• лiтaрa.net | дасьледваньнi |
Беларускі дэтэктыў: спецыфіка жанру
Аксана Бязьлепкіна, 4 студзеня 2003

Гэтая праца задумвалася як своеасаблівы дапаможнік для тых, хто збіраецца пісаць дэтэктывы па-беларуску.


Мэта даследавання: акрэсліць асноўныя прыёмы і магчымасці беларускага дэтэктыва з тым, каб выпрацаваць рэкамендацыі для дэтэктывістаў-пачынальнікаў.

Задачы: а) высветліць вартасці і недахопы прааналізаваных дэтэктываў, б) апісаць некаторыя варыянты змяшэння дэтэктыва з іншымі жанрамі, в) вызначыць умовы функцыянавання дэтэктыва на сучасным этапе, г) пазначыць, якіх памылак трэба пазбягаць пры напісанні дэтэктыва.

Аб’ект даследавання – проза аўтараў літаб’яднання “Тутэйшыя”. У працы аналізуецца сем дэтэктываў некаторых удзельнікаў літаб’яднання “Тутэйшыя” (“Забойства на Каляды” М.Шайбака (1990) [31], “Заўсёды светла каля турэмных муроў” А.Сакалова (1991) [26], “Латвійскі дэтэктыў” А.Глобуса (1991) [11, с.39-53], “Сцэнарый смерці” М.Клімковіча (1991) [17], “Сапежынскі прывід” Т.Сабоцкай (1993) [25], “Ліхія прыгоды Генрыка Войніча, злодзея і прайдзісвета” Т.Сабоцкай (1994) [24], “Прывід у Гайцюнішках” М.Адамчыка і М.Клімковіча (2000) [1]). Прадмет даследавання – архітэктоніка дэтэктыва.

Нягледзячы на вялікую колькасць аўтараў дэтэктываў, мала хто з крытыкаў займаецца праблемамі напісання дэтэктываў. Найчасцей гэта праблема цікавіць саміх пісьменнікаў. Сярод найбольш значных прац можна назваць “Как сделать детектив” Г.-К. Чэстэртона [30], “Дваццаць правілаў напісання дэтэктыва” (Twenty rules for writing stories) С.С. ван Дайна (Вілард Ханцінгтан Райт) [36]. Пэўныя высновы аўтары дэтэктываў могуць зрабіць для сябе з прац С.П.Бавіна “Зарубежный детектив ХХ века” [5], Ц.Кестхейна “Анатомия детектива” [16], У.С.Маэма “Упадок и разрушение детектива” [20], Р.Чандлера “Нехитрое искусство убивать” [28], Дж. Кэвэлці “Adventure, Mystery and Romance. Formula Stories as Art and Popular Culture”, артыкулаў Г.Анджапарыдзе [2,3], тэарэтычных даследаванняў П.Буало і Т.Нарсежака. Пераважная большасць замежных прац не перакладзена на рускую альбо беларускую мовы. Гэты інфармацыйны вакуум спрабуюць запоўніць работы рэкламнага ці забаўляльнага характару, якія не прэтэндуюць на навуковасць і па стылі нагадваюць кніжкі кшталту “Як стаць прыгожай”, напрыклад, праца М.Басава “Творческое саморазвитие, или как написать роман”. У беларускай публіцыстыцы і навуковай літаратуры сустракаюцца артыкулы пра дэтэктывы, але яны больш закранаюць гісторыю існавання жанра, значэнне дэтэктываў для беларускай літаратуры і не даюць парадаў, як напісаць дэтэктыў. Магчыма, з той прычыны, што сам жанр не вельмі папулярны ў беларускай літаратуры, бо попыт на літаратурную прадукцыю на Беларусі ствараюць не чытачы, як у Расіі і іншых краінах, а літаратары. Пра тэхніку стварэння дэтэктываў таксама расказваецца ў шматлікіх інтэрв’ю і артыкулах прызнаных майстроў гэтага жанру, напрыклад, Іааны Хмелеўскай, Аляксандры Марынінай, Віктара Проніна і іншых, але найчасцей пэўныя метады прыкладаюцца да ўжо напісаных аўтарамі дэтэктываў, як, напрыклад, “Нататкі на палях “Імя ружы” У.Эка [34].

Трэба адзначыць, што беларускія дэтэктывісты па-ранейшаму мусяць апраўдвацца за абраны жанр, і стварэнне дэтэктыўных твораў вымагае ад аўтараў пэўнай смеласці. Сумнявацца ў рашучасці ўдзельнікаў таварыства “Тутэйшыя” Адама Глобуса, Міраслава Шайбака і Максіма Клімковіча не выпадае.

Чаму былі выбраны творы менавіта гэтых аўтараў? Трэба прыгадаць, што літаб’яднанне “Тутэйшыя” ўзнікла ў 1986-87 гадах як арганізацыя, якая павінна была злучыць творчую моладзь Беларусі. Удзельнікі таварыства змагаліся супраць так званага “прыкарытніцтва”, ставілі на мэце стварыць новую, вольную ад кансерватызму беларускую літаратуру. У анкеце “Маладосці” Анатоль Сыс цытуе некалькі артыкулаў [27, с. 147-148], сярод іх італьянскага пісьменніка Лібера Біджарэці: “… у наш час няма настаўнікаў… у нас няма права гаварыць пра іх /маладых пісьменнікаў – А.Б./ памылкі і недахопы з дастатковай … падставай”. Такім чынам А.Сыс праз вусны іншых пісьменнікаў выказаў сваё стаўленне да пісьменнікаў старэйшага пакалення і ранейшай літаратуры. “Да якой пары мы будзем валачы … труп, церпячы ўсе стадыі разлажэння?”

У Маніфесце “Тутэйшых” выяўляецца вельмі катэгарычная пазіцыя у дачыненні да беларускіх пісьменнікаў: … наяўныя “беларускія пісьменнікі” страцілі ў вачох народу апраўданьне сваёй наяўнасці. … усе гэтыя “літаратары” – утрыманцы на шыі беларускага народу… Іх аблуднае “пакаленьне” сыходзіць у нябыт. Па ім – мора запыленых кніжак і поўная дыскрэдытацыя ўсяго свайго, усяго адметна-беларускага, усяго сьвятога, што ёсьць на нашай зямлі [19].

Пазіцыя новага пакалення ў нейкай ступені зразумелая, бо ў гісторыі многае паўтараецца, і можна прыгадаць стаўленне, напрыклад, маладнякоўцаў да пісьменнікаў старэйшага пакалення. Але ў “Тутэйшых”, у гэтай досыць радыкальна настроенай часткі моладзі, быў свой прарок – Уладзімір Караткевіч. Такі выбар зразумелы, бо У.Караткевіч, у творах якога належная ўвага надавалася і мове, і сюжэту, і нацыянальнаму пафасу, дагэтуль застаецца ўлюбёнцам моладзі, ужо сучаснай моладзі. Адбываецца так не ў апошнюю чаргу праз зварот У.Караткевіча да такога жанру масавай літаратуры, як дэтэктыў. Але было б памылкай сцвярджаць, што, напрыклад, “Дзікае паляванне караля Стаха” альбо “Чорны замак Альшанскі” толькі дэтэктывы, бо дэтэктыўная інтрыга для У.Караткевіча ўсяго толькі форма.

Сябры літаб’яднання “Тутэйшыя” звярталі шмат увагі як на цікавасць і займальнасць твораў, так і на форму, бо такім чынам дбалі пра чытача. Напрыклад, Адам Глобус і Уладзімір Сцяпан у 1991 годзе намалявалі комікс “Дзікае паляванне” па матывах рамана У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Гэта была новая на той час форма папулярызацыі класічных твораў сярод дзяцей. Іншай формай папулярызацыі можна назваць кінасцэнарый “Тутэйшыя” (напісаны У. і М.Адамчыкамі і М.Клімковічам у 1992г.) паводле п’есы Я.Купалы, разлічаны, як сцвярджае А.Глобус, на школьнікаў, на тое, каб на прыкладзе кінасцэнарыя давесці, што Янка Купала – геній [12].

Было натуральна, што маючы такі досвед і такія схільнасці, У.Адамчык (Адам Глобус), М.Адамчык (Міраслаў Шайбак) і Максім Клімковіч звярнуліся да дэтэктываў.


Традыцыйны дэтэктыў

У беларускай літаратуры можна канстатаваць інерцыю тэматыкі. Для ўваходжання ў прафесійную літаратуру некаторыя маладыя пісьменнікі выкарыстоўваюць традыцыйныя, часам нават і чужыя ім, тэмы. І калі беларускі дэтэктыў распачаўся фактычна з гістарычнага, уведзенага У.Караткевічам, і міліцэйскага, распрацаванага М.Чаргінцом, то наступнікі працягвалі пісаць дэтэктывы ў азначаных гэтымі аўтарамі накірунках. Між тым, для напісання звышсучаснага і звышрэалістычнага міліцэйскага дэтэктыва патрабуецца знаёмства з працай міліцыі. Аўтары ж гістарычных дэтэктываў мусяць вывучыць гісторыю патрэбнага перыяду з дапамогай падручнікаў і манаграфій альбо пераствараць яе, як гэта рабіў, напрыклад, У.Караткевіч, бо ён мог апісваць і такую гісторыю Беларусі, якой насамрэч ніколі не было.

Дэтэктыў Міраслава Шайбака “Забойства на Каляды” – дэтэктыў якраз гістарычны, гэта значыць, дзеянне ў ім адбываецца падчас падзей, далёкіх ад сённяшняга дня. І хоць дэтэктывы звычайна лічацца творамі масавай літаратуры, у дачыненні да беларускай літаратуры трэба ўдакладніць, што масавай беларускамоўнай літаратуры на Беларусі не існуе (адной з галоўных прыкмет існавання масавай літаратуры, на нашу думку, з’яўляецца наяўнасць у продажы вялікай колькасці кніжак кішэннага фармату і ў мяккай вокладцы, выданне якіх самаакупаецца). Аповесць “Забойства на Каляды” была надрукавана ў 1990 годзе ў часопісе “Крыніца”, які ў той час яшчэ не быў толькі літаратурным выданнем, гэта значыць, твор быў разлічаны на аўдыторыю “Крыніцы”, якой былі цікавыя і гісторыі музычных гуртоў, і псіхалагічныя праблемы сучаснікаў, і гістарычныя артыкулы. У такім кантэксце важкім недахопам дэтэктыва М.Шайбака “Забойства на Каляды” здаецца залішняя сухасць, прынамсі, у выкладанні матэрыялу пра беларускую міфалогію. Развагі пра адраджэнне беларускай міфалогіі павінны былі б быць, на нашу думку, больш кранальнымі, больш матываванымі беларускім гістарычным кантэкстам, бо два чалавекі былі забітыя менавіта праз трактоўку міфалагічнай праблемы, а ў М.Шайбака тыя спрэчкі здаюцца агучанымі з паперкі, нагадваюць сціслы канспект лекцый па міфалогіі, калі ў мінімальны аб’ём трэба змясціць максімум спецыяльнай інфармацыі. Пры амаль бездакорна складзеным дэтэктыўным сюжэце не задавальняе неэмацыянальнасць аўтара.

Дэтэктыў М.Шайбака “Забойства на Каляды” для чытача з’яўляецца празрыстым з пункту гледжання працэсу стварэння, нарошчвання дыялогаў і апісанняў на касцяк сюжэту: занадта правільнымі і нежывымі здаюцца ідэалагічныя спрэчкі, якія можна было рэпрэзентаваць больш цікава, адчуваецца штучнае ўвядзенне архітэктурных падрабязнасцей, якое запавольвае дзеянне: Сіметрычны партэр абрамлялі пірамідальныя дубы і дэкаратыўныя ліпы. Уздоўж дарогі, што падбіралася да маёнтка, з-пад белага шорсткага дывана выбіваліся шарападобныя сумёты фігурна падстрыжаных кустоў. Па камбінацыі сцежак угадвалася веерная канструкцыя… Двухпавярховы палац з баракальныя фасадам і вуглавымі шатровымі вежамі-алькежамі быў пафарбаваны на тры колеры і меў дэкаратыўна-святочны выгляд [31, с.17]. Ствараецца ўражанне, што падчас напісання твора аўтар карыстаўся нейкім дапаможнікам па будаўнічай і паркавай архітэктуры: наваколле абмалёўваецца падрабязна, але ў апісаннях бракуе стаўлення аўтара да пейзажу, выяўлення пачуццяў герояў, якія ўбачылі гэткі відарыс. Чытач, не знаёмы з асаблівасцямі догляду за паркамі ў азначаны гістарычны перыяд, не ведае, як рэагаваць на такое апісанне і нават не можа ацаніць заможнасць гаспадароў.

Да прыкладу, ва У.Караткевіча апісанне таго ж тыпу, але яно пазначана чалавечымі пачуццямі, праз якія і нараджаецца мастацкая вобразнасць: І дом выглядаў так змрочна і холадна, што сэрца сціснула. Быў ён двухпавярховы, з вялізным бельведэрам і невялікімі вежкамі па краях і вызначаўся той адсутнасцю архітэктуры, якая была тыповай для беларускіх палацаў у тыя часы, калі нашы продкі кінулі будаваць замкі, але яшчэ патрабавалі ад дойлідаў, каб яны рабілі палацы падобнымі на гэтыя замшэлыя старыя бярлогі… [14, с. 29-30]

У дэтэктыве “Забойства на Каляды” алібі забойцы грунтуецца на тым, што ў пакой забітага можна было патрапіць толькі двума шляхамі: альбо праз більярдную і левую алькежу, альбо праз бібліятэку і правую алькежу, а Дамінік Плятар нібыта не падымаўся на другі паверх. Насамрэч забойца пасунуў фісгармонію і з яе залез на “падобныя да хораў антрэсолі з балюстрадай” [31, с.11]. Але з апісання чытачу досыць складана зразумець, што мог зрабіць злачынца, а што не мог.

Аўтар залішне спадзяецца на дасведчанасць чытача і ў тым моманце, калі зазначае: Бруна Чык … скіраваў “Кадзілак” мадэлі 1928 года да неагатычнай брамы… [31, с.17] Лагічна было б здагадацца, што удакладненне пра “Кадзілак” 1928 года выпуску нешта павінна сказаць чытачу, але, на нашу думку, сярод аматараў беларускай мастацкай літаратуры, як і любой іншай літаратуры, мала спецыялістаў па “Кадзілаках” 1928 года. Адзінае, на што аўтар дакладна можа разлічваць, дык гэта на тое, што чытач адгорне твор на пачатак, дзе пазначаецца дата забойства, каб хаця палічыць, колькі год машыне.

Спадзяванне на абазнанасць чытачоў праяўляецца ў і кароценькім эпілогу, дзе апавядаецца пра тое, як вышукнік Бруна Чык у 1944 годзе сустрэў забойцу ў Вільні, калі горад нікому не належаў. Бруна Чык дакладна не разгледзеў, у якую форму быў апрануты Дамінік Плятар [31, с.18]. Аўтар прывязвае падзеі твора да гісторыі Беларусі, і чытач павінен быць падрыхтаваным, як мінімум здагадвацца пра тое, што адбывалася на Беларусі з 1936 года па 1944 год, і якой была на той час тэрыторыя Беларусі, а таксама ведаць, якія войскі стаялі на азначанай тэрыторыі. Магчыма, аўтар хацеў такім чынам сказаць, што Дамінік Плятар адцураўся ўсяго беларускага і апрануў нямецкую, савецкую альбо якую-небудзь іншую форму.

Тая самая заўвага датычыць і выкарыстання такога слова, як караім у наступным кантэксце [31, с.17]:
– Як ваша імя? – спытаў Бруна Чык у мажардома, калі яны разам выйшлі з гасцёўні.
– Рафал Дашкевіч, – суха адказаў чорны вузкавокі мажардом.
– Пан Рафал – караім?
– Так
.

Караімы – семіцкая народнасць цюркскай моўнай групы, якая жыла ў Літве і зазнала тыя самыя ганенні, што і яўрэі [6, с.23]. На нашу думку, удакладненне нацыянальнасці мажардома немэтазгоднае. Рафал Дашкевіч, пазашлюбны сын Генрыка Кастравіцкага, не адчуваў аніякага ўціску з прычыны сваёй нацыянальнасці, і разгадка забойстваў ніяк не залежыць ад яго нацыянальнай прыналежнасці. У тэксце нідзе не тлумачыцца, што такое караім, і цікаўны чытач мусіць скарыстацца тлумачальным слоўнікам, а нецікаўны – проста раздражніцца. Як сказаў У.С.Маэм, добра апрануты той, адзення якога не заўважаеш [20].

Жаданне аўтараў уціснуць у дэтэктыў усё тое, што яны ведаюць, а чытачы – не, робіць твор перагрувашчаным і заблытаным. А дэтэктыў пішацца дзеля адзінага моманту з д з і ў л е н н я чытача, і менавіта моманту, а не хвіліны ці гадзіны, таму і патрабуецца ад дэтэктыва дакладнасць і прастата. Загадка павінна толькі здавацца складанай, аўтар патрэбны нам для таго, каб раскрыць таямніцу, а не для таго, каб нам яе растлумачыць [29]. Небяспечна “увапхнуць” у твор усё, што аўтар ведае, што вывучаў, пра што чытаў цікавую літаратуру. Але, на жаль, нават У.Караткевіч не засцярогся ад гэтай хваробы ў “Чорным замку Альшанскім” [15], дзе дэтэктыўны сюжэт залішне абцяжараны гістарычнымі элементамі і раскрыццё загадкі абумоўлена прычынамі, выразна не прагаворанымі. Дэтэктыў трэба ўспрымаць як пэўную канструкцыю, дзе ўсе элементы ад фундаменту да дэкору падпарадкаваны адной вышэйшай мэце – раскрыццю таямніцы. Лічыцца, што ў дэтэктывах не павінна быць “лішніх” сюжэтных хадоў і герояў, не павінна быць нічога пабочнага, што ніякім чынам не спрыяе раскрыццю таямніцы.

Існуе меркаванне, што аўтары дэтэктываў, адчуваючы комплекс праз адсутнасць належнай чытацкай павагі да іх жанру, часам знарок паказваюць сваю вытанчанасць і адукаванасць [20]. Так і М.Шайбак імкнецца “выгаварыцца” і ўвогуле пачуваецца вышэй за чытача. Самерсэт Маэм, разважаючы пра даступнасць матэрыялу для чытача, вельмі катэгарычны, ён піша пра нейкую пісьменніцу, не называючы яе імя, што яна “дасведчаная ў пытаннях, у якіх большасць з нас прафаны, і было б лепей, калі б яна трымала гэтыя звесткі пры сабе” [20]. Інтэлектуалізацыя твора, уласцівая не толькі Міраславу Шайбаку, зробіць і без гэтага не вельмі папулярную сярод масавага чытача беларускую літаратуру проста недасяжнай.

Гэта не значыць, што дэтэктывы трэба пісаць прымітыўна. “Чытач, калі ён не ставіць за мэту аддзяліць дэтэктыўнае мяса ад дэтэктыўных касцей, звычайна моцна захоплены вонкавымі падзеямі. І пісьменнік можа гэтым ўдала скарыстацца. Любая, нават самая крамольная думка праглынецца пад такі акампанемент” [9, с. 344]. Але думка можа быць не толькі крамольнай, яна можа быць цікавай і пазнавальнай. Дэтэктыў быў бы найлепшым сродкам адукацыі, бо таленавіты пісьменнік можа зрабіць так, каб чытач незаўважна для сябе атрымаў і засвоіў карысную інфармацыю. Праўда, найчасцей бывае іншая сітуацыя, калі незаўважна засвойваецца і выхоўваецца абыякавасць да забойстваў і злачынстваў, да ненармальнага жыцця.

Хоць большасць даследчыкаў дэтэктыўнага жанру (У.С.Маэм, Ц.Кестхейн, У.Эка) схіляецца да таго, што забойства ў дэтэктыве – не галоўнае, і не яно забяспечвае вялікі чытацкі попыт. Рысамі свайго характару альбо дзеяннямі забіты павінен выклікаць нянавісць, каб ягоная смерць пакінула нас абыякавымі. У.Эка сцвярджае, што дэтэктывы любяць не за забойствы і не за перамогу нормы, а таму, што дэтэктыў заўсёды – гісторыя здагадкі [34, с.628]. А Ц.Кестхейн зазначае, што мы не плачам, калі ў шахматах здымаюць нашую фігуру, так і ў дэтэктыве – гульня важней за фігуры.

У дэтэктыве забойства дазваляльнае і нават неабходнае, але яно павінна быць абгрунтаванае, а матыў – пажадана прыватны. А герой М.Шайбака Казімір Кушаль загінуў толькі за тое, што збіраўся(!!!) напісаць кнігу міфаў і паданняў. Ён нават не пачынаў яе пісаць, словы маглі застацца ўсяго толькі словамі. Ці гэта важкая прычына для забойства – пытанне спрэчнае. У.С.Маэм пасля наведвання калоніі і размоў са зняволенымі забойцамі напісаў, што адзінымі прычынамі забойстваў з’яўляюцца грошы, страх і помста, а ўсе іншыя прычыны толькі варыяцыі вышэйназваных.

Злачынства ўвогуле – сведчанне ўнутраных праблем у дзяржаве, агульнага маральнага і ідэалагічнага стану грамадства, і пакуль не з’явіцца ідэальная дзяржава (а яна не з’явіцца ніколі), закон будуць парушаць. Матэрыяльны інтарэс, як, напрыклад, у аповесці У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” [14], – гэта з’ява калі не нармальная, то досыць звычайная. Аформіць дэтэктыў з такім злачынствам можна ў любую ідэалагічную вопратку, яна ўрэшце для чытача не галоўнае. Забойства ў дэтэктыве М.Шайбака незвычайнае, а для некага дык і неверагоднае: забіць праз ненапісаную кнігу. Гэта прычына нечым нагадвае “Імя ружы”, дзе людзі гінулі таксама з-за кнігі, але яна мела выключна важнае значэнне для вялікай колькасці людзей, ды і аўтар гуляе з чытачом, і дэтэктыўная форма тут таксама гульня, а вось “Забойства на Каляды” – традыцыйны дэтэктыў, дзе пажадана было б бачыць больш просты матыў забойстваў.

Фармальна вельмі выйгрышна і эфектна выглядае двайное забойства. Чатыры студэнты Віленскага універсітэта прыязджаюць на калядныя вакацыі ў маёнтак Адама Кастравіцкага, які прыходзіцца дзядзькам аднаму са студэнтаў. Хлопцы збіраліся наладзіць аўтэнтычнае святкаванне калядаў, але заспрачаліся на тэалагічныя тэмы і пасварыліся. Пасля сваркі Дамінік Плятар вырашыў забіць Казіміра Кушаля, але ў апошні момант забівае пляменніка гаспадара Вінцэнта Кастравіцкага і падпальвае пакой, каб пазначыць час забойства і гэтым самым кінуць падазрэнне на Казіміра. Праз пэўны час Дамінік Плятар забівае Казіміра Кушаля і выкідае яго праз акно, каб таго палічылі ўцекачом. Следчы абвінавачвае ў другім забойстве мажардома Рафала Дашкевіча, пазашлюбнага сына Генрыка Кастравіцкага, які мог адпомсціць за смерць свайго крэўнага.

Заключны маналог вышукніка расчароўвае. Бруна Чык вытлумачвае следчаму, як адбываліся забойствы, з дапамогай казённых словаў: ідэя нематываванага забойства, логіка следства, сведка злачынства і г.д.: Звычайна злачынца забівае ахвяру, сыходзячы з нейкіх пэўных матываў, але не выключаецца ідэя нематываванага забойства, калі злачынца забівае першую ахвяру, каб парушыць логіку следства і схаваць матывы наступнага злачынства. Ствараецца прэцэдэнт, калі першым гіне сведка злачынства, а потым ахвяра, а не наадварот… [31, с.18]. Не такіх слоў і выразаў чакае чытач ад Бруна Чыка. Вышукнік у дэтэктывах павінен напрыканцы вытлумачыць дзеянні тых персанажаў, якія ў творы намагаюцца захаваць таямніцу, заблытаць следчых альбо раскрыць злачынства. І вышукнік мусіць зрабіць гэта лёгка і вельмі зразумела для чытача.

Яшчэ ад Артура Конан Дойла пайшла традыцыя не давяраць росшукі афіцыйным асобам [5, с.52]. І звязана гэта, на нашу думку, не толькі з той акалічнасцю, што чытачы маглі сябе атаясамліваць з вышукніком, але і таму, што дэтэктыў-аматар альбо прыватны дэтэктыў пазбаўлены афіцыёзу, гэта жывыя і каларытныя асобы, яны выкарыстоўваюць зразумелыя ўсім метады, а напрыканцы твора апавядаюць пра логіку сваіх разважанняў проста і даходліва дзеля вышэйзгаданага моманту здзіўлення.

У правілах С.С. ван Дайна пазначана, што аўтар павінен даць магчымасць чытачу самастойна разблытваць загадку [36], гэта значыць, даць чытачу тую ж інфармацыю, што і вышукніку, які ў канцы твора віртуозна раскрые злачынства, а чытач здолее праверыць свае здагадкі і вывады. Пасля раскрыцця забойства вышукнік нібыта гаворыць: я правяду вас тым шляхам, якім прайшоў сам.

Бываюць дэтэктывы, дзе злачынца сам распавядае пра свой учынак, але найчасцей чытач мусіць паверыць у версію вышукніка. Часам гэта зрабіць складана, напрыклад, у дэтэктыве “Забойства на Каляды”:
Х (маецца на ўвазе, Ікс, умоўнае найменне забойцы – А.Б.) забівае Казіміра і выкідае труп пра вакно. Ён спадзяецца на тое, што следчы вытлумачыць знікненне Казіміра як уцёкі. Казіміра няма – значыць, ён уцёк ад правасуддзя, але гэтага не атрымалася: мы знайшлі нябожчыка, і пан Сокал (следчы – А.Б.) абвінаваціў у злачынстве Рафала [31].

Дамінік Плятар, паўторымся, забівае Казіміра Кушаля і выкідае яго праз акно, спадзеючыся, што таго палічаць уцекачом і праз гэта – забойцам. Але відавочна, што труп раней ці пазней знайшлі б, і следства ўсчалося б зноў. І тут для М.Шайбака ўзнікае зачараванае кола: трэба так “схаваць” труп, каб яго адшукаць было вельмі цяжка, але ўсё ж магчыма. На нашу думку, развязаць гэтую праблему можна было наступным чынам: Дамінік Плятар забіў Казіміра Кушаля з мэтай кінуць падазрэнне, напрыклад, на Рафала Дашкевіча, як гэта і адбылося насамрэч.

Зразумелае жаданне Міраслава Шайбака напісаць выразна нацыянальны твор, у якім немагчыма памяняць тапонімы і андронімы і такім чынам змяніць нацыянальную “прапіску” твора, як гэта адбылося з дэтэктывам А.Сакалова “Заўсёды светла каля турэмных муроў”. Нацыянальных пазнак у дэтэктыве “Забойства на Каляды” некалькі. Першая – матывацыя забойства.

Я спадзяюся, што з адраджэннем міфалогіі, калі вернуцца на нашую зямлю яе спрадвечныя Багі, гэта будзе нашым Рэнесансам з вялікай літары, Рэнесансам Беларускага Духу. Мы паўстанем як вялікі народ, моцнымі, непахіснымі. Калі ў нас з’явіцца свой Бог, мы пачнём верыць у сябе, і ён аб’яднае нас у маналітны кулак <…> Наша міфалогія безнадзейна сапсаваная хрысціянскімі байкамі і анекдоцікамі <…> Таму мяне цікавіць толькі спрадвечная форма святкавання Калядаў, і толькі яе культавы змест. Нас займае асэнсаванне зоркі і мядзведзя, казы, ваўка. Праз жывёльныя формы да чалавека і далей да зорак. Сувязь з космасам. <…> У гэтым я бачу адзіны шлях стварэння і існавання нашага народу <…> [31, с.37].

Так разважаў забойца Дамінік Плятар, а Казімір Кушаль паведаміў, што збіраецца напісаць беларускую міфалогію ў форме навелак, і яго кніга пойдзе ў народ як Святое Пісанне. Пафасныя маналогі не захопліваюць чытача, які, няўражаны, можа і не паверыць у рэальнасць здзяйснення такіх злачынстваў праз такую дробязь.

У.С.Маэм сцвярджае, што кожнага чалавека хоць раз у жыццё наведвала думка пра забойства, але большасць людзей спыняе думка пра пакаранне [20]. Атрымліваецца, што людзі чытаюць дэтэктывы, каб даведацца пра тых людзей, якіх не спынілі страх і боязь. Меркаванне досыць спрэчнае, але несумненна адно – чытач параўноўвае сябе з героямі: ці зрабіў бы ён так, ці здагадаўся б ён так схаваць труп і ўлікі, ці здолеў бы адшукаць так добра схаваныя труп і ўлікі і г.д. Злачынства, якое адбываецца ў творы, неабавязкова апраўдваць, але трэба разумець.

Цікавым і тыпова беларускім падаецца дыялог Бруна Чыка і Казіміра Кушаля пасля таго, як вышукнік заўважыў на стале сярод папераў сваю манаграфію “Уводзіны ў крышталаграфію”.
– … на жаль, вашая праца не ўяўляе для мяне цікавасці.
– Чаму? – сур’ёзна ссунуў бровы Бруна Чык.
– Таму што яна напісана па-нямецку.
– Хіба пан Казімір не валодае нямецкай мовай?
– Я чытаю па-нямецку, але не ў гэтым справа. Я меў на ўвазе агульны здабытак для культуры. Для нямецкай культуры вы, пане Чык, выбачайце, – нуль, як і для Радзімы… Навука хутка змяняецца, а творы навукоўцаў захоўваюцца з-за мовы, як помнікі гісторыі і культуры
[31, с.11].

Навуковы твор можа састарэць, стаць неактуальным, а калі ён да таго ж напісаны на чужой мове, ён знікае, калі ж на роднай, беларускай – застаецца хаця б як факт гісторыі.

Наконт наяўнасці ў дэтэктыве любоўнай лініі існуе некалькі меркаванняў. Паводле канцэпцыі Цібара Кестхейна ў класічным дэтэктыве ахвярай з’яўляецца маладая адзінокая жанчына, якую выратоўвае вышукнік-непрафесіянал, таму адной з ліній твора з’яўляецца любоўная, а напрыканцы абавязковыя шчаслівы канец і пакаранне злачынцаў [16, с. 137].

Пра каханне ў дэтэктыве “Забойства на Каляды” нагадвае толькі па-матэматычнаму сухая згадка: мажардом Рафал Дашкевіч – пазашлюбны сын Генрыка Кастравіцкага, былога ўладальніка маёнтка. Існаванне жанчыны ў жыцці Вінцэнта Кастравіцкага Фрэдэрык Стральчэня, сябра забітага, адмаўляе адразу, бо Вінцэнт “быў рафінаваным аскетам і меў пурытанскія схільнасці” [31, с.10], таму не мог ублытацца ў нейкія гісторыі з жанчынамі – гэта, на нашу думку, відавочна непапулярны ход. Каханне, прысутнасць жанчыны ажыўляе твор, а дэтэктывісту дае магчымасць пашырыць кола падазроных асоб альбо колькасць прычын для злачынства. У тую б хлапечую калядную кампанію хаця б адну дзяўчыну – і дэтэктыў быў бы нашмат цікавейшы.

Трэба адзначыць, што забойца Дамінік Плятар застаўся непакараным. Па дарозе ў горад ён забіў следчага і збег. У дэтэктыве можа паказвацца пакаранне, суд, зняволенне злодзея, а можа і абмінацца. Але адным з найважнейшых правілаў напісання дэтэктыва з’яўляецца наступнае: злачынства абавязкова павінна быць раскрыта.

У дэтэктыве М.Клімковіча “Сцэнарый смерці” апавядаецца пра забойства знакамітага беларускага пісьменніка Вадзіміра Даўгалевіча, які запрасіў сяброў на святкаванне свайго юбілею. На лецішчы, аточаным з усіх бакоў вадою, адбываецца забойства. Злачынца – нехта з прысутных. Празаік Мікола Сак і апавядальнік Марцін Каменскі пачынаюць следства і дазнаюцца, што матывы ёсць ва ўсіх, хто столькі год лічыўся сябрамі пісьменніка. У такіх камерных дэтэктывах, дзе забойства адбываецца ў замкнёнай прасторы, заўсёды існуе два найбольш верагодныя варыянты разгортвання падзей: альбо ўсе маюць прычыны для злачынства, альбо ніхто не мае. Відавочна, што першы варыянт больш выйгрышны, бо праз сведчанні сяброў і сведкаў аўтар можа расказаць пра чалавека, які ўжо загінуў. Найчасцей, вядома ж, выплываюць негатыўныя моманты з біяграфіі забітага.

Студэнтка філфака Гражына Логвін напрасілася на лецішча, каб укінуць у паперы пісьменніка свой лепшы санет, маўляў, адзін благі верш не сапсуе збора твораў. Тэрэза Маршанская, якую некалі пакінуў пісьменнік (а гэта значыць, яна таксама мела матыў), расказала, што з Эдмундасам Кяльміцкасам, літоўскім сябрам Даўгалевіча, пісьменнік часта спрачаўся наконт літоўскай і беларускай гісторыі і нават аднойчы Эдмундас збіў Даўгалевіча да паўсмерці. Пазней высвятляецца, што пабіліся яны з іншай прычыны (таленавітая дзяўчына-паэтка скончыла жыццё самагубствам праз нячуласць Вадзіміра Даўгалевіча). Цікава, што Тэрэза Маршанская не хлусіць у сваіх сведчаннях, але калісь ёй самой сказалі няпраўду, і яна толькі перадае тое, што ведала – досыць-такі добры прыём, каб заблытаць следства. Эдмундас Кяльміцкас смела адсылае вышукнікоў да мужа Тэрэзы Маршанскай, брата памерлай жонкі пісьменніка. Даўгалевіч не ўшчуваў публічна Кяльміцкаса за фальсіфікацыю гісторыі, і з гэтай прычыны вышукнікі не адпрэчваюць верагоднасць таго, што літовец шантажаваў пісьменніка самагубствам паэткі. У мінулым забітага можа быць нейкая непрыгожая альбо нават злачынная справа, каб яго можна было шантажаваць. Маршанскі, які меў фінансавыя стасункі з Даўгалевічам, мог забіць праз грошы. І такія забойствы чамусьці заўсёды падаюцца найбольш зразумелымі і матываванымі. Маршанскі гаворыць: Ды хто з нашых, беларусаў, на яго руку мог узняць, што б там ні было… ён жа для ўсіх нас перш за ўсё вялікі пісьменнік, гонар нацыі [17, с.89]. Такім чынам, аўтар робіць першую падказку чытачу. Але нават атрымаўшы сапраўдны ключ да разгадкі забойства (… такое ўражанне, што забойства здзейснена па сцэнарыю самога дзядзькі Вадзіміра [17, с.99]), чытач пра гэта нават не здагадваецца.

Напрыканцы росшукаў падаюцца графічна вылучаныя матывы забойства:
- Каханне і помста (Тэрэза).
- Забойства на глебе мастацтва (Кяльміцкас).
- Забойства з-за грошай (Маршанскі).
- Загадкавае забойства (Гражына)
[17, с.105].

Усё казала на тое, што найбольш верагодным было забойства праз грошы, а таксама на тое, што Маршанскага падставіў забойца, падкінуўшы таму нож, якім было здзейснена злачынства.

Нарэшце апавядальнік Марцін Каменскі састыкоўвае факты, але нічога не тлумачыць. Ён толькі гаворыць, што цяпер ўсё сышлося, усё супастаўлена. Цікавым ходам з’яўляецца узнаўленне Марцінам падзей не перад усімі прысутнымі на лецішчы, а менавіта перад сапраўдным злачынцам. Забойства адбылося наступным чынам. Вадзімір Даўгалевіч і Мікола Сак апошнімі засталіся ў лазні. Пасля забойства Сак удае з сябе Даўгалевіча, выходзіць з лазні па бутэльку віна і зноў вяртаецца. Сам жа ўголас, каб было чутно іншым, адмаўляецца ад прапановы выпіць і выходзіць у гасцёўню. Адзіная ўліка – штаны, падкасаныя, каб іх не было відаць з-пад халата. Зняўшы халат, Сак забыўся паправіць штаны і адкасваў іх ужо ў гасцёўні. Сак забяспечыў сабе алібі, седзячы ў гасцёўні разам з апавядальнікам. І калі стала вядома пра забойства, ён як чалавек з алібі ўзяў на сябе адказную ролю следчага.

Самае незвычайнае ў гэтым дэтэктыве – матыў забойства. Матыў – недакладнае слова – хутчэй сцэнарый, ідэя. І кінуў гэтую ідэю, як ні дзіўна, сам дзядзька Вадзімір, ён меў рацыю, калі казаў, нібыта ў нас, беларусаў, апошнім часам не стае святых пакутнікаў, што адгэтуль ідуць нашыя беды, таму мы не можам кансалідавацца, у нас няма зараз імя сучасніка, годнага таго, каб узняць яго на штандары. Будзь ты тройчы герой, але, калі памрэш сваёй смерцю ў шпітальным ложку, – ты не пакутнік. Затое прыгожы, таямнічы канец жыцця ператвараецца ў паданне, легенду [17, с.115]. Так разважае Марцін Каменскі. Даўгалевіч прыдумаў на ўзроўні філасофіі, а ты здзейсніў прыгожую канцоўку легенды. Ты забіў сябра, каб даць нацыі святога пакутніка [17, с.116]. Але чытач ужо разумее, што Сак зараз кінецца забіваць здагадлівага хлопца, і не памыляецца. Злачынца выкрыты, але дэтэктыў на гэтым не заканчваецца. Гражына падслухоўвала размову і паспела выратаваць Марціна, забіўшы Сака. Яна ж, выратаваўшы рукапісы Даўгалевіча, падпальвае лецішча. А Марцін, паўтараючы колішні жарт Даўгалевіча (у цемры усіх папярэдзіў пра неісноўны дрот, каб нехта не вытрымаў і прызнаўся, што знайшоў гэты дрот), удае, нібыта забойца быў не з прысутных, а прыплыў на чаўне і пасля падпалу адплыў, і не дзіўна, што ўсе пагадзіліся, нібыта бачаць той човен.

Забойца пакараны смерцю, але перад грамадствам ён ахвяра пажару. Канец рамана не мог быць іншым. Даўгалевіч як пісьменнік памёр яшчэ пры жыцці: і толькі напісанае ім раней па інерцыі прымушае людзей лічыць яго сімвалам нашай літаратуры… [17, с.116] А Сака, хоць ён і забойца, шкада і ў турму аддаць немагчыма. Калі вобраз забойцы атрымліваецца сімпатычным альбо матыў для парушэння закону і маралі ўзвышаны ці проста зразумелы, аўтару лепей развязаць сюжэт праз смерць злачынцы.

На мяжы жанраў

Самерсэт Маэм канстатаваў смерць чыстага дэтэктыва [20]. Але трэба адзначыць, што многія пісьменнікі даўно працуюць на мяжы жанраў, хай гэта будзе раман з дэтэктыўнымі элементамі (а не чысты дэтэктыў, бо дэтэктыў, паводле Багаміла Райнава – гэта такі твор, у якім злачынства разглядаецца не як эпізод альбо повад для развіцця дзеяння, а як асноўная тэма, з якой пэўным чынам звязаны ўсе канфлікты, драмы і падзеі, уведзеныя аўтарам у апавяданне [20]) альбо шпіёнскі дэтэктыў, якога зрабілі суперпапулярным раманы Яна Флемінга пра Джэймса Бонда, джэнтльмена-забойцу.

Твор, дзе галоўным героем з’яўляецца агент пэўных структур, які выконвае заданні сваіх шэфаў і змагаецца супраць іншых, варожых, структур, так і не займеў сталага наймення і можа называцца наступным чынам: шпіёнскі дэтэктыў, палітычны дэтэктыў, “круты” дэтэктыў, баявік. Росквіт шпіёнскага рамана прыйшоўся на час процістаяння ЗША і СССР, на час канфлікту дзвюх грамадскіх сістэм.

Дэтэктывы пішуцца згодна з няпісанымі, але строгімі правіламі. Гэтыя правілы паступова разбураюцца, і тады з’яўляюцца творы кшталту дэтэктыва-баявіка У.Сакалова (агульны псеўданім У. і М.Адамчыкаў і М.Клімковіча) “Заўсёды светла каля турэмных муроў”.

Звольненаму турэмнаму ахоўніку Баляславу Катавіцкаму нейкі Рублеўскі, якога Катавіцкі ў думках называе Настаўнікам, прапаноўвае стаць заказным забойцам, кілерам. Першай ахвярай павінна стаць акторка-наркаманка Рэгіна Агінская. Катавіцкі саштурхнуў жанчыну з рэстаўрацыйных рыштаванняў Мірскага замка. Наступным заданнем, якое прынёс сувязны, быў загад забіць самога Настаўніка, але той скончыў жыццё самагубствам. На кватэры сувязнога Катавіцкі знаходзіць свой павялічаны фотаздымак і разумее, што меўся быць наступнай ахвярай. Далей Катавіцкі забівае заказчыкаў забойства Агінскай, трапляе ў турму, і начальнік турмы, які калісьці звольніў Баляслава, пакідае Катавіцкаму лязо, каб той мог скончыць жыццё самагубствам. Катавіцкага хаваюць пад непранумараваным гранёным слупом. Так коратка можна распавесці пра сюжэт гэтага твора.

Галоўным героем дэтэктыва “Заўсёды светла каля турэмных муроў” з'яўляецца забойца. Аўтары далёкія ад жадання ідэалізаваць “працу” кілера, але тое, што яны паказваюць яе як норму, як нешта звычайнае, горш за рамантызацыю. Дэтэктыў не павінен выклікаць непавагу да чалавечага жыцця, хоць, вядома ж, гэтае пажаданне гучыць як наіўнае ў сучасным культурным кантэксце. У шпіёнскім дэтэктыве прызнанні ад злачынцаў і сведкаў найчасцей выбіваюцца сілай, а не псіхалагічнымі гульнямі і дасканалай логікай, як гэта было ў класічных дэтэктывах, таму і “крутым” дэтэктывам можа быць толькі чалавек моцны, натрэніраваны, пажадана ўзброены, як той жа Баляслаў Катавіцкі.

