Вiтаю, дружа!лiтaрa.net

 
Вершы са збору “Марыя S.”
18 красавiка 2007 /лiтаратура/
Віктар Сямашка


“Кроў Сусвету”, Менск, 1996
12 студзеня 2007 /лiтаратура/
Валерыя Кустава


Адметнасць шляху ў апраметную для беларуса
12 студзеня 2007 /iнтэрвiю/
Валерыя Кустава


Дзень Дз
4 лiстапада 2006 /няшчырасьць/
Маnn Kurt


Зацірка
29 кастрычнiка 2006 /няшчырасьць/
Маnn Kurt

Адам Глобус [e,ф,8]
Аксана Бязьлепкіна [e,2]
Алесь Аркуш [i,e,ф,6]
Алесь Разанаў [1]
Аляксей Бацюкоў [e,2]
Аліса Бізяева [i,e,ф,17]
Андранік Антанян [i,e]
Андрэй Дынько [i,e,ф,3]
Андрэй Курэйчык [i,e]
Андрэй Хадановіч [i,e,ф,12]
Валерыя Кустава [i,e,2]
Валянцiн Акудовiч [i,e,ф,1]
Вольга Караткевіч [i,e]
Віктар Сьлінко [2]
Віктар Сямашка [i,e,1]
Вінцэсь Мудроў [i,e,ф]
Ганна Гершвін [e,1]
Ганна Кiслiцына [i,e,ф,7]
Зьміцер Арцюх [e,1]
Зьміцер Бартосік [i,e,ф]
Зьміцер Вішнёў [i,e,ф,3]
Зьміцер Дзядзенка [e,1]
Людка Сільнова [1]
Людміла Рублеўская [i,e]
Лявон Вашко [4]
Лявон Вольскі [i,e]
Лявон Юрэвiч [i,e,ф,2]
Маnn Kurt [i,e,ф,14]
Макс Шчур [e,2]
Марыя Мартысевіч [i,e,2]
Мікола Папека [i,e,1]
Міра Лукша [i,e,1]
Павал Сьвярдлоў [i,e,1]
Павел Абрамовiч [i,e,3]
Павел Надольскi [i,e]
Палівач [e]
Пятро Васючэнка [1]
Севярын Квяткоўскі [i,e]
Серж Мiнскевiч [i,e,ф,1]
Славамір Адамовіч [1]
Сяргей Астравец [i,e,1]
Сяргей Сматрычэнка [e,1]
Сяргей Шыдлоўскі [i,e,ф,1]
Тацяна Сьлінка [e,ф]
Уладзімер Арлоў [i,ф,1]
Усевалад Гарачка [e,2]
Францiш Богуш [e,1]
Цiна Клыкоўская [e,1]
Юрась Барысевіч [e,1]
Юры Гумянюк [i]
Ігар Бабкоў [e,7]
Ігар Сiдарук [i,e]
Ўжо ня дзевачка... [i,e,ф,1]
Ільля Сін [i,e]
Інэса Кур`ян [e]
Ірына Хадарэнка [i,e,ф]

i - толькi iнфармацыя
е - ёсьць email
ф - ёсьць фота
лiчба - колькасьць матэрыялаў зьвязаных з аўтарам
Беларускі дэтэктыў: спецыфіка жанру (працяг)
Аксана Бязьлепкіна, 4 студзеня 2003

Працяг

Аўтары і псеўданімы

Аўтарамі дэтэктываў, названых вышэй у гэтай рабоце, былі тры пісьменнікі: Уладзімір Адамчык, Міраслаў Адамчык і Максім Клімковіч. Уладзімір і Міраслаў Адамчыкі ад самага пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці мусілі карыстацца псеўданімамі Адам Глобус і Міраслаў Шайбак, бо іх прозвішча ў якасці літаратурнага імя было выкарыстана бацькам Вячаславам Адамчыкам.

Дэтэктывы, напісаныя ў суаўтарстве, падпісваліся агульным псеўданімам: Тэафілія Сабоцкая альбо Уладзімер Сакалоў. Чаму трэба было хавацца за псеўданімамі? На нашу думку, на гэта было некалькі прычын. Звернемся напачатку да псеўданіма Тэафілія Сабоцкая. Псеўданім, па-першае, жаночы, а па-другое, уключае ў сябе выключна рэдкае на Беларусі імя. Дадамо да гэтага ўпэўненасць чытачоў і крытыкаў ва ўяўнай лёгкасці дэтэктыўнага жанра. Аўтары не спрабуюць пераканаць аўдыторыю ў сур’ёзнасці сваіх намераў (як гэта было, калі б яны паставілі над дэтэктывам тры прозвішчы), а хутчэй падтрымліваюць гульню ў паралітаратуру, падпісаўшыся неверагодным жаночым імем. Але жаночы псеўданім можа падмануць толькі спачатку, кожная чытачка адчуе, што твор напісаны мужчынам, бо, па-першае, з тэкстаў лёгка вычытваецца іранічнае, паблажлівае стаўленне да кабет, што нехарактэрна дэтэктывам, створаным жанчынамі, а па-другое, галоўны герой–вышукнік у гэтым творы мужчына.

Дэтэктыў “Заўсёды светла каля турэмных муроў” напісаны У. і М. Адамчыкамі і М.Клімковічам пад псеўданімам Уладзімер Сакалоў. І пад такім псеўданімам быў перакладзены і надрукаваны спачатку на рускай мове. На жаль, нам невядома, беларускі варыянт быў першапачаткова падпісаны гэтым імем ці русіфікаваны псеўданім з’явіўся ўжо ў рускамоўным выданні.

Псеўданім заўсёды выкарыстоўваецца з пэўнай мэтай і разлічаны на пэўную аўдыторыю. Пасля знікнення “жалезнага занавесу” на тэрыторыі СССР, а таксама іншых краін сацыялістычнага лагеру з’явіліся перакладныя дэтэктывы, а ўслед за імі дэтэктывы айчынных аўтараў, падпісаныя псеўданімамі, якія паказвалі на “замежнасць” аўтара [37, с.82]. Напрыканцы дваццатага стагоддзя ў Расіі, напрыклад, пачалася іншая тэндэнцыя – падкрэсленая “рускасць” псеўданімаў. У беларускай літаратуры такіх феноменаў не было. Хоць, пры жаданні, Тэафілію Сабоцкую можна трактаваць як спаланізаваны псеўданім, а Уладзімера Сакалова – як русіфікаваны, лепей да падпісвання твораў псеўданімамі ставіцца як да ўнутрылітаратурнай гульні, прапанаванай аўтарамі.

Многія дэтэктыўныя серыі пішуцца калектывам аўтараў, які можа змяняцца, і пазначаюцца агульным нязменным псеўданімам. Тут варта прыгадаць меркаванне Рэйманда Чандлера. Ён лічыў, што для таго, каб дасягнуць хаця б адноснай дасканаласці ў напісанні традыцыйнага альбо дэтэктыўнага рамана, патрабуюцца якасці, якія рэдка прысутнічаюць у сукупнасці ў аднаго чалавека [28]. А значыць, лепшы вынік можа мець якраз калектыўная творчасць. На нашу думку, у дэтэктыве, напісаным некалькімі аўтарамі, больш гумару, больш алюзій на класічныя творы, больш фантазіі і падтэкту, у такім творы выяўляюцца сімпатыі і схільнасці некалькіх аўтараў, такі дэтэктыў можна ўспрымаць як літаратурную гульню. Для большасці гэта /літаратурная дзейнасць – А.Б./ практыкаванні для набыцця ўпэўненасці, а таму ў маладых літаратараў непазбежна адчуваюцца знаёмыя ноткі, інтанацыі, матывы, то ў Адама Глобуса – практыкаванні ад упэўненасці ў сваіх літаратурных магчымасцях, ад добрай вывучкі, ад пэўнай засвоенасці літаратурнага ўмельства ды яшчэ што-кольвеч ад паэта [13, с.157]. А напісанне дэтэктываў магчымае толькі ад упэўненасці ў сваіх сілах, бо няпэўнае становішча жанру ў іерархіі літаратурных жанраў не дазваляе пісаць дэтэктывы для ўпэўненасці і стварэння літаратурнай рэпутацыі.

Нацыянальная спецыфіка дэтэктыва

Беларускі дэтэктыў развіваецца, ён, як і беларуская літаратура ў свой час, мусіць хутка прайсці ўсе ступені развіцця, і таму пакуль што многія дэтэктывы (нават на сучасныя тэмы), аўтары якіх намагаюцца пісаць творы падкрэслена беларускія, яшчэ знаходзяцца ў полі дзеяння і ўплыву беларускай міфалогіі і гісторыі.

У.Караткевіч першы адшукаў у нашай гісторыі дэтэктыў – і дзеянне ў “Дзікім паляванні караля Стаха” адбываецца ў 80-х гг. ХІХ ст. “Забойства на Каляды” здарылася ў снежні 1936 г. “Прывід у Гайцюнішках” з’явіўся ў 30-х гг. ХХст. Дзеянне дэтэктыва “Сапежынскі прывід” Тэафіліі Сабоцкай адбываецца ў канцы ХХ ст., але ў аповедзе пра з’яўленне прывіда закранаецца гісторыя краіны з 1880г. па 1939 г. Дзеянне дэтэктыва “Ліхія прыгоды Генрыка Войніча, злодзея і прайдзісвета” адбываецца ў наш час, але згадваецца гісторыя пасольства Льва Сапегі да Івана Жахлівага, які падарыў паслам гіганцкага пацука.

Наша гісторыя дае унікальныя па сваёй разнастайнасці і заблытанасці дэтэктыўныя сюжэты. У часы розных дзяржаўных зменаў цяжка вырашыць праблему уласнасці, нерухомасці, з’яўляецца шмат несправядліва пакрыўджаных, мсціўцаў за забітых родзічаў. Наша гісторыя – трагічная для жыхароў Беларусі і адначасова вельмі зручная для аўтараў-дэтэктывістаў. Хоць з цяжкасцю ўяўляецца існаванне на Беларусі прыватных вышукнікоў ды з’яўленне нечаканай спадчыны, а таксама іншых класічных элементаў дэтэктыўнай прозы. Пакуль што наўмысная беларускасць аўтараў праяўляецца альбо праз далучэнне да гісторыі, альбо праз выключна беларускую рэчаіснаць, альбо, напрыклад, праз прозвішчы герояў, як у Віктара Праўдзіна [32].

Але насамрэч трэба адрозніваць нацыянальную спецыфіку, з’яву больш няўлоўную, ад нацыянальнага каларыта, як, напрыклад, прысутнасць у творы беларускай тапанімікі. Герой-беларус можа вандраваць па Еўропе альбо забойства можа здзейсніцца ў Амерыцы, але ад гэтага дэтэктыў, напісаны, напрыклад, аўтарам-беларусам і па-беларуску не стане нямецкім, французскім альбо амерыканскім, а вось каларыт можа належаць іншай мясцовасці. Нацыянальная спецыфіка яшчэ і ў тым, што француз, паляк ці беларус на той самы сюжэт (дапасавана да рэчаіснасці радзімы аўтара) напіша зусім розныя творы [7].

Існуе меркаванне, што дэтэктыў патрабуе мегаполісу [22] і раскрывае магчымасці сучаснага вялікага горада [30, с.16-19], а паколькі на Беларусі няма мегаполісаў, то не павінна быць і беларускіх дэтэктываў. Але, напрыклад, дэтэктыў Т.Сабоцкай “Сапежынскі прывід” у такім кантэксце можна трактаваць як “правінцыйны” дэтэктыў, які ад гэтага не становіцца горшым. Для больш віртуознага вырашэння дэтэктыўнага сюжэта патрабуецца абмежаваная прастора, дзе ўсе падазроныя асобы вядомыя чытачу [21]. Будзе гэтая прастора ў мегаполісе альбо на вёсцы – прынцыповай розніцы няма. А мегаполіс хутчэй патрабуецца для “шпіёнскага” дэтэктыва, баявіка. Магчыма, у беларускім нацыянальным дэтэктыве мусіць быць меней страляніны і болей інтэлектуальных росшукаў.

Беручы ўдзел у дыскусіі “Национальная специфика литературы: анахронизм или неотъемлемое качество?”, Леў Анінскі [4, с. 203] зазначыў, што ў кожным нацыянальным творы можна вычленіць нешта “глабальнае”, агульнае для рознанацыянальных твораў, і ўласнанацыянальнае, і пры гэтым “нацыянальная разметка гэткая ж … непазбежная, рэальная і эфемерная, як і ўсё да яе”. На нашу думку, нацыянальнае ў дэтэктыве (як і ў творы любога іншага жанру) – гэта тое, чаго аўтар не можа пазбавіцца нават пры вялікім жаданні. І беларускасць дэтэктыва М.Шайбака “Забойства на Каляды” не ў спрэчках пра беларускую міфалогію, не ў рэапрэзентацыі асобных старонак беларускай гісторыі, не ў філалагічных заўвагах Казіміра Кушаля і г.д., а ў агульнай атмасферы твора. Хоць варта ўдакладніць, што адшукаць нацыянальнае лёгка толькі ў замежным дэтэтыве, бо ў іншым выпадку нацыянальнае называецца родным, і чытачамі не заўважаецца, а прымаецца як само сабой зразумелае.

Вобразы вышукнікоў у дэтэктывах

Можна вылучыць наступныя тыпы вышукнікоў: следчы-прадстаўнік улады ( у міліцэйскім/паліцэйскім дэтэктыве), прыватны дэтэктыў і вышукнік-аматар. Натуральна, што самым запамінальным персанажам у дэтэктыве павінен быць следчы, альбо як варыянт, следчы і ягоны памочнік ці сябра. А таму аўтары дэтэктываў надзяляюць галоўных герояў усемагчымымі хобі (скрыпка Шэрлака Холмса, люлька Мегрэ), яркімі рысамі характару (дробязная пыхлівасць Эркюля Пуаро, абжорства Нера Вульфа, цікаўнасць місіс Марпл) альбо адметным ладам жыцця (спакойнае сямейнае жыццё Мегрэ, адзінота Шэрлака Холмса). Найбольш выразна і паслядоўна адметнасць альбо звычайнасць вышукніка праяўляецца ў дэтэктыўных серыях, аб’яднаных агульным следчым. Але, паводле заўвагі У.С.Маэма, з пяцідзесяці твораў пра Холмса мы даведаемся не больш, чым з аднаго [20]. Гэта значыць, што тыя самыя рысы характару героя паўтараюцца ў кожным наступным творы без змяненняў. На думку ж У.Эка паўторныя апісанні тых самых рыс вышукніка з’яўляюцца для чытача крыніцай маленькіх радасцяў [35, c.53]. Вось як С.П.Бавін ацэньвае Шэрлака Холмса з пункту гледжання распрацоўкі вобраза: Шэрлак Холмс – класічны ўзор з р о б л е н а й суперзоркі, са сваім ўстойлівым іміджам, многія рысы якога даступныя, зразумелыя і таму любімыя [5, с.51]. Такім чынам, агульная ацэнка паўтаральнасці рысаў, статычнасці іміджу станоўчая. Рэпрэзентацыю таго ж самага вышукніка па-іншаму ацэньвае У.С.Маэм: Вобраз Шэрлака Холмса, накіданы размашыста і эфектна, – гэта вобраз героя меладрамы, надзеленага запамінальнымі характэрнымі рысамі, якія Конан Дойл удзёўбвае ў свядомасць чытачоў з такой жа ўпартасцю, з якой майстры рэкламы расхвальваюць мыла, піва альбо цыгарэты [20].

Скразным героем-вышукніком ў вышэйзгаданых дэтэктывах “Забойства на Каляды” М.Шайбака і “Прывід у Гайцюнішках” М.Адамчыка і М.Клімковіча з’яўляецца Бруна Чык. У дэтэктыве “Забойства на Каляды” падаецца кароткая біяграфія Бруна Чыка і акрэсліваецца кола ягоных зацікаўленняў: Бруна Чык прапрацаваў больш за дваццаць гадоў крымінальным экспертам у Галандыі, быў вядомым хімікам, захапляўся дэкаратыўным мастацтвам… вярнуўся на Радзіму і адкрыў у Вільні прыватную кансультацыйную кантору. Калекцыянеры з усяе Беларусі запрашалі вядомага эксперта… усё свядомае жыццё займаўся толькі тым, што канстатаваў, ацэньваў, адзначаў і высвятляў… стаў аўтарам трох манаграфій па класіфікацыі парцалянавых і шкляных вырабаў… а таксама аўтарам папулярнага падручніка “Уводзіны ў крышталаграфію”[31, с.14]. А ў дэтэктыве “Прывід у Гайцюнішках” больш шырока выкарыстоўваюцца магчымасці нагадаць пра хобі вышукніка, бо ў вольныя хвіліны Бруна Чык пачынае разглядаць талеркі і рабіць высновы, параўноўваючы якасць і склад парцаляны. Гэта досыць распаўсюджаны ў дэтэктывах прыём, калі вышукнік займаецца не росшукамі, а нібыта іншай, другараднай справай, насамрэч жа ўсе патрэбныя вывады ўжо зроблены.

М.Шайбак, зазначаючы, што манаграфіі Бруна Чыка на дзве траціны складаліся з матэматычных таблічак, паказвае вышукніка як чалавека сухога, неэмацыянальнага. Такі вышукнік, на нашу думку, выклікае найбольшы давер з боку чытачоў, але сухасць і ўедлівасць вышукніка павінны быць адноснымі. Следчы мусіць быць больш вытрыманым, але не настолькі, каб стаць нецікавым для чытача.

Зміцер Хут, вышукнік з дэтэктыва “Сапежынскі прывід”, больш эмацыянальны і нястрыманы, кароткае апісанне ягонага ладу жыцця і прафесійных інтарэсаў пададзена напачатку твора: …жыве з мамаю, якую любіць, паважае, слухаецца ва ўсім, апроч прафесійных спраў. А працы ён адданы да самазабыцьця. Зьміцер згодны дзеля посьпеху на рабоце ісці на ахвяры: хадзіць па архівах, езьдзіць у камандзіроўкі, падманваць і рызыкаваць. Хут марыць высачыць хаця б адну пачвару, прывіда… Таму ён з дзяцінства заўсёды трымае напагатове фотаапарат [25, с.1].

Такога вышукніка-непрафесіянала лягчэй заблытаць, зрушыць з правільнага шляху, таму што яго ўвага часта забіраецца рэчамі, якія не толькі не маюць нічога агульнага з раскрыццём злачынства, але і перашкаджаюць росшукам, як, напрыклад, раман Зміцера Хута з бібліятэкаркай Янінай Сабалеўскай. Няўважлівасць альбо расслабленасць вышукніка ў пэўных эпізодах звычайна выкарыстоўваецца аўтарам як зацішша перад бурай. І праўда, у дэтэктыве-трылеры “Сапежынскі прывід” другое прышэсце прывіда Баркулаба фон Гарта прыпадае менавіта на той момант, калі Яніна Сабалеўская прыязджае да Хута ў сталіцу, калі чытач ужо ўпэўнены, што болей ніякіх жахаў не будзе.

Даверыць следства эмацыянальнаму вышукніку, які лёгка адхіляецца ад справы, – гэта значыць, разрыхліць структуру твора, калі росшукі ідуць дзесьці на перыферыі, а на першым плане – дыялогі, апісанні, перажыванні. У такіх дэтэктывах няма знешняга разблытвання злачынства, а забойца сам сабой адшукваецца напрыканцы твора [9, с.343]. Але існуюць аматары і такіх дэтэктываў.

Марцін Каменскі, адзін з вышукнікоў у “Сцэнарыі смерці”, фармальна знаходзіцца ў становішчы памочніка следчага. Але сітуацыя ўскладняецца тым, што “галоўны” вышукнік якраз і ёсць забойца. Пра Марціна вядома няшмат, бо змест інтрыгі перадаецца менавіта ў ягонай інтэрпрэтацыі, а пра сябе расказваць не вельмі зручна. Каменскі выступае ў ролі пасрэдніка між чытачом і героямі твора. Чытач мае мажлівасць самастойна ўдзельнічаць у росшуках, бо Марцін Каменскі падае ўсю вядомую яму самому інфармацыю, чытач разам з Сакам і Каменскім выслухоўвае аповеды сведкаў. Марцін Каменскі не вылучаецца педантычнасцю і залішняй пільнасцю, ён, хутчэй, звычайны чалавек, і менавіта гэтым блізкі. Дарэчы, чытачы любяць дэтэктывы, дзе вышукнік – аматар, яшчэ і таму, што могуць уяўна паставіць сябе на яго месца і такім чынам далучыцца да больш цікавага, больш яркага жыцця [7].

Баляслаў Катавіцкі і Генрык Войніч не з’яўляюцца вышукнікамі ў агульнапрынятым сэнсе гэтага слова, бо кожны з іх сам удзельнічаў у той серыі злачынстваў, якую разблытвае ў якасці вышукніка.

Пра Баляслава Катавіцкага амаль нічога не вядома, акрамя таго, што ён мае такую вытрымку, каб спакойна глядзець на смерць самагубцы, каб без пакутаў сумлення забіваць людзей. Да выкрыцця заказчыкаў забойства Катавіцкага штурхае ўсведамленне, што наступнай ахвярай будзе ён сам. І тады пачынаецца непасрэдна разблытванне злачынства метадамі баявіка, а не класічнага дэтэктыва з ягонымі інтэлектуальнымі высілкамі.

Але сімпатый такі вышукнік не выклікае, і ад шматлікіх баявікоў (нават і тэлевізійных) “Заўсёды светла каля турэмных муроў” адрозніваецца яшчэ і тым, што галоўны герой не толькі трапляе ў турму (што ўсё-ткі часам здараецца з суперкілерамі), але і гіне, скончыўшы жыццё самагубствам.

Генрык Войніч з дэтэктыва “Ліхія прыгоды Генрыка Войніча, злодзея і прайдзісвета” таксама пакутамі сумлення не абцяжараны. Але ўсё ж крадзеж не забойства (жахлівае з прычыны сваёй незваротнасці і непапраўнасці), і гэты герой сімпатыю несумненна выклікае. Магчыма, яшчэ і таму, што дзейнічае не так прамалінейна і груба, а з уяўнай лёгкасцю рыхтуе пасткі, выходзіць з цяжкіх становішчаў, правакуе і блефуе, не прымяняючы сілу. А чытачу будзе здавацца, што гэткая віртуознасць магчымая і ў звычайным жыцці.

Часта вышукнікі абазнаныя патроху ў столькіх пытаннях, што іхняя дасведчанасць здаецца немажлівай. Вось і Генрык Войніч начытаны (цытуе Басё), дасведчаны ў мастацтве (мусіць вызначаць падробкі і красці арыгіналы), біцца, страляць і ваяваць ён навучыўся ў войску, а таксама ў ягонай “прафесіі” злодзея яму прынадзіліся вопыт працы ў цырку і на заводзе электрыкам. Але ягоныя веды і таленты спатрэбіліся яму не столькі для раскрыцця забойства ксёндза, а хутчэй для выканання заданняў свайго кіраўніка.

У апавяданні А.Глобуса “Латвійскі дэтэктыў” у якасці вышукніка выступае сам наратар, у якога скралі парасон. Вышукнік-аматар адразу паведамляе пра велічыню ягоных заробкаў, пра грахі маладосці, пра тое, калі і дзе прывык адпачываць, і як ён любіць каву. З маналога можна адчуць бязмежную ўпэўненасць наратара ў правільнасці і абавязковасці сваіх меркаванняў.

Заключэнне

Аўтары дэтэктываў, як ніхто з пісьменнікаў, могуць быць упэўненыя, што іх творы будуць дачытаны альбо хаця б дагартаны да канца, за выключэннем, вядома ж, абсалютна няякаснай прадукцыі падобнага кшталту. Дэтэктыў “удзячны” і “няўдзячны” жанр адначасова, бо, хоць любы дэтэктыў прымаецца прыхільна і чытаецца хутка, змест яго забываецца з такой жа імгненнасцю. Галоўная задача аўтара, як сцвярджаюць многія даследчыкі [3,16], заключаецца ў тым, каб у свядомасці чытача засталася атмасфера твора. Дзеля большай запамінальнасці, дзеля вылучэння твора з доўгага шэрагу да яго падобных больш мэтазгоднай будзе ўстаноўка не на густ, а на здзіўленне [18].

Аўтар дэтэктыва, пачынаючы пісаць твор, адразу ведае, хто забойца: ён нібыта намотвае клубок нітак на паперку, а чытач наадварот – клубок размотвае дзеля паперкі з імем злачынцы. І калі многія пісьменнікі-класікі (напрыклад, Дастаеўскі, Талстой) скардзіліся на “непаслухмянасць” герояў [2], то ў аўтараў дэтэктываў героі абсалютна “падначаленыя”. Але гэта выклікае іншыя праблемы: апавядальны тэкст павінен выводзіцца з сістэматычнага тэкста [33, с.70], гэта значыць, дэтэктыў пішацца згодна з планам, сціслым альбо падрабязным, але кожнаму дэтэктыву ўрэшце адпавядае пэўны артыкул Крымінальнага кодэкса, ад якога, дарэчы, мог адштурхоўвацца пісьменнік. Не кожны аўтар умее пісаць згодна з жорсткім планам. Але дэтэктыў не павінен быць непрапарцыянальна раздзьмутым і расцягнутым, што дазваляльна творам іншых жанраў. На нашу думку, нават пісьменнікам, якія не збіраюцца прысвяціць сваю творчасць дэтэктыўнаму жанру, варта паспрабаваць напісаць некалькі дэтэктываў для таго, каб патрэніравацца ў складанні напружанага сюжэта. Гэтае ўменне спатрэбіцца пры напісанні твораў любых жанраў, а дынамічны, хай нават і не дэтэктыўны, сюжэт забяспечыць увагу чытачоў.

План уключае ў сябе паслядоўнасць усіх падзей. Аўтар, які ўжо ведае, якім чынам раскрылася злачынства, пазначае ў плане, дзе даць падказку, дзе пазнаёміць чытачоў са злачынцам сапраўдным і як падаць злачынцаў магчымых. План павінен абмяжоўваць натхненне аўтара, і распісаны загадзя змест дыялогаў не дазволіць праявіць залішнюю дасведчанасць там, дзе гэта неабавязкова (але аўтар дэтэктываў мусіць сачыць за медыцынскімі і навуковымі адкрыццямі, якія могуць спатрэбіцца ў ягонай працы). Як ужо адзначалася вышэй, падобная праблема ёсць у Міраслава Шайбака, а сярод замежных аўтараў на схільнасць да дэманстрацыі эрудыцыі і інтэлекту пакутуюць Элеры Куін (агульны псеўданім кузенаў Фрэдэрыка Данэя і Манфрэда Лі) [5, c.92-93], Артур Конан Дойл. Хоць, на думку А. Геніса [10, c.196], ўся соль апавяданняў пра Шэрлака Холмса якраз у падрабязнасцях, якія не маюць ніякага дачынення да росшукаў, мусім зазначыць, што дэтэктывісту ўсё-ткі няварта захапляцца сваімі ведамі.

Беларуская крытыка звычайна вельмі памяркоўная, і хутчэй за ўсё альбо не заўважыць аўтара, альбо падзякуе за зварот да беларускай мовы. Але недахопы ад неагучвання не становяцца вартасцямі. З праблемай шматслоўнасці, напрыклад, у Польшчы змагаюцца крытыкі. Эдмунд Вільсан у артыкуле “Каго хвалюе, хто забіў Роджэра Экройда?” пісаў: “Зусім нядрэнны род забойства, і Конан Дойл здолеў бы выкарыстаць яго ў захапляльным апавяданні на трыццаць старонак, але панна Сэерс без ваганняў раздзьмула яго да памераў кніжкі на трыста трыццаць старонак, выдумаўшы адну з тых банальных і недарэчных гісторый пра кабету, якая ўдзельнічала ў дваяжэнстве, нічога пра тое не ведаючы, і багата аздобіла тэкст падрабязнасцямі касцёльнай архітэктуры, фрагментамі мудрасці з кніжак пра біццё званоў разам з жахлівым, дзівацкім балбатаннем лорда па імені Пітэр.” [37, с.83].

