| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Мова творыць намi Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес". Нашай нацыі, беларусам, надышоў час вучыцца перамагаць, крок за крокам. Бо, на жаль, мы даўно ня мелі сапраўднай перамогі. І перамога ў Вялікай Айчыннай вайне па сутнасьці не была нашай перамогай і таму не дала здароўя беларускаму духу. Таму сёньня я кажу слова пра мову. Сярод беларусаў маладога пакаленьня ў ХХ стагодзьдзі, практычна, не было той асобы, якая б ня страціла роднай мовы. І я не выключэньне. Пагроза страты мовы паўстала перад усім народам. Але аднойчы страціўшы мову і затым, празь вялікія намаганьні, вярнуўшы яе глыбінную і сьветабачную ролю, асоба не дазволіць яе страціць у другі раз. Адраджаючы мову ў сабе, — мы ўраджаем сябе ў нацыі. Ураджаючы мову, нацыя павяртае сябе народам. Альбо, як пра гэта хораша сказаў А. Платонаў: “…с потерянных слов я реставрирую человеческие души…” Але неабходна вярнуць здароўе ня толькі этнасу, але і экасу. На жаль, у нас рэкі ператварыліся ў каналы, рачулкі ў калектары… Зьнікаюць балоты, лясы, расьліны, зьвяры… Урэшце, што такое Мова?.. Мы добра памятаем запавет пра мову Ф. Багушэвіча: “не пакідайце роднай мовы…”, ды словы Ядвігіна Ш.: “мова — гэта кроў нацыі”. Варта спалучыць выказваньні гэтых клясыкаў у адзінае: Мова – гэта кроў і покрыва нацыі. Кроў у здаровым арганізьме наскрозь пранікае да кожнай ўнутранай часткі, а звонку яе прастора абмежаваная “скурай” (вопраткай па Багушэвічу), покрывам, — якім мы ўспрымаем сусьвет, адгукаемся на яго. Усё, што глыбока ў сярэдзіне, тое і на паверхні. Варта і далей правесьці параўнаньні біялягічнага арганізму і нацыянальнага. Кроў і покрыва разьвіваюцца з аднаго з зародкавых лісьцікаў – гэта мова (камунікацыі, інфармацыя, інфраструктура)… З другога зародкавага лісьціка разьвіваюцца шкілет, цягліцы. Гэта — гістарычная памяць, помнікі культуры, будынкі… І з трэцяга лісьціка разьвіваюцца унутраныя ворганы, — у жыцьці гэта вырабніцтва тавараў, прамысловасьць… Вядома, што ў арганізма няма няважнага, — ўсё неабходна і ня заўтра, а адначасна. Мы трапілі ў той скрутны час, калі вышэйшыя адміністрацыйныя асобы краіны не карыстаюцца беларускай мовай, чым зьневажаюць яе і разам з тым сябе і нас. Ня хочуць бачыць той скрухі і таго гвалту, які беспакарана чыніцца над гэтым народам. І ў іх яшчэ паварочваецца язык казаць, што беларуская мова непрыдатная для глыбокіх, сур’ёзных думак. Ну, што ж… як пісаў Ул. Караткевіч у адным з сваіх вершаў: ”Хай спаўна адтрубяць свой час…” А нам неабходная перамога над самімі сабой, крок за крокам, беларус за беларусам. Авалодваючы, размаўляючы на сваёй мове, — мы набываем веру. І Мова творыць намі, Мова творыць нас, Мова стварае нацыю. |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|