лiтaрa.net | тэорыя |
Мова творыць намi
Мікола Папека, 12 сакавiка 2000
Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес [http://litara.net/doc/vieles]".
Нашай нацыі, беларусам, надышоў час вучыцца перамагаць, крок за крокам. Бо, на жаль, мы даўно ня мелі сапраўднай перамогі. І перамога ў Вялікай Айчыннай вайне па сутнасьці не была нашай перамогай і таму не дала здароўя беларускаму духу.
Таму сёньня я кажу слова пра мову.
Сярод беларусаў маладога пакаленьня ў ХХ стагодзьдзі, практычна, не было той асобы, якая б ня страціла роднай мовы. І я не выключэньне. Пагроза страты мовы паўстала перад усім народам. Але аднойчы страціўшы мову і затым, празь вялікія намаганьні, вярнуўшы яе глыбінную і сьветабачную ролю, асоба не дазволіць яе страціць у другі раз.
Адраджаючы мову ў сабе, — мы ўраджаем сябе ў нацыі. Ураджаючы мову, нацыя павяртае сябе народам. Альбо, як пра гэта хораша сказаў А. Платонаў: “…с потерянных слов я реставрирую человеческие души…”
Але неабходна вярнуць здароўе ня толькі этнасу, але і экасу. На жаль, у нас рэкі ператварыліся ў каналы, рачулкі ў калектары… Зьнікаюць балоты, лясы, расьліны, зьвяры…
Урэшце, што такое Мова?.. Мы добра памятаем запавет пра мову Ф. Багушэвіча: “не пакідайце роднай мовы…”, ды словы Ядвігіна Ш.: “мова — гэта кроў нацыі”. Варта спалучыць выказваньні гэтых клясыкаў у адзінае: Мова – гэта кроў і покрыва нацыі. Кроў у здаровым арганізьме наскрозь пранікае да кожнай ўнутранай часткі, а звонку яе прастора абмежаваная “скурай” (вопраткай па Багушэвічу), покрывам, — якім мы ўспрымаем сусьвет, адгукаемся на яго. Усё, што глыбока ў сярэдзіне, тое і на паверхні.
Варта і далей правесьці параўнаньні біялягічнага арганізму і нацыянальнага. Кроў і покрыва разьвіваюцца з аднаго з зародкавых лісьцікаў – гэта мова (камунікацыі, інфармацыя, інфраструктура)…
З другога зародкавага лісьціка разьвіваюцца шкілет, цягліцы. Гэта — гістарычная памяць, помнікі культуры, будынкі…
І з трэцяга лісьціка разьвіваюцца унутраныя ворганы, — у жыцьці гэта вырабніцтва тавараў, прамысловасьць… Вядома, што ў арганізма няма няважнага, — ўсё неабходна і ня заўтра, а адначасна.
Мы трапілі ў той скрутны час, калі вышэйшыя адміністрацыйныя асобы краіны не карыстаюцца беларускай мовай, чым зьневажаюць яе і разам з тым сябе і нас. Ня хочуць бачыць той скрухі і таго гвалту, які беспакарана чыніцца над гэтым народам. І ў іх яшчэ паварочваецца язык казаць, што беларуская мова непрыдатная для глыбокіх, сур’ёзных думак. Ну, што ж… як пісаў Ул. Караткевіч у адным з сваіх вершаў: ”Хай спаўна адтрубяць свой час…”
А нам неабходная перамога над самімі сабой, крок за крокам, беларус за беларусам. Авалодваючы, размаўляючы на сваёй мове, — мы набываем веру.
І Мова творыць намі, Мова творыць нас, Мова стварае нацыю.
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку