Крытыка як жаночая справа

Крытыка як жаночая справа

Крытыка як жаночая справа
Нават не згадаю зараз, калі апошні раз трымаў у руках зборнік крытычных артыкулаў аб сучаснай беларускай літаратуры. Кніга Ганны Кісьліцынай сталася для мяне чакаляднай цукеркай, знойдзенай у мяшэчку з прыкрымі ірыскамі.

На белым фоне вокладкі зьмешчаны фотакаляж: Кісьліцына ў ружовым касьцюме зайчыка. Такія касьцюмчыкі дзеці апранаюць на навагоднія ранішнікі. Сама аўтарка бачыць у вокладцы папярэджаньне — “асьцярожна, “сюр”! Я б падпісаўся пад гэтымі словамі, калі б Кісьліцына-крытык сапраўды ішла ад неўсьвядомленага і выпадковых псіхічных асацыяцый, аўтэматычна скарыстоўвала б маўленчыя сродкі, спараджаючы небывалыя эстэтычныя эфэкты. Наадварот, Кісьліцына ў сваіх рэцэнзіях і артыкулах мысьліць лагічна, у звыклых катэгорыях, без псіхадэлічных “выбрыкаў”. Унутраная раскаванасьць аўтаркі, нязмушанасьць і іранічнасьць яе тону ня ёсьць перашкодаю для сур’ёзнай размовы аб літаратуры, а суб’ектыўнасьць — для ўзважаных ацэнак. Кісьліцына жыве прагай “перапісаць наноў ня толькі створаную мужчынамі літаратуру, але і ўсё створанае імі жыцьцё” (эсэ-прадмова “Крытыка — жаночая справа”). Упрыгожаная заечымі вушкамі, яна выклікае пэўныя асацыяцыі з гульлівай playmate з імпэрыі дзядулькі Х’ю Гефнэра (каханьне, сэкс, супрацьстаяньне полаў у беларускай літаратуры — адны з асноўных тэмаў кнігі; ружовы колер касьцюму — ня проста так), аднак чаму гэтак журботна апушчаныя долу тыя мяккія вушкі? Ці не ў прадчуваньні вялікіх цяжкасьцяў на шляху запланаванага пераўтварэньня жыцьця й літаратуры? Канцэптуальная і арыгінальная вокладка. slot gacor
Зборнік складаецца з трох частак (“Эсэ, артыкулы”, “Партрэты, рэцэнзіі”, “Інтэрвію”). Ён укладзены з тэкстаў, напісаных цягам апошняга дзесяцігодзьдзя. Шкада толькі, што ў першых дзьвюх частках пад імі нямашака датаў. Крытыка ўсё-такі пішацца не для “вечнасьці”, а адлюстроўвае хуткаплыннае літаратурнае жыцьцё, фіксіруе з’яўленьне літаратурнага факту ў эстэтычнай прасторы (гэта асабліва тычыцца рэцэнзій).

Кісьліцына не імкнецца прыхаваць свае літаратурныя прыхільнасьці і карпаратыўную прыналежнасьць. Яна шмат піша пра дарагога сэрцу Разанава і Глёбуса, адкрыта сымпатызуе “бумбамлітаўцам” і “тэвээлаўцам”. Аднак, калі апошнія дапускаюць мастацкія пралікі, Кісьліцына рэагуе імгненна. “ Відавочна, што дапрацоўкі патрабаваў і цыкл “Птушыны рай”, — піша яна ў адной з рэцэнзій, — дзе метафарычнасць аркушаўскай думкі раз за разам вынішчаецца нейкай зухавата-маладнякоўскай інтанацыяй”. Не зважае крытык на званьні і заслугі перад літаратурай: “Шкада, што А. Максімюк (празаік, галоўны рэдактар часопісу “Правінцыя” — П.А.) прадставіў у сваім часопісе твор абсалютна “праглёбаўскі”, які нават назваю сваёю “адсылае” да першакрыніцы”. Дый сама Кісьліцына можа ствараць як узоры літаратурнай крытыкі (“Апошні цьвік”), так і нуднавата распавядаць у інтэрвію пра беларускі постмадэрнізм альбо казаць банальнасьці: “Як і кожная сапраўдная кніга, “Апошнія вершы” Леаніда Галубовіча выклікае думкі ня толькі аб асаблівасьцях таленту паэта, але і аб сутнасьці самой паэзіі, чарговы раз ставячы пытаньне пра яе месца і ролю ў сучасным сьвеце”. Гэта сьведчыць, што Кісьліцына — жывы чалавек, які перажывае творчыя ўзьлёты й падзеньні. Яе артыкулы маюць характэрныя для крытыкі адзнакі руціннасьці, канвэернасьці. Нарэшце, супярэчлівасьці. І дарэмна ананім за подпісам “Тыпізаваны Бэндэ” на сайце “litara.net” патрабуе ад яе “адзінай сістэмы крытэрыяў”. У кнізе, якая пабудаваная з артыкулаў-цаглінак, што “абпальваліся” ў розныя гады, ab initio ня можа быць адзінага падыходу да зьменьлівага жыцьця, супярэчлівай творчасьці суайчыньнікаў-літаратараў.

Кісьліцына любіць ствараць літаратурныя міты (артыкулы “Раіса Баравікова як сэкс-сымбаль беларускай літаратуры”, “Іван Шамякін — апостал мадэрнізму”). Але колькі ні ўчытвайся ў бэлетрыстыку Шамякіна, акром “добрага” і “дрэннага” сакратароў райкаму дый іншых камуністых зь іх думкамі і жыцьцём навідавоку, дарэмна шукаць там мадэрновасьці, патаемных намёкаў і алюзій, як заклікае да таго крытык. А наконт сэксу… Нашая літаратура апошнімі гадамі значна памаладзела, папрыгажэла і пагарачэла. Цнатлівасьць, прыстойнасьць і традыцыйныя сэксуальныя пазыцыі цяпер шукайма ў туркменскім слоўным мастацтве.

Гэта кніга перадусім створана жанчынай. Маладая, пазбаўленая комплексаў, яна называе рэчы сваімі імёнамі. Яна жадае, каб беларускія літаратары-мужчыны пачалі прагнуць экшэна ў рэальным жыцьці, выразна заявілі аб сваёй полавай прыналежнасьці. Яшчэ Кісьліцына спрабуе зразумець, чаму ў беларускай літаратуры багата разумных і таленавітых пісьменьніц, але “хранічна адсутнічае больш-менш цікавая любоўная гісторыя”. Погляд на беларускую літаратуру праз гендэрную “прызму” дужа эфектыўны: ён пазбаўляе крытыку адарванасьці ад жыцьця, культуры паводзін у літаратуры надае цывілізаваны выгляд, а адносіны ў трохкутніку “пісьменьнік — крытык — чытач” робіць больш інтымнымі.