Вольга Такарчук. Самая брыдкая жанчына ў сьвеце

Вольга Такарчук. Самая брыдкая жанчына ў сьвеце
Пераклад з польскай Андрэя Хадановіча

Ён ажаніўся з самаю брыдкаю жанчынаю ў сьвеце. Спэцыяльна паехаў па яе ў Вену. Нічога не плянаваў наперад, раней яму не прыходзіла ў галаву, што ён мог бы зь ёю пабрацца. Але калі ўбачыў яе, калі стрываў першы ўдар узрушэньня, пасьля ўжо ня мог адарваць ад яе позірку. Яна мела вялікую галаву, усю ў нарасьцях і пукатасьцях. Адразу пад нізкім сьпярэшчаным зморшчынамі лобам тырчэлі малыя, вечна вільготныя вочы, што здалёк нагадвалі шчыліны. Нос здаваўся зламаным у шматлікіх месцах, а яго кончык быў сінім і парослым рэдкаю шчацінай. І агромністыя апухлыя губы, заўсёды расчыненыя, мокрыя, а за імі надзвычай войстрыя зубы. І ў дадатак, нібы гэтага было замала, яе твар парос даўгім, рэдкім шаўкавістым валосьсем. https://52.76.194.177/brand/slot88

Упершыню ён убачыў яе, калі яна выйшла з-за кардонных дэкарацыяў вандроўнага цырка, каб паказацца гледачам. Крык зьдзіўленьня й агіды пракаціўся над галовамі сабраных і ўпаў каля ейных ног. Мабыць, яна ўсьміхнулася, але выглядала гэта сумнаю грымасай. Яна стаяла нерухома, разумеючы, што ў яе ўглядаюцца дзясяткі вачэй, што публіка прагна ўсмоктвае кожную дэталь, каб потым апавядаць пра гэты твар знаёмым, суседзям альбо сваім дзецям, каб згадваць пра яго, параўноўваць у люстэрку з уласным тварам. І пасьля ўздыхаць з палёгкаю. Яна стаяла цярпліва, нібы з пачуцьцём перавагі. Глядзела паўзьверх галоваў, на дахі дамоў. slot88
Пасьля даўгой, напоўненай зьдзіўленьнем паўзы нехта нарэшце крыкнуў:
– Скажы нам нешта!
Яна паглядзела ў натоўп, у месца, адкуль зьявіўся голас. Шукала таго, хто гэта сказаў, але тады з-за кардонных кулісаў выбегла тоўстая кабета-канфэранс’е й адказала за Самую Брыдкую Жанчыну Ў Сьвеце:
– Яна не гаворыць.
– У такім разе ты раскажы яе гісторыю, – ізноў выказаў сваё жаданьне голас, і кабета-канфэранс’е адкашлялася й пачала гаварыць.

Калі потым – як вядомы цыркавы імпрэсарыё – ён піў зь ёю гарбату каля бляшанай печкі, што ацяпляла зь сярэдзіны цыркавы фургон, ён падумаў, што яна далёка не дурніца. Вядома ж, яна ўмела гаварыць, і гаварыць дарэчы. Ён глядзеў на яе, вывучаючы, змагаючыся з уласным захапленьнем гэтым выбрыкам прыроды.

Яна зірнула на яго й сказала:
– Вы спадзяваліся, што мае словы будуць такімі самымі дзіўнымі й агіднымі, як мой твар, так?
Ён прамаўчаў.
Яна піла гарбату па-расійску – налівала яе з самавара ў сподачкі й загрызала кожны глыток кавалкам цукру.

Досыць хутка ён заўважыў, што яна гаварыла на многіх мовах, але – здаецца – ні на воднай добра. Кожную хвіліну пераходзіла з адной на другую. У гэтым не было нічога дзіўнага – зь дзяцінства яна выхоўвалася ў цырку, у міжнароднай трупе рознага кшталту монстраў. І заўсёды на новым месцы.
– Ведаю, пра што вы думаеце, – сказала яна зноў, гледзячы на яго сваімі прыпухлымі маленькімі вачыма жывёліны.
І, памаўчаўшы, дадала:
– Той, хто ня меў маці, ня мае й матчынай мовы. Я карыстаюся многімі, але ніводная зь іх ня ёсьць маёй.

Ён не наважыўся адказаць. Раптам яна пачала раздражняць яго – немаведама, чаму. Разумнічала, была надта ўжо рэальнаю, канкрэтнаю; не на тое ён спадзяваўся.
Калі ён разьвітваўся, яна – зусім нечакана – падала яму руку для пацалунку, вельмі жаночым жэстам. Жэстам дамы. Абсалютна прыгожую руку. Ён нахіліўся над ёй, але нават не дакрануўся да яе вуснамі.

Ён думаў пра яе, лежачы на сьпіне ў гатэльным ложку. Глядзеў проста ў вільготны, затхлы змрок. Такая прыцемная прастора дапамагала працаваць ягонай фантазіі. Ён ляжаў і меркаваў, як гэта – быць кімсьці такім, як яна. Як яна адчувае. Як гэта – глядзець на сьвет вачыма, падобнымі да сьвінячых; як гэта – удыхаць паветра зламаным носам, ці тыя самыя чуюцца пахі? І як гэта, калі штодня кранаесься сябе самога, падчас мыцьця, часаньня, падчас усіх гэтых дробных неістотных жэстаў?

Яму ані разу ня стала яе шкада. Калі б ён спачуваў ёй, то ня думаў бы, каб зь ёю ажаніцца.

Некаторыя потым ужо апавядалі гэтую гісторыю як гісторыю нешчасьлівага каханьня. Быццам ён глядзеў сэрцам у ейнае сэрца, быццам пакахаў у ёй прыўкраснага анёла з брыдкім тварам. Нічога такога. Тае першае ночы пасьля спатканьня ён проста ўяўляў сабе, як гэта – кахаць такую істоту, цалавацца зь ёю, здымаць зь яе адзеньне.

Ён круціўся вакол гэтага цырка яшчэ колькі тыдняў. Ад’яжджаў і зноўку вяртаўся. Увайшоў у давер да дырэктара. Арганізаваў ім кантракт у Брне, куды зь імі паехаў і дзе цырк прызнаў яго сваім чалавекам. Яму дазволілі прадаваць квіткі, потым ён замяняў тоўстую кабету-канфэранс’е, і, трэба сказаць, рабіў гэта добра. Ён разаграваў публіку перад падняцьцем абы-як размаляванай заслоны.
– Заплюшчыце вочы, – крычэў ён. – Асабліва жанчыны й дзеці, бо датклівым вачам цяжка вытрымаць брыдоту гэтай пачвары. Хто хоць раз убачыць гэты выбрык прыроды, ужо ня зможа заснуць спакойна, будзе абуджацца ў страху. Магчыма, страціць веру ў Творцу…
Тут ён павышаў голас і фраза выглядала няскончанаю, хоць напраўду такою не была, – проста ён ня ведаў, што сказаць яшчэ. Яму здавалася, што само слова “Творца” выставіць усё ў патрэбным сьвятле. Насамрэч ён думаў, што гэты Творца, у якога іншыя мусілі страціць веру, вызначыў яго, падараваўшы такі шанец – Самую Брыдкую Жанчыну Ў Сьвеце. Дурні змагаліся за найпрыгажэйшых, страляліся ў двубоях. Ідыёты марнавалі маёнткі на прыхамаці жанчын. А ў яго – наадварот: Самая Брыдкая сама гарнулася да яго, як сумная свойская жывёліна. Была інакшая, чым усе. Пагатоў, давала магчымасьць зарабіць. Пабраўшыся зь ёю, ён стаўся б абраным, стаўся б асаблівым. Меў бы нешта, чаго ня маюць іншыя.

Ён купляў ёй кветкі, але ж ня нейкія шыкоўныя букеты, а проста звычайныя танныя вязанкі з прымітыўным папяровым банцікам, загорнутыя ў фольгу. Паркалёвую хустачку. Бліскучую стужачку. Скрыначку шакалядак. Пасьля глядзеў загіпнатызаваны, як яна павязвала гэтыя стужкі сабе на лоб, і яскравы бант, замест таго каб аздабляць, шакаваў. Глядзеў, як яна трушчыла шакалядку сваім занадта вялікім, разбухлым языком і брунатная сьліна цякла ў яе між рэдкіх зубоў проста на пакрытае шчацінаю падбародзьдзе.
Ён любіў глядзець на яе, калі яна ня бачыла ягоных позіркаў. Зьнікаў зранку, хаваўся за шатром, за фургонам, адыходзіў, каб недзе затаіцца й сачыць яе гадзінамі, хоць бы праз шчыліны між дошкамі агароджы. Яна грэлася на сонцы й доўга, паволі, нібы ў трансе, расчэсвала свае рэдкія валасы, заплятала іх у таненькія коскі й адразу ж расплятала. Альбо вязала. Пруткі блішчалі на сонцы, расьцінаючы напоўненае цыркавым гоманам паветра. Альбо ў свабоднай кашулі з аголенымі плячыма прала ў ночвах сваё адзеньне. Яе скура на плячах і шыі, пакрытая сьветлаю поўсьцю, глядзелася прыгожа. Мякка, нібы ў жывёліны.

Гэтае падгляданьне было яму патрэбнае, бо дзень пры дні яго агіда меншала, зьнікала на вачох, выпаралася на сонцы, быццам калюжына ў сьпякотны дзень. Яго зрок патроху асвойтваўся з жахлівай асымэтрыяй, зь нязграбнымі прапорцыямі, зь недахопам і празьмернасьцямі. Часам яна здавалася яму звычайнаю.

Калі яго апаноўваў неспакой, ён казаў ім усім, што зьяжджае па важных справах, што мае сустрэцца з тым альбо гэтым – і называў нейкае чужое ці, наадварот, добра знаёмае прозьвішча – што наладжвае кантакты, вядзе перамовы. Ён чысьціў свае высокія боты, мыў найлепшую кашулю й рушыў наперад. І ніколі не адыходзіў далёка. Спыняўся ў суседнім мястэчку, скрадаў у кагосьці пулярэс і піў. Але й тады ня быў ад яе вольны, бо пачынаў апавядаць пра яе, быццам ня мог безь яе абысьціся, нават падчас такіх уцёкаў.
Дзіўна, але яна сталася яго найкаштоўнейшым скарбам. Ён мог плаціць за віно ейнаю брыдотай. Больш за тое, апісваючы ейны твар, ён зачароўваў маладых гожых жанчын, якія прасілі апавядаць пра яе нават тады, калі ўжо ляжалі пад ім голыя.

Вяртаючыся, ён ужо меў напагатове новую гісторыю ейнай брыдоты, бо памятаў пра тое, што ніводная рэч не існуе ад пачатку да канца, покуль ня мае сваёй гісторыі. Спачатку ён загадваў ёй вучыць іх на памяць, але хутка пераканаўся, што Самая Брыдкая ня ўмела апавядаць, гаварыла манатонна й, нарэшце, выбухала плачам, і таму ён апавядаў за яе гісторыі сам. Ставаў з боку, паказваў на яе рукою й пачынаў:
– Маці гэтай няшчаснай істоты, якую вы бачыце перад сабою й выгляд якой цяжка вытрымаць вашым нявінным вачам, жыла ў вёсцы на ўскраіне Шварцвальду. І вось аднаго летняга дня, калі яна зьбірала ў лесе чарніцы, яе падпільнаваў найжахлівейшы дзік. Распалены шалёным жывёльным юрам, ён напаў на яе й авалодаў ёю.

У гэты момант ён нязьменна чуў здушаныя спалоханыя крыкі й некаторыя жанчыны парываліся сысьці й цягнулі за рукаво сваіх мужчынаў, якія супраціўляліся.

Ён меў яшчэ колькі іншых вэрсіяў.
– Гэтая жанчына паходзіць зь месца, якое наведаў сам Бог. Яе продкі былі злымі людзьмі з чэрствым сэрцам і ня мелі літасьці да хворага жабрака, за што Госпад пакараў усю іхную вёску гэтай жахлівай спадчыннай выродлівасьцю.

Альбо:
– Такі вось лёс чакае дзяцей жанчын лёгкіх паводзінаў. Вось наступствы сыфілісу, страшнай хваробы, што карае грэшнікаў аж да пятага калена.

Ён не адчуваў віны. Кожная вэрсія магла быць праўдзіваю.
– Я ня ведаю сваіх бацькоў, – паўтарала Самая Брыдкая. – Я заўсёды была такою. Яшчэ немаўляткам мяне знайшлі ў цырку. Ніхто ўжо не памятае, як гэта было.

Калі скончыўся іх першы супольны сэзон і цырк павольна вяртаўся ў Вену на штогадовую зімоўку, ён зрабіў ёй прызнаньне. Яна залілася румянцам, затрымцела. Ціха сказала “так”, а пасьля далікатна паклала голаў яму на плячо. Ён адчуў ейны пах – мыльны, мяккі. Вытрымаў хвіліну, а потым адсунуўся. І пачаў узрушана разгортваць перад ёю пляны іх супольнага жыцьця. Яны паедуць туды, паедуць сюды. Яна суправаджала позіркам яго перамяшчэньні па пакоі й сумна маўчала. Нарэшце ўзяла яго за руку й сказала, што хацела б дакладна наадварот – каб яны аселі недзе ў глушы, каб нікуды ня мусілі езьдзіць, ні з кім ня мусілі бачыцца. Што яна гатавала б, што ў іх былі б дзеці й сад.
– Ты б ня вытрымала, – абурыўся ён. – Ты выхоўвалася ў цырку. Ты хочаш, патрабуеш, каб на цябе глядзелі. Бяз позіркаў людзей ты памерла б.
Яна нічога не адказала.

Яны ўзялі шлюб на Каляды, у малым касьцёліку. Ксёндз, які іх вянчаў, ледзь не самлеў. У яго дрыжэў голас. Гасьцямі былі адно людзі з цырку, бо ён сказаў ёй, што ня мае сям’і, што ён таксама самотны, як і яна.
Калі ўсе ўжо хісталіся на крэслах, калі спаражнілі ўжо апошнія пляшкі й прыйшла пара йсьці ў ложак (нават яна, крыху ап’янелая, цягнула яго за рукаво), ён затрымліваў іх, пасылаў па віно. Ня мог упіцца, хоць хацеў. Нешта ў ім трывала ў гатоўнасьці, нацягнутай, як струна. Ня мог нават нахіліцца, ня мог пакласьці нагу на нагу. Сядзеў выпрастаны, з паружавелымі шчакамі, зь бліскучымі вачыма.
– Хадзем ужо, каханы, – шаптала яна яму на вуха.

А ён быццам трымаўся за край стала, быццам быў прымацаваны да яго нябачнымі кнопкамі. Так што найуважлівейшыя маглі б падумаць, што ён баіцца аголенай інтымнасьці зь ёю, прымусовай шлюбнай блізкасьці. Ці так напраўду было?
– Дакраніся да майго твару, – прасіла яна потым у змроку, але ён не зрабіў гэтага. Ён трымаўся над ёю на руках, так што бачыў адно ейны сылюэт, сьвятлейшы за цемру ў пакоі, размытую пляму без выразных абрысаў. А пасьля ён заплюшчыў вочы – гэтага яна ўжо не магла ўбачыць – і авалодаў ёю, як любою іншаю жанчынай, бяз думак, як звычайна.

Наступны сэзон яны пачалі ўжо самастойна. Ён загадаў ёй зрабіць колькі здымкаў і цяпер рассылаў іх па ўсім сьвеце. Адказы прыходзілі тэлеграфам. Яны мелі мноства выступаў. Езьдзілі першаю клясай. Яна ніколі не здымала капелюша з шэрым, цёмным вэлюмам, і толькі празь яго глядзела на Рым, Вэнэцыю й Элізэйскія Палі. Ён купіў ёй колькі сукенак і сам шнураваў ёй гарсэт, так што, ідучы люднымі вуліцамі эўрапейскіх гарадоў, яны выглядалі нармальнаю парай. Але й тады – у тыя найлепшыя для іх часы – ён таксама мусіў уцякаць. Такі ўжо ён быў – вечны ўцякач. Зьнячэўку ў ім уздымалася нейкая паніка, нейкі нязносны тупат, ён пачынаў пацець, задыхацца – і тады ён браў пачак банкнотаў, хапаў капялюш і зьбягаў па сходах, беспамылкова знаходзячы дарогу да партовых прытонаў. Тут ён нечакана рабіўся мяккім, а яго твар – азызлым, валасы кудлаціліся й схаваная пад набрыяліненымі пасмамі лысіна бессаромна паказвалася на сьвет. Ён піў радасна й нявінна ды нешта мармытаў, а пасьля дазваляў біць сабе па руках нейкай разьятранай брудэрцы.

Калі Самая Брыдкая ўпершыню пачала яго дакараць, ён ударыў яе ў жывот, бо нават такім чынам баяўся дакрануцца ёй да твару.
Ён ужо не апавядаў пра сыфіліс і дзіка ў лесе, бо атрымаў ліст ад прафэсара мэдыцыны зь Вены й цяпер прадстаўляў сваю жонку навуковаю мовай.

– Шаноўныя калегі, перад вамі выбрык прыроды, мутант, памылка эвалюцыі, згубленае зьвяно. Такія экзэмпляры сустракаюцца вельмі рэдка. Імавернасьць гэтага ня большая за тое, што ў гэтую хвіліну сюды ўпадзе мэтэярыт. Вось жа, вы маеце магчымасьць жыўцом назіраць мутацыю.

Канечне, яны прыходзілі ва ўнівэрсытэт да прафэсара. Там іх разам здымалі: яна сядзела, ён стаяў за ёю й трымаў руку ў яе на плячы.

Аднойчы, калі яе мералі, прафэсар перакінуўся зь ім параю словаў.
– Цікава, – сказаў ён, – ці гэта спадчынная мутацыя. Ці ня думаеце вы пра дзіця? Ці ўжо спрабавалі? Ці вашая жонка…? Ці вы ўвогуле…?

У хуткім часе, быццам бы бяз сувязі з тою асьцярожнаю размовай з прафэсарам, яна сказала яму, што зацяжарыла. З таго часу ён пачуваўся дваіста. Яму хацелася, каб яна нарадзіла дзіця, такое самае, як яна, – тады б яны мелі шчэ больш кантактаў, яшчэ больш запрашэньняў. У выпадку чаго, ён быў бы забясьпечаны на ўсё жыцьцё, нават калі б зь ёю нешта здарылася. Можа, зрабіўся б знакамітым? Але адразу ж зьяўлялася панічная думка, што дзіця будзе монстрам. Што ён гатовы вырваць яго зь ейнага чэрава, адно каб абараніць ад гэтай атруты ў крыві, што нясе ў сабе зло. І яму сьнілася, быццам ён сам ёсьць гэтым сынам у ейным чэраве, увязьнены там, аддадзены на яе змрочную ласку. І быццам яна, увязьніўшы яго там, паволі зьмяняе яму твар. Альбо іначай – яму сьнілася, што гэта ён ёсьць тым лясным дзіком, які гвалціць нявінную дзяўчыну. Па абуджэньні, спацелы, ён маліўся, каб здарыўся выкідак.

Яе жывот рабіў гледачоў сьмялейшымі. Яны лягчэй выбачалі ёй пачварную брыдоту. Цяпер ёй задавалі пытаньні, на якія яна, зьбянтэжаная, адказвала ціха й няўпэўнена. Блізкія знаёмыя йшлі ў заклад, якое народзіцца дзіця і якога полу. Яна ўспрымала гэта прыязна.

Вечарамі яна шыла распашонкі.
– Ведаеш, – сказала яна, зьнерухомеўшы на хвілю й утаропіўшыся позіркам у нейкую далёкую кропку, – людзі такія слабыя, такія самотныя. Шкада мне іх, калі яны сядзяць перада мною, углядаюцца мне ў твар. Быццам бы самі яны пустыя, быццам бы павінны на нешта нагледзецца, нечым напоўніцца. Часам я думаю, што яны мне зайздросьцяць. Я прынамсі нейкая. А яны – зусім без чагосьці выключнага, бязь якасьцяў.

Ён скрывіўся, пачуўшы гэта.

Яна нарадзіла ўначы, бяз клопатаў, паціху, як жывёліна. Акушэрка прыйшла адно каб перарэзаць пупавіну. Ён даў ёй пачак банкнотаў, каб ні пра што нікому да часу не казала. Пасьля запаліў усё сьвятло, каб магчы ўсё дакладна разгледзець. Яго сэрца калацілася. Дзіця было страшнае, яшчэ горшае ад маці. Ён мусіў заплюшчыць вочы, бо страўнік падскочыў яму да горла. Толькі пасьля, праз пэўны час, ён пераканаўся, што, як яна й казала, гэты нараджэнец – дзяўчынка.
Тады ён выйшаў у цёмны горад, гэта была Вена альбо Бэрлін. Валіў дробны, мокры сьнег. Боты жаласна хлюпалі па бруку. Ізноў пачуваўся дваіста – цешыўся й пакутаваў.
Піў і заставаўся цьвярозы. Мроіў і баяўся. Калі вярнуўся праз колькі дзён, меў ужо гатовыя пляны што да маршруту іх турнэ й прамоцыі. Напісаў ліст прафэсару. Запрасіў фатографа, які дрыготкімі рукамі штохвілі запальваў спалах, каб увечніць у зыркім бляску пачварную брыдкасьць абедзьвюх істотаў.

Хай толькі скончыцца зіма, хай зацьвітуць крокусы, хай высахне брук вялікіх гарадоў. Пецярбург, Бухарэст, Прага, Варшава, і далей, далей, ажно ўрэшце Нью-Ёрк і Буэнас-Айрэс… Хай толькі неба разгорнецца над зямлёю вялікім блакітным ветразем. Увесь сьвет захопіцца брыдотаю яго жонкі й дачкі, упадзе перад імі на калені.

Мабыць, менавіта тады ён упершыню пацалаваў яе ў твар. Ня ў вусны, не, але ў лоб. Яна паглядзела на яго прасьветленым, іншым, амаль што людзкім позіркам. Менавіта тады яму ў галаву прыйшло пытаньне, якога ён ня мог ёй задаць. “Хто ты?”, “Хто ты?”, “Хто ты?” – паўтараў ён сабе й нават не заўважыў, як пачаў яго ў думках задаваць іншым, і нават самому сабе, перад люстэркам, падчас галеньня. Нібыта яму адкрылася нейкая таямніца – што ўсе навокал носяць маскарадныя строі. Што гэтыя чалавечыя твары – маскі, быццам бы ўсё жыцьцё – вялікі карнавал у Вэнэцыі. Часм ён уяўляў, напіўшыся, – бо ў цьвярозым стане не дазваляў сабе такіх дурнотаў – што ён зрывае гэтыя маскі, і яны зь лёгкім трэскам клеенай паперы агаляюць… Але што? Ён ня ведаў. Гэта мучыла яго так моцна, што ён ня мог вытрымаць зь ёю й дзіцём удома. Ён баяўся, што паддасца дзіўнай спакусе й аднойчы пачне зьдзіраць ёй з твару гэтую брыдоту. Што пачне намацваць схаваныя швы, раменьчыкі, месцы склейкі. Што будзе поркацца ёй у валасох. Ціхенька выходзіў, каб напіцца, а потым абдумваў будучае турнэ, прыдумляў афішы, складаў тэксты тэлеграмаў.

Але раньняю вясной прыйшла гэтая страшная эпідэмія гішпанкі й абедзьве захварэлі. Яны ляжалі побач распаленыя, цяжка дыхаючы. Час ад часу ў нейкім панічным парыве яна прытуляла дзіця да сябе. Трызьнячы, спрабавала яго карміць, не разумеючы, што дзіця ня мае сілы смактаць. Што яно памірае. А калі яно ўрэшце памерла, ён далікатна забраў яго й паклаў на край ложка. Запаліў цыгару.

Тае ночы Самая Брыдкая на хвіліну апрытомнела, але адно каб зайсьціся ў роспачным галашэньні. Ён ня мог гэтага вынесьці – гэта быў голас самой ночы, цемрадзі, чорнай гушчэчы. Ён затыкаў вушы, а потым ня вытрымаў, схапіў капялюш і выбег з дому, але не адышоў далёка. Да ранку ён хадзіў пад вокнамі свайго жытла й такім чынам нібы дапамагаў памерці і ёй. Гэта адбылося хутчэй, чым ён мог спадзявацца.
Ён замкнуўся ў іхнай спальні й глядзеў на абодва целы, на дзіва цяжкія, на дзіва нязграбныя, нечакана матэрыяльныя. Зь зьдзіўленьнем заўважыў, як моцна яны прагіналі матрац. Ён абсалютна ня ведаў, што яму цяпер рабіць; ён толькі пазваніў прафэсару й, п’ючы проста зь пляшкі, назіраў, як змрок сьцірае абрысы абедзьвюх нерухомых постацяў на ложку.
– Вы павінны іх выратаваць, – мармытаў ён, благаючы, калі прафэсар прыехаў і рабіў прафэсійны агляд трупаў.
– Вы што, звар’яцелі? Яны ж мёртвыя, – адказаў той раздражнёна.
Пасьля прафэсар падсунуў яму нейкую паперу, і ён падпісаў яе праваю рукой, леваю беручы грошы.

Перш чым яшчэ таго самага дня зьнікнуць недзе ў порце, ён дапамог прафэсару перавезьці целы фурманкаю ва ўнівэрсытэцкую клініку. Там празь нейкі час зь іх таемна зрабілі чучалы.

Доўга, амаль дваццаць год, яны стаялі ў халодных сутарэньнях будынку, покуль не прыйшоў лепшы час і іх не далучылі да вялікай калекцыі габрэйскіх і славянскіх чарапоў, дзьвюхгаловых немаўлятаў, рознага кшталту спарышоў. Іх і цяпер можна ўбачыць у зборах Patalogisches Museum: маці й дачка, застылыя, у поўных велічы паставах, шклянавокія, стаяць, як няўдалы пачатак новага віду.

Бес нас. Якая спакуса!

Бес нас. Якая спакуса!
Памятаеце гісторыю папа, у якога быў сабака. І сабака той неяк аскароміўся ці што, але ў бацюшкі зь любімым сабачкам размова было кароткая – раз і ў раку. Не, пра раку гэта іншы мульцік, маўчаньне ягнят, па мойму…

У кожнага свой сабачка. У беларускіх інтэлектуалаў (у Дубаўца так точна сабака завёўся) беларускі народ такім сабачкам і выступае часьцяком. Я разумею высакародныя намеры зрабіць сабаку вегетарыянцам, ці яшчэ лепш веганістам, каб поста па серадах і пятніцах прытрымліваўся. Але ўсё роўна ж мяса будзе жэрці. Ніякай інтэлектуальнай дыеты! oxplay

І мы на рэках Вавілонскіх сядахам і плакахам: сабачку забіць даўно пара, але сьвет уладкаваны паводле прынцыпу: “Чалавек сабаку друг, эта знаюць усе вакруг. Халадзільнік мой, транзістар тожа май і вабшчэ тут усё маё!”. Наш сабачка разваліўся на ложку. А мы грэем косьці ў калідоры на посьцілцы. Лахматасьць павышаецца, і хвост адвальваецца. Ніякага табе інцялектуальнага жыцьця. Ніякага табе эўрарамонту…

Апантаныя інцялектуалы. Апантаныя сабой. Эгаізм гэта ці нарцысызм – ужо ня столь важна. Ляжаць на посьцілцы і думаць аб сабе. Якіх нас няма. І якімі б мы маглі быць. Шкадаваць сябе. Шкадаваць іх, як яны там бяз нас. Дзе там, спытаеце. Харошы ваааапрос, стоіць над ім пакумекаць. Іншым разам толькі. “Там” – мяне зараз не цікавіць. Мне падавай “тут і цяпер”, ці ў горшым выпадку “нідзе і ніколі”.
Ды дзе ўж там, апантаныя ўласнай апантанасьцю. Ізабражаем на траіх. Пасматрыце на нас: “нас няма”. “А ніхтоооо нас ня любіць, не пацалуе, к сэрцу не прыжме”.

Сіндром клікушаства какой-та. Наладжваем пастаянныя сэансы экзарцызму, бесаў выганяем. Крычым страшным голасам, дрыгаемся ў канвульсіях. Пасматрыце, какія мы беснаватыя. Можам і пастрашней крычаць. Прыходзьце на наступны сеанс, паглядзіце.
Нет уж… Эта безь мяне, пажалуста. Бяз нас…

Спакойствіе, дзела-та жыцейскае. Мы ўпітаныя, у самым расьцьвеце сіл. Апцімісьцічнэй на жызьнь сматрыце! Вось, дзевачка паддрастае. Можа, ня будзе гендзерам займацца, а справай зоймецца. Бо ўрэсьце, кожны мусіць займацца сваёй справай. Бабкоў у БДУ лекцыі чытаць (сматрыце, які ён інстытуцыялізаваны). Абушэнка вунь таксама ў інсьцятуцыю ўлез. Акудовіча думаеце няма? А хто ж тады ва ўсём вінаваты. Вы, сп.Акудовіч, ад ацьвецтвеннасьці не ўхадзіце ў нябыт ці быт. Пушчай іншыя ўходзяць якія-небудзь. Бязь іх абайдзёмся. Бяз вас, у прынцыпе, таксама абайдзёмся. Але будзьце дабры астацца. У нас яшчэ дзела невялічкае ёсьць. Дзяцей выхоўваць трэба. А то панаражалі інцялектуалы дзетак сабе, і зваліць гатовыя. А аліменты хто плаціць будзе, спрашываецца? Мацкевіч, што лі?

І ня нада сабе легітымацыю шукаць, каб ручкі ў тазік апусьціць. Ці сесьці на ручкі. Я разумею, што ручкі ўжо апускаюцца. Але Майсею ручкі падтрымлівалі былі Аарон з Орам. І Амаліку гамон быў. Бо ведалі – не падтрымай ручкі – самім гамон будзе.
GAME OVER

Крытыка як жаночая справа

Крытыка як жаночая справа
Нават не згадаю зараз, калі апошні раз трымаў у руках зборнік крытычных артыкулаў аб сучаснай беларускай літаратуры. Кніга Ганны Кісьліцынай сталася для мяне чакаляднай цукеркай, знойдзенай у мяшэчку з прыкрымі ірыскамі.

На белым фоне вокладкі зьмешчаны фотакаляж: Кісьліцына ў ружовым касьцюме зайчыка. Такія касьцюмчыкі дзеці апранаюць на навагоднія ранішнікі. Сама аўтарка бачыць у вокладцы папярэджаньне — “асьцярожна, “сюр”! Я б падпісаўся пад гэтымі словамі, калі б Кісьліцына-крытык сапраўды ішла ад неўсьвядомленага і выпадковых псіхічных асацыяцый, аўтэматычна скарыстоўвала б маўленчыя сродкі, спараджаючы небывалыя эстэтычныя эфэкты. Наадварот, Кісьліцына ў сваіх рэцэнзіях і артыкулах мысьліць лагічна, у звыклых катэгорыях, без псіхадэлічных “выбрыкаў”. Унутраная раскаванасьць аўтаркі, нязмушанасьць і іранічнасьць яе тону ня ёсьць перашкодаю для сур’ёзнай размовы аб літаратуры, а суб’ектыўнасьць — для ўзважаных ацэнак. Кісьліцына жыве прагай “перапісаць наноў ня толькі створаную мужчынамі літаратуру, але і ўсё створанае імі жыцьцё” (эсэ-прадмова “Крытыка — жаночая справа”). Упрыгожаная заечымі вушкамі, яна выклікае пэўныя асацыяцыі з гульлівай playmate з імпэрыі дзядулькі Х’ю Гефнэра (каханьне, сэкс, супрацьстаяньне полаў у беларускай літаратуры — адны з асноўных тэмаў кнігі; ружовы колер касьцюму — ня проста так), аднак чаму гэтак журботна апушчаныя долу тыя мяккія вушкі? Ці не ў прадчуваньні вялікіх цяжкасьцяў на шляху запланаванага пераўтварэньня жыцьця й літаратуры? Канцэптуальная і арыгінальная вокладка. slot gacor
Зборнік складаецца з трох частак (“Эсэ, артыкулы”, “Партрэты, рэцэнзіі”, “Інтэрвію”). Ён укладзены з тэкстаў, напісаных цягам апошняга дзесяцігодзьдзя. Шкада толькі, што ў першых дзьвюх частках пад імі нямашака датаў. Крытыка ўсё-такі пішацца не для “вечнасьці”, а адлюстроўвае хуткаплыннае літаратурнае жыцьцё, фіксіруе з’яўленьне літаратурнага факту ў эстэтычнай прасторы (гэта асабліва тычыцца рэцэнзій).

Кісьліцына не імкнецца прыхаваць свае літаратурныя прыхільнасьці і карпаратыўную прыналежнасьць. Яна шмат піша пра дарагога сэрцу Разанава і Глёбуса, адкрыта сымпатызуе “бумбамлітаўцам” і “тэвээлаўцам”. Аднак, калі апошнія дапускаюць мастацкія пралікі, Кісьліцына рэагуе імгненна. “ Відавочна, што дапрацоўкі патрабаваў і цыкл “Птушыны рай”, — піша яна ў адной з рэцэнзій, — дзе метафарычнасць аркушаўскай думкі раз за разам вынішчаецца нейкай зухавата-маладнякоўскай інтанацыяй”. Не зважае крытык на званьні і заслугі перад літаратурай: “Шкада, што А. Максімюк (празаік, галоўны рэдактар часопісу “Правінцыя” — П.А.) прадставіў у сваім часопісе твор абсалютна “праглёбаўскі”, які нават назваю сваёю “адсылае” да першакрыніцы”. Дый сама Кісьліцына можа ствараць як узоры літаратурнай крытыкі (“Апошні цьвік”), так і нуднавата распавядаць у інтэрвію пра беларускі постмадэрнізм альбо казаць банальнасьці: “Як і кожная сапраўдная кніга, “Апошнія вершы” Леаніда Галубовіча выклікае думкі ня толькі аб асаблівасьцях таленту паэта, але і аб сутнасьці самой паэзіі, чарговы раз ставячы пытаньне пра яе месца і ролю ў сучасным сьвеце”. Гэта сьведчыць, што Кісьліцына — жывы чалавек, які перажывае творчыя ўзьлёты й падзеньні. Яе артыкулы маюць характэрныя для крытыкі адзнакі руціннасьці, канвэернасьці. Нарэшце, супярэчлівасьці. І дарэмна ананім за подпісам “Тыпізаваны Бэндэ” на сайце “litara.net” патрабуе ад яе “адзінай сістэмы крытэрыяў”. У кнізе, якая пабудаваная з артыкулаў-цаглінак, што “абпальваліся” ў розныя гады, ab initio ня можа быць адзінага падыходу да зьменьлівага жыцьця, супярэчлівай творчасьці суайчыньнікаў-літаратараў.

Кісьліцына любіць ствараць літаратурныя міты (артыкулы “Раіса Баравікова як сэкс-сымбаль беларускай літаратуры”, “Іван Шамякін — апостал мадэрнізму”). Але колькі ні ўчытвайся ў бэлетрыстыку Шамякіна, акром “добрага” і “дрэннага” сакратароў райкаму дый іншых камуністых зь іх думкамі і жыцьцём навідавоку, дарэмна шукаць там мадэрновасьці, патаемных намёкаў і алюзій, як заклікае да таго крытык. А наконт сэксу… Нашая літаратура апошнімі гадамі значна памаладзела, папрыгажэла і пагарачэла. Цнатлівасьць, прыстойнасьць і традыцыйныя сэксуальныя пазыцыі цяпер шукайма ў туркменскім слоўным мастацтве.

Гэта кніга перадусім створана жанчынай. Маладая, пазбаўленая комплексаў, яна называе рэчы сваімі імёнамі. Яна жадае, каб беларускія літаратары-мужчыны пачалі прагнуць экшэна ў рэальным жыцьці, выразна заявілі аб сваёй полавай прыналежнасьці. Яшчэ Кісьліцына спрабуе зразумець, чаму ў беларускай літаратуры багата разумных і таленавітых пісьменьніц, але “хранічна адсутнічае больш-менш цікавая любоўная гісторыя”. Погляд на беларускую літаратуру праз гендэрную “прызму” дужа эфектыўны: ён пазбаўляе крытыку адарванасьці ад жыцьця, культуры паводзін у літаратуры надае цывілізаваны выгляд, а адносіны ў трохкутніку “пісьменьнік — крытык — чытач” робіць больш інтымнымі.

Лешак Калакоўскі. Вайна з рэчамі

Лешак Калакоўскі. Вайна з рэчамі
(байка з каралеўства Лайлонія)

Бліны з сочывам звычайна маюць кепскі характар. Яны паводзяць сябе баязьліва і ўвадначас падступна, да таго ж зусім не разумеюць сур’ёзных рэчаў. Яны часта плачуць (а вядома, што няма нічога горшага за блін, які плача), але толькі адвернесься – злацешна сьмяюцца. Робяць таксама шмат нечаканых гнюснасьцяў, што псуюць людзям добры настрой. https://52.76.194.177/

Таму Дзіта нават з палёгкаю глядзеў, як бліны, абражаныя яго зласьліваю мінай, паўскоквалі зь місы й шчыльнымі радамі выйшлі з пакою. Аднак у наступнае мгненьне ўвайшла Ліна й, убачыўшы пустую місу, непрыемна зьдзівілася.
– Дзіта, – сказала яна, – чаму ты зьеў усе бліны й нічога мне не пакінуў?
– Я ня зьеў ніводнага, – запярэчыў Дзіта.
– Дык што? Можа, хочаш сказаць, што бліны пайшлі сабе на шпацыр?
– Так, менавіта гэта я й хачу сказаць.
– Што яны ўсталі сабе зь місы ды пайшлі?
– Так, проста падняліся зь місы ды пайшлі.
– Ты нягодны ласун, Дзіта, – сказала Ліна, заплакаўшы. – Празь цябе ў мяне ня будзе абеду.
– Але, Ліна, паслухай, я таксама не абедаў.
– Не абедаў?! А дзе тады бліны?!
– Я ж кажу табе, яны вайшлі.
– Ну тады ідзі й прывядзі іх назад! idn live

Дзіта выбег з дому ў пагоні за блінамі. Перасьледаваньне было нядоўгім, бо бліны, як вядома, ходзяць ня надта хутка; так што Дзіта ўдалося дагнаць іх недалёка ад дому. Задыханы, ён кінуўся на бліны, каб сабраць іх і занесьці назад дадому. Бліны зь віскатам вырываліся ў яго з рук і разьбягаліся ва ўсе бакі, і Дзіта ня ведаў, за якім гнацца. Пасьля паўгадзіннай пагоні яму ўдалося нарэшце схапіць большасьць уцекачоў, шчодра абмазаных сочывам; ён параспіхваў іх, як мог, па кішэнях і зь вялікім трыюмфам пабег дадому, дзе чакала пакрыўджаная Ліна.
– Ну што? – зьедліва запытала яна. – Ці дагнаў ты бліны?
– Вядома ж, дагнаў, – сказаў Дзіта. – Пару схапіць не ўдалося, але большасьць злавіў. – Кажучы гэта, ён пачаў выцягваць з кішэняў разтрушчаныя й ліпкія бліны, што нема галасілі. Уся адзежа была перапэцканая сочывам, і Ліна глядзела на яго з жахам.
– Дзіта, – сказала яна, – уся адзежа на глум!
– Ты ж сама хацела, каб я дагнаў бліны. Што рабіць, я іх дагнаў. Але прынамсі не кажы мне пра адзежу.
– Ты проста манюка, Дзіта! – крыкнула Ліна. – Купіў бліноў у краме, а цяпер кажаш мне, нібы гэта тыя самыя, што быццам бы пайшлі на шпацыр.
– Але, Ліна, запытайся сама ў бліноў, хай яны скажуць, як гэта было.

Тады Ліна запыталася ў аднаго бліна, ці праўда, што яны былі тут у місе, а пасьля пайшлі на шпацыр. Блін добра зразумеў, пра што гаворка, але ж адказаў на злосьць, што нічога падобнага, што ён ніколі тут ня быў, што хвіліну таму Дзіта купіў яго ў цукерні. Усе бліны па чарзе апавядалі адно й тое самае, а Дзіта з гневам слухаў іх хлусьню, разумеючы, што цяпер Ліна ўжо ніколі ня дасьць яму веры. І калі Ліна захацела нешта сказаць, ён хутка перапыніў яе й закрычэў:
– Ліна! Няўжо ты хутчэй паверыш гэтым пачварным блінам, чым мне?! Ты ж ведаеш, што бліны хлусяць!
– Гэта ты хлусіш! – крыкнула Ліна. – Скуль бліны могуць прыдумаць такую гісторыю?!

Дзіта ўздыхнуў і выйшаў, пакінуўшы Ліну, якая з кіслаю мінай села есьці бліны. Ён пайшоў у лазенку й, абураны подласьцю бліноў, вырашыў уступіць у нейкі хаўрус, які дапамог бы яму ў жыцьці. Ён згадаў пра зубную пасту, што, як ён памятаў, мела мяккі й мілы характар. Ён паспрабаваў пачаць зь ёю размову, але, толькі ён адкрыў цюбік, паста з шыпеньнем пацякла зь цюбіка, мякка й міла пенячыся. Дзіта перапалохаўся, а калі Ліна ўвайшла ў лазенку ды ўбачыла выціснутую пасту, твар яе быў суворы.
– Дзіта! Зноўку ты робіш псоты? – спыталася яна.
– Але ж не, паста сама выціснулася зь цюбіка.
– Дзіта! Ты непапраўны, – сказала Ліна з смуткам. – Можа, мне запытацца ў пасты, хто яе выціснуў зь цюбіка.

Але паста, не чакаючы запытаньня, сама прашыпела, што менавіта Дзіта выпусьціў яе зь цюбіка. Тлумачэньні Дзіта пайшлі намарна. Ён застаўся вінаватым, а зласьцівасьць пасты выклікала ў Дзіта абыякавасьць да ўсяго.

Але з тае пары ўсе рэчы нібы склалі змову супраць Дзіта й імкнуліся яго скампрамэтаваць. Калі ён ляжаў у ложку, падушка з трэскам распорвалася, і аблокі пёраў засыпалі павідла, кагадзе прыгатаванае Лінаю. Потым падушка бессаромна скардзілася, нібы Дзіта наўмысна яе распароў. Цьвік вылятаў зь сьцяны, пакідаючы вялікую дзірку, якое не ўдавалася замазаць, а пасьля крычэў, што гэта Дзіта яго выцягнуў. Шыба, якое не краналіся нават пальцам, сама разьляталася на кавалкі і з скрогатам апавядала Ліне, быццам Дзіта разьбіў яе локцем.

Гузікі ад штаноў і палітона сталі зьбягаць і хавацца ў немаведама куды, а калі які зь іх заставаўся, то адно каб данесьці Ліне, што гэта Дзіта абарваў засталыя й згубіў альбо прайграў хлопцам.

Боты спэцыяльна дзіравіліся ва ўсіх месцах, насоўкі зласьліва губляліся, ня ведаючы стомы, кашуля наўмысна набывала тлустыя плямы, якіх нельга было вывесьці, а атрамант зь пляскам зьлётваў са стала, разьліваючыся па ўсёй падлозе.

Дзіта зразумеў тады, што жыцьцё палягае ў цяжкім змаганьні з рэчамі, але ўвадначас падумаў, што змаганьне гэтае марнае, бо Ліна ніколі ня дасьць веры яму, а заўсёды будзе верыць рэчам. А Ліна й напраўду сьлепа верыла рэчам, так што Дзіта быў безабаронны. Яны спрачаліся між сабою, але не маглі пераканаць адно аднаго канчаткова: Дзіта бачыў зласьлівасьць рэчаў і бачыў, як яны робяць свае штучкі, Ліна ж была ўпэўненая, што Дзіта спэцыяльна, на злосьць ёй усё нішчыць і губляе. Бо ў яе прысутнасьці ніколі нічога такога не адбывалася й рэчы паводзілі сябе спакойна, быццам бы лічылі Ліну сяброўкаю.

Больш за тое, нават рэчы, якія нібыта былі часткамі самога Дзіта, пачалі выкідваць зь ім брыдкія жарцікі. Валасы выпадалі ў яго з галавы, а Ліна сьцьвярджала, што Дзіта наўмысна лысее. Сэрца білася ў яго ўсё слабей, і Дзіта ніяк ня мог зь ім паразумецца. Адно вуха зрабілася вялікае й бясформеннае, а Ліна крычэла, што Дзіта сам сабе яго перарабіў, адно каб зрабіць ёй на злосьць.

Спазнаўшы падступства рэчаў, Дзіта прыйшоў да высновы, што можа паспрабаваць яшчэ два варыянты: альбо самому ператварыцца ў нейкую рэч, альбо цалкам пазбавіцца рэчаў. Апошняе ён паразважаўшы адкінуў, паколькі ня ведаў, якім чынам мог бы, напрыклад, пазбыцца веек, што належалі яму беспасярэдне, як і ногі, рукі ці галава. “Затое калі б я, – падумаў ён, – сам ператварыўся ў нейкую рэч, то змог бы альбо паказаць Ліне сапраўдную зласьлівасьць рэчаў, альбо, можа, выхаваць іншыя рэчы, каб яны перасталі выкідваць брыдкія фокусы”.

І Дзіта пераапрануўся ў блін з сочывам, таму што менавіта бліны назалялі яму на пачатку найбольш. Ня лёгка было вытрымаць у адзежы бліна, але раней ці пазьней да ўсяго можна прызвычаіцца. Калі Ліна зрабіла сабе бліны з сочывам, пераапрануты Дзіта ўскочыў у місу. Спачатку ён зьвярнуўся да бліноў, спрабуючы іх прысароміць і давесьці, што псоты, якія яны робяць, надта ўжо непрыстойныя. Але бліны адразу ж сьцямілі, што маюць дачыненьне зь пераапранутым, а не сапраўдным бліном, і не захацелі яго слухаць. Тады Дзіта паспрабаваў іншую тактыку: ён сам пачаў схіляць бліны да псотаў, раячы, каб яны выскачылі зь місы й заплямілі сочывам сукенку Ліны; ён спадзяваўся, што такім чынам прынамсі пераканае Ліну ў зласьлівасьці рэчаў. Але бліны не пажадалі яго слухаць і далі сябе зьесьці без супраціву, так што Дзіта сам ледзь пасьпеў незаўважна зьбегчы зь місы.

Няўдалая спроба не спыніла яго. Ён хацеў паспрабаваць шчасьця іншым чынам і пераапрануўся ў гузік, прышыты да палітона Ліны. Але зноўку паўтарылася тое самае: іншыя гузікі адразу ж выкрылі яго як фальшывы гузік і ня далі схіліць сябе да найменшых псотаў супраць Ліны. Ён паспрабаваў быў сам адарвацца ад палітона й зласьліва згубіцца, але ж ня меў спрыту, а таму ніякіх вынікаў не дасягнуў.

Нарэшце Дзіта зразумеў, што справа безнадзейная: рэчы змагаліся выключна зь ім і зусім не хацелі змагацца зь Лінаю. Зь Лінаю яны паводзілі сябе прыязна й дазвалялі ёй рабіць зь імі, што заманецца. Затое зь ім былі подлымі ды зласьлівымі й ніякія ўгаворы й выхаваўчыя захады не давалі выніку.

Дзіта зноўку набыў свой уласны выгляд. Ён зразумеў, што рэчы нельга ані выхаваць, ані зьмяніць, але трэба абыходзіцца зь імі сувора й цьвёрда, каб прымусіць іх быць слухмянымі. Але як гэта зрабіць? На пачатку Дзіта спрабаваў бязьлітасна нішчыць рэчы: да абурэньня Ліны ён краіў бліны на дробныя кавалкі й выкідаў на сьметнік, выпускаў пасту зь цюбіка проста ў мыйніцу, бяз дай прычыны адрываў гузікі ад вопраткі й шпурляў іх куды трапіцца, выліваў атрамант на двор, а шклянкі трушчыў на сходах. Ліна крычэла, плакала, тупала нагамі. Дзіта рабіў так нейкі час, але бачыў, што рэчы – патрушчаныя, пакамечаныя, падзертыя й панішчаныя – паводзілі сябе абыякава, нібы мёртвыя, і зусім не рэагавалі на ягоныя выбрыкі. І ён усьвядоміў, што яму ніколі ня ўдасца расправіцца з усімі рэчамі й барацьба безнадзейная.

Тады Дзіта прыйшоў да высновы, што проста прайграў вайну. Проста пацярпеў паразу й абвесьціў, што прызнае сябе пераможаным. Усе яго намаганьні выявіліся дарэмнымі. Кожная вайна павінна чымсьці скончыцца – перамогаю, паразаю альбо перамір’ем. Гэтая вайна скончылася паразаю Дзіта й болей ужо не было чаго дадаць. Згодна з звычаямі тых барбарскіх часоў, пераможаныя станавіліся палоннымі пераможцаў – і Дзіта трапіў у палон да рэчаў.

Таму, калі Ліна паставіла на стол бліны з сочывам і выйшла на хвілінку ў кухню, Дзіта безуважна глядзеў, як бліны адзін за адным павольна спаўзаюць з талеркі й, злацешна ўсьміхаючыся, выходзяць з пакою.