Апісанні ў дэтэктывах патрэбны, але яны павінны мець нейкае дачыненне да злачынства альбо ягонага раскрыцця, яны павінны з’яўляцца ў тэксце заўсёды з пэўнай мэтай. Калі аўтар апісвае парк, чытач міжволі чакае развязкі гэтага апісання альбо ў працэсе чытання зашмат увагі надае парку. Уводзіць апісанні толькі дзеля заблытвання чытача немэтазгодна. “Большасць няўдалых дэтэктываў няўдалыя менавіта таму, што яны пішуцца, каб заблытаць чытача, а не для таго, каб яго прасвятліць”, – пісаў Г.К.Чэстэртон. Таму архітэктуру і знешнасць герояў неабавязкова апісваць падрабязна, досыць некалькіх яркіх штрыхоў і, галоўнае, пачуццяў і асацыяцый, якія яны выклікаюць у аўтара і павінны выклікаць у чытача. Чытач павінен адразу ведаць, як паставіцца да аўтамабіля альбо чалавека, якія толькі што з’явіліся ў апавяданні. З архітэктурай і размяшчэннем пакояў праблем больш. Кожны аўтар, вядома ж, сам вырашае, як яму больш зручна рэпрэзентаваць месца злачынства. Але і тут можна даць некалькі парадаў. Калі архітэктура складаная і мае прынцыповае значэнне для раскрыцця злачынства, а гэта значыць, абмінуць яе нельга, можна альбо зрабіць малюнак, як план бібліятэкі ў “Імені ружы” Умберта Эка, альбо самую важную дэталь не паглыбляць у сярэдзіну вялікага апісання, як гэта зрабіў М.Шайбак з такім важным апісаннем: З высачэзнай, на два паверхі, столі звешвалася каваная жырандоля, абсыпаная буйнымі крышталямі…На ўзроўні другога паверха праз партэр цягнуліся падобныя да хораў антрэсолі з драўлянай балюстрадай [31, с.11]. Сярод нуднаватага апісання можа згубіцца гэткая ж ключавая фраза, і напрыканцы твора, калі метад забойства будзе вытлумачаны, чытач будзе змушаны вяртацца да апісання.

Калі пісьменнік пачынае пісаць дэтэктыў, ён ужо ведае, чаму і якім чынам ён забівае сваіх герояў. Важна, каб матыў быў зразумелым, а спосаб – верагодным. Залатая трыада матываў: грошы, страх, помста. Усе іншыя прычыны з’яўляюцца толькі варыяцыямі гэтых трох. Трэба памятаць, што чытач з сумненнем паставіцца да ідэалагічнага забойства, асабліва, калі ён сам абыякавы да праблемы, праз якую адбылося злачынства. Спосаб забойства павінен быць простым і лёгкім для выканання. Пацук часоў Сапегі (альбо нашчадак таго пацука) у дэтэктыве “Ліхія прыгоды Генрыка Войніча, злодзея і прайдзісвета” не найлепшы сродак забойства. У. і М.Адамчыкі і М.Клімковіч аддаюць перавагу холоднай зброі: забіты алебардай Вінцэнт Кастравіцкі і нажом Казімір Кушаль ў “Забойстве на Каляды”, нажом – Вадзімір Даўгалевіч і шылам Мікола Сак у “Сцэнарыі смерці”, у дэтэктыве “Заўсёды светла каля турэмных муроў” ахвяраў саштурхоўваюць з вышыні, застрэльваюць, вешаюць, для іх згубы ладзяць аўтакатастрофу. У “Ліхіх прыгодах Генрыка Войніча…” забіваюць шылам у вуха, душаць, а таксама з’ядаюцца пацуком. У “Сапежынскім прывідзе” забіваюць нажніцамі ў вуха, сякерай, а таксама саштурхоўваюць з вышыні. Можна заўважыць, што пэўныя прыёмы паўтараюцца, але нічога дрэннага ў гэтым няма. У кожнага дэтэктывіста ёсць улюбёны спосаб забойства, напрыклад, Агата Крысці, якая два гады працавала ў аптэцы і добра ведала пра ўздзеянне розных лекаў на арганізм чалавека ў сваіх творах аддавала перавагу атручванням [38].

Адной з галоўных умоў жанравай кваліфікацыі дэтэктыва з’яўляецца выкрыццё злачынцы. Іншага варыянта ў класічным і іншых версіях дэтэктыва быць не можа, хаця б зыходзячы з азначэння жанру. Да таго ж пажадана, каб забойца быў папярэдне знаёмы чытачу, інакш які сэнс у выкрыцці асобы, нам не вядомай. Злачынцу неабавязкова чакае пакаранне. Сэнс дэтэктыва нават не ў тым, каб вышукнік назваў імя злачынцы (следчы можа мець на руках усе ўлікі, але быць абсалютна нездагадлівым). Галоўнае, каб чытач даведаўся, хто ж здзейсніў забойства. Калі забойца вельмі сімпатычны аўтару, а падзеі адбываюцца ў наш час і пазбегнуць кары амаль немагчыма, то лепей за ўсё сітуацыю развязаць праз смерць альбо самазабойства героя.

На думку Ц.Кестхейна [16, с.133], чытач не павінен шкадаваць ні ахвяру, ні злачынцу, але немагчыма, да і непатрэбна гарантаваць “неэмацыянальнасці” дэтэктыва. Зняць эмацыянальны ўсплёск можна некалькімі спосабамі. Калі напрыканцы твора пісьменнік заўважае, што вобраз забойцы атрымаўся станоўчым і турэмнае пакаранне будзе здавацца чытачу залішне жорсткім, а выратаванне немагчыма, пажадана знайсці магчымасці для выключэння персанажа з сюжэтнай канвы праз забойства, трагічнае здарэнне, самазабойства, хваробу. Каб не шкадаваць ахвяру, са з’яўлення якой, уласна кажучы, і пачынаецца дэтэктыў, пажадана надзяліць яе рысамі, якія не будуць выклікаць сімпатыю ў чытача, і матываванае такім чынам забойства будзе здавацца зразумелым альбо нават патрэбным.

Класічным злачынствам ў дэтэктывах найчасцей з’яўляецца забойства, магчыма, з прычыны сваёй незваротнасці. А таму росшукі становяцца неабходнымі для аднаўлення справядлівасці. Пажадана, каб злачынства адбывалася ў замкнёнай прасторы, тады колькасць падазроных асоб будзе абмежавана сценамі будынка, а чытач можа весці росшукі самастойна і прапаноўваць свае гіпотэзы. У такіх умовах героі альбо ўсе нібыта невінаватыя альбо ўсе маюць матывы для злачынства. Калі ўсе героі нібыта невінаватыя, падазрэнне чытача могуць выклікаць нават бяскрыўдныя дзеянні і рэплікі герояў. Калі ж матывы маюць амаль усе прысутныя, як гэта бывае часцей, то чытач мае мажлівасць праз шматлікія матывы забойства пазнаёміцца з лёсам памерлага чалавека, узнавіць цікавыя, непрывабныя альбо злачынныя эпізоды ягонага жыцця.

Можна спалучаць жанр дэтэктыва з іншымі, напрыклад, трылерам, любоўным, фэнтэзійным, фантастычным раманам, звяртацца да такіх мадыфікацый жанра дэтэктыва яе шпіёнскі дэтэктыў, альбо баявік. Праўда, пісаць шпіёнскія дэтэктывы досыць складана, каб здолець адысці ад надуманага рамантызму і каб не стацца смешным, апавядаючы пра героя-звышчалавека.

Адной са асаблівасцяў буйных літаратурных твораў з’яўляецца неадрозніванне герояў. У дэтэктыве індывідуальнасць герояў мае прынцыповае значэнне. Каб зрабіць герояў больш яркімі і запамінальнымі, можна, па-першае, даць невялікія, але трапныя і яскравыя апісанні, праз якія падаць героя як асобы неардынарную хаця б у дробезях, як гэта зроблена ў апавяданні А.Глобуса “Латвійскі дэтэктыў”; па-другое, даць героям пэўныя сталыя найменні, мянушкі, азначэнні, напрыклад, Настаўнік у “Заўсёды светла каля турэмных муроў”; па-трэцяе, даць героям рэдкія, а таму запамінальныя імёны. У п’есе ”Прывід у Гайцюнішках” праблема адрознівання герояў вырашаецца праз зварот да спіса дзейных асоб. Па-іншаму зроблена ў дэтэктыве-трылеры “Сапежынскі прывід”, дзе ў пачатку твора, нібыта ў п’есе, але большь падрабязна падаюцца сціслыя апісанні галоўных герояў. Такое структурнае вырашэнне цікавае, незвычайнае і дазваляе чытачу “выбіраць” забойцу з прапанаванага спіса. Але сталае выкарыстанне гэтай фармальнай знаходкі, на нашу думку, немэтазгодна.

І адной з найважнейшых умоў паспяховай дзейнасці пісьменніка-дэтэктывіста з’яўляецца чытанне дэтэктываў, бо гэта адзіны жанр, у якім бясконцая паўтаральнасць сюжэтаў, сітуацый, паводзінаў не раздражняе, а нават чакаецца чытачом і выступае як прыкмета жанру [3].

“Напісаць добры дэтэктыўны раман, нават у ягонай традыцыйнай форме, вельмі цяжка… Аўтар ніколі не даведаецца пра ўсё тое, што ён павінен быў ведаць. Конан Дойл часам памыляўся так, што гэта забівала сэнс ягоных некаторых апавяданняў” [28]. Дэтэктывіст павінен вельмі пільна ставіцца да абранага сюжэта, бо адна нацяжка ў пачатку твора пацягне за сабой некалькі наступных, якія ўсе разам знішчаць твор, зробяць яго смешным і выдадуць непрафесійнасць аўтара. Амерыканскі пісьменнік Вілард Ханінгтан Райт, які пад псеўданімам С.С ван Дайн склаў дваццаць правілаў напісання дэтэктываў, у артыкуле “Вялікія дэтэктыўныя гісторыі” [39] зазначае, што дэтэктывы маюць шмат агульнага з крыжаванкамі, напрыклад, для іх развязання патрабуюцца тыя самыя ментальныя працэсы – аналіз, канструяванне цэлага з адасобленых частак і веданне ўсіх складнікаў. Пасля такога параўнання становіцца больш зразумела, чаму ў дэтэктыўным сюжэце ўсё павінна быць узважана: так і крыжаванка не разгадваецца ад аднаго няправільна запісанага слова. Сюжэт дэтэктыва павінен быць вельмі прадуманым, трывалым, каб аўтару не трэба было прыдумляць нейкую паралельную рэальнасць. Нават калі гэта ўсё ж здараецца, чытачы прымаюць правілы гульні і нібыта вераць, што ўсё адбываецца менавіта такім чынам, а не інакш. Але крытыкі лёгка вазначаць усе недахопы.

Гэтая работа не можа выхаваць пісьменніка-дэтэктывіста. Але тыя, хто ўжо сабраўся пісаць дэтэктывы і яшчэ не вызначыўся, якімі менавіта будуць ягоныя творы, можа пазбегнуць найбольш тыповых для маладых аўтараў памылак. Гэтыя памылкі малады аўтар мог бы выправіць і без дапамогі гэтай работы, напісаўшы некалькі твораў і зразумеўшы іх недахопы, а гэта значыць, згубіўшы час. А магчыма, гэтая работа падштурхне некага да напісання дэтэктываў. І калі колькасць перакінецца ў якасць, калі жанр асвоіцца пісьменнікамі і яны пачнуць спалучаць яго з іншымі, калі будуць створаны новыя якасныя ўзоры, нарэшце зменіцца стаўленне грамадства да дэтэктыва як жанра. Існуе меркаванне (С.Кавалёў [32]), што беларускі дэтэктыў ужо не возьме былых пазіцый, якія ён саступіў перакладным і расійскім дэтэктывам, што апошні ўзлёт быў у тыя часы, пакуль не было магчымасці знаёміцца з замежнымі творамі. Спадзяемся, што з’яўленне новых, сучасных дэтэктываў зменіць сітуацыю, дазволіць, напрыклад, уключыць іх у школьную праграму і такім чынам спакваля выхоўваць і прывабліваць чытача сучаснай беларускай літаратуры.


Cпіс выкарыстанай літаратуры

1. Адамчык М., Клімковіч М. Прывід у Гайцюнішках // ARCHE. – 2000. – №5 – С.101-123.
2. Анджапаридзе Г. Вступительное слово. www. belletrist. ru.
3. Анджапаридзе Г. Феномен детективного жанра. www. belletrist. ru.
4. Аннинский Л. Глобальное и национальное: чья возьмёт? // Знамя. – 2000. – №9 – С. 202-204.
5. Бавин С.П. Зарубежный детектив ХХ века. – Мн.: Книжная палата. 1991. – 206 С.
6. Басін Я., Барыс С. Яўрэі і іудаізм на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. – 2000. – №2 – С. 23-33.
7. Бязлепкіна А. Беларускі дэтэктыў? А ён ёсць? // ЛіМ. – 2002. – 6 верасня.
8. Бязлепкіна А. Беларускі дэтэктыў: эвалюцыя ці эпігонства? // Куляшоўскія чытанні: матэрыялы канферэнцыі. Магілёў, 2002. – С. 29-32.
9. Бязлепкіна А. Спроба напісаць дэтэктыў // Ляўша на тэнісным корце. – Мн.: Беларускі кнігазбор, 2002. – С.339-359.
10. Генис А. Закон и порядок (Мой Шерлок Холмс) // Знамя. – 1999. – №12. – С. 195-201.
11. Глобус А. Браслаўская стыгмата. – Мн.: Vostraja Brama, Наша Ніва, Сучасны літаратар, 2001. – 191 С.
12. Глобус А. Не тутэйшыя // ЛіМ. – 1993. – 19 сакавіка.
13. Жук І. Запас сумленнасці. Маладая беларуская проза, 1987 г. // Маладосць. – 1988. – №2 – С.153 – 161.
14. Караткевіч У. Дзікае паляванне караля Стаха // Збор твораў у 8-мі тт., т.7. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. – С. 5-197.
15. Караткевіч У. Чорны замак Альшанскі // Збор твораў у 8-мі тт., т.7. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. – С. 198-562.
16. Кестхейн Т. Анатомия детектива. Следствие по делу о детективе. – Будапешт: Корвина, 1989. - 261 С.
17. Клімковіч М. Сцэнарый смерці. – Мн.: Маладосць, 1991. - 125 С.
18. Костюков Л. Осень в «Садах Лицея» // Литературная газета. – 2002. – 30 октября-5 ноября.
19. Маніфест “Тутэйшых” (у аўтарскай рэдакцыі).
20. Моэм У.С. Упадок и разрушение детектива. www. belletrist. ru.
21. Пронин В. Детективы никто не пишет // Литературная газета. – 2002. – 13-19 февраля.
22. Прыватная гутарка з А.Глобусам.
23. Прыватная гутарка з С.Кавалёвым.
24. Сабоцкая Т. Ліхія прыгоды Генрыка Войніча, злодзея і прайдзісвета // Крыніца. – 1994. - №1 – С. 4-19.
25. Сабоцкая Т. Сапежынскі прывід // Бярозка. – 1993. – №7 – 1994. – №1 – С. 1-120.
26. Сакалоў У. Заўсёды светла каля турэмных муроў. www. arche. home. by.
27. Сыс А. Усё наперадзе. Анкета “Маладосці” // Маладосць. – 1988. –№4 – С. 147-148.
28. Чандлер Р. Простое искусство убивать. www. lib.ru.
29. Честертон Г.К. Как пишется детективный рассказ. www. belletrist. ru.
30. Честертон Г.К. Как сделать детектив // М.: Радуга, 1990. – 320 С.
31. Шайбак М. Забойства на Каляды // Крыніца. – 1991. – №10 – С.14-17, 36-37 – №11-12 – С. 10-18.
32. Шаўлякова І. Рэцэпт натхнення для беларускага дэтэктыўшчыка // ЛіМ. – 2002. – 15 сакавіка.
33. Штирле К. История как exemplum – exemplum как история: к вопросу о прагматике и поэтике повествовательных текстов // Немецкое философское литературоведение наших дней. – Санкт-Петербург: Издательство Санкт-Петербургского университета, 2001. – С. 61-95.
34. Эко У. Заметки на полях «Имени розы» // Имя розы. – Санкт-Петербург: Симпозиум, 2000. – С. 596-644.
35. Эко У. Инновация и повторение // Философия постмодернизма. Мн.: КРАСИКО-принт, 1996. – С. 48-73
36. Dine S.S. van Twenty rules for writing detective stories. www. gaslight. mtroyal. ab. ca.
37. Mrowczyk E. Obca literatura krzminalna bez tłumacza Między oryginałem a przekładem. Kraków: Universitas, 1997. – С.79-86.
38. Pecul M. Trucizny Agathy Christie. www. wiedzaizycie. pl.
39. Wright W.H. The great detective stories. www. gaslight. mtroyal. ab. ca.


дадаць камэнтар, вэрсiя для друку



 Беларуская Палiчка
 Pravapis.org
 Навiны ТВЛ
 Наша Нiва
 Arche
 Дзеяслоў
 Фрагмэнты
 Nihil
 Калосьсе
 Асацыяцыя Ўкраiнскiх пiсьменьнiкаў
 
   

2002 © litara.net | iнфармацыя пра праект
хостынг прадстаўлены ext|media