• лiтaрa.net | дакумэнты |
Гліняны Вялес

Літаратурная прэмія “Гліняны Вялес” была заснавана ў 1993 годзе Таварыствам Вольных Літаратараў. Самой назвай тэвээлаўцы імкнуліся падкрэсьліць яе дачыненьне да: нонканфармізму (не “залаты” і не “крыштальны”) і нэакансэрватызму (Вялес – старажытны паганскі бог, які апекаваўся мастацтвам) – гэтых падставовых ідэалягічных “камянёў”, на якіх паўстала ТВЛ. Прэмія прысуджаецца за лепшую, на думку тэвээлаўцаў, беларускую мастацкую кнігу года. Ляўрэат атрымлівае толькі глінянага стода апекуна мастацтва.


Першым ляўрэатам прэміі стаў паэт і філёзаф Ігар Бабкоў, “Гліняным Вялесам” быў адзначаны паэтычны зборнік “Solus Rex”. Інаўгурацыйная вечарына адбылася напрыканцы 1993 году ў канфэрэн-зале філялягічнага факультэту БДУ. Праз год уладальнікам Вялеса стала паэтка Людка Сільнова, лепшай кнігай 1994 году тэвээлаўцы назвалі эксперэментальны зборнік малюнкаў-вершаў “Рысасловы”, які выйшаў у выдавецтве “Полацкае ляда”. Вялесаваньне адбылося ў сьценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Ляўрэатам 1995 году быў названы Алесь Разанаў, за кнігу вершаў “Паляваньне ў райскай даліне”. Вядомы паэт атрымаў Вялеса ў памяшканьні тэатру “Вольная сцэна”. Пасьля Разанава прэмію ТВЛ прымаў Славамір Адамовіч. Пакуль паэт сядзеў у турме за “экстрэмісцкі” верш, сябры палітвязня выдалі яго зборнік “Каханьне пад акупацыяй”, які і быў адзначаны Вялесам. Уганараваньне прайшло ў менскай штаб-кватэры БНФ.

Ляўрэат 1997 году празаік Лявон Вашко прымаў узнагароду (за зборнік апавяданьняў “Паэты-цары”) ужо ў Полацку ля Барысавага каменя. З гэтага году да двух ранейшых ідэалягічных “валуноў” Таварыства дадаўся трэці – рэгіяналізм. Цяпер усе свае мерапрыемствы тэвээлаўцы ладзілі выключна па-за межамі сталіцы.

Лепшай кнігай 1998 году быў названы зборнік эсэ Ўладзімера Арлова “Божая кароўка зь пятай авэню”. Арлова ўшаноўвалі ў ягоным родным Полацку ў музэі беларускага кнігадрукаваньня. “Глінянага Вялеса-99” атрамаў паэт-пчаляр з Пружаншчыны Мікола Папека, за свой першы паэтычны зборнік “Чарнавікі…”. “Вялеса-2000” завёз у Горадню празаік Сяргей Астравец, узнагароду яму прынёс том прозы “Цэнзарскія нажніцы”. На наступны год прэмію ТВЛ атрымаў менскі паэт Віктар Сьлінко за зборнік паэзіі “Штольні вясны”.

Да 1997 году стоды Вялеса выраблялі наваполацкія керамісты Валеры Дунеўскі і Ўладзімер Галеба. Для Разанава і Адамовіча Дунеўскі выканаў узнагароду па эскізах вядомага мастака Сяргея Цімохава. Апошніх Вялесаў рабіў менскі скульптар Аляксандар Шомаў.

Па традыцыі падчас атрыманьня прэміі ляўрэат абавязкова павінен выступіць з інаўгурацыйнай прамовай.

Сьпіс ляўрэатаў
1993 (сьнежань). Ігар Бабкоў - зборнік вершаў “Solus Rex”, тэкст прамовы [http://litara.net/doc/poetry]
1994. Людка Сільнова - зборнік візуальнай паэзіі “Рысасловы”, тэкст прамовы [http://litara.net/doc/lection]
1996. Алесь Разанаў - кніга вершаў “Паляваньне ў райскай даліне”, тэкст прамовы [http://litara.net/doc/hlina]
1996. Славамір Адамовіч - зборнік вершаў “Каханьне пад акупацыяй”, тэкст прамовы [http://litara.net/doc/reval]
1997. Лявон Вашко – зборнік апавяданьняў “Паэты-цары”, тэкст прамовы [http://litara.net/doc/duxaxram]
1998. Уладзімер Арлоў - зборнік эсэ “Божая кароўка зь Пятай авэню”, тэкст прамовы [http://litara.net/doc/alfa]
1999. Мікола Папека – зборнік вершаў “Чарнавікі…”, тэкст прамовы [http://litara.net/doc/mova]
2000. Сяргей Астравец – зборнік прозы “Цэнзарскія нажніцы”, тэкст прамовы [http://litara.net/doc/majaradzima]
2001. Віктар Сьлінко - зборнік вершаў "Штольні вясны", тэкст прамовы [http://litara.net/doc/listapad]

Уручэньне прэміі адбывалася напачатку наступнага году.


© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку