| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Паэзія – практыкаваньні ў хаосе Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес". Такім чынам, словы названыя. Засталося, аднак, ці ня самае йстотнае: паставіць замест кропкі знак пытаньня, з’інтанаваць фразу так, каб яна несла ў сабе боль, што паўстае зь пяшчотнае няўцямнасьці сьвету, ды мужнасьць, — каб ісьці напрасткі. Астатняе – камэнтары. * * * Паэтычны космас Беларусі – замкнутая сфэра. Зямля – Колас. Нябёсы – Купала. Патаемная сярэдзіна, сутнаснае ядро – Багдановіч. Усе разам яны ўтвараюць сьвет прадвызначанае гармоніі. * * * Купала. Тая экспансія ў гісторыю, тая няўхільнасьць, зь якой Купала рушыў ад Багушэвічавай хаткі, пашыраючы паэтычную прастору, ставячы паўсюль знакі сваёй прысутнасьці, ангажуючы сябе ва ўсё – ажно да таталітарнае паэтыкі – ў пэўным сэнсе дэзарыентавала беларускую паэзію. Беларуская паэзія да Купалы месьціцца ў вясковай хатцы й хоча “людзьмі звацца”. Купала пашырыў гэтую хатку да касьмічных памераў ды ўпусьціў у яе гісторыю: пасьлякупалаўская паэзія знайшла сябе на папялішчы. Пры ўсёй сваёй “бурапеннасьці” ды савецкае рытуальнасьці паэзія трыццатых уражвае сваёй экзыстэнцыйнай беспрытульнасьцю –“босыя на вогнішчы” – яе сутнасны зьмест. Але сама яна гэтага ня ведае. Хіба толькі Жылка, вязень сваёй душы, адчуў гэтую неўгрунтаванасьць, хісткасьць, несамадастатковасьць Слова, залежнага ад гісторыі. Хіба толькі Жылка насьмеліўся пазначыць гэты шлях: “за рубеж чалавечага слова”. * * * Мэтафізычная плынь беларускай паэзіі: Уладзімер Жылка, Янка Юхнавец, Алесь Разанаў, Алег Мінкін, Райнэр-Марыя Рыльке, Эзра Паўнд, Паўль Цэлан, Чжуан-Цзы, Тацяна Сапач, Ігар Бабкоў. * * * Нібы кава астыла гаворка і ломкія губы Асьцярожна каштуюць за вокнамі сьветлую ноч. |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|