лiтaрa.net | рэцэнзii |
Проста голас
Ганна Кiслiцына, 26 жнiўня 2002
Алесь Аркуш. Проста ў сярэдзіну. Вільня,2001.
Алесь Аркуш — паэт, эсэіст, стваральнік Таварыства Вольных Літаратараў, але перад усім — ідэолаг новай культуры. Адзін з апошніх камісараў беларускай літаратуры, якая перастала быць рэгулярнай арміяй пісьменнікаў, а разбрылася па рэгіёнах і суполках. Ён не айчынны Фурманаў, а хутчэй тутэйшы бацька Махно, аднак яго камізэлькі выглядаюць не менш каларытна і пераканаўча, чым нягнуткія рэвалюцыйныя скуранкі. “Сур”ёзны дзядзька” — гавораць пра яго маладзейшыя літаратары, для якіх словы “таварыства” і “воля” — пусты гук, а паняцце літаратура рэдукавалася да камічнага “літ”.
“Як кулямёт зараджана друкарка…” — так пачынаецца адзін з вершаў кнігі “Проста ў сярэдзіну”, што міжвольна наводзіць на думку, што ў аснову назвы новага зборніка пакладзены малапаэтычны вобраз мішэні. Для “ваяра альтэрнатывы”, якім па звычцы ўспрымаецца гэты палачанін, цалкам натуральнае жаданне цэліць у сярэдзіну. Адказная, амаль місіянская роля, якую адвяла яму Новая Літаратурная Сітуацыя, абавязвае яго быць не толькі таленавітым прадзюсэрам ад кнігадрукавання, але і пісьменнікам, які ўвасабляе заўсёды прывабныя ідэі волі не толькі ў маніфеставанай публіцыстыцы, але і ў паэтычнай практыцы.
Між тым, аркушаўскае “проста ў сярэдзіну” — сінонім не снайпераўскай дакладнасці, а мастацкай прастаты. Верш, аднайменны з назваю зборніка, прысвечаны безумоўна выбітному расейскамоўнаму пісьменніку Генадзю Айгі, аднак яго змест знаходзіцца па-за апісаннем рэальнага знаёмства з паэтам, па-за вобразам канкрэтнай асобы, і нават па-за часам, хоць апошні і спрабуе нахабна праскочыць ў апавядальную тканіну твора пазнавальнымі “лукойламі”, “газпрмамі” і “менатэпамі”, якія, дзякуючы намаганням Аркуша, з монстраў капіталістычнай рэальнасці ператварыліся ў даволі бяззлобных міфалагічных істотаў. “Проста ў сярэдзіну” — верш-роздум над сутнасцю і прызначэннем мастацтва. Непаэтычна гэтую сутнасць можна было б акрэсліць як злучэнне зямлі і неба, якое дасягаецца альбо інтуітыўна, альбо пасродкам культуры.
Аднак пераказ, прамое казанне — не заўсёды самы ўдалы шлях данясення сэнсу, таму лепш звярнуцца да аўтарскага тэксту:
проста голас проста ў сярэдзіну
у цэнтар у глыбіню як каменчык у студню
і кругі і ціхі водгук
гэтак проста, як сцізорыкам
выразаць свістульку каб без
дай прычыны гукаць аблокі
Было б няблага, каб гэты твор стаў для Алеся Аркуша павароткавым. Соц-артаўская плакатнасць злаканізавала адзін час творчасць гэтага вольнага літаратара проста да непрыстойнай сцісласці, з-пад якой, тым не менш, не магла выпрастацца прыналежная яму філасафічнасць. Прастата, увогуле, іншы раз забівае паэта хутчэй, чым стрэл у спіну. Менавіта прамагаварэнне, якім сёння падмяняюцца метафара і міф, з”яўляецца, на думку крытыкаў, галоўнай пагрозай сучаснага мастацтва, незалежна ад таго традыцыйным ці авангардным выглядае яно з боку формы. Паэтычная прастата не павінна зводзіцца да жывёльнага крыку, але вымушана культываваць голас прыроды. Як заўсёды, мастацкасць — гэта ўдала вызначаная сярэдзіна.
Такім залатасярэдзінным творам выглядае і “На пошукі змея Нарата”, які, даруйце за каламбур, прадстаўляе Аркуша адначасова як наратара (г.зн. апавядальніка) і як наратолага — спецыяліста па бразільскіх змеях. Міф аб апошнім і стаў нагодай паразважаць, зноў-такі пра мастацтва, якое не толькі адмаўляецца ісці наўпрост, але і паўсюдна імкнецца залезці ў чужую скуру.
О, гэты смельчак, Раул Боп,
які накінуў на шыю Змею Нарата
пятлю і засіліў гразу сэльвы Амазонкі.
Ён так марыў ажаніцца з дачкой каралевы Лузіі,
што ўлез у скуру сваёй ахвяры
і змеям выправіўся на пошукі абранніцы.
— Куды-ж ты, Змей Нарата? — пытаюцца
ў Раула Бопа жыхары сэльвы.
— Хачу я бачыць дачку каралевы Лузіі, —
адказваў усім смяльчак Раул.
Няпросты ён выбраў шлях — праз сэльву,
праз балоты, праз выпрабаванні.
Уладзімер Славук намаляваў бы
шыкоўныя ілюстрацыі да гэтай гісторыі.
Шлях сапраўднага мастацтва — заўсёды няпросты: не толькі праз сэльву, але і праз церніі. З другога боку, сапраўдная прастата — як сінонім геніальнасці — гэта вынік складанага шляху, які праходзіць душа. Аднак, нават без пафасных эпітэтаў, мастацкасць — як крытэрый вызначэння літаратурнай творчасці — набываецца за кошт ахвяравальна- дабравольнага ўскладнення жыцця. Менавіта так трэба расцэньваць стварэнне абавязковых нормаў, правілаў, без якіх самая авангардная культура не можа доўга праіснаваць, каб не надакучыць спажыўцу. Нішто так хутка не раздражняе, як анархія.
Таму так важна захоўваць цэнзараў самых разнастайных гатункаў, і, у першую чаргу, рэдактароў і карэктараў, як цэрбераў ад літаратуры. Выключна на сумленні рэдактароў знаходзіцца такі, да прыкладу, перл: “Па палянцы па далінцы скачуць конікі ў абдымцы”. Відавочна, што дапрацоўкі патрабаваў і цыкл “Птушыны рай”, дзе метафарычнасць аркушаўскай думкі раз за разам вынішчаецца нейкай зухавата-маладнякоўскай інтанацыяй. Да прыкладу: “Лятаць — вось самае галоўнае! Няма калі спачыць -заснуць!” Ці з другога “птушынага “ верша: “У кожнай ёсць душа і цела. І цела за душой ляцела.” Вобраз птушкі ў гэтым цыкле прымушае згадаць пра рычардбахаўскую чайку з іменем Джанатан Лівінгстон, але беларускі падвід здаецца значна драбнейшым.
Да спадобы прыдуцца чытачу хіба што аркушавы вераб”і: нахабныя, самаўпэўненыя, прывабныя сваім жаданнем перайначыць лёс, вырваць у жыцця лепшы кавалачак хлеба. Верабей — парыжскі ці полацкі — дэманструе вітальнасць, жыццяздольнасць, якой, безумоўна, не хапае беларускай літаратуры, і па якой так бядуе паэт і культуртрэгер Алесь Аркуш. Ведаючы яго вечны клопат, пачынаеш без іроніі ставіцца да даволі правакацыйных радкоў, накшалт:
Сёння ізноў іду на ўзбярэжжа Сены
карміць тутэйшых вераб”ёў —
нямоглы Парыж цярпліва чакае маіх вершаў.
Парыжска-кракаўскія вершы, аб”яднаныя ў цыкл з візуальна-запамінальнай назвай “Чыгунныя масты па чарзе адпускаюць свае рукі ад берагоў”, здаюцца найбольш роўнымі і тонкімі. Прычынай таму не роўнасць еўрапейскіх дарог і не празрыстасць паветра, а самота, якая адмыла паэта ад прыўнесенага звонку і дала дакладны і чысты адбітак — правінцыйны рамантык, здольны перавярнуць свет, калі яму дадуць кропку апоры.
Тэма вонкавага шматгалосся, якое заціскае “чысты голас” — дастаткова актуальная для Аркуша. З нізкі “Закуты ў цяжар цела” хочацца вылучыць верш “Не думаць пра сон і паразы”, што якраз і ўздымае гэтую праблему, істотную для многіх сучасных паэтаў, якія палі ахвярамі паліфаніі, бо не змаглі ідэнтыфіцыраваць сябе. Верш варта чытаць без першага катрэна:
Слухаць, як гойсае вецер,
Што робіць падушны вопіс…
Смерць — непісьменная лэдзі —
Паставіць свой крыжык-роспіс.
Закуты ў цяжар цела,
Шукаеш таемныя дзверы,
Здаецца, патрэбная смеласць,
А досыць адной веры.
На беразе вечнага часу,
Дзе робяцца друзам выгоды,
З апошняга хлеба запасу
Ты корміш птушку Свабоды.
Птушка міра, птушка шчасця, цяпер вось і птушка Свабоды… Апошняя здаецца відавочным анахранізмам у сучаснай літаратуры, дзе постмадэрністычная плюральнасць (поўны пафігізм, прыналежны ментальнасці жыхароў капіталістычных дзяржаў з даўно адбудаваным інстытутам дэмакратыі) злучылася з унармаванасцю, дазірванасцю друкаваных плошчаў, якую можна суаднесці хіба што з часамі ваеннага камунізму. Свабода была і застаецца прыватнай справай асобна ўзятых рамантыкаў, такіх як Алесь Аркуш.
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку