Лешак Калакоўскі. Вайна з рэчамі

Лешак Калакоўскі. Вайна з рэчамі

Лешак Калакоўскі. Вайна з рэчамі
(байка з каралеўства Лайлонія)

Бліны з сочывам звычайна маюць кепскі характар. Яны паводзяць сябе баязьліва і ўвадначас падступна, да таго ж зусім не разумеюць сур’ёзных рэчаў. Яны часта плачуць (а вядома, што няма нічога горшага за блін, які плача), але толькі адвернесься – злацешна сьмяюцца. Робяць таксама шмат нечаканых гнюснасьцяў, што псуюць людзям добры настрой. https://52.76.194.177/

Таму Дзіта нават з палёгкаю глядзеў, як бліны, абражаныя яго зласьліваю мінай, паўскоквалі зь місы й шчыльнымі радамі выйшлі з пакою. Аднак у наступнае мгненьне ўвайшла Ліна й, убачыўшы пустую місу, непрыемна зьдзівілася.
– Дзіта, – сказала яна, – чаму ты зьеў усе бліны й нічога мне не пакінуў?
– Я ня зьеў ніводнага, – запярэчыў Дзіта.
– Дык што? Можа, хочаш сказаць, што бліны пайшлі сабе на шпацыр?
– Так, менавіта гэта я й хачу сказаць.
– Што яны ўсталі сабе зь місы ды пайшлі?
– Так, проста падняліся зь місы ды пайшлі.
– Ты нягодны ласун, Дзіта, – сказала Ліна, заплакаўшы. – Празь цябе ў мяне ня будзе абеду.
– Але, Ліна, паслухай, я таксама не абедаў.
– Не абедаў?! А дзе тады бліны?!
– Я ж кажу табе, яны вайшлі.
– Ну тады ідзі й прывядзі іх назад! idn live

Дзіта выбег з дому ў пагоні за блінамі. Перасьледаваньне было нядоўгім, бо бліны, як вядома, ходзяць ня надта хутка; так што Дзіта ўдалося дагнаць іх недалёка ад дому. Задыханы, ён кінуўся на бліны, каб сабраць іх і занесьці назад дадому. Бліны зь віскатам вырываліся ў яго з рук і разьбягаліся ва ўсе бакі, і Дзіта ня ведаў, за якім гнацца. Пасьля паўгадзіннай пагоні яму ўдалося нарэшце схапіць большасьць уцекачоў, шчодра абмазаных сочывам; ён параспіхваў іх, як мог, па кішэнях і зь вялікім трыюмфам пабег дадому, дзе чакала пакрыўджаная Ліна.
– Ну што? – зьедліва запытала яна. – Ці дагнаў ты бліны?
– Вядома ж, дагнаў, – сказаў Дзіта. – Пару схапіць не ўдалося, але большасьць злавіў. – Кажучы гэта, ён пачаў выцягваць з кішэняў разтрушчаныя й ліпкія бліны, што нема галасілі. Уся адзежа была перапэцканая сочывам, і Ліна глядзела на яго з жахам.
– Дзіта, – сказала яна, – уся адзежа на глум!
– Ты ж сама хацела, каб я дагнаў бліны. Што рабіць, я іх дагнаў. Але прынамсі не кажы мне пра адзежу.
– Ты проста манюка, Дзіта! – крыкнула Ліна. – Купіў бліноў у краме, а цяпер кажаш мне, нібы гэта тыя самыя, што быццам бы пайшлі на шпацыр.
– Але, Ліна, запытайся сама ў бліноў, хай яны скажуць, як гэта было.

Тады Ліна запыталася ў аднаго бліна, ці праўда, што яны былі тут у місе, а пасьля пайшлі на шпацыр. Блін добра зразумеў, пра што гаворка, але ж адказаў на злосьць, што нічога падобнага, што ён ніколі тут ня быў, што хвіліну таму Дзіта купіў яго ў цукерні. Усе бліны па чарзе апавядалі адно й тое самае, а Дзіта з гневам слухаў іх хлусьню, разумеючы, што цяпер Ліна ўжо ніколі ня дасьць яму веры. І калі Ліна захацела нешта сказаць, ён хутка перапыніў яе й закрычэў:
– Ліна! Няўжо ты хутчэй паверыш гэтым пачварным блінам, чым мне?! Ты ж ведаеш, што бліны хлусяць!
– Гэта ты хлусіш! – крыкнула Ліна. – Скуль бліны могуць прыдумаць такую гісторыю?!

Дзіта ўздыхнуў і выйшаў, пакінуўшы Ліну, якая з кіслаю мінай села есьці бліны. Ён пайшоў у лазенку й, абураны подласьцю бліноў, вырашыў уступіць у нейкі хаўрус, які дапамог бы яму ў жыцьці. Ён згадаў пра зубную пасту, што, як ён памятаў, мела мяккі й мілы характар. Ён паспрабаваў пачаць зь ёю размову, але, толькі ён адкрыў цюбік, паста з шыпеньнем пацякла зь цюбіка, мякка й міла пенячыся. Дзіта перапалохаўся, а калі Ліна ўвайшла ў лазенку ды ўбачыла выціснутую пасту, твар яе быў суворы.
– Дзіта! Зноўку ты робіш псоты? – спыталася яна.
– Але ж не, паста сама выціснулася зь цюбіка.
– Дзіта! Ты непапраўны, – сказала Ліна з смуткам. – Можа, мне запытацца ў пасты, хто яе выціснуў зь цюбіка.

Але паста, не чакаючы запытаньня, сама прашыпела, што менавіта Дзіта выпусьціў яе зь цюбіка. Тлумачэньні Дзіта пайшлі намарна. Ён застаўся вінаватым, а зласьцівасьць пасты выклікала ў Дзіта абыякавасьць да ўсяго.

Але з тае пары ўсе рэчы нібы склалі змову супраць Дзіта й імкнуліся яго скампрамэтаваць. Калі ён ляжаў у ложку, падушка з трэскам распорвалася, і аблокі пёраў засыпалі павідла, кагадзе прыгатаванае Лінаю. Потым падушка бессаромна скардзілася, нібы Дзіта наўмысна яе распароў. Цьвік вылятаў зь сьцяны, пакідаючы вялікую дзірку, якое не ўдавалася замазаць, а пасьля крычэў, што гэта Дзіта яго выцягнуў. Шыба, якое не краналіся нават пальцам, сама разьляталася на кавалкі і з скрогатам апавядала Ліне, быццам Дзіта разьбіў яе локцем.

Гузікі ад штаноў і палітона сталі зьбягаць і хавацца ў немаведама куды, а калі які зь іх заставаўся, то адно каб данесьці Ліне, што гэта Дзіта абарваў засталыя й згубіў альбо прайграў хлопцам.

Боты спэцыяльна дзіравіліся ва ўсіх месцах, насоўкі зласьліва губляліся, ня ведаючы стомы, кашуля наўмысна набывала тлустыя плямы, якіх нельга было вывесьці, а атрамант зь пляскам зьлётваў са стала, разьліваючыся па ўсёй падлозе.

Дзіта зразумеў тады, што жыцьцё палягае ў цяжкім змаганьні з рэчамі, але ўвадначас падумаў, што змаганьне гэтае марнае, бо Ліна ніколі ня дасьць веры яму, а заўсёды будзе верыць рэчам. А Ліна й напраўду сьлепа верыла рэчам, так што Дзіта быў безабаронны. Яны спрачаліся між сабою, але не маглі пераканаць адно аднаго канчаткова: Дзіта бачыў зласьлівасьць рэчаў і бачыў, як яны робяць свае штучкі, Ліна ж была ўпэўненая, што Дзіта спэцыяльна, на злосьць ёй усё нішчыць і губляе. Бо ў яе прысутнасьці ніколі нічога такога не адбывалася й рэчы паводзілі сябе спакойна, быццам бы лічылі Ліну сяброўкаю.

Больш за тое, нават рэчы, якія нібыта былі часткамі самога Дзіта, пачалі выкідваць зь ім брыдкія жарцікі. Валасы выпадалі ў яго з галавы, а Ліна сьцьвярджала, што Дзіта наўмысна лысее. Сэрца білася ў яго ўсё слабей, і Дзіта ніяк ня мог зь ім паразумецца. Адно вуха зрабілася вялікае й бясформеннае, а Ліна крычэла, што Дзіта сам сабе яго перарабіў, адно каб зрабіць ёй на злосьць.

Спазнаўшы падступства рэчаў, Дзіта прыйшоў да высновы, што можа паспрабаваць яшчэ два варыянты: альбо самому ператварыцца ў нейкую рэч, альбо цалкам пазбавіцца рэчаў. Апошняе ён паразважаўшы адкінуў, паколькі ня ведаў, якім чынам мог бы, напрыклад, пазбыцца веек, што належалі яму беспасярэдне, як і ногі, рукі ці галава. “Затое калі б я, – падумаў ён, – сам ператварыўся ў нейкую рэч, то змог бы альбо паказаць Ліне сапраўдную зласьлівасьць рэчаў, альбо, можа, выхаваць іншыя рэчы, каб яны перасталі выкідваць брыдкія фокусы”.

І Дзіта пераапрануўся ў блін з сочывам, таму што менавіта бліны назалялі яму на пачатку найбольш. Ня лёгка было вытрымаць у адзежы бліна, але раней ці пазьней да ўсяго можна прызвычаіцца. Калі Ліна зрабіла сабе бліны з сочывам, пераапрануты Дзіта ўскочыў у місу. Спачатку ён зьвярнуўся да бліноў, спрабуючы іх прысароміць і давесьці, што псоты, якія яны робяць, надта ўжо непрыстойныя. Але бліны адразу ж сьцямілі, што маюць дачыненьне зь пераапранутым, а не сапраўдным бліном, і не захацелі яго слухаць. Тады Дзіта паспрабаваў іншую тактыку: ён сам пачаў схіляць бліны да псотаў, раячы, каб яны выскачылі зь місы й заплямілі сочывам сукенку Ліны; ён спадзяваўся, што такім чынам прынамсі пераканае Ліну ў зласьлівасьці рэчаў. Але бліны не пажадалі яго слухаць і далі сябе зьесьці без супраціву, так што Дзіта сам ледзь пасьпеў незаўважна зьбегчы зь місы.

Няўдалая спроба не спыніла яго. Ён хацеў паспрабаваць шчасьця іншым чынам і пераапрануўся ў гузік, прышыты да палітона Ліны. Але зноўку паўтарылася тое самае: іншыя гузікі адразу ж выкрылі яго як фальшывы гузік і ня далі схіліць сябе да найменшых псотаў супраць Ліны. Ён паспрабаваў быў сам адарвацца ад палітона й зласьліва згубіцца, але ж ня меў спрыту, а таму ніякіх вынікаў не дасягнуў.

Нарэшце Дзіта зразумеў, што справа безнадзейная: рэчы змагаліся выключна зь ім і зусім не хацелі змагацца зь Лінаю. Зь Лінаю яны паводзілі сябе прыязна й дазвалялі ёй рабіць зь імі, што заманецца. Затое зь ім былі подлымі ды зласьлівымі й ніякія ўгаворы й выхаваўчыя захады не давалі выніку.

Дзіта зноўку набыў свой уласны выгляд. Ён зразумеў, што рэчы нельга ані выхаваць, ані зьмяніць, але трэба абыходзіцца зь імі сувора й цьвёрда, каб прымусіць іх быць слухмянымі. Але як гэта зрабіць? На пачатку Дзіта спрабаваў бязьлітасна нішчыць рэчы: да абурэньня Ліны ён краіў бліны на дробныя кавалкі й выкідаў на сьметнік, выпускаў пасту зь цюбіка проста ў мыйніцу, бяз дай прычыны адрываў гузікі ад вопраткі й шпурляў іх куды трапіцца, выліваў атрамант на двор, а шклянкі трушчыў на сходах. Ліна крычэла, плакала, тупала нагамі. Дзіта рабіў так нейкі час, але бачыў, што рэчы – патрушчаныя, пакамечаныя, падзертыя й панішчаныя – паводзілі сябе абыякава, нібы мёртвыя, і зусім не рэагавалі на ягоныя выбрыкі. І ён усьвядоміў, што яму ніколі ня ўдасца расправіцца з усімі рэчамі й барацьба безнадзейная.

Тады Дзіта прыйшоў да высновы, што проста прайграў вайну. Проста пацярпеў паразу й абвесьціў, што прызнае сябе пераможаным. Усе яго намаганьні выявіліся дарэмнымі. Кожная вайна павінна чымсьці скончыцца – перамогаю, паразаю альбо перамір’ем. Гэтая вайна скончылася паразаю Дзіта й болей ужо не было чаго дадаць. Згодна з звычаямі тых барбарскіх часоў, пераможаныя станавіліся палоннымі пераможцаў – і Дзіта трапіў у палон да рэчаў.

Таму, калі Ліна паставіла на стол бліны з сочывам і выйшла на хвілінку ў кухню, Дзіта безуважна глядзеў, як бліны адзін за адным павольна спаўзаюць з талеркі й, злацешна ўсьміхаючыся, выходзяць з пакою.