• лiтaрa.net | рэцэнзii |
Чэшская літаратура для беларускіх дзяцей
Сяргей Сматрычэнка, 4 жнiўня 2004

У чэшскім выдавецтве “Альбатрос” пабачылі свет кнігі для дзяцей на беларускай мове – “Кніжка Ферды Мураша” Ондржэя Сэкары ды “Мах і Шэбестава вандруюць па свеце” Мілаша Мацоўрака.


Дзеля папулярызацыі здабыткаў чэшскай літаратуры для дзяцей і юнацтва “Альбатрос” здаўна выдае пераклады сваіх аўтараў на замежных мовах, беларуская ж у іх выдавецкіх планах з’явілася ўпершыню. Дарэчы будзе сказаць, што да друку ўжо падрыхтаваная яшчэ адна кніга па-беларуску – “Мах і Шэбестава ў школе”.

Некалькі словаў пра гэтыя кнігі.

Ферда Мураш – бадай, адзін з самых улюбёных сярод чэшскіх дзяцей казачных персанажаў, вядомы таксама ў шмат якіх іншых краінах. Ондржэй Сэкара прыдумаў постаць кемлівага і майстравітага мурашкі Фердынанда яшчэ на пачатку 30-х гадоў ХХ ст., і неўзабаве гэты герой зрабіўся настолькі папулярным сярод дзятвы, што казачныя аповесці пра яго пачалі выходзіць з-пад пяра Сэкары адна за адной. Беларускае выданне дзіцячых твораў Ондржэя Сэкары аб’ядноўвае тры з іх – “Ферда Мураш”, “Ферда на чужыне” і “Ферда ў мурашніку”, у якіх не толькі апісваюцца захапляльныя прыгоды мурашкі, але ў займальнай форме паведамляецца шмат цікавага і карыснага пра жыццё мурашоў, жучкоў, матылькоў, шыцікаў, стракоз і іншых прадстаўнікоў жамярынага свету.

Пакаленне, якое ўжо гадуе або неўзабаве будзе гадаваць сваіх маленькіх дзетак, магчыма, з прыемнасцю ўзгадае кніжку са свайго дзяцінства, якая называлася “Прыгоды мураша Ферды”. Цяперашняе выданне выгадна адрозніваецца ад колішняга адразу некалькімі параметрамі. Па-першае, гэтым разам пераклад зроблены з арыгіналу (перакладчык Сяргей Сматрычэнка), а не праз пасярэдніцтва расейскай мовы. Па-другое, кніга багата аздоблена маляўнічымі ілюстрацыямі аўтара, што вельмі важна, бо ў свядомасьці чэхаў тэкст і малюнкі Ондржэя Сэкары неадлучныя адно ад аднаго. Дарэчы, сярод каляровых малюнкаў наўмысна пакінута і некалькі чорна-белых, якія дзеці з радасцю возьмуцца размаляваць. Нарэшце, асаблівай увагі заслугоўвае якасць паліграфіі.

Другая кніга аб'яднала сем дасціпных апавяданняў Мілаша Мацоўрака пра Маха і Шэбеставу – вынаходлівых вучняў 3 “Б” класа, якія дзякуючы чарадзейнай слухаўцы перажылі шмат незвычайных прыгодаў у самых розных кутках свету. Папулярнасць кніг пра Маха і Шэбеставу (а іх пяць) ужо выйшла па-за межы Чэхіі, і цяпер гэтыя гісторыі з захапленнем чытаюць дзеці ледзь не ўсёй Еўропы. Аднак да нашага гонару трэба адзначыць, што першае выданне кнігі “Мах і Шэбестава вандруюць па свеце” на замежнай мове – беларускае; нямецкае, ангельскае і расейскае на дадзены момант толькі рыхтуюцца да друку. Беларускаму чытачу Мілаш Мацоўрак вядомы ўсяго парай гумарыстычных апавяданьняў, прадстаўленых у 1997 годзе ў адным з нумароў часопіса “Полымя”. Між тым гэты аўтар, які заўчасна памёр у 2002 годзе, і сёння лічыцца найяскравейшым чэшскім дзіцячым пісьменнікам і сцэнарыстам канца ХХ – пачатку ХХІ ст. У сваю чаргу праілюстраваў кнігу – надзвычай багата – сучасны класік чэшскае кніжнае графікі Адольф Борн. Пераклаў – як і “Ферду Мураша” – Сяргей Сматрычэнка.

Захапляльны змест, дабротны пераклад, цудоўныя малюнкі і выдатная паліграфія – вось вызначальныя рысы беларускіх выданняў “Альбатросу”. Аднак ёсць і яшчэ адна несумненная вартасць: першая з трох аповесцяў з “Кнігі Ферды Мураша” і шэсць з сямі апавяданняў пра Маха і Шэбеставу выйшлі яшчэ і на аўдыёкасеце – у выкананні актора ТЮГу Юрыя Жыгамонта, вядомага больш па праграме “Падарожжа дылетанта”. Касету можна будзе набыць разам з кніжкай у менскіх кнігарнях.


© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку