| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| “Кроў Сусвету”, Менск, 1996 Урыўкі з прадмовы Васіля Жуковіча да кнігі “Кроў Сусвету”, вершы з кнігі Урыўкі з прадмовы Васіля Жуковіча “Чыстая душа, або Феномен Валерыі Куставай” да кнігі “Кроў Сусвету”. “З ёю сустрэўся я на творчай вечарыне Сяргея Новіка-Пеюна, у Доме літаратара, калі ёй пераваліла… за сем гадкоў! Была яна ў прыгожай зялёнай сукенцы і сядзела поруч з мамаю; даволі ўважліва слухала прамоўцаў, музыкаў, спевакоў. Пазней я прачытаў у “Бярозцы” (№ 9 — 10, 1992) яе адметныя вершы з уступам Алеся Разанава. …Ды гэтая дзяўчынка — творца. Да яе прыходзіць, не, хутчэй за ўсё, прылятае, злятае з неба натхненне. …Мяне дзівіла і дагэтуль дзівіць, як дзяўчынка-дзіця можа быць зусім дарослаю ў сваіх пачуццях і думках і як ёй нярэдка ўдаецца дасканала іх выказваць. …Творы яе часам нагадваюць малітвы, прыпавесці, іншы раз — патаемныя, як бы з іншага жыцця ці жыцця падсвядомага, згадкі, снабачанні. …Нам, рамантыкам і рэалістам, наватарам і нязменным прыхільнікам традыцыі, даверлівым і прагматычным, можна спрачацца, разважаць, прагназаваць. Але зусім відавочна: адбываецца феномен! З прыемнасцю дадам: развіваецца гарманічная асоба. …Аднаго разу яна сказала: “Калі кінуць у рэчку камень, ёй балюча”. Уражлівая, любіць глядзець на неба, назіраць за воблакамі, хмарамі, вясёлкаю ці проста ўглядацца ў бяскрайнюю глыбіню. Вучыцца Валерушка іграць на скрыпцы, адначасна пачынае ствараць і сваю музыку… …А яшчэ яна любіць маляваць. Часта малюе добрых і злых духаў, белага і чорнага галубоў. Дамінуюць у малюнках колеры: белы, чырвоны, чорны… …Валерыя Кустава — феномен, які трэба ахоўваць і акрыляць. Дзеля Бацькаўшчыны, яе духоўнасці, чысціні. ” Васіль Жуковіч Некаторыя вершы з кнігі: * * * Белае поле, а над ім — белы галуб… Ідзе па полі белы чалавек, а за ім слядоў няма. Я клічу яго: — Паслухай, чалавеча, што ж ты такое зрабіў, што за табою слядоў няма? А ён ідзе, ідзе, а ў канцы азіраецца, ідзе да мяне і пытае: — Чаго табе, сапраўдны чалавеча? Я кажу: — Дык чаго ж за табой слядоў няма? У яго на вачах з’явіліся буйныя слёзы. І адказаў мне ён: — Вунь бачыш, нада мной белы галуб ляціць і ні на крок не адстае, — гэта ўспамін майго кахання. 1993 * * * Беларусь мая ў заснежанай прыгажосці. Палі твае белыя чыстым крышталем блішчаць. Ды не чуваць вясёлай песні жаўрука, толькі цвіньканне сініц… Яны малыя, ім халодна тут, — але ўсё ж нікуды не адлятаюць: вельмі адданыя сваёй радзіме гэтыя малыя птушачкі… 25 лютага 1994 МАРА КАХАННЯ Я магутны арол. Я кахаю цябе. Маё сэрца ў крыві, калі бачу цябе ля другога. Ты не бачыш мяне. Мяне ценем ты лічыш… Мо дарма ў сваіх марах я веру, што ідзем пад руку да царквы мы… І дакранаюцца твае вусны да маіх… І твае блакіты побач з маімі… Гаворыш ты мне: “Каханы мой…” Але гэта толькі мара. 1994 КРОЎ СУСВЕТУ Бачу белае поле — усе ў чорнай крыві. Бачу белае поле — у чырвонай крыві. Бачу белае поле — і няма там крыві. На першым полі памёр Сатана — хай не ўстане ніколі, каменем у сэрца сваё забярэ ўсе грахі. На другім полі памёр Беларус — можа, устане калісьці Беларус і Радзіма ды прамовяць адзіна і для нас, і пра нас. На трэцім полі памёр Гасподзь. І ўваскрос ён. І прыйдзе да нас. 13 лютага 1995 САД СУСВЕТУ — САЛОДКАЯ І ВЕЛЬМІ ГОРКАЯ СПАКУСА Хвіліну жыцця свайго бясцэннага аддаў бы таму, хто б сказаў мне, як спыніць грэх. Для чаго мы жывем? Гэта пытання жыцця і смерці. Наўрад я адкажу на яго, калі прайду шмат раяў і пеклаў і не раз убачу Бога і д’ябла. Можа, мы жывем дзеля таго, каб з кожнага жыцця браць грэх і адпраўляць яго ў нябыт? І, нарэшце, калі мы вычарпаем усе грахі, мы паляцім… Гэта і будзе сапраўднае жыццё. 17 лютага 1995 ЛІНІЯ ЖЫЦЦЯ О, суклон — гэта лінія жыцця, бачу чырвоную лінію — гэта лінія кахання. Бачу жоўтую лінію — гэта лінія радасці і смутку. Бачу блакітную лінію — гэта лінія лёсу. А чорная лінія — гэта мой грэх. 9 лютага 1994 ЗІМОЮ Белы снег зімой. Ідзеш, і ўсё срэбна-белае. Кусцік белы, дрэва белае, зямля срэбна-белая. Усё зімой белае. І душа чалавека зімой крыху бялее, таму што ўсё наўкол такое прыгоже і добрае. Слаўна было б, калі б у чалавека заўсёды была душа белая і шчырая да іншых людзей. І неабавязкова, каб заўжды была зіма. 24 лютага 1994 * * * Гляджу я на неба, на шлях залаты, іду я па ім. І бачу я Бога. — Скажы ты мне, Божа, чаму на зямлі ўсё так чорна і грэшна? —Таму што, дзіцятка, сэрца зямлі чорнае і грэшнае. Сядзіць у ім д’ябал. 2 снежня 1993 АЖЫЎЛЕННЕ Няма ўжо лядка на рэчках і стаўках, і весела цячэ празрыстая рака. У вёскі і лясы жаўроначкі ляцяць. Ад веснавой красы дзяцей не адарваць. 21 ліпеня 1994 * * * Мы ўсе — адзіная Божая сям’я. І ўсё ж я не разумею: чаму адзін забівае, другі смяецца, трэці кахае, чацверты злуецца, а пяты ляжыць мёртвы… Чаму гэта так? Калі мы ўсе — адзіная Божая сям’я? 2 лістапада 1994 ЖАХ Што гэта — жах? Невядома? Для малога дзіцяці — гэта калі няма мамы, таты дома. Для старых — калі смерць надыходзіць, для ракі — калі яна высыхае, для жывёлы, для рыбы, для птушкі — калі іх чалавек забівае, для дрэва — калі яго ссякаюць, для мяне — калі хтосьці памірае… 2 лістапада 1994 ПОТЫМ Зямля, Я пакідюю цябе, я пакідаю сваіх рожных і блізкіх… Але я абавязкова вярнуся да цябе. Можа, я вярнуся дрэвам. можа, я вярнуся птушкай, можа, я вярнуся рэчка, а можа, чалавекам… Але вярнуся. 2 лістапада 1994 ХАЧУ Я НА ВОЛЮ Сяджу у турме я. Не бачу ні поля, ні жытняга хлеба, ні кроплі вады. Не бачу ні лесу, ні сонца прадвесня, ні белай Радзімы, ні роднай зямлі. Хачу я на волю, катацца на конях, хачу я ў пушчу, на родну зямлю. Хачу гаварыць я на роднай мне мове і пець пра Радзіму, пра маці сваю. 2 лютага 1995 * * * Так хочацца у мінулае і ў будучае. У мінулым мне было так весела і радасна. У будучым мне купяць сабаку. 1988 * * * Шчаслівыя людзі на нашай планеце — дзеці, дзеці, дзеці. Сумныя людзі на нашай планеце — дзеці, дзеці, дзеці. Вясёлыя людзі на нашай планеце — дзеці, дзеці, дзеці. Дарослыя людзі на нашай планеце — таксама дзеці. 1988 * * * Бабулі Валі прысвячаю Божа! Зрабі нас вольнымі, як птушак, каб адчуць вецер цёплы і мора халоднае, каб зразумець, як жыццё на краі прадоння вісіць. Божа! Зрабі нас шчаслівымі, як малых дзяцей, каб не ведалі жаху, пакутаў і злосці. Божа! Зрабі нас бязгрэшнымі, як ты сам. 1988 НА МОГІЛКАХ Поўня. Навакол цішыня і нікога няма акрамя той душы, што лятае у цемры цішы… І аблудны навец душу тую шукае, што калісьці згубіў і забіў. 28 верасня 1996 |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|