• лiтaрa.net | тэорыя |
Паэзія – практыкаваньні ў хаосе
Ігар Бабкоў, 12 сакавiка 1994

Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес [http://litara.net/doc/vieles]".


Такім чынам, словы названыя. Засталося, аднак, ці ня самае йстотнае: паставіць замест кропкі знак пытаньня, з’інтанаваць фразу так, каб яна несла ў сабе боль, што паўстае зь пяшчотнае няўцямнасьці сьвету, ды мужнасьць, — каб ісьці напрасткі. Астатняе – камэнтары.

* * *

Паэтычны космас Беларусі – замкнутая сфэра. Зямля – Колас. Нябёсы – Купала. Патаемная сярэдзіна, сутнаснае ядро – Багдановіч. Усе разам яны ўтвараюць сьвет прадвызначанае гармоніі.

* * *

Купала. Тая экспансія ў гісторыю, тая няўхільнасьць, зь якой Купала рушыў ад Багушэвічавай хаткі, пашыраючы паэтычную прастору, ставячы паўсюль знакі сваёй прысутнасьці, ангажуючы сябе ва ўсё – ажно да таталітарнае паэтыкі – ў пэўным сэнсе дэзарыентавала беларускую паэзію. Беларуская паэзія да Купалы месьціцца ў вясковай хатцы й хоча “людзьмі звацца”. Купала пашырыў гэтую хатку да касьмічных памераў ды ўпусьціў у яе гісторыю: пасьлякупалаўская паэзія знайшла сябе на папялішчы.

Пры ўсёй сваёй “бурапеннасьці” ды савецкае рытуальнасьці паэзія трыццатых уражвае сваёй экзыстэнцыйнай беспрытульнасьцю –“босыя на вогнішчы” – яе сутнасны зьмест. Але сама яна гэтага ня ведае. Хіба толькі Жылка, вязень сваёй душы, адчуў гэтую неўгрунтаванасьць, хісткасьць, несамадастатковасьць Слова, залежнага ад гісторыі. Хіба толькі Жылка насьмеліўся пазначыць гэты шлях: “за рубеж чалавечага слова”.

* * *

Мэтафізычная плынь беларускай паэзіі: Уладзімер Жылка, Янка Юхнавец, Алесь Разанаў, Алег Мінкін, Райнэр-Марыя Рыльке, Эзра Паўнд, Паўль Цэлан, Чжуан-Цзы, Тацяна Сапач, Ігар Бабкоў.

* * *

Нібы кава астыла гаворка і ломкія губы

Асьцярожна каштуюць за вокнамі сьветлую ноч.


© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку