне палёту было вельмі моцным ды рэалістычным – у сьне яны былі ўпэўненыя, што могуць паўтарыць гэта на яве. Я падумала, што гэта абавязкова адбудзецца калі-небудзь, трэба толькі ашчадна захоўваць досьвед пра палёты. Ты толькі ўсьміхнуўся сам сабе, табе невядомая была пакутлівая мара навучыцца лятаць. У Кірана была свая букіністычная кнігарня ў горадзе. Ён чытаў усе кнігі, якія прадаваў сам, і ведаў пра іх шмат цікавага. Ён дапамог нам знайсьці падарункі для сяброў – збор кельцкіх лягендаў ды паданьняў, кінакаталёг 1993 года выданьня, вершы Ленана з ягонымі малюнкамі ў перакладзе на чэскую мову. Для сябе я выбрала энцыкляпэдыю коняў. Ты набыў альбом з рэпрадукцыямі мастакоў, якія малявалі неба. Мы пакінулі Кірану кнігі зь бібліятэкі нашай сьвядомасьці, якія заўсёды насілі з сабой – раман Мілана Кундеры аб празе захвацца ў памяці пасьля сьмерці, далікатны жыцьцяпіс эратычнасьці мастацтва Джона Барта, кніга спасьцігненьня самога сябе Кэна Кізі, даоская прыпавесьць Джэка Керуака, казка пра гульню ў шахматы Ўладзіміра Караткевіча, дзёньнік-Кама Сутра Чарлза Букоўскі, твор пра шматлікасьць чалавечых абліччаў Германа Гесэ, дасьледаваньне Тома Вулфа пра экспэрымэнты са сьвядомасьцю, выдзьмутая скразьняком праз фортку аповесьць Генрыха Бёля, сатыра на брудны Парыж Генры Мілера, аўтабіяграфічная містыка пра змарнаваных часам Пітэра Хёга. Здарэньні Мы сядзелі на беразе, на кароткім пляжы, і размаўлялі пра тое, што падавалася нам дзіўным. Ты гуляўся з хвалямі, якія набягалі белымі карункамі, імкнучыся дастаць твае сьляды, якія ты пакідаў усё далей і далей, завабліваючы марскую прахалоду на гарачы перадвячэрні пясок. Кіран ды Лорна распавялі, што некалькі месяцаў таму бачылі зграю нейкіх істотаў, здалёк у тумане не было бачна, хто гэта. Яны нібыта ішлі па вадзе, але на тым месцы, Кіран ды Лорна гэта дакладна ведалі, раней не было такой плыткай пярэспы. Яны вельмі зьдзівіліся, а калі спусьціліся ўніз, каб паглядзець бліжэй, у моры нікога ўжо не было. Яны казалі, што і сьлядоў на пяску не знайшлі. Мы зразумелі гэтае сымбалічнае зьяўленьне як знак: хоць нам вельмі добра было ў гэтым гасьцінным доме на ўзьбярэжжы, але трэба было працягваць нашыя пошукі. Наступнаю раніцаю мы разбурылі свой самаробны дамок і, каб ня крыўдзіць гаспадароў, накрэмзалі на пяску ліст да іх. У ім мы падрабязна напісалі гісторыю нашых, пошукаў, падзякавалі за тое, што яны зрабілі для нас, а таксама пакінулі некалькі парадаў, як можна спасьцігнуць неабходныя для жыцьця майстэрствы: дыхаць пад вадой, чытаць будучыню па сьлядах на пяску, размаўляць з сабой зь мінулага, разумець мову жывёлаў. Паступова мы абыйшлі ўсе суседнія мясьціны, але, як правільна заўважылі Лорна і Кіран, тое, што мы шукаем, часта не пакідае ніякіх сьлядоў – толькі прадчуваньне сваёй блізкасьці. Найлепшым месцам нам падалося курортнае мястэчка, якое, нягледзячы на папулярнасьць сярод турыстаў, захоўвала дзікаватыя куткі. Трэба было толькі адыйсьці некалькі кілямэтраў ад упарадкаваных мясьцін адпачынку, а таксама ад невялікіх пясчаных пляжаў – і вакол цябе заставаліся толькі пашы ды стромкі скалісты бераг акіянскага заліву. Мы знайшлі маленькі маляўнічы схаваны ад нецікаўных людзей вадаспад з прэснай вадой і невялікую палоску камяністага нізкага берага. Недалёка ад гэтай райскай мясьціны знайшлася таксама маленькая ўтульная пячора, у якую можна было трапіць толькі па вадзе… ці паветры. Ідучы сьцежкай, асаджанай суцэльным кустом ажыны, мы сустрэлі чалавека-авечку і спыталі ў яго накірунак. Ён прамармытаў нешта на дзіўным і, відаць, вельмі старажытным дыялекце, падобным да гэльцкага і пакрочыў далей са сваім сівым і мудрым ад старасьці сабакам. Пах авечай поўсьці зачапіўся за нас і пацягнуўся ад чалавека-авечкі, як нітка за павучком. Я стала намотваць яго на далонь – калі час будзе, зраблю файную фарбу. Я ўладкавалася працаваць у кітайскім доме – два разы на тыдзень. Распавядала замежнікам пра розныя гатункі гарбаты на тых мовах, якія ведала; а таксама ладзіла чайныя цырымоніі. Ты чакаў мяне дома, куды я прыяжджала на старым фургончыку, які мне пазычылі на працы. Грошай хапала на кнігі, ежу, сьвечкі і дровы для каміну. Часам ты выпраўляўся ў горад разам са мной. Па дарозе ты заўсёды паглядаў у абодва бакі, каб не прапусьціць нешта значнае. Ты ўглядаўся ў твары людзей, шукаў на іх адбітак дзіўных невытлумачальных здарэньняў, сьведкамі якіх яны сталі. Але большасьць твараў былі заклапочаныя і шэрыя – твары людзей, якія даўно ня бачылі нечага незвычайнага, прынамсі іх вочы не паказвалі сумневу ў правільнасьці сёньняшняга разуменьня сусьвету. У кітайскі дамок прыходзілі розныя людзі. Былі выпадковыя і сталыя наведвальнікі. Былі тыя, хто, даведаўшыся пра гэтае месца зь якой-небудзь крыніцы, заходзілі пацікавіцца і больш ніколі не вярталіся, а хтосьці станавіўся заўсёднікам. Былі людзі, дасьведчаныя ў каштоўнасьцях гарбаты, але большасьць пад час цырымоніі сачылі і слухалі з непадробнай увагай і даверлівасьцю. Адзін чалавек часьцяком завітваў сюды. Звычайна ён замаўляў жоўты чай з карой японскага кедра, якая мела галюцынагенныя ўласьцівасьці, і сядаў за самы непрыкметны столік, адкуль бачна было тое, што адбываецца ў залі. Калі глядзець ягонымі вачыма, якія ўжо прызвычаіліся да цьмянага асьвятленьня, у памяшканьні было зашмат эзатэрычных дробязяў – званочкі ветру розных памераў, папяровыя ліхтарыкі, безьліч падушак з яскравымі малюнкамі, дэкаратыўныя чайнічкі, расстаўленыя пад стольлю, рэпрадукцыі Хакусая ды іншых японскіх мастакоў. Замест шпалераў сьцены былі аклееныя кітайскімі газэтамі, а самі чайныя майстры былі апранутыя ў шаўковыя традыцыйна стракатыя касьцюмы. Але трэба было зрабіць некалькі глыткоў, і ўсё тое, што спачатку так кідалася ў вочы, паступова зьлівалася ў адзін гарманічны малюнак, з сынкрэтычнай блытаніны ператваралася хутчэй у дэкарацыю ўсходняга тэатру, прымай якога была гарбата. Сёньня чаяваньне адбывалася неяк асабліва. Наведвальнікі былі ня надта спакушаныя, але вельмі чулыя. Яны дазволілі мне выбраць для іх гатунак гарбаты, відаць, добра разумеючы, што ўсё залежыць ня столькі ад выкшталцонасьці матэрыялу, колькі ад аранжыроўкі смаку, якую павінны былі зрабіць для іх гэтая заля і майстар цырымоніі. Мне яны вельмі спадабаліся, таму я пагрэла для іх самы каштоўны посуд – сярэдніх памераў гліняныя кубачкі з цудатворнымі надпісамі і імбрычак, які захоўваў водар выключна лепшых гатункаў чаю. Першая вада, хуткая – наталеньне смагі, другая вада, моцная – насалода, трэцяя вада, вострая – адчуваньне густу, чацьвёртая вада, лёгкая – мэдытацыя, пятая, празрыстая – разняволеньне. Першы сьнег Калі першы сьнег пакінуў свае сьляды на дрэвах, ты замкнуўся ў сабе. Я ведала, што пакуль на нашай зямлі гаспадарыў сьнежны тварожнік, нішто ня можа цябе ўсьцешыць. Ты ўвесь замяніўся ў чаканьне, маруднае чаканьне вясны, якая ад гэтага, падаецца, станавілася ўсё далей і далей. Я вучылася граць на флейце – кепска атрымлівалася. Кожны год я губляла па адным з навыкаў, якімі не карысталася. Відаць, мінулыя два гады забралі ў мяне музычны слых і адчуваньне гукавое гармоніі. Але самым крыўдным было тое, што я адразу забывала мэлёдыі, якія толькі што пачула ў сваёй галаве. Я чула шматгалосьсе новых птушак, сьпеў летняй ночы, калыханку маленькага зубраняткі, цудоўную сімфонію асеньняга лістападу, стаката срэбнага дажджу па пялёстках – а праз хвіліну ўсё гэта сьціралася з маёй памяці, пакідаючы толькі слоўнае лібрэта. Ты спаў да абеду. Жыў ноччу – ня мог чуць мае практыкаваньні і не хацеў бачыць чорна-белы сьвет. Думаючы пра цябе перад сном, я пакутвала на бяссоньне. Сёньня знайшла цябе на беразе. Ты паліў чарнавікі пачуцьцяў і нашыя старыя размовы, кідаў у вогнішча ўсё, што магло аддаць цяпло, але ўсё роўна ня мог сагрэцца. Я села побач і абняла цябе, ты быў халодны, дрыжаў і няроўна дыхаў – амаль губляў прытомнасьць. Я паглядзела ў твой твар, асьветлены вогнішчам, якое было такім гарачым, што я ледзь трывала. Твае вочы зьвінелі сьлязамі, як крыштальныя званочкі. Ня ведаючы, што яшчэ для цябе зрабіць, я пачала распавядаць казку. “Жыў на сьвеце чалавек-кот. Ён мог лазіць па дрэвах і бачыў у цемры, але не любіў вышыню. І была ў яго яшчэ адна адметная рыса – ён палохаўся сабакаў: ледзь пачуе брэх здалёк “Гаў, гаў!” – бяжыць у лес што ёсьць моцы і хаваецца на самым высокім дрэве. Аднойчы ішоў чалавек-кот па вуліцы. Так гуляў сам з сабою, песенку мармытаў. І раптам бачыць на дарозе вераб’я. Схапіў яго… і за каўнер. Верабейка трымціць за пазухай, казыча. А чалавек-кот ідзе сабе далей і ні пра што кепскае ня думае. Верабей у няволі ні на хвіліну заставацца ня хоча, пачаў маліць: “Адпусьці мяне, чалавек-кот, я табе сакрэт адзін давяду!” – “Які сакрэт?” – зацікавіўся чалавек-кот і выцягнуў вераб’я вонкі”. – “Калі адпусьціш мяне, навучу цябе лятаць.” “Нешта тут ня так,” – падумаў чалавек-кот, а сам кажа: “Ну, навучы, а там паглядзім…” Скеміў верабей, што чалавек і ня думае пра тое, каб яго адпускаць, але не згубіўся. “Ёсьць – кажа, — адна хітрасьць. Каб узьляцець, трэба развесьці рукі і палічыць да дзесяці, потым закрыць вочы і чакаць, пакуль з плячэй зваліцца гара…” – “Э, не! – кажа чалавек-кот, — падмануць мяне задумаў. Кажа так і яшчэ мацней сьціскае ў руцэ верабейку. Раптам зь вёскі даляцеў брэх сабакаў: “Гаў-гаў!”. Чалавек-кот пабег у лес. Ён усё бег і бег, але брэх не сьціхаў, а наадварот – усё набліжаўся. Беднага чалавека-ката гнала цэлая зграя сабакаў. Чалавек-кот пачаў лезьці на дрэва, але было запозна – самы прыткі сабака схапіў яго і параніў. Чалавек-кот ня мог больш лезьці ўверх. Заставалася адно – узьляцець! Чалавек-кот заплюшчыў вочы ад болю, раскінуў рукі ў бакі і пачаў лічыць. Але лічыць ён умеў толькі па пальцах. Давялося яму адпусьціць вераб’я, каб уратавацца. “Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсць…” – пачаў ён загінаць пальцы. І, о цуд! Прашаптаўшы з апошніх сілаў “дзесяць”, чалавек-кот адчуў непаўторную лёгкасьць, нібыта гара звалілася зь ягоных плячэй. Ён адкрыў вочы і зразумеў, што ўзьняўся над зямлёй і паляцеў да самых аблокаў. Сабакі брахалі далёка ўнізе, але ён іх больш не баяўся – цяпер ён быў вольны і ў бясьпецы. Так чалавек-кот пераўтварыўся ў чалавека-птушку і больш ніколі ня крыўдзіў вераб’я, які адкрыў яму мудрасьць палёта…” У каміне дагаралі рэшткі згарэлых рэчаў, пачынаўся сьвітанак. Ты спаў, цёплы і спакойны, паклаўшы голаву на мае калені. Наступным днём я стала вязаць табе зімні капялюш і шалік з гербарыя, які мы зьбіралі разам усё лета. Вяртаньне Ня ведаю, колькі было такіх вечароў, дзіўных у сваёй пяшчоце, але нарэшце прыйшла вясна. Гэта была наша з табой апошняя вясна казачных падарожжаў. Мы пакуль ня думалі пра гэта і спакойна лашчыліся на першым цёплым сонейку, купаліся ў па-новаму сьвежай вадзе ранішняга прыбою. Мы гулялі ў сьвет і цень, то захіляючы нізкае сонца адно ад аднаго, то адкрываючы яго промням шлях да твару. Мы бегалі за хвалямі, ляжалі на прахалодным пяску і глядзелі на аблокі, шукаючы ў іх казачных жывёлаў, райскія кветкі, экзатычных рыбаў. Мы пілі ваду, прынесеную з сабой з горнай крынічкі, мы частаваліся ледзь сасьпелымі чарэшнямі, якія ты зьбіраў для мяне кожную раніцу ў лапуховы лісток. Ты ніколі не казаў мне пра каханьне, але я ведала, што мы з табой самыя дарагія адно аднаму. На сьвежым зялёным лузе пасьвіліся коні. Ты пабачыў іх яшчэ здалёк і памчаўся насустрач хутчэй за вецер. Я ледзь пасьпявала сачыць позіркам тваю грацыёзную ды велічную постаць. Твой прыгожы хвост разьвіваўся па ветры, пакідаючы ўва мне мэлянхалічную падзяку за тыя часы, якія мы бавілі разам. Я ўсё глядзела і глядзела на цябе і на гэтых коняў і мне нязносна было думаць, што мы з табой істоты з розных вымярэньняў і нам ад самага пачатку наканавана было расстаньне. Табе неабходна было гэтым летам знайсьці сямью, пабудаваць хату і навучыўшы лятаць сваіх дзетак, выправіцца восеньню ў вырай, каб працягвалася жыцьцё. Ты быў шчасьлівы, а мне заставалася працягваць свае нялёгкія пошукі, але я ня ведала, дзе пасьвіцца мае шчасьце і як яно выглядае. * * * Мы гатавалі вячэру: смажылі каштаны, запарвалі кляновае лісьце. Ты ня вельмі любіў восень, таму што за ёй была зіма, а зімой ты ўвесь час марыў пра цёплыя краіны, як хворая птушка, якой давялося зімаваць на радзіме. Хутка цямнела, а пад вечар штарміла, і мы перабіраліся вячэраць у хату. Там мы пілі кляновую гарбату, елі каштаны з падліўкай зь сівога сьвету поўні. Яшчэ мы гралі ў гульні. Спачатку ў рэндзю… расстаўляючы радкі чорных і чырвоных фішак, мы адначасова займаліся каліграфіяй – пісалі вершы, дадаючы па адныму іерогліфу – спачатку аднарадкоўі, а калі ўдавалася выставіць тры фішкі ў рад – атрымлівалася хайку. Пераможцам станавіўся той, хто здолеў намаляваць танку зь пяці. За гэтай гульнёй мы бавілі часы, вечары, дні… Калі мы гулялі ў шахматы, ты заўсёды даваў мне фору ў каня. Але я ўсё роўна часта прайгравала, таму што за цябе канём хадзіла ноч. Гуляючы ў шахматы, мы самі таго не заўважаючы пераўтвараліся ў іншых людзей ці нават рэчы. Напрыклад, у малюнкі Сальвадора Далі: ты навісаў над сталом, як гумовая яечня, а я пераўвасаблялася ў гіпсавы партрэт Вальтэра, у якім мітычныя вусені праелі фігуркі манашак. А то мне падавалася, што людзі вакол мяне, вясёлыя і ўсьмешлівыя, танчаць, адзначаючы маё трохгодзьдзе, а на тваім месцы зьяўляўся парастак бамбука. Нягледзячы на тое, што нашыя сьвядомасьці набывалі зусім розныя і нечаканыя ўвасабленьні, мы заўсёды заставаліся шчыльна зьнітаваныя паміж сабой, нібыта сюжэтам адной кнігі. Часта і сама гульня ў шахматы цалкам гублялася ў сваіх правілах і станавілася гульнёй асацыяцыяў. Тады нашыя пераўтварэньні атрымлівалі сапраўды асобнае жыцьцё. Мы гублялі над імі ўладу, нібыта батлейшчык, які, пакінуўшы сваіх лялек на гарышчы, ўпэўнены, што яны ўвесь час будуць нерухома ляжаць на месцы. З дапамогай гэтых практыкаваньняў мы імкнуліся ўбудаваць сваё жыцьцё, пражыць адначасова некалькі жыцьцяў, даведацца пра сусьвет знутры, з пункту гледжаньня жывёлаў, расьлінаў, іншых людзей. — Я толькі што быў канём, які ўмеў лятаць, — сказаў ты, ачуняўшы. Дзіўна, але тваімі вачыма я бачыла зусім іншую гісторыю… Сакавік-красавік 2005 |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|