Гэты твор быў бы падобны да тысяч іншых, калі б не ўстаўныя навелы. Яны з’яўляюцца асаблівасцю кампазіцый дэтэктываў, якія напісаны калектывам аўтараў, У. і М.Адамчыкамі і М.Клімковічам. На нашу думку, тут варта прывесці ўрывак з інтэрв’ю Уладзіміра Адамчыка [22]:
А.Б.: – Калі некалькі чалавек разам пішуць дэтэктывы, як гэта адбываецца?
У.А.: – Па-рознаму.
А.Б.: – Адзін піша сюжэт, іншы распісвае эпізоды?
У.А.: – Збіраюцца, адзін друкуе на машынцы, адзін надыктоўвае, трэці сядзіць слухае, а потым трэці друкуе, другі дыктуе.
А.Б.: – Гэта значыць, усе разам.
У.А.: – Не, можна і разысціся, пайсці напісаць устаўныя навелы…


У дэтэктыве “Заўсёды светла каля турэмных муроў” некалькі ўстаўных навел:
1) Тры н а в е л ы – м р о і Баляслава Катавіцкага, аб’яднаныя агульным, таксама дэтэктыўным. сюжэтам. Слуга Антон нёс парсюка на княскі святочны стол, але хлопца перахапіла служанка Яня і, паабяцаўшы пакахацца з ім, папрасіла дазволу пакаштаваць страву. Мажардом заспеў слуг, таму Антона і Яню выкінулі з палаца. Антон пакляўся забіць мажардома і, выманіўшы таго з дапамогаю Яні, павесіў у парку, абставіўшы справу нібыта самагубства. Праз пэўны час кухар успомніў, што мажардом ішоў да Яні, дзяўчына ва ўсім сазналася, абмінуўшы свой удзел у забойстве. На шыбеніцы Антон пераламаў кату шыю і быў забіты вартаўніковай дзідай. Пахавалі Антона пад агароджай могілак, каб і не на магілках, і не па-за імі. Дарэчы, мажардом у гэтым творы караім, як і мажардом у “Забойстве на Каляды”, тут відавочны ўплыў М.Шайбака на калектыўную творчасць.

Фактычна, гэта дэтэктыў у дэтэктыве. Варта зазначыць, што ў мроі-дэтэктыве чытач мае магчымасць сачыць за матывамі забойства, самім ягоным здзяйсненнем і пакараннем, а ягонае разблытванне коратка перадаецца са слоў князя.

Можна ўгледзець пэўную аналогію лёсаў Антона і Баляслава Катавіцкага: абодва змагаліся супраць мацнейшых за іх, абодва пахаваныя не па-людску. Праўда, вобразы абодвух пазбаўлены рамантычнасці, і чытач не шкадуе пра смерць герояў.
2) Урывак з п’есы, дзе адну з роляў выконвала Агінская. Навела называецца “З д а р э н н е ў в а н н ы м п а к о і” і апавядае пра тое, як мужчына і жанчына вырашылі прыняць ванну ў чужым доме, як іх заспелі гаспадары і як няпрошаныя госці абсалютна не засмуціліся. Ужываючы фразы герояў, напрыклад, чым хочам, тым і займаемся, ва ўсялякім разе не нудзімся, Баляслаў Катавіцкі знаёміцца з Агінскай;
3) “Г і с т о р ы я, якую згадала Рэгіна Агінская” пра Нафтавіка, што многім нагадвае творы Адама Глобуса з цыкла “Дамавікамерон”. Досыць-такі цікава вышукваць у калектыўным творы эпізоды, да якіх відавочна прыклаў руку канкрэтны аўтар. Як вядома, Адам Глобус пісаў казкі для дарослых і ягонымі героямі былі істоты, кшталту Ліфтавіка, Садоўніка.
4) Н а в е л а – ў с п а м і н Рублеўскага перад самагубствам. Герой прыгадвае сваё маленства, калі ён любіў у парку смажыць бульбу ў кляновым лісці і глядзець з вышыні ўрадавых трыбун на Цэнтральную плошчу. Аднойчы, калі ён падбег да трыбун, там ужо стаялі людзі, бо адбывалася пахаванне. Ад таго часу і назаўжды смерць для Рублеўскага злілася з пахам печанай бульбы і спаленага кляновага лісця. У доме Рублеўскага перад ягоным самагубствам пахла “свежазмеленай кавай і напаленым камінам”.
5) Ш в а н к а в а р т а ў н і к а, якую не слухаў Баляслаў Катавіцкі. Вартаўнік апавядае пра тое, як у маленстве яго напаілі старэйшыя хлапчукі, сказаўшы, што ад самагону касыя вочы выпраўляюцца. Вартаўнік тлумачыць сваё дрэннае самаадчуванне пасля таго, як учора выпіў, тым, што “як старэйшыя нальюць, дык тручуся, закон такі”.
6) У н а в е л е – м а н а л о г у сувязнога разважаецца пра тое, як цяжка забіць, і пра тое, як сувязны калісь атрымаў заданне і павінен быў забіць жанчыну, як ён вырашыў скінуць ахвяру пад цягнік у метро, але не наважыўся.

Пра забойствы ў творы разважаецца вельмі проста, нібыта ў жыцці гэта вельмі будзённая і звычайная рэч. Далей прапаноўваецца прыклад з прамоў Настаўніка:
Ты робіш толькі адно парушэнне… Ты пачынаеш жыць па новых законах, па законах найвышэйшага з мастацтваў, і толькі забойца можа назваць сябе сапраўдным мастаком. Толькі ён з найвышэйшае волі разбурае імгненнае і творыць вечнае…
…Ідзі на стадыёны і глядзі, як усе будуць чакаць падзення, як усе будуць чакаць бойкі, прагнуць парушэння правілаў, скасавання дамоўленасці, крычаць: “Забі!”. Ты ўбачыш падзел паміж тымі, хто ў зале, і тымі, хто на сцэне, паміж тымі, хто на полі, і тымі, хто запаўняе амфітэатр. Ты ўбачыш мяжу і навучышся пераходзіць яе
[26].

Відавочна, што аўтары імкнуцца справакаваць чытача на абурэнне, бо іншай не можа быць рэакцыя на спробу абяліць і ўзвысіць “працу” забойцы. Дэтэктыў “Заўсёды светла каля турэмных муроў” – гэта балансаванне на мяжы не толькі жанраў, але і маралі.

Больш лёгкі варыянт таго ж аўтарскага пачуцця можна сустрэць у апавяданні А.Глобуса “Ездзіць на ровары без рук”: “якая гэта асалода, катацца на ровары без рук, рабіць нешта як быццам недазволенае і адчуваць, як сэрца млосна заходзіцца ад жудкаватай слодычы, што робіш нешта “сакраментальнае” ” [13, с.157]. Адчуванне жудкаватай слодычы можа быць і ў забойстве па замове, нават у самім апісанні такога забойства, толькі ездзіць на ровары без рук забаронена правіламі дарожнага руху, а забарона на забойства чалавека – спрадвечная.

У наступным дэтэктыве тых жа аўтараў «Ліхія прыгоды Генрыка Войніча, злодзея і прайдзісвета», надрукаваным пад псеўданімам Тэафілія Сабоцкая, галоўным героем таксама з’яўляецца злодзей.

Злодзей Генрык Войніч, спецыяліст па антыкварыяту і каштоўных прадметах мастацтва, выконвае заказы міністра культуры Кіма Сымонавіча Валовіча. Падчас чарговага задання нехта, відавочна, блізкі да міністра, “падстаўляе” Генрыка Войніча. Далей Генрык, каб апраўдаць сябе, мусіць раскрыць двайное забойства ксяндза Міцкевіча. Калі падаць фабулу твора, то атрымаецца наступнае. Міністры культуры Валовіч і ўнутраных спраў Матрашыла займаюцца кантрабандай антыкварыяту. З дапамогай злодзея Генрыка Войніча да іх трапляе калекцыя зброі, пра існаванне якой выпадкова прагаворваецца ксёндз Міцкевіч. Па адпрацаваным ланцугу стылет Чэліні трапляе ў Ватыкан. Нясвіжскі ксёндз Міцкевіч падчас падарожжа ў Ватыкан пабачыў там стылет і высветліў гісторыю яго “пераезду”. Вярнуўшыся на радзіму, Міцкевіч ідзе скардзіцца да міністра культуры Валовіча. Бібліятэкар Сідарэвіч, які захоўваў зброю некалькі дзесяцігоддзяў і страціў яе толькі праз балбатлівасць ксяндза, вырашае забіць яго. І забівае шылам у вуха. Праўда, ён не заўважыў, што ксёндз быў ужо нежывы, задушаны адным з кантрабандыстаў Аляксеем Адамовічам з мэтай зваліць забойства на Войніча. Адамовіч помсціў за тое, што ягоная жонка Данута, дачка міністра культуры, здрадзіла яму з Войнічам…

Шчыльнасць злачынстваў, правакацый, падстаў і спосабаў іх развязання, на жаль, не дазваляе, не ўпусціўшы некаторых сюжэтных ліній, падрабязна разгледзець твор у гэтай працы, каб паказаць, як можа пісацца дэтэктыў. Разгледзім толькі некаторыя сітуацыі.

Генрык Войніч, каб мець аргументы супраць міністра культуры, вырашае скрасці ягоную дачку, і таму адкрывае перад ёй амаль усе карты і ўгаворвае яе разам з сынам схавацца ў скаўцкім летніку. Сына Дануты Стасіка забірае ад бабулі таксама Войніч, сказаўшы Дануце, што, п’янай, ёй лепш да маці не з’яўляцца. Натуральна, што калі міністр Валовіч патэлефанаваў былой жонцы, тая засведчыла, што ўнука па просьбе дачкі яна аддала незнаёмаму мужчыне.

Войніч – майстар блефу. Ён папярэджвае падзельнікаў Валовіча, што міністр хоча здаць іх. Матрашыла і Адамовіч перахоўваюць калекцыю зброі ў падвал былой жонкі Валовіча. Генрык высачыў іх, упэўніўся, ці ёсць там зброя, і паказаў Валовічу, што ягоныя так званыя сябры вырашылі зрабіць яго вінаватым ва ўсім.

У творы дзве устаўныя навелы, першая з іх апавядае пра біяграфію міністра культуры Валовіча, а другая – пра біяграфію злодзея Генрыка Войніча. Трэба адзначыць іранічны тон апавядання. З пакепліваннем, гумарам і яскравымі перабольшаннямі аўтары расказваюць пра жыццё двух чалавек. Кім Сымонавіч Валовіч нарадзіўся першым, і далі яму імя Адольф, у гонар дзеда, які ў сваю маладосць служыў у гусарскім палку і нават меў медаль “За усмирение бунта 1863 года”… Перад тым, як спаліць управу і сысці ў партызаны, Сымон Валовіч справіў новыя дакументы, у якіх “паганскае” сынава імя змяніў на Кім, і ператварыўся Адольф у Камуністычны Інтэрнацыянал Моладзі [24, с.8].

Лёгка зразумець усе намёкі: Адольф як Гітлер і як дзед, што душыў паўстанне 1863 года. Калі чытач ведае, што для беларусаў значыла гэтае паўстанне і ягонае патапленне ў крыві, то дзейнасць Кіма Сымонавіча на ніве кантрабанды ацэніць гэткім жа чынам. Але тая ж праблема кантрабандызму і прадажнасці чыноўнікаў магла рэпрэзентавацца праз гнеўную прамову пра шкоднасць гэтых з’яў у грамадстве.

Можна сказаць, што ў чыноўнікаў словы і справы разыходзяцца, а можна зазначыць, што на стале ў міністра культуры ляжала папка з дакладам па праблемах барацьбы з парнаграфіяй, а ў шуфлядзе стала – парнаграфічныя часопісы. Сэнс фразы не мяняецца, а чытачы на гэтую нескладаную гіпербалу адрэагуюць зусім па-іншаму. Фактычна, праз іронію і гумар аўтары дасягаюць большага, чым гэта можна было зрабіць праз глыбокія развагі (гл. “Забойства на Каляды” М.Шайбака). Гэта вельмі важны момант для аўтараў дэтэктываў. Несумненна, у дэтэктыве, як і любым іншым творы, будзе закранацца пытанне, якое моцна хвалюе аўтара. Пафасна пададзеная праблема можа не ўразіць чытача, і тады змарнуюцца ўсе намаганні аўтара. Горш будзе, калі на аснове гэтай праблемы і гэтых разважанняў, да якіх чытач паставіўся абыякава, будзе грунтавацца, напрыклад, злачынства. У чытача ўзнікне адчуванне, што яго падманулі і ён дарма чытаў гэты твор. Калі ж падаваць праблемы і важныя пытанні праз іронію і гумар, калі чытач усміхнуўся падчас жарту альбо іранічнай заўвагі, значыць, ён амаль заваяваны.

У дэтэктыве “Прыгоды Генрыка Войніча, злодзея і прайдзісвета” забойца ксяндза пакараны: у нясвіжскіх сутарэннях яго загрыз пацук. І зноў тут праяўляецца любоў аўтараў да гісторыі. Пацук памерам з сабаку, які жыве ў сутарэннях пад касцёлам, атрыманы Сапегам ў падарунак ад Івана Жахлівага. Тое, што здавалася легендай, ажыло і ўмяшалася ў дзеянне дэтэктыва. Можна спрачацца, наколькі пераканаўчым з’яўляецца такі неверагодны метад забойства, але няма лепшага спосаба забойства за зброю халодную, агнястрэльную, атруту і фізічнае ўздзеянне. Можна было б пакінуць пакаранне злачынцы на міліцыю і суд, але пасля такой грандыёзнай авантуры з удзелам высокіх персон чытач не паверыць у справядлівасць выканаўчых уладаў. Адзіны, хто яшчэ мог бы забіць Аляксея Адамовіча, быў Генрык Войніч, але ён заваяваў сімпатыі чытача, таму было б немэтазгодна такога прывабнага злодзея рабіць яшчэ і забойцам.

Дэтэктывы, нават калі пішуцца з разлікам на масавую аўдыторыю, могуць мець і падтэкст, разлічаны на больш элітарнае, вузкае кола чытачоў, як, напрыклад, аповесць Т.Сабоцкай “Прыгоды Генрыка Войніча, злодзея і прайдзісвета”. Твор насычаны намёкамі на рэальных асоб, праўда, маюцца на ўвазе не асобы, якія займаюць згаданыя пасады, а падказкі для дасведчаных ідуць праз імёны і стыль паводзін. Майстэрства ж аўтараў праяўляецца якраз у тым, што чытач, не заглыбляючыся да другога слою дэтэктыва, не ведаючы аніводнага прататыпа, атрымае ад чытання задавальненне.

Твор заўсёды нясе на сабе адбітак зацікаўленняў аўтараў. У дэтэктыве “Прыгоды Генрыка Войніча, злодзея і прайдзісвета” праяўляецца добрае веданне У.Адамчыкам прадметаў мастацтва. Можна параўнаць два эпізоды: калі Генрык Войніч зняў з купала уніяцкай царквы драўляных анёлаў і калі Адам Глобус у амаль цалкам біяграфічным апавяданні “Браслаўская стыгмата” з аднайменнага зборніка [11, с. 147-140] апавядае пра тое, як ён з сябрам здымалі крыж у разрабаваным касцёле.

Пісьменнік мае мажлівасці выхоўваць сваю аўдыторыю. Напрыклад, Максім Клімковіч, Уладзімір і Міраслаў Адамчыкі пішуць і чытаюць хоку, а Адамчыкі яшчэ і выдаюць. Вядома ж, што пераважная большасць чытачоў часопіса “Крыніца” 1991 года з хоку Мацуа Басё не знаёмы. І таму, захацеўшы выкарыстаць верш Басё, аўтары мусяць усё растлумачыць.
– Ледзь-ледзь дайшоў стомлены падарожнік да начлега і раптам… Гліцыній квецень! – Генрык крануў вузлаватую лазу…
– Гэта Басё, – падтрымала настрой Данута
[24, с.5].

Дэтэктыў “Ліхія прыгоды Генрыка Войніча, злодзея і прайдзісвета” можна аднесці да “шпіёнскага” дэтэктыва. Іншым варыянтам змяшэння жанраў з’яўляецца дэтэктыў-трылер “Сапежынскі прывід” Т. Сабоцкай. Трылер як жанр ставіць на мэце выклікаць у чытачоў моцныя эмоцыі і апавядае пра герояў, жыццю якіх увесь час пагражае небяспека. Сталічны журналіст Зміцер Хут па просьбе сваёй знаёмай Ліды Лазаркоўскай прыязджае ў правінцыйны горад Сапежын, каб разблытаць знікненне настаўніка геаграфіі. Але чытач з самага пачатку твора ведае, што настаўніка геаграфіі Алега Будзько забілі, і забілі спецыфічным чынам: забойца ўсадзіў ахвяры ў вуха нажніцы, усклаў труп на ложак і, выцягнуўшы нажніцы, развёў іх і ўсадзіў у вочы. Трылер як твор скіраваны на тое, каб максімальна запалохаць чытача, прымусіць сцяцца ў чаканні нечага жахлівага. Чытач адразу настройваецца адпаведным чынам, і некалькі натуралістычных эпізодаў, напрыклад, пра нажніцы ў вочы, пра дуду, зробленую са скуры любімага казляняці, пра выкалатае вока Баркулаба фон Гарта робяць твор адпаведным жанраваму найменню.

Па ходу разгортвання следства расстаўлены эмацыянальныя “выбухі”: нехта з выглядам прывіда Баркулаба фон Гарта нападае на Зміцера Хута ў ягоным гатэльным нумары, тая ж асоба забівае Ліду Лазаркоўскую, скінуўшы яе з хораў касцёла, росшукам перашкаджае дурнаваты следчы сапежынскага пастарунка Юрась Талочка. Зноў у асноўны тэкст уключаны ўстаўныя навелы, напрыклад, пра шаравую маланку, паданне пра кухарку Гартаў, паданне пра ахвярнасць. Чытач таксама даведваецца пра карліка, вадзяніка, спаленне паганскіх ідалаў княгіняй-хрысціянкай Сафіяй і міжволі далучаецца да беларускай міфалогіі і гісторыі. Іншае пытанне, наколькі мэтазгодна перагружаць твор устаўнымі эпізодамі, якія ніяк не дапамагаюць следству. Пра некаторыя думкі вышукніка журналіста Хута чытач даведваецца з ягоных нататкаў, якія фактычна выконваюць ролю “доктара Ватсана” пры “Шэрлаку Халмсу” і дапамагаюць аўтарам паведаміць стаўленне героя да падзей. Праўда, сваё канчатковае рашэнне Зміцер Хут усё ж даверыў не нататніку, а настаўніку расійскай літаратуры Івану Зайцаву. І калі вядзенне нататніка журналістам больш-менш натуральнае, то вядзенне дзённіка забойцам падаецца нам не вельмі пераканаўчым. Малаверагодна, што забойца будзе весці дзённік, дзе пазначыць і дату, і матывы, і падрабязна распіша свае дзеянні. Але больш важна тое, што дзіўна і крыху штучна выглядае вядзенне дзённікаў некалькімі героямі: двух нататнікаў на адзін твор будзе зашмат. Забойца для здзяйснення сваіх планаў выкарыстоўвае легенду пра прывід Баркулаба фон Гарта, менавіта такім чынам Сымон Лазаркоўскі афармляе забойства праз рэўнасць і забівае жонку і яе каханка, прыносячы іх у ахвяру богу Вялесу.

Кодам да разгадкі паслужыў круглы след, “нібыта ад донца кубка”, на пыльных парэнчах касцёла, дзе была забіта Ліда Лазаркоўская. Зміцер Хут па чарзе ўвасабляўся ў кожную з падазроных асоб і нейкім чынам здагадаўся, што забойца-настаўнік, убачыўшы ў закінутым касцёле старыя парты, па прывычцы, выпрацаванай дзесяцігоддзямі працы ў школе, пацягнецца да свайго круглага гадзінніка на срэбным ланцужку і пакладзе яго на парэнчы. Метад “ужывання” ў забойцу выкарыстоўваўся яшчэ Г.К. Чэстэртонам у дэтэктыўнай серыі пра айца Браўна, толькі ў Чэстэртона герой даследаваў месца злачынства і чакаў таго моманту, калі ён і думаць пачне, як думаў невядомы забойца. У Т.Сабоцкай Зміцер Хут толькі гаворыць, што ён ставіў сябе на месца кожнага, але гэтая псіхалагічная гульня ніякім чынам не адлюстравана ў творы. Было б больш мэтазгодна, калі Хут у дзённіку альбо перад адным з герояў насамрэч “увасабляўся” ў магчымых забойцаў альбо спрабаваў хаця б патлумачыць дзеянні некаторых падазроных асоб. Дастаткова было б больш-менш падрабязна распісаць матывы і паводзіны двух-трох асоб, умоўна апраўдаць іх перад чытачамі, якія потым даведаліся б, што адзін з герояў усё ж такі забойца.

Сымон Лазаркоўскі гіне ў вогнішчы на Русалчыным востраве. Дэтэктыў на гэтым фактычна скончыўся, далей працягваўся трылер. Калі бібліятэкарка Яніна Сабалеўская, закаханая ў Зміцера Хута, прыязджае да яго з Сапежына і Хут хутчэй выпраўляе яе, прызначыўшы спатканне ў кавярні, зноў з’яўляецца прывід Баркулаба фон Гарта. У творы не гаворыцца, хто ж гэтая асоба, але, калі меркаваць, што ў яго былі сіваватыя валасы, то гэта дырэктар Сапежынскай школы Базыль Гладкевіч. Магчыма нават, што прывідаў было два. Адзін, Сымон Лазаркоўскі, забіваў людзей, а другі, Базыль Гладкевіч, вырашыў працягнуць ягоную справу. Але пэўнасці няма, магчыма, гэтак сталася паводле жадання аўтараў больш трымацца жанру трылера, а не дэтэктыва, дзе інтрыга павінна разумецца адразу.

Жанр дэтэктыва “Прывід у Гайцюнішках” М.Адамчыка і М.Клімковіча аўтары пазначылі так: TV-п’еса, фарс-дэтэктыў. Ці лепш сказаць – псеўдадэтэктыў, бо ўсё дзеянне адбываецца з-за не вартых таго рэчаў. Важна ж не толькі схаваць і пасля раскрыць таямніцу, але і мець яе, прынамсі такую, якая была б гэтага вартая. У “Прывідзе ў Гайцюнішках” прывід скраў гадзіннік у палкоўніка Юзафа Рака, на якім напісаны код сейфа, дзе нічога каштоўнага не захоўваецца. Юзаф Рак звяртаецца па дапамогу да прыватнага вышукніка Бруна Чыка, з якім чытач мог пазнаёміцца ў ранейшым, 1991-га года, дэтэктыве Міраслава Шайбака “Забойства на Каляды”. Але зараз Бруна Чык выступае ў тандэме з літаратарам Вадзімірам Даўгалевічам. Даўгалевіч таксама герой ужо знаёмы – ён быў ахвярай забойства ў дэтэктыве “Сцэнарый смерці”, але, відаць, аўтары вырашылі ажывіць яго.

Дэтэктыў напісаны як п’еса і, магчыма, праз гэта трохі блытаюцца героі. Незапамінальнасць герояў – татальная праблема дэтэктывістаў. Калі імя вышукніка запамінаецца лёгка, то шматлікія сведкі перамешваюцца, а калі чытач не адрознівае герояў, то, вядома ж, не можа на роўных весці росшукі.

Штуршком да развіцця дэтэктыўнага дзеяння сталі дзве амурныя гісторыі: здрада жонкі палкоўніка Агаты Рак з ксяндзом і каханне доктара Адама Шышдудара з Разалляй Рак, сястрой палкоўніка. Паралельна разгортваюцца дзве лініі. Супраць гаспадара граюць ксёндз, які кахаецца з гаспадыняй і, злоўлены, удае з сябе прывіда, а таксама Адам Шышдудар, які хоча ажаніцца з сястрой палкоўніка, ды той адмаўляецца даць пасаг. Адам хацеў дабіцца ад палкоўніка пасагу і таму вырашыў скрасці сакрэтныя паперы з сейфа. Праўда, паперы аказаліся любоўнымі лістамі каханак. Адначасова Шышдудар піша цыдулкі, дзе малюе гаспадара раганосцам. Твор насычаны элементамі класічнага дэтэктыва, якія, відаць, згодна з задумай аўтараў не дасягаюць сваёй мэты і таму пераўтвараюцца ў жарт. Напрыклад, Юзаф Рак, наважыўшыся высачыць прывіда, зачыняецца ў шафе ў жончынай спачывальні, але прывід, то бок ксёндз, прыйшоў раней і паспеў схавацца пад ложкам. Альбо іншы прыклад: Юзаф Рак знікае, і некаторыя з жыхароў маёнтка, пачуўшы ў парку стрэлы і не знайшоўшы гаспадара, пачынаюць думаць, што ён загінуў. А гаспадар напіўся, і ў флігелі ягонае п’янае цела хаваў на печы аканом.

Анекдатычная сітуацыя “каханак у шафе” непасрэдным чынам уплывае на разгортванне падзей. Ксёндз, хаваючыся ад мужа, які зарана прыехаў, апранае мужаў мундзір з усімі ўзнагародамі, вымазвае твар сабачай крывёю і залазіць у шафу. Калі муж адчыняе шафу, жонка амаль траціць прытомнасць і просіць мужа вынесці яе на паветра. Да канца твора палкоўнік шчыра верыць, што ў ягоным маёнтку завёўся сапраўдны прывід, і ўрэшце вышукнік вырашыў яго не расчароўваць. Такім чынам, злачынцы, дакладней, псеўдазлачынцы засталіся непакаранымі і фактычна нявыкрытымі. Але, як ужо зазначалася вышэй, галоўнае, каб чытач даведаўся, хто ж мае дачыненне да злачынства.

Акрамя вышэйзгаданых варыяцый на тэму дэтэктыва, могуць стварацца і апавяданні з дэтэктыўнымі элементамі, як, напрыклад, твор А.Глобуса “Латвійскі дэтэктыў” [11, c.39-53]. Звычайная схема дэтэктыва скарочана, бо такі важны элемент як следства зводзіцца да мінімуму і амаль супадае са збіраннем і фактаў і падагульненнем: адбылося злачынства – з кавярні быў скрадзены парасон, і наратар-вышукнік апісвае ўсіх падазроных, пасля выходзіць на вуліцы Юрмалы і запэўніваецца, што ўсіх, акрамя пенсіянера з вытатуяваным на руцэ якарам, падазраваў дарма. Апісанні падазроных асоб вельмі яскравыя і падрабязныя, наратар імкнецца з апісанняў рабіць высновы пра лад жыцця, зацікаўленні і дрэнныя звычкі наведвальнікаў кавярні “Арабіка”.

(працяг будзе)


© